РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліноўскі
1. Паўночны вецер
2. У абозе
3. Пра Сьвітку першы раз чую
4. Сьнег на шыбеніцах і на твары
5. Дзецюкі
6. У карчме
7. Пад звон шыб
8. Канец песьні
7
ПАД ЗВОН ШЫБ
...Узышло маё гора густымі кустамі,  
Зацьвіло маё гора чорнымі цьвятамі...
З народнай песьні
 
Звоняць шыбы; звон – ясны, халодны.
Толькі горад стары не пазнаць.
Сьпіць.
            У шлях расквечаны, зорны
Паднялася званіца адна.
Далей стрэхі, пясчаныя дзюны
Каля самай затокі ракі,
I зялёна-цёмнай руньню
Густа дрэмлюць лясы-сасьнякі.
Дрэмлюць дамініканскія сьцены,
Толькі чуецца варты крок...
I згушчаюцца мокрыя цені
У густы алавяны змрок.
 
К а л і н о ў с к і
 
I падумаць, каб гэтак рана
Мяне ім удалося зьвязаць,
Калі дома за нізкім парканам
Толькі што залаціцца лаза;
 
Быццам сон... Толькі путы цяжкія,
Што ад Нёмна зьвіняць па Байкал,
Кажуць, буры шумелі якія,
Хваляў грозна ўздымаючы вал
Над прыгонам, няволяй і тронам.
Так нядаўна... прыпомніць каб...
Калісь з камітэта чырвоных
Дзюлерана выводзіў за карк.
Барацьба за зямлю,
                                 за свабоду,
I пуховыя мары паноў,
Каб, здабыўшы рукамі народу,
Ўсе правы загарнуць сабе зноў.
Але страх перад хмарай сялянскай,
Страх за скуру сваю паваліў, –
I пакорна дарогаю гразкай
Ў цень двуглавы арла папаўзьлі.
Яны думалі – згасьне паўстаньне.
Што ён зробіць, пакінуты, сам,
Гэты ў шэрай сярмязе паўстанец –
Яська, Сьвітка, Кастусь, гэты хам?
Але сёньня ўжо добра пазналі,
Як ня лёгка ў народзе згасіць
Нашу праўду, калі яна пала
Іскрай бунту у стрэх каласы.
Ужо заўтра за віселіц цені
Мы агнём адказаць бы маглі...
I падумаць, падумаць – сьцены
Ў гэткі час чалавека ўзялі!..
 
I далей па пясчаных абшарах
Пойдзе скуты народ пад ярмом,
Пакуль гнеў зноў зьбярэцца у хмару
I ня ўдарыць з маланкаю гром.
Край дарогамі рознымі зрэжуць,
Будуць крыжам і мовай дзяліць,
I ўзьвядуць палыновыя межы
Папярок здратаванай зямлі.
Нават памяць магіл нашых голых
Гандляры будуць красьці ня раз.
Напішу... хоць з-пад шыбеніц голас
Да народа мо дойдзе у час...
 
Звоняць шыбы пчаліным гулам.
Дзень рассыпаў праменьняў пясок.
Пакідае апошні прытулак,
Зь сьцен сплываючы кроплямі, змрок.
За дзьвярмі атупелыя крокі.
Мы ужо!.. не, мінулі... пайшлі...
Цяпер недзе на плёсах далёкіх
Мыюць пер’е зарой жураўлі...
Можа, я з рыштаваньня убачу
Блізкіх, родных, сваіх сяброў:
Раз апошні прыйдуць разьвітацца
Зь сёл, лясоў, з баявых шляхоў.
Трэба слова бадзёрае кінуць,
Каб паднялі галовы вышэй.
Крокі зноў... Б’е другая гадзіна...
 
С т р а ж н і к
 
Каліноўскі! Выходзьце хутчэй!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.