Ах, вёсачкі акружныя: Жытцо, лянок, авёс... Брыльянтава, Жамчужнае... – Які ж вас цар прынёс? Дыхне прастор марозамі, А шыльдачкі падрад: Малінаўка... Бярозаўка... – Суцэльны плагіят! Зь сярпочкамі ды зь віламі, З кажнюткага жытла – Тут вёсачка Цярпілаўка Сьпявала і жыла. Нібыта з мудрай свахаю Свой дзелячы сакрэт, Я зь вёскай Гаравахаю Ішла ў вялікі сьвет. Чакайлаўка ды Блінная... Мой дружа, бы ў жальбе, Мясьцінамі быліннымі Я правяду цябе. Там дзецюкі аршынныя, Там свацейкі гудуць... Там дзеўкі з Харашылава Ў Залюбічы ідуць!
|
|