РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У чым яго крыўда?
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
VII
        
VII

        
        Што напісана пяром –
        не вырубіш тапаром.
        Народная прыказка

        
        Гардэробная лямпачка на століку-шафцы ціха і змрочна, жаўтава свеціць, у коміне вецер паціхеньку свішча, унізе, у першым паверсе, на гітары іграюць, і тужлівыя, прыгожыя, пустыя гукі так і лезуць з нейкай ціхай пакутай і ў вушы, і ў сэрца, лезуць і жмуць пад грудзьмі...
        Пад уплывам тых гукаў так хочацца адчуць у словах на пісьме сваё каханне, так хочацца асвядоміць яго ў сабе, як нешта першае самае важнае ў жыцці, прычым ідзе ён, Лявон, справядлівым шляхам ідэйнага і сумленнага чалавека, шляхам дабра, праўды і хараства...
        
        12 студзеня 1910-га году.
        Ці здарова ты, мая даражэнькая, мая любенькая, мая прыгожанькая Лёксачка?
        Ах, чаму я гэтакі шчаслівы, што спазнаўся з табою, Лёксачка мая, і нешчаслівы, што жыву так далёка-далёка? Здаецца, кінуў бы тут, рынуў усё чыста і паляцеў бы да свае Лёксачкі хоць на адну-адну хвіліначку.
        Не есца мне тут і не п'ецца мне тут без цябе, Лёксачка! Усё думаю і думаю, калі то ўбачу? Доўга як чакаці...
        Як то жывеш ты цяпер? Ці здаровенька? А ці бываюць вечарыны? Ці прыязджалі к нашым цёмналескім дзеўкам сваты? А можа, хлопец наш каторы высватаўся? А к Банадысёвым у супрадкі хадзіць табе не раю: іхны батрак мне надта не спадабаўся, – такі буян. І мяне дзівіць, што ты так любіш скакаць з ім польку. Ці мала лепшых хлопцаў ёсць? Але ты не падумай чаго-якога, гэта я толькі так, бо я ж павінен цяпер клапаціцца аб табе і пад сваёю абаронаю весці цябе па жыццёвым шляху сярод усякіх ворагаў. А людзі калі смяюцца – няхай смяюцца, ці каму закажаш не смяяцца? Але ведай, Лёксачка, што ты, ты ў мяне адна, мая першая і апошняя... Лепшай за цябе не знойдзецца мне ў цэлым свеце! Не будзь смутная, прашу цябе, што сказаў, на тое не забудуся, вось толькі скончу школу, ужо ж нядоўга.
        Марку я пасылаю табе ў гэтым заказным лісце. Паперы купіш у краме ў Мэндаля, у Целяпенічах. У яго ж і напішы мне ліст, – сама, каб ніхто не ведаў. Адрас напіша табе Этка, яго дачка. І лісты мае будзе перадаваць яна, бо я буду пісаць на яе імя з перадачаю табе. А дзеўкам ты нічога не кажы. І майго лісту Этцы чытаць не давай, а чытай сама, я пішу так, што павінна разабраць усё.
        Ну, а затым і аставайся здаровенька, мая красачка, мая журавіначка! Цалую цябе, Лёксачка, на ўсю сілу. Абшчапіўшы за шыйку, жалею, мілую на ўсю сілу. Люблю цябе, люблю! Лёксачка любая! Лёкса, Лёксачка!
        На векі вечныя твой Лявон

        
        Так пісаў Лявон у той самы дзень, першы па сваім прыездзе з Цёмналесся, калі і Рамашкін з хлопцамі над ім пасмяяўся, і Дуб-Дубовіч цяжка мову яго родную зняважыў, і фон Заёнц двойку па хіміі заляпіў, і ўвечары замучыла любоўная журба. І аднак жа не лічыў тады Лявон, што дзень той, 12-га студзеня, нешчаслівы для яго дзень.
        А хітры, мудры змей, што сядзіць у самым сваім закутачку душы, хацеў-такі пашаптаць неспрактыкованаму хлопцу: «Ой, Лявон, Лявон! Ужо колькі бед прыняў ты ў працягу аднаго дня за любоў сваю. Дык хоць жа ты ёй сёння не пішы... пачакай троху, абдумайся. А то, братку, ад шчасця да няшчасця дужа блізка... А што, калі яна сама не расчытае і пакажа твой ліст каму другому?..»
        І ганіў сам сябе Лявон за такія нехарошыя думкі, а яны, як знак эгаістычнае прыроды і благога ўзгадавання, самі, супроць яго волі, лезлі яму ў галаву. Гнаў іх, як брыдкую непатрэбшчыну, як тое, што псуе новага лепшага чалавека, як тое, чаго не павінна быць у ідэйнага і сумленнага чалавека...
        А пракляты той мудры змей шаптаў:
        – Няўжо ж ты гэткі малады ажэнішся? Гэта ж табе не кіслая фосфарна-кіслая соль...
        І хацелася пісаць яшчэ, каб выпісаўшы на паперы – зацвердзіць яшчэ лепей усё тое, што бараніла яго погляды, што паказвала яму шлях у жыцці.
        
        12 студзеня 1910-га году
        Насмешлівы Максіме, мой даражэнькі таварышу!
        Вітаць цябе Новым годам у гэтым лісце не буду, бо я паслаў табе адкрытачку з Цёмналесся. Ці дайшла яна, ай не?
        Як жылося мне ў нашым глухім куце, пісаць не хочацца, – сам добра ведаеш, як жыву я там, калі прыязджаю з школы.
        Ведаеш... Не, браце, насмешлівы Максіме, не здагадаешся, што стала з тваім Лявонам: ён цяпер зусім другі чалавек!
        Я цяпер і сам дзіўлюся, як гэта я мог даўней, у тыя гады, а нават яшчэ троху і сёлета, праседзець у сваёй хаце цэлыя Каляды, нікуды не паказваючы носу? Бывала, у царкву не езджу, хоць і не хочацца тым крыўдзіць пабожных бацькоў, – бо сучасная вера – ашуканства; у радні свае не бываю, бо радня мая – з рабскімі поглядамі, бачыць ува мне будучага пана і прыкра тым выстаўляецца; на ігрышчы не хаджу, бо што я там знайду? – тупых дзевак, буянаў-хлопцаў, расейскую лаянку і ўсякую брыдоту, карты, гідкае скалазубства, насмяханне над маімі словамі аб лепшым, зусім не гэтакім жыцці; у дровы з татам і то не хочацца, бо лыжкай гора не накорміш; і так далей, і так далей... і так далей. Валяюся сабе тыдні тры ў хаце за кніжкаю ў гордай адзіноце і гняту маладыя, здаровыя імкненні горкімі развагамі: «Такая доля мужыцкага сына з вёскі, што пайшоў вучыцца». Скваруся сам у сабе, не бачачы следу...
        Вось была філасофія!
        Чырванею цяпер: які ж я дурус быў!
        І адна злая ўцеха ў мяне: ці я адзін такі задаўся? Многа ў нас такіх дурусаў. І ты, насмешлівы Максіме, і ты... Памятаеш? Цяