РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісткі календара
Уступ
Год 1935
Год 1936
Год 1937
Год 1938
Год 1939
УСТУП
Уступ
        
        «Лісткі календара» – гэта фрагменты маіх дзённікаў, якія пісаў я да 1939 года, да часу ўз’яднання Беларусі.
        Першыя запісы адносяцца да 1932-1934 гадоў, калі я працаваў у падполлі і за ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў арыштаваны і сядзеў у вядомай віленскай турме Лукішкі. Гэтыя сшыткі, запоўненыя маімі першымі вершамі, апавяданнямі, нарысамі, народнымі песнямі, пагаворкамі, сабранымі ў часы бясконцых вандровак ад сяла да сяла, – пераважна матэрыяламі літаратурнага характару, – загубіліся ў розных судовых актах.
        Цудам, як кажуць, уцалелі старонкі дзённікаў, якія адносяцца да 1935-1939 гадоў, калі я быў на легальным становішчы і па заданню кампартыі Заходняй Беларусі працаваў у беларускіх і польскіх часопісах і газетах Народнага фронту: «Наша воля», «Папросту», «Беларускі летапіс», «Калоссе» і іншых. Уцалелі яны дзякуючы таму, што захоўваліся ў бібліятэцы беларускага музея імя Івана Луцкевіча і ў бацькоў у маёй роднай вёсцы Пількаўшчыне, дзе паліцаям, нягледзячы на частыя налёты і вобыскі, не ўдалося адшукаць нашы лясныя тайнікі, у якіх захоўваліся і падпольная камуністычная літаратура, і дапатопная стрэльба майго дзеда – заядлага паляўнічага.
        На жаль, у дзённіках, якія ўцалелі ў рукапісным фондзе Акадэміі навук Літоўскай ССР, нехта пагаспадарыў, выбраўшы з іх акты маіх судовых спраў, прыгаворы, а самае галоўнае – турэмныя грыпсы з вершамі В. Таўлая, П. Пестрака і іншых таварышаў. Грыпсы былі мне перададзены ў 1935-1937 гадах. Засталіся толькі пустыя канверты з пералікам матэрыялаў, якія былі ў іх.
        Найбольш запісаў захавалася ў мяне дома, у маёй роднай Пількаўшчыне, якая ў гады вайны была партызанскім раёнам і куды толькі два разы нямецка-фашысцкім захопнікам удалося прарвацца ў часе блакады.
        Ратуючы мае рукапісы і кнігі ад вайны і ад курыльшчыкаў (бо паперы не было дзе дастаць), бацька закапаў іх на ўзлессі ў бульбяной яме, дзе яны і праляжалі да канца вайны.
        Вось кароткая гісторыя дзённікаў, многія старонкі якіх я яшчэ не змог поўнасцю расшыфраваць: прайшло ўжо трыццаць год з таго часу, калі яны былі напісаны. Асабліва цяжка зараз па ініцыялах і клічках устанавіць імёны таварышаў, знаёмых, сяброў, з якімі мне даводзілася працаваць, сустракацца ў тыя гады. У мяне ў самога было некалькі клічак і псеўданімаў. Толькі пасля ўз’яднання Беларусі я даведаўся аб сапраўдных імёнах і прозвішчах такіх кіруючых работнікаў кампартыі, як Паўлік – Самуіл Малько (генерал польскай арміі), Гарасім – М. Дворнікаў (былы сакратар ЦК камсамола Заходняй Беларусі, гераічна загінуў у Іспаніі ў 1937 г.), Трахім – Буткевіч, Рэга – Л. Янкоўская, Кастусь – М. Крыштафовіч (у гады Айчыннай вайны быў адным з кіраўнікоў партызанскага руху на Брэстчыне, пасля працаваў намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкома, зараз пенсіянер).
        У дзённіках часта ўпамінаецца Лю – мая жонка Любоў Андрэеўна (дзявочае прозвішча Асаевіч), з якой я пазнаёміўся яшчэ ў віленскай беларускай гімназіі. У 1935-1937 гадах яна працавала ў Варшаве ў ЦК КПЗБ машыністкай і перакладчыцай. У Вільні, у доме, дзе жылі яе бацькі, заўсёды былі падпольныя яўкі, хаваліся многія камуністы. У 1934 годзе на іх кватэры была праведзена нарада рэвалюцыйных пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Адным з арганізатараў гэтай нарады быў Валянцін Таўлай.
        У сваёй апошняй рэдакцыі «Лісткоў календара» мне ўдалося расшыфраваць некаторыя псеўданімы і ініцыялы і дапоўніць іх запісамі, зробленымі ў свой час на палях чарнавікоў вершаў і паэм.
        Па вядомых прычынах у сваіх дзённіках я не мог запісаць усяго, аб чым тады гаварылася на падпольных сустрэчах, якія прымаліся рашэнні, якія чыталіся і вывучаліся партыйныя дакументы.
        Найбольш цяжкімі для нас, камуністаў, былі 1938-1939 гады, калі па несправядліваму абвінавачванню былі распушчаны кампартыя Польшчы, КПЗУ і КПЗБ. Цяжка ўявіць сабе ўвесь трагізм тых год і асабліва трагедыю таварышаў, якія знаходзіліся ў падполлі і ў турмах.
        Мне было лягчэй. Я быў на легальным становішчы і ад усіх нягод, хоць на кароткі час, мог знайсці прыстанішча ў паэзіі – краіне, непадкантрольнай паліцыі.
        
        1967 г.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.