|
У асеннім лесе добра думаецца. Але думкі тут маюць іншую форму: яны яркія, кароткія і хутка змяняюць адна адну. Можа, гэта таму, што ўсё навокал гарыць фарбамі згасаючага сонца – цёплымі фарбамі жыцця і змагання, якія заўсёды ўзбуджаюць. I шмат што перашкаджае спакойнай і павольнай плыні думак. Шуміць лес. Шамаціць пад нагамі лісце. Дзіўным веерам – у тры бакі ад сябе – насыпала на яшчэ зеленаватую траву залатовак прыгажуня-бяроза. Як яны гараць, гэтыя лісцікі – ну, сапраўды, як тыя залатоўкі! I зусім не падобныя на тых сваіх сясцёр, якія апынуліся ў полі, у каляінах: тыя – скамечаныя, скручаныя, пачарнелыя, а на гэтыя глядзіш – і ажно вачам горача. Дубы насцілаюць пад сабой цёмна-карычневую мяккую пасцелю, лісце іх не ляціць далёка, яно цяжкае і нават у вецер падае амаль вертыкальна, толькі больш, чым у цішу, кружыць у паветры і даўжэй варушыцца на зямлі, быццам доўга прымошчваецца, каб зручней легчы. У гэтую пасцелю мякка шлёпаюцца жалуды... Зоркай іншага сусвету бліснуў кляновы ліст, што раптам з'явіўся перад вачамі на дарозе. Я заварожана спыніўся перад ім. Адкуль ён зляцеў? Ах, вунь ён дзе, клянок! Невялічкі, зусім непрыкметны побач з волатамі-дубамі; улетку, напэўна, і не бачыў бы яго. А цяпер колькі красы ён рассыпаў навокал! Мноства яго лісцяў – найпрыгажэйшы дыван, вытканы рукой дзівоснага мастака. I я не мог прайсці па ім у запыленых ботах. Я асцярожна адступіў і абышоў бокам.   Адшумела лета Роснымі лугамі, Апусцела поле, Нівы адцвілі. Праплываюць хмары Нізка над стагамі, I ляцяць у вырай З крыкам жураўлі. На рабінах скачуць Шустрыя сініцы, Пад дажджом намоклі Клёны і дубы, Наліліся сокам Спелыя брусніцы, I каля дарогі Выраслі грыбы. Заліваюць пчолы Чыстым воскам соты, I да кожнай хаты Нашага сяла З дружнаю работай, З добрым умалотам, Выспеўшы на сонцы, Восень надышла.  Лета на ўшчэрбе. Жнівеньскае сонца пяшчотнымі промнямі лашчыць прыроду. Празрыстае паветра, бліжэй далечыні, вялікасны глыбокі блакіт. Больш. за ўсё цэняць гэты развітальны прыгрэў сонца турысты, паляўнічыя і рыбаловы. Люба ім цеплыня яснага дня.        Янотападобны сабака.  Янот-паласкун.   Возера маніць і ледзь прыкметнай таямнічасцю, падобнай на чалавечы позірк. У яго трэба доўга глядзець, каб да яго прыгледзецца, і доўга хадзіць па яго берагах, нібы ўспамінаючы любімую песню. Ды ці ёсць у возера берагі? Бераг у яго па сутнасці адзін і бясконцы, як у чалавечай душы, якую быццам бы адчуў, але зразумець – ой, як цяжка.   Над рэчкаю казачнай, ціхаю Шчарай. Заснулі навокал лясы і імшары, I месяц укрыўся ў шэрыя хмары. I толькі між вербаў санлівых, кашлатых Не спіць рыбакова на беразе хата. Не спіцца і мне вераснёваю ноччу, Па беразе сцежкай выбоістай крочу. I чую, як дышуць за ціхаю Шчарай Глухія лясы, хмызнякі і імшары.    Рыбалоў не толькі ловіць. На вадаёме ён сустракае і ранішнюю зару і вечаровыя прыцемкі. Перад ім уся прыгажосць прыроды: водная роўнядзь, акаймаваная зялёным вянком дрэў, а вакол, калі акінуць вокам, маляўнічыя палі і лугі. Адпачывайце нервы і сэрца, умацоўвайся здароўе!    Вострыя духмяныя водары спелай пары: мёдам пахнуць пасекі, яблыкамі – сады, кропам, памідорамі, агуркамі – агароды, пахучым чадам – канаплянішчы, хлебам, саломай – сцірты, сенам – стагі, ружамі і духмяным тытунём – кветнікі, аптзкай – палын і баркун, грыбамі – лес. Усё спее, усяго густа, дастаткова на палях, у садах, агародах і лясах.     Воўчая ягада.  Ажына.   Шыпшына. У лесе спеюць рабіна, крушына, брусніцы, журавіны, шыпшына, ажына...   Разгасцістая каліна, абмыўшы свае ягады-чырвань летнімі росамі, ірдзее здалёк бурштынам, схіліўшыся пад бярозай...   Крапіўніца.     Шматлікі, разнашэрсны і вельмі своеасаблівы грыбны народзец уяўляе адно з самых цікавых тварэнняў прыроды, адзін з цікавейшых і разам з тым важнейшых аддзелаў свету раслін.        ...Далей ішлі беразнякі, спалоханыя першымі павевамі восені і ад гэтага нейкія ўзрушаныя. Яны ганарыліся залатым убраннем і, хто ведае, ці не з жалем пачыналі губляць яго, атрасаючы на адцвілыя багуны і халодны імшанік.             Рабчык.  Канюк.  Пустальга. Птушкі – усюды на зямлі Беларусі, ва ўсіх ландшафтах: у лесе, у полі, на балоце, на возеры, у вёсцы, у горадэе...           Ягады лясной рабіны жорсткія і нясмачныя. Улетку іх не дзяўбуць птушкі і не чапаюць людзі. Толькі позняй восенню, калі ападзе з дрэў пажаўцелае і пачырванелае лісце, прыціснуць першыя асеннія замаразкі, ягады рабіны становяцца салодкімі.     Крыжадзюб яловы.  Снегіры.    Надыходзіць вечар, сінеюць снегавыя гурбы, ад бледнага месяца празрыстыя промені і не ззяюць, а тлеюць над лесам і полем. Сінія цені плывуць за кустамі, кладуцца ў баразёнкі, у снегавыя сумёты.     
|
|