РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Грубае і ласкавае
I. Роздум
II. Казка
III. Страшны суд
IV. Горад і завулкі
V. Перад сечай
VI. Miserecordia
VII. Reqiem
II
КАЗКА
Ну сядай, сядай са мной, калі ласка,
Навальніды песьня старая-старая.
Слухай казку. Апошнюю казку.
Яна на тваіх вачох памірае.
Ў гэтай казцы яліны лапы схілілі.
Візантыйскі захад у алым дыме...
«Зялёная сарока кашку варыла,
Зялёная сарока з дурнымі вачыма...»
У кулінарную кнігу глядзела,
Чухала патыліцу драўлянаю лыжкай,
I дзеткі кашку да лыжкі зьелі,
А нам з табой не далі ані крышкі.
Ты сьмяесься? Такога няма на сьвеце?
Ня сьмейся, любая, сьвет шырокі.
Мы з табою толькі дурныя дзеці.
Нам добра з гэтай чубатай сарокай.
Сарокі розныя рэчы крадуць,
I, можа, ў гнязьдзе яе, з золатам поруч,
Ляжыць каханьне, сьвятло і радасьць,
Што прынесла сарока з-за сіняга мора.
Аддайце, сарока. Няма ўжо сілы.
Яна ж не кахае мяне, хоць зарэжце.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Дай я цябе пацалую, мілая.
А каша?
             Чорт з гэтай кашай, нарэшце.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.