|
У даўныя часы Беларусь выглядала інакш, як цяпер. Тады ўвесь наш край быў пакрыты густымі спрадвечнымі лясамі. Гэтых лясоў ніхто ніколі ня сек. Дрэвы расьлі сотні гадоў і самі валіліся на зямлю ў часе буры. Так, як і цяпер, на прасторы Беларусі было шмат азёраў і рэкаў. Заміж, каб прасякаць дарогі празь лясы, нашыя прародзічы пераяжджалі зь месца на месца па вадзе – рэкамі ды азёрамі. Таксама ля вады будавалі старадаўныя Беларусы свае першыя паселішчы. Каля паселішчаў былі невялікія палеткі ворнай зямлі, дзе сеялі збожжа. Роды й плямёны Нашыя продкі жылі тады родамі. Род складаўся зь некалькіх сем’яў. На чале кажнага роду стаяў старшына. Ён дбаў пра дабрабыт і абарону роду й яго ўсе ў родзе слухалі. Між родамі, якія жылі блізка адзін ад аднаго, пачыналася сяброўства й сувязь. Некалькі родаў, якія мелі цесную сувязь між сабою, складалі племя. Само жыцьцё вымагала таго, каб гуртавацца ў роды й плямёны. Супольнымі сіламі трэба было бараніцца ад ворага, весьці гандаль зь іншымі плямёнамі й народамі, церабіць лес і пракладаць новыя дарогі. Выгляд, адзеньне й характар нашых продкаў Нашыя продкі былі народам рослым і моцным, з сьветла-русымі валасамі і з сіня-шэрымі ачыма. Мужчыны насілі бароды, а жанчыны – даўгія валасы, заплеценыя ў косы. Адзеньне насілі белага колеру. Із скураў дзікіх зьвяроў і хатніх жывёлаў шылі кажухі. З авечай воўны яны ўмелі ткаць сукно, зь якога шылі белыя сярмягі. Зь лёну ткалі палатно на кашулі й іншую споднюю адзежу. Летам мужчыны хадзілі ў белых кашулях з адкладным каўняром, завязаным чырвонай стужкай. На нагах, як летам, так і зімою, мелі лыкавыя лапці. Мужчыны на галовах насілі шапкі зь белай воўны, а жанчыны – белыя наміт кі. Такая вопратка захавалася ў некаторых мясьцінах Беларусі амаль да нашых часоў. Нашыя продкі на вайне й паляваньні былі сьмелыя, спрытныя ў руках і настойлівыя. У небясьпечныя хвіліны яны не ўцякалі, а хаваліся ў скрытнае месца й чакалі лепшага часу. Часамі наш продак хаваўся навет пад ваду й дыхаў праз чароціну, а калі небясьпека мінавала, ён выскакваў із схову ды нападаў на ворага. Чым займаліся нашыя продкі? Ад спрадвечных часоў Беларусы займаліся земляробствам. Зямлю яны любілі й працавалі на ёй з ахвотай. У бальшыні яны сеялі збожжавыя расьліны, якія сеюцца на Беларусі й цяпер: жыта, ячмень, авёс, пшаніцу, грэчку, а таксама лён. Маючы шмат сенажацяў, нашыя продкі разводзілі таксама хатнюю жывёлу: коні, каровы, авечкі, козы, і гадавалі сьвіньні. У той час было шмат дзікіх зьвяроў. Адны зь іх нападалі на хатнюю жывёлу, а іншыя шкодзілі на палёх. Чалавек паляваў на зьвяроў, каб ад іх абараніцца. У дадатак да гэтага паляваньне давала яму вялікую карысьць. З паляваньня ён меў скуру й мяса. Мясам дзікіх зьвяроў ён харчаваўся, а пушыстыя скуры мяняў на патрэбныя яму рэчы з-за мора. Тагачаснае паляўнічае ўзбраеньне было: дзіда, лук і нож. На зьвяроў ставілі пастку, а на птушак – сіло. У рэках і азёрах Беларусі было ў тыя часы шмат рыбы. Нашыя продкі вельмі рана пачалі займацца рыбацтвам; лавілі яны рыбу пераважна сеткамі. Былі яны таксама добрымі пчалярамі. Мёдам яны харчаваліся, або варылі зь яго моцнае добрае пітво, якое таксама звалі мёдам. З воску рабілі сьвечкі. Старадаўныя Беларусы займаліся й рамёст вамі – бандарствам, ганчарствам, ткацтвам, кушнерствам, а навет і кавальствам. У тыя далёкія часы рамёствы ня былі асобным заняткам. Гэта ўсё рабілася ў вольны час ад палявых работаў. Сям’я З малых гадоў бацькі прывучалі сваіх дзяцей да працы, а таксама да суровасьці клімату: сьцюжы, сырасьці, ветру. Узімку, прыкладам, дзеці бегалі босыя па сьнезе. Паступова зь іх вырасталі загартаваныя й здаровыя людзі. Праца на полі, у лесе й на сенажаці ня была ім цяжкой. Бацька вучыў сыноў гаспадарскай працы, страляць з лука, валодаць мечам і дзідай, а маці дбала пра дачок: навучала іх гатаваць стравы, ткаць, шыць, вышываць. Бацька быў галавою сям’і, а маці – ейным сэрцам. Калі сын вырастаў і абзаводзіўся сваёй собскай сям’ёй, бацька памагаў яму ўладзіць гаспадарку; гэтая ўзаемная дапамога ня спынялася й тады, калі сын аддзяляўся – і яна была ня толькі паміж бацькам і сынам, але й паміж далёкімі сваякамі. Практыкаваньне Адкажы пісьмова на пытаньні: 1. Як выглядала Беларусь у старадаўныя часы? 2. У якіх мясцох будавалі нашыя продкі свае першыя паселішчы? 3. Чаму нашыя продкі гуртаваліся ў роды й плямёны? Што гэта – род? Што гэта – племя? 4. Якога колеру было адзеньне старадаўных Беларусаў? 5. Якімі прыкметамі адзначаўся Беларус на вайне й на паляваньні? 6. Пералічы заняткі нашых продкаў ! 7. Да чаго прывучалі бацькі сваіх сыноў і дачок?
|
|