Суцешыць і наіўнае сваяцтва, Як разаб'ецца сэрцайка аб быт. З вагню ў агонь кідалася мастацтва, Зару ў зары вышуквала Ліліт. Забытыя, ізноў васкрэснуць міфы, Асьлепіць шчасьця міг, як карнавал. I сьцерагуць ня рыфмы нас, а – рыфы, Дзе кожны крок – надзея і правал. Па цаліку, па вугальках гарачых Вядзе жыцьця няласкавы іспыт. О, столькі песень зьнікла непрадбачна! А ты – Ліліт. Сьлязы гаручай сьмехам не падманеш. Па ўласным сэрцы пройдзе час-мастак. Я не скажу, што ты шчасьлівай станеш, А што ахоўней будзеш – гэта так. Дык хай любоў разьвесьнена крыляе Над іменем і шляхам маладым. Усё жыцьцё нам ласкі не хапае. А слава што? Яна спадман і дым.
|
|