РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Memento mori1
Я знаю – час плыве, па кроплі кропля, ў змрок.
У кволай чары рук яго не утрымаеш.
Налета – у цішы разбураных муроў –
ён расьцьвіце мо зноў, але ўжо іншым маем.
Ды так сплялося, што – ці хочацца, ці не,
ісьці кудысь туды нам з часам па дарозе.
Вось мы й брыдзём сабе, а ў плаўкім тумане
абапал – то цьвітуць, то адцьвітаюць лозы.
Парыпвае, хрумсьціць падмоклы, гойстры жвір,
сабакам верным сьцень туляецца пры боку.
I добра... Толькі менш тых зораў у крыві
і зораў уваччу із кожным новым крокам...
«Memento mori», – гуў калісь, загнаны ў кут
жудою нябыцьця, наш сьвет па цёмных норах.
Яшчэ й цяпер, парой на зблытаным утку
бярэ ён зноў снаваць сваё «Memento mori»!
Ды іншыя мы ўжо...
У вецер і зару
імкнуся я зь вясной зялёнаю у згодзе,
бо ведаю, што хоць калісьці – і памру,
«Жыцьцё – нішто, як сьмерць,
а сьмерць – жыцьцё!»
                                      і годзе!
 
Менск, 1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.