Каханьня сад і ластаўка вясны
|
I дождж, і гром, і несьціханы вецер, I першы клейкі лісьцік выразны! ...Абуджваюць балючае дасьвецьце Каханьня сад і ластаўка вясны. Яшчэ з табой мы павяснуем, доля, Бо соты раз, як позва адкрыцьця, – У сьветлыні агромленага гольля Каханьня май і ластаўка жыцьця. Вясна, агонь зялёнага азарту, Люблю твайго размаху крыгаход... Зялёны сад – ён стане жоўтым заўтра, Але нальецца тайнай сілай плод! Аціхне шум. Ацяжалее крона. Ды зноў успыхне лісьцік выразны. I блаславіць нашчадак акрылёна Каханьня сад і ластаўку вясны.
|
|