РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Грубае і ласкавае
I. Роздум
II. Казка
III. Страшны суд
IV. Горад і завулкі
V. Перад сечай
VI. Miserecordia
VII. Reqiem
IV
ГОРАД І ЗАВУЛКІ
Зараддзе. Будоўля. Магутныя краны.
Электразваркі мёртвы агонь.
Звініць у свежых цагляных ранах
Перфаратараў гучная звонь.
Бураць дамы. Для кіно раскоша:
На руіне вісіць чыгунны ліхтар,
Пад нагамі разбіты латок кніганошы
I сарваная "выбухам" шыльда "Бар".
Раяль бутафорскі вісіць ца калоне
(Усё зрабілі, як на вайне),
I струны, як змеі Мядузы Гаргоны,
Свiсцяць на вятры i ловяць мяне.
Я ўваскрэс, але я гару, як салома,
На якую вецер іскру нагнаў.
Пажар у шэрым каменным доме:
Дым укрывае пляц Нагіна.
Крывы завулак.
Царква Варвары,
Ліпучы брук і вугальны дым.
Ва ўсіх дамоў непакояцца твары: .
"Чаму ён такі?
Што здарылася з ім?"
Завулкі, завулкі, завулкі змяяцца,
Усе падобныя, шэрыя ўсе,
I я падобны на лісцік акацыі,
Што вецер цяснінамі вуліц нясе.
Я хацеў бы рухаць пачварныя краны,
Класці цэглу.
                     А сам не магу стаяць.
Закон бы выдаць, каб закаханых
За сабатаж – без жалю страляць.
Людзі ў завулках, людзі ў кватэрах,
Людзі ў вокнах.
                        I ў гэтых людзей
Шчасце без меры i гора без меры,
Змрок безнадзейнасці, сонца надзей.
Інвалід бязногі спрытна і ўмела,
Падабраўшы раменьчыкам чуб з ілба,
Ладзіць абцасікі туфлікаў белых,
У якіх дзяўчына пойдзе на баль.
Флюгер – леў на баярскіх палатах –
У дзённым прысмерку цьмяна згас.
Плача дзяўчо за шклом аўтамата,
I трубка каркае ёй у адказ.
Я б не дазволіў, каб горкія слёзы
Проста да трубкі з вачэй цяклі.
Яны ж –
            нават моцныя –
                                    трошкі мімозы.
Iх трэба любiць на гэтай зямлi.
Каб мая жанчына мяне пакахала,
Я б не каркаў, як гэты прывык,
А здарыцца так, што слова сарвалася, –
З коранем выдраў бы свой язык.
Не пакахае.
Не можа.
Світанне
Не прынясе мне новых надзей.
Але ёсць яно,
Але ёсць каханне, –
I люблю я больш
Зямлю і людзей.
Больш ні ў чым на зямлі мне няма патрэбы:
Толькі б шчасця болей яе сынам,
Больш любві, пяшчоты, сумленнага хлеба,
Менш хлусні, менш свінцу, менш агню палям.
Толькі б хлопцы былі да дзяўчат, як ветрык,
А дзяўчаты да хлопцаў, як сонца, былі.
Толькі б мукі зямлі ў зямныя нетры
Разам з целам маім навек адышлі.
Толькi б душы свяшчэнным гарэлi знiчам...
I яшчэ адно,
I гэта канец:
Калі ты мяне ў бой за сябе паклічаш
I заглянеш пажарамі ў вочы мне, –
Я пайду на гэта з такім жаданнем
I з такою гарачаю верай зямной,
Як ляцеў у асенні дзень на спатканне
З жорсткай, светлай, добрай, харошай маёй.
Ўсіх Святых на Кулішках храм занядбаны
Поруч з плошчаю і тытунёвым латком.
Памалюся ў ім аб смяротнай ране
I аб мужнай славе перад канцом.
Аб трывожнай, крывавай, застрашлівай долі
Папрашу перад тым, як кiнуцца ў бой,
Перад страшным полем, смяротным полем,
Куліковым полем любові маёй.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.