Хто скача ўначы праз пасмы ймглы? Імчыцца бацька, зь ім сын малы. Малога моцна стары дзяржыць, Дзіця палае, дзіця дрыжыць. – Сынок, чаго-ж ты галоўку схіліў? – Глянь, тата, вунь – лясун у гальлі Ў вянку зь ігліцаў і з барадой... – То ймгла бруіцца над вадой. – Хадзі, дзіця, ідзі за мной, Так слаўна ў лесе гуляць вясной. Ірдзяцца краскі жывыя агнём, Жар ягад сьпелых мігціць між пнёў... – Ой, тата, тата, ці чуў, што ён Цяпер шапоча мне з-за сасон? – Ну, ціха, ціха, сынок, – шасьціць Павевам ветру ў сухім трысьці... – Ці хочаш, любы, быць у мяне? Мае дочкі чакаюць цябе ў лагчыне, Мае дочкі там ночны вядуць карагод, Яны закалышуць малога майго... – Ой, татачка, тата, ці бачыш і ты Дачок лясуновых у сьцені густым? – Ня бойся, сынок мой, кажу табе я – То-ж шэрыя вербы над плёсам стаяць. – Кахаю цябе, да спадобы ты мне, І будзеш маім ты, ці хочаш, ці не! – Ой, тата, ён хоча здагнаць нас, злавіць, Ён сьціснуў за шыю! Ой, тата, баліць! Ўстрывожаны бацька імчыць, як віхор, Калышацца, стогне ўзварушаны бор... Вось хата... Ўжо блізка... Ужо даскакаў... Хлапец у вабоймах ягоных сканаў...
|
|