|
|
4
СЬНЕГ НА ШЫБЕНІЦАХ І НА ТВАРЫ
|
|
|
Першы мешчанін Трэба лепш захінацца ў кажух. Настаўляй, Клім Іваныч, каўнер! Гэткі вецер! Табе я кажу: Паміраць не хацеў бы цяпер I за гарнец гарэлкі ніхто Не пайшоў бы нат ямы капаць. Бачыш: сьнег, быццам белы патоп, Пачаў вуліцы хваляй змываць, I нясе, і плыве, і вірыць, I чорт ведае рвецца куды; Быццам полымем неба гарыць, Студзень люта узьняў сьнежны дым... Другі мешчанін Прашу мне дараваць, гаспадзін, Ці ня можна ў вас аганьку? Вы на пляц ідзяце так, адзін?.. Клім Іваныч, а гэта мой кум. Каліноўскі Вельмі рад... Я Вітаўт Вітажэнц. Думаў, сёньня вучыць не пайду. Ды, прызнацца, хацеў паглядзець, Як на сьмерць гэта людзі ідуць. Першы мешчанін Павучыцельна, што і казаць. Ўчора – бачылі – гналі ў Сібір, Або як ўскалыхнулі ксяндза? Апісаць бы мог толькі Шэксьпір! Мы вось так – Клім Іваныч і я – Ходзім разам заўсёды на пляц... Каліноўскі А мне школьная праца мая Не дае нават часу паспаць. Каго ж сёньня вядуць на парад? Першы мешчанін Чуў, здаецца, студэнт зь іх адзін, Пецярбургскі... так... нейкі Ігнат... З Каліноўскім атрады вадзіў Вось ідуць... Барабанная «дроб» Зараз сыпне, мяцелячы сьнег... Клім Іваныч, плячмі – праз народ! Не відаць за галовамі мне. Выбачайце! – ступіў на нагу?.. Вось жанчынам ня варта глядзець. Сьлёзы... што ж гэта я не магу Бачыць, дзе наш стаіць Вітажэнц?.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Каліноўскі Вядуць... Нядаўна гутарыў зь імі... Апошнюю ноч сядзелі ў смалярні да дня, – Раіліся, каб вясной зноў штыкамі стальнымі Над краем штандары паўстаньня узьняць... З натоўпу – Пастараніцеся! – Дайце глянуць!.. Маладыя, А, нябось, пасівела, глядзі, галава... – Эх, пацягнуў іх чорт нейкі за шыю – Захацелі з царом ваяваць!.. – Цішэй там, – чытаюць!.. Каліноўскі (Шукае вачыма знаёмых.) Бачу, брат, слаўна ідзеш! Не зламалі цябе у засьценках сьцюдзёных, Не зальюць каты кроўю народнай мяцеж! Ды ідзеш не на сьмерць ты, здаецца! Даўна, помню, калісь ты так бодра хадзіў, Пецярбург... вечары... а за пазухай Герцэн, Ў сэрцы «Колокола» калыхаўся прызыў. Пра Ўладзімірку песьню любіў ты I Някрасава сумны напеў... Прашумела жыцьцё прыдарожнай ракітай, Рана дзень твой зарой адзьвінеў... З натоўпу Вось паднялі! М е ш ч а н і н А мы вас шукалі... Бачыце, вецер калыша, тварам глядзяць на раку. А можа, з такой вышыні відаць ім зарэчныя далі. Выбачайце, я зноў бы у вас папрасіў аганьку. Бачыце, сьвет ужо новы, іншыя людзі. Што такім шыбеніца, катарга, сьмерць? Вось ці на добрае толькі народ яны будзяць, – Як ваша думка, гаспадзін Вітажэнц?.. А мяцель іх калыша... атуліла, бы ў саван сьцюдзёны... Вы ідзяце? А я пастаю, недалёка мне. Ці ня плачаце вы? Мо хто родны загінуў, знаёмы? Каліноўскі Што вы?.. Гэта толькі на твары растаяў сьнег...
|
|
|