РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У чым яго крыўда?
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
II
        
II

        
        А хто там ідзе, а хто там ідзе
        У агромністай такой грамадзе?
        Янка Купала

        
        Лявон нікуды не хадзіў і цэлы дзень, скрозь цэлыя Каляды, сядзеў у хаце.
        А каб не выпусціць на волю злосці і не пасварыцца з хатнімі, абнізіўшы тым свой вучоны гонар, – ён цэлы час глядзеў у кніжкі. Такое там было і чытанне: больш таго зласлівага, але ж бясплоднага думання і наракання, бо ўсё наўкола не так, як яму хочацца.
        Але чакайце, не кажыце пакуль што: «Эх, Лявон, Лявон Задума! Махнеш ты, мусіць, на ўсё рукою, кінеш роднае балота і з'едзеш у чужы вясёлы край... Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні». Не кажыце, бо трапілі ж яму да рук «Песні-жальбы» – Якуба Коласа і «Жалейка» – Янкі Купалы, а гэтыя-то кнігі многіх той парою зусім збілі з даўнага тору, а некаторых, прынамсі, звялі з яго на ўбочныя дарожкі і працягнулі іхнае блуканне на тых убочынах на значна большы час, як тое магло быць у перадгэтую эпоху.
        Дык пакуль што Лявон, як пэўны адраджэнец, ані мысліў нават пра тыя ўцёкі, толькі запёрся на ўсе Каляды ў бацькавай хаце.
        Хіба ж увечары, і то не ўсякі дзень, уздзеўшы на чорнае сваё паліто з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам, а напрануўшы буры (і цяплейшы) бацькаў кажух ды ўзяўшы ў рукі качарэжку (бывае, на ўсякага сабаку), вылязаў ён гэткі на вуліцу. У такім убранні лепей яму хадзіць у Цёмналессі познаю парою, бо ніхто не ўбачыць яго вучонасці (а на яго вучнёўскае паліто сабакі надта брэшуць).
        І тут жа, ля свае хаты, стаяў нямала часу і паглядаў ува ўсе сумныя бакі. Глядзеў – і, пэўна, думаў: куды ж бы гэта пацягнуцца?
        Хоць і слабы загад з раздуманай галованькі, усё ж, нарэшце, зрушаў нагу і плёўся ён абы-куды: хоць да канца хат.
        Калі ж не бачыў ён на вуліцы ні чалавека, ні сабакі, калі не чуў нідзе нічога, а тут падобная ціша не дзіва, – дык пускаў адну нагу і другую пераступаць самохаць далей за край хат. І яны пераступалі, як той мужыцкі конь з калёсамі, на якіх ехаў-ехаў чалавек дый задрамаў ад невясёласці або заснуў ад лішняй кварты, пусціўшы коніка па яго добрай волі.
        Тым часам свежанькія, беленькія сняговыя завеі, на няўезджанай за хатамі дарозе, спынялі абутую ў не дужа лёгкі казённы бот нагу (вучыўся ён на скарбовы кошт, бо бацька толькі спачатку троху пасабляў). І вучань, можа б, зараз і прыстаў бы, каб вось ужо зімовая пустэльнасць засыпанага снегам поля не пацягнула яго змораных і кніжным друкам, і сядзеннем цэлы дзень у хаце воч яшчэ троху наперад, пад недалёчкі змёрзлы лес. І рух, наўздзіў самое волі, не спыняўся.
        Пустэльня, як заўсёды, цямнелася па-свойму гэтым вячэрнім часам ягоных пагулянак: цямнела яму ў вочы ціха і без дум. Яна не ведала, бо не чытала ў кнігах, што ёсць шырэйшы свет з вышэйшаю культураю. Яна быццам і ведаць не хацела шпаркасці жыцця і клопатаў далёкае адгэтуль цывілізацыі, зусім чужой і непатрэбнай дзеля пустыннага спакою. Пустэльня маўчала цяжка, сцюдзёна і безуважна. Маўчала так, каб і атручаны чужнінай сын яе забыўся тут, на родненькіх улоннях, на ўсё тое, што ўдзень казалі яму кнігі, а нават і на тое, што час да часу даводзіла яму так пільна нецярпліва чаканая і так марудная ў сваім жыцці і яшчэ больш у сваім паштовым падарожжы газета адраджэнцаў «Наша ніва».
        Даплёўшыся патроху аж да лесу, ён разглядаўся, што тут канчаецца прасцяг хады.
        Каб не паддацца, няведамай як мае быць самому, супраціўнасці прастору ці то, можа, каб не вярнуцца ніякава дамоў, а задаволіць першым яўным чынам сваё жаданне перавярнуць на свой капыл усё жыццё гэтай пустэльні, – хлапец схадзіў, на два разы ступіць, з дарогі.
        Тут, падкомкаўшы аднак жа пад сябе дзеля цяпла кажух, садзіўся ён, як добрая квакуха, толькі не ў рэшата, а на пухова-снежнае сцюдзёнае гняздо. Паклаўшы побач кій, а рукі сашчапіўшы ў касматых рукавах, узводзіў вочы на бедны месяц, спавіты нудным туманом.
        Галава яго была цяпер тым целяпнёвым мужыцкім пірагом, які так шчодра накрапаны сваім хатнім добрым мясам ды пераперчаны да вомігу новым, дагэтуль не ўжываным гатункам перцу.
        Месяцу ж было ўсё роўна: ці там хоча завыць сабака, з высокім апетытам і нізка падтуленым ад голаду хвастом, ці там хоча пяяць свой хвальны гімн пустэльнай адзіноце вучоны хлопец, з сваім высока ўзнятым ідэалам над нізка апушчаным жыццём.
        – А-а, калі ж табе ўсё роўна, дык вось і мне ўсё роўна, – распінаўся ў сваіх думках вучань.
        – А-ву-у! А-ву-у! – дзеля смеху стараўся ён удаць сабачае выццё як можна лепей.
        – А-ву-у-у! А-ву-у-у! – чуў ён сам сваё, а быццам нечае чужое, вельмі слабенькае супроць сабачага, выццё. І ізноў са смехам – праўда, не вялікім смехам – думаў: як бы рагаталі цяпер, убачыўшы яго, тыя людзі, што лічаць яго за такога заўсягды паважнага маладога чалавека.
        А месяц, які свяціў цяпер і там, над той вышэйшаю культураю, хаваўся гэтым часам яшчэ глыбей у свой туман.
        Каб болей не сядзець на холадзе няведама чаго, Лявон браў кій, усхопліваўся раптам на ўсе ногі і бег, не гледзячы, угрунь, як той ліхі казак на ворага ў атаку, з выстаўленым, як ражон, кіём, заместа пікі, і распусціўшы кажуховыя полы па волі ветру. Бег і пяяў на ўсю сілу:
        
        
А хто там ідзе, а хто там ідзе
        У агромністай такой грамадзе?
        – Беларусы!!!

        
        Слова «беларусы» крычаў ён што ёсць духу, дзіка, праразліва, быццам склікаючы другіх падобных неўрастэнікаў на страшэнны гвалт.
        І бег так, халяруючы, аж пакуль не выбіваўся з духу. Тады ўжо прыставаў, збаяўшыся, што можна прастудзіцца, бо аж да поту ўвагрэўся і ляціць з разяўленаю глоткаю.
        І ішоў паціху, з весялейшым сэрцам, але з маленькім сорамам. Як трошку вінаваты, без злосці пазіраў на хаты, а там гарэла ціхае сялянскае святло і гулялі святам людзі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.