Яшчэ ня збыты успамін На вуснах смагай згорклай. Маўчу цябе сьвятлом калін, Каменьнямі узгоркаў. Дубы паўсталі на дыбы. Вартуе воўк маліну. Ты вывучаў мяне, нібы Далёкую краіну. Ўспаролі урвішча грыбы. Туман лясок ахутаў. Ты пакідаў мяне, нібы Перасяленцы хутар. Салонка з хлебам на стале, Абрусік даматканы. Ты зноў вяртаешся, але Няма мяне, каханы!
|
|