|
...Надышлі замаразкі. Яны ўсё мацнелі і мацнелі, ужо раніцамі зямля адзывалася пад нагамі лёгкім звонам, і кожны крок быў чуваць за колькі кіламетраў па ўсім наваколлі. Сыпануў снег, і па ўсім відаць было, што намерыўся легчы ён ужо зусім сур'ёзна, аж да самай вясны. Снег сыпаў спачатку спакваля, нібы з нейкім роздумам. Потым пачаў ісці так густа, што адразу на пеньчуках, на валунах з'явіліся пухнатыя белыя шапкі, а над маладзенькімі елкамі, над малымі бярозкамі хутка з'явіліся снежныя шатры. Некаторыя маладыя дрэўцы пагнуліся пад цяжарам, прыпалі вяршынкамі да самае зямлі, утварыўшы сотні і сотні беласнежных арак, якім так і стаяць у лесе да самай вясны, пакуль цёплае сонца не распрастае іх прымерзлых да зямлі ствалін. Лес адразу напоўніўся новымі, зімовымі галасамі, упрыгожыўся новымі фарбамі. Хутка над лясамі і палямі загула завея, надзімаючы першыя, невысокія яшчэ і доўгія, як каснікі, сумёты, у якіх яшчэ больш пяску, чым снегу.   Зіма. Снягі. Мароз. Завеі. Дарога звонкая, як сталь. Бярозы ў шэрані сівеюць, Палі бялеюць, як паркаль. А лес стаіць маўклівы ціха, Не зварухне свайго галля... Зіма, зіма... Бы ў цвеце ліпа. У белым снезе ўся зямля.   У соннай дрымоце бязветранасці, не варухнуўшыся, стаяць абцяжараныя елкі і хвоі. толькі ў хвойных вяршалінах зрэдку чуюцца звонкія галасы крыжадзюбаў. А на бярозах і вольхах без упынку шчабечуць ранкамі бойкія чачоткі. За кампанію з чачоткамі ў алешніках зімуюць чыжы і цецерукі.       Зімовая бель асобая. Дзіўная чысціня і свежасць у ёй. Глядзіш – і глядзець не надакучыць. А ледзь толькі выгляне гасцявое сонейка, і ўжо па белым разальецца сінява, мяккая, ласкавая, заіскрыцца, запалымнее снег. І тады хочацца марыць аб вясне.  
|
|