РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліноўскі
1. Паўночны вецер
2. У абозе
3. Пра Сьвітку першы раз чую
4. Сьнег на шыбеніцах і на твары
5. Дзецюкі
6. У карчме
7. Пад звон шыб
8. Канец песьні
3
ПРА СЬВІТКУ ПЕРШЫ РАЗ ЧУЮ
Шесть раз его поцеловал – каков,  
ни слова не сказал!..
Масолаў, «Русская старина», 1883
 
П а л к о ў н і к   Л о с е ў 
 
Сядайце!..
Так... Я ня мог вас паклікаць раней.
Гэты мяцеж, бесталковы мяцеж!
Шмат невінаватых людзей
Часам змушана ў путах сядзець,
Пакуль разьбяромся...
Як вас зваць?
 
А р ы ш т а в а н ы 
 
Паўстанец... Пад Няміравам узяты...
 
П а л к о ў н і к   Л о с е ў 
 
Шляхціц?
 
А р ы ш т а в а н ы 
 
Не!..
 
П а л к о ў н і к   Л о с е ў 
 
Усё ж хацеў бы я знаць,
Хто вы? скуль? дзе сям’я ваша, хата?
Хто ўцягнуў вас, за кім вы пайшлі ў гэты бунт?
Колькі лічаць паўстанчыя сілы?..
I ўдалося б ўцячы ад пятлі ці ад пут;
Атрымалі б вы царскую міласьць...
Пэўна дома ляжыць сіратой паласа...
Мне шкада цябе, дружа, як брата,
Можа, плача хто над паласою аўса...
Конь і той, пэўна, ржэ за аратым...
 
А р ы ш т а в а н ы 
 
Кінь, пан, – ведаў, ішоў я куды,
Тапарышча падняўшы рукамі худымі.
Што казаць? – Каб вы потым малых і старых
Маім катаржным мучылі імем!
Людзі памяць у вёску і так занясуць,
Мяне зьняўшы з высокай асіны.
Шкада, пан, што ў руках не ўтрымаў я касу
I ў лясах у час бітвы ня згінуў.
 
П а л к о ў н і к   Л о с е ў 
 
Ну і ёсьць жа чаго шкадаваць!
Можа, гэта ў раз тысячу лепей?
Мне, павер, за вас баліць галава,
Што йдзяце за панамі вы сьлепа.
Цар даў волю, а яны хочуць зноў
I на вас, і на вашы загоны
Налажыць, як на стада валоў,
Векавую нядолю прыгону.
Слухай...
Будзеш вольным у гэтую ноч,
Расталкуй толькі масе шэрай, –
Увагналі б у плечы паўстаньня нож,
Бо табе яны будуць верыць...
 
А р ы ш т а в а н ы 
 
Не, пан, сам я з касьці мужыка.
Хай ляціць навальніца па нівах!
Не падымецца гэта рука
Бунт спыніць за агністую грыву.
А што разам – да часу ідзём
I ня верым панам і іх радам;
Яны поўзаць гатовы даўно прад царом
І мо заўтра нам здрадзяць.
Важна нам, пакуль зь лесу ня выйшлі яны,
Пакуль плечы прад вамі ня хіляць,
За Дняпро і за сінія хвалі Дзьвіны
Перакінуць агонь і лапцюжныя сілы.
 
П а л к о ў н і к   Л о с е ў 
 
Ці ня зь Сьвіткі абозу ты будзеш такі?
 
А р ы ш т а в а н ы 
 
Не, ня чуў я ніколі аб гэткім...
 
П а л к о ў н і к   Л о с е ў 
 
Дзіўна! Песьні аб ім жабракі
Разьнясьлі па дарогах, палетках.
Мяцяжом яго імя гучыць.
Так... Час толькі я з вамі марную,
А хацеў бы душой памагчы...
 
А р ы ш т а в а н ы 
 
Усё ж... пра Сьвітку... першы раз чую.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.