РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Грубае і ласкавае
I. Роздум
II. Казка
III. Страшны суд
IV. Горад і завулкі
V. Перад сечай
VI. Miserecordia
VII. Reqiem
III
СТРАШНЫ СУД
Якiя страшныя, шэрыя днi!
Апоўдзень – вячэрнi змрок.
Без цябе, без сонца, без цеплыні.
Ў сэрцы – боль, на вуснах – замок.
Імжэў у чацвер халодны дождж.
Я ў ложак лёг і памёр.
Праляцеў праз туман, праляцеў праз буран
I пабачыў ільдзінкі зор.
Мае павекі цяжкімі былі
Ад непралітых слёз.
За мною былі абшары зямлі.
Наперадзе – быў Хрыстос.
I д’ябал сядзеў ля ног яго
На вугалях залатых,
I на ляжках калматых ляжала ў яго
Кніга грахоў маіх.
 
Уладзiмiр злева стаяў у карзне,
Справа – мацi Хрыста,
I яны загадалi наблiзiцца мне.
I я перад тронам стаў.
Памiж богам i мною стаяла сцяна.
Я на жанчыну глядзеў,
Мне здавалася: гэта стаiць яна,
Лепшая з лепшых людзей.
– Любая, што вы са мною зрабiлi?
Чым асудзiлi на страшны канец?
Чым варажылi, чым апаiлi,
Чым, дарагая, забiлi мяне?
Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,
Вашы сляды на лiловым снягу.
Нават цяпер я чакаю сустрэчы,
Нават мёртвы без вас не магу.
          Думаў, што ёсць забыццё у смерцi,
          I зноў папаў у квітучы твой сад.
          Вазьмі маё сэрца,
          Вазьмі маё сэрца,
          Вазьмі майго сэрца
          Чырвоны гранат.
– Досыць, – з усмешкай сказаў Сатана, –
Ты не змянiўся, герой.
Замест таго каб малiць i стагнаць,
Ты ўпадаеш за жонкай чужой.
Занядбаў ён, божа, твае дары,
Талент развеяў, як дым,
Ён гарэлку піў, ён кахаў і курыў,
Брыдка лаяўся ў доме тваiм.
Воласа не аддаў за багоў,
Нюхаў дно ў бакалах, як Ной,
I нават памёр ад кахання свайго
Да зямной жанчыны адной.
Ты даў зямлi дзiўных песняў сям’ю,
Ты арган стварыў для яе.
Ён мог грымець у славу тваю,
А славiў адну яе.
I ён самачынна арган паламаў,
I песня знiкла з мяхоў,
I ў кнiзе чыстага месца няма
Ад яго бясконцых грахоў.
          – А ён малайчына, – Ўладзiмiр сказаў, –
          Любiць песню i сечы дым.
          Гусляром бы яго я ў дружыну ўзяў, –
          I стаў бы Царград маім.
          – Я ведаю, – вымавiў рот Сатаны, –
          Што ты баранiць яго рад.
          Ты такi, як ён, ты – певень дурны,
          Да крыжа меў трыста дзяўчат.
          – З табой, Сатана, распраўлюся я,
          Як мой дружыннік Ілья
          Расправіўся з багамерзкай дачкой
          Разбойніка Салаўя.
          Выспятак суну табе пад зад,
          I будзеш ведаць тады,
          Што ўзялі маіх цёплых грэшных дзяўчат
          У светлага рая сады.
          – Панове, тут дама, – ўзмаліўся бог, –
          Бярыце рот на замок.
          А вы, маман, прыпадаю да ног,
          Не рэгардэ ў той бок,
          Як мне з такой камарыльяй жыць?
          Лаюцца, бы ў піўной.
          А ты... ты апошняе слова скажы,
          Апраўдайся перада мной.
– Любая, што вы са мною зрабiлi?
Чым асудзiлi на страшны канец?
Чым варажылi, чым апаiлi,
Чым, дарагая, забiлi мяне?
Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,
Вашы сляды на ліловым снягу,
Нават цяпер я чакаю сустрэчы,
Нават мёртвы без вас не магу.
          I адказ. Цішэй скрыпічнай струны.
          Голас мацi Хрыста i маёй:
          – Ён кахаў, і за гэта палову віны
          Выкраслі з кнігі сваёй.
          I душа яго была, як палі
          Ў сонечнай майскай расе.
          Ён кахаў прыгажэйшую на зямлі, –
          Выкраслі віны усе.
          Ён так кахаў, як ніхто з мужчын.
          Свет паклаў на каханай далонь.
          Жанчына я і стаю за жанчын.
          Кідай лісты у агонь.
          А ты, што душы можаш будзіць,
          Ты, шалёная галава,
          Уваскрэсні, на людныя вулкі ідзі,
          Грашы, суцяшай, спявай.
          Ёсць на свеце гор і лясоў краса,
          Акіянаў сіняя соль.
          – Але я не хачу, не хачу ўваскрасаць.
          Там боль!
          – I тут будзе боль.
          Забыцця ў каханні і смерць не дае...
          – Там змрок!
          – I тут будзе змрок.
          – Там яна!
          – А тут не будзе яе.
          Ёй горка,
          Вярнiся, дружок,
          Помніш?
          "Што вы са мною зрабiлi?
          Чым асудзiлi на страшны канец?
          Чым варажылi, чым апаiлi,
          Чым, дарагая, забiлi мяне?
          Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,
          Вашы сляды на ліловым снягу..."
          – Досыць!
          Хоць бы адну сустрэчу!
          Ўваскрасiце!
          Вярнiце!
          Я не магу!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.