|
 Той, хто возьме ў рукі гэты альбом і пагартае яго, убачыць маляўнічыя, мілыя куточкі лесу, непаўторную прыгажосць азёр, рэк, пазнаёміцца з дзіўным светам птушак, звяроў, адчуе чароўнае хараство і прыгажосць роднага краю. З маленства чалавека акружае прырода. Побач з ім растуць дрэвы, кусты, травы, жывуць птушкі, звяры, насякомыя. На працягу ўсяго жыцця ён карыстаецца цудоўнымі дарункамі прыроды. Багатая і разнастайная прырода Беларусі! Каля адной трэці яе тэрыторыі занята лясамі. Больш іх у заходніх раёнах Гомельскай і Магілёўскай, усходніх – Мінскай і паўночна-ўсходніх Брэсцкай абласцей. У складзе беларускай флоры каля 1500 відаў вышэйшых раслін. З іх 28 відаў дрэўных, каля сямідзесяці кустовых, астатнія травяністыя. Найбольш пашыраныя лясныя пароды – хвоя, елка, бяроза, вольха, дуб, граб, ясень. Яны ўтвараюць чыстыя і мяшаныя лясы. Вельмі багатая расліннасць лугоў, рэк, азёр і сажалак. Разнастайную сыравіну для народнай гаспадаркі дае лес: драўніну, жывіцу, ягады, грыбы, арэхі... Ён з'яўляецца самай вялікай і бясплатнай фабрыкай кіслароду, месцам адпачынку працоўных, домам для звяроў і птушак, павышае ўрадлівасць глебы, ахоўвае рэкі і азёры, служыць крыніцай натхнення для мастакоў, кампазітараў, пісьменнікаў, падказвае шмат тэм і вобразаў, дапамагае стварэнню цудоўных твораў... Значэнне лесу ў жыцці чалавека неацэннае. Нездарма мудрыя людзі гавораць: «Ссек дрэва – пасадзі два». Часта мы бачым на дарогах шчыты з надпісамі: «Беражыце лес!» Але ці кожны з нас задумваецца, што хаваецца за гэтымі словамі, ці памятае пра іх, ці ведае, што ўжо сёння толькі ў Беларусі патрабуюць неадкладнай аховы больш як 130 відаў раслін, а 85 з іх, як рэдкія і знікаючыя, занесены ў Чырвоную кнігу БССР. На тэрыторыі рэспублікі больш за 10 тысяч азёр, каля 20 тысяч рэк і ручаёў. Яны здаўна выкарыстоўваюцца для рыбалоўства і як транспартныя шляхі, з'яўляюцца крыніцай вады на пітныя і гаспадарчыя патрэбы. Асабліва шмат іх у паўночнай частцы, якую называюць Беларускім Паазер'ем. Адны хаваюцца ў балотах, лясах, другія знаходзяцца сярод развораных палёў. Але дзе б яны ні былі, заўсёды, асабліва ўлетку, вабяць людзей сваёй маляўнічасцю. На берагах рэк і азёр пабудаваны санаторыі, дамы адпачынку, піянерскія лагеры. Беларусь належыць да ліку рэгіёнаў, якія добра забяспечаны прэснай вадой. Але хоць і шмат гэтага бясцэннага дару прыроды, яго трэба шанаваць. У апошнія гады найбольш унікальныя вадаёмы абвешчаны ўрадам рэспублікі закаенікамі. Гэта група вельмі маляўнічых азёр у Мядзельскім раёне, возера Рычы – у Браслаўскім, Крывое -^ва Ушацкім, Доўгае – у Глыбоцкім раёнах. Многія з іх узяты пад дзяржаўную ахову на тэрыторыях запаведнікаў, гідралагічных і паляўнічых заказнікаў. У саставе жывёльнага свету БССР – больш за 400 відаў пазваночных і дзесяткі тысяч беспазваночных, якія насяляюць лясы, рэкі, азёры, балоты, лугі, палі, сады. Яны маюць вялікае народнагаспадарчае значэнне, даюць каштоўнае футра, высокакаларыйнае мяса, а ўсе разам з'яўляюцца цудоўным упрыгожаннем лесу. Некаторыя шырока распаўсюджаны, колькасць другіх скарацілася. Яны ўзяты пад асобую ахову, на іх забаронена паляванне. Сярод пазваночных пераважаюць птушкі – 287 відаў, рыб – 54, земнаводных і рэптылій – 19, млекакормячых – 73. Болынасць іх жыве ў лясах, менш на балотах, лугах, каля чалавечага жылля. З 45 відаў-абарыгенаў рыб 31 належыць да басейнаў рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. Самыя распаўсюджаныя – шчупак, плотка, лешч, краснапёрка, карась, уюн, акунь. З земнаводных і рэптылій найбольш сустракаюцца яшчаркі, вужы, гадзюкі, жабы, трытоны. Самым шматлікім і разнастайным паводле відавога саставу з'яўляецца свет насякомых. Іх можна сустрэць усюды – у садзе і агародзе, у лесе і ў полі, на лузе і балоце. Найбольш звяроў і птушак жыве ў мяшаных хваёвых і шыракалістых лясах, дзе для іх ёсць добры корм. Хоць жывёльны свет вельмі багаты і разнастайны, пад уздзеяннем гаспадарчай дзейнасці людзей за апошнія 100–150 год зніклі вялікі баклан, турпан, коўпіца, драфа, стрэпет, собаль, расамаха, а 