РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліноўскі
1. Паўночны вецер
2. У абозе
3. Пра Сьвітку першы раз чую
4. Сьнег на шыбеніцах і на твары
5. Дзецюкі
6. У карчме
7. Пад звон шыб
8. Канец песьні
8
КАНЕЦ ПЕСЬНІ
Праз высокія горы з капачамі,  
Празь цёмныя бары з агнямі,  
Празь вялікія сёлы з скрыпачкамі.
З народнай песьні
 
Гудуць званы над мястэчкам з пахмельля.
Гараць дарогі, – пыл і плач калёс.
Ля царквы народам пеніцца нядзеля,
Пахне сінім небам і ліствой бяроз.
Між радоў палатак – абаранкі, піва;
Ходзіць моладзь – жарты, лаянка і крык.
 
I ліецца сонца на вазы, на грывы.
Між калёс, ліповых лапцяў, чаравік.
Лазара сьпяваюць, просяць на ахвяру
Грэшнікі, сьвятыя – жабракі,
А далей частушкі-весялушкі шпараць
Пад гармонік п’яны дзецюкі.
 
I працяжна па натоўпе шумным
Чутна песьня лірніка плыве;
Задуменна ўтораць перагудам струны,
Песьня ўсё мацьнее, да сябе заве.
 
«Калісь Кастусём яго звалі ў Мастаўлянах...»
 
З залатой царкоўнай званіцы-цыбулі
Плёснула басам медзь у гарачы шум і пыл,
Шэрая сетка хмар захад імглой зацягнула.
Кружачы, тонуць ўгары галубы.
 
«Кажа цар цівунам: “Вы паноў падкупіце,
А мужыцкага мне атамана злавіце!”
I паны за наш пот, мазалі нашых рук
Прадалі Кастуся ў рукі кату-цару...»
 
Нехта крыкнуў: – Пець не давайце! –
У лёне чубоў бліснуў пагон і брылёк.
Кругом гусьцей сталі плечы, ногі, абутыя ў лапці.
Недзе заціснуты стражнік у натоўпе змоўк.
 
«Прывялі Кастуся. Сядзіць цар з сваёй сьвітай,
Кажа так Кастусю:
                                 «Дзецюкоў ты мне выдай,
З кім чырвонае піва, брагу хмельную піў,
З кім ты лётаў між хмар, з кім зямлю ты будзіў.
Дам бабровую шапку і шубу сабольлю,
Колькі вокам акінеш, чарназёмнага поля,
На дадатак – чырвонцаў кісет.
Можа, лепей табе на асіне вісець?..»
Не спужаўся Кастусь, не заплакаў.
Зазьвінеў ланцуг, як казаў цару:
                                                     «Дзякуй!
Там, дзе слаў вецер ніў залатых абрусы,
За шырокім сталом хмеліў мёд галасы.
Абысьці гэткі стол – праляцелі б гады –
Як жа ўспомніць усіх дзецюкоў маладых?
Як успомніць, з кім лётаў свабодны і дужы?
Толькі глянь, колькі кружыцца птушак
Над маёй галавой!
I як зьлічыш над Нёмнам, над быстрай Дзьвіной?
I дароў мне тваіх, цар, ня трэба:
Маю шапку я – сіняе неба.
Шубу – лесу зялёнага цень,
А зямлі – сонца нат не абойдзе за дзень.
I нямала чырвонцаў, багацьця:
На папялішчах панскіх, магнацкіх палацаў,
Як дыхне толькі вецер – жар, як той самацьвет, –
Не адзін бы і сёньня насыпаў кісет...»
 
Бярэма пылу вецер на плечы ўскінуў,
У поле панёс, дзе шумела лаза;
Пасьля вярнуўся, пачаў на нітках сініх
Буйныя пацеркі дажджу нізаць.
Піла сухая зямля, фыркалі коні.
Шляхамі, дарогамі гул расплываўся вясёлы.
Па касагорах, авеяных звонам зялёным,
Заскрыпелі калёсы, развозячы песьню па сёлах.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.