80 відаў жывёл, якія сталі рэдкімі / або знаходзяцца на мяжы знікнення, узяты пад строгую дзяржаўную ахову. У нашай краіне пытанням аховы навакольнага асяроддзя ўдзяляецца пастаянная ўвага. Камуністычнай партыяй у Савецкім урадам прыняты пастановы, заканадаўчыя акты, накіраваныя на рацыянальнае выкарыстанне, зберажэнне і памнажэнне прыродных рэсурсаў. У Канстытуцыі СССР і Канстытуцыях саюзных рэспублік замацаваны сацыялістычныя адносіны да прыроды і яе багаццяў, абвешчаны асноўныя прынцыпы прыродаахоўнай палітыкі Савецкай дзяржавы. Ажыццяўляючы рашэнні КПСС і Савецкага ўрада, у нашай рэспубліцы толькі ў апошні час прыняты шэраг законаў, якімі рэгулююцца рацыянальнае выкарыстанне і памнажэнне прыродных багаццяў (Закон аб ахове атмасфернага паветра, аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету і іншыя). Пад дзяржаўную ахову ўзяты паветра, зямля, вада, нетры, расліннае покрыва, тыповыя ландшафты, жывёльны свет. Штогод у БССР на гэтыя мерапрыемствы выдаткоўваюцца дзесяткі мільёнаў рублёў. Фабрыкі і заводы аснашчаюцца найноўшымі ўстаноўкамі для ўлоўлівання і абясшкоджвання выкідаў у атмасферу, у гарадах і гарадскіх пасёлках кожны год высаджваюцца каля 150 тысяч дрэў і 1,5 мільёна кустоў. Цэлыя гарады працуюць на новых відах паліва – усё гэта зніжае забруджванне паветра пылам, попелам, сажай. На прадпрыемствах уводзяцца ачышчальныя збудаванні, укараняюцца сістэмы абаротнага водакарыстання, безадходная тэхналогія. Толькі за гады дзесятай пяцігодкі пабудавана 450 водаахоўных комплексаў. У шырокім маштабе вядзецца барацьба з эрозіяй глебы, засаджваюцца лесам пясчаныя землі, няўдобіцы, яры, аднаўляюцца парушаныя землі. У нашай рэспубліцы створаны Бярэзінскі біясферны і Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнікі, запаведна-паляўнічая гаспадарка «Белавежская пушча», дзесяткі батанічных, гідралагічных, паляўнічых заказнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэння. Вакол больш чым ста гарадоў і каля буйных рэк (Днепр, Нёман, Заходняя Дзвіна, Бярэзіна, Прыпяць і інш.) вызначаны зялёныя зоны і водаахоўныя лясныя палосы. 133 унікальныя аб'екты аб'яўлены помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння – гэта старыя паркі, геалагічныя агаленні, асобныя дрэвы. Цяпер ахоўваемыя тэрыторыі Беларусі займаюць 3,3 мільёна гектараў. Выдадзена Чырвоная кніга Беларускай ССР, у якую занесены рэдкія і знікаючыя віды раслін і жывёл. Усю гэту работу ў рэспубліцы ўзначальвае Дзяржаўны камітэт БССР па ахове прыроды. Актыўны ўдзел у ёй прымае грамадскасць, аб'яднаная ў добраахвотныя таварыствы. Даследаванні ў галіне аховы прыроды каардынуе Навуковы савет па праблемах біясферы Акадэміі навук БССР. У вышэйшых і сярэдніх навучальных установах уведзены курс аховы і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў. Дарагі чытач! Ты часам бачыш, які абыякавы бывае іншы чалавек... ... спыніў машыну каля рэчкі, ручая, на беразе возера, тут жа памыў яе – вясёлкавай плёнкай бензіну, масла заіграла паверхня вады. Але ад гэтай плёнкі гіне ўсё жывое ў вадзе, пад ёю ніхто і нішто не развіваецца... ... апрацаваў хімікатамі палі, пасля памыў ёмістасці і ваду зліў у вадаём – зноў усё жывое ў ім загіне... ... зліў у рэчку з фермы гнаявую жыжку ці забруджаную з прадпрыемства ваду – стварыў пагрозу для існавання ўсяго жывога, што там было... ... пакінуў у лесе непатушаны акурак, запалку, вогнішча – узнік пажар. А гэта смерць для дрэў, траў, звяроў, птушак, насякомых, ягаднікаў, грыбных месц. Спыні яго, напомні, што ён абкрадвае сам сябе, сваіх родных і блізкіх, таварышаў. Сабраныя ў гэтым альбоме фотаздымкі адкрыюць багацце і хараство роднай прыроды і нагадаюць, што яе трэба берагчы, ахоўваць, каб заўсёды на тваёй зямлі пляскаліся аб берагі хвалі чыстай вады, каб шумелі лясы і ў іх ніколі не замаўкалі птушыныя галасы, каб поўзалі, ляталі маленькія дзіўныя істоты – насякомыя, каб зямля-карміцелька давала вялікі ўмалот, каб і будучыя пакаленні савецкіх людзей маглі карыстацца ўсімі прыроднымі багаццямі. 
|
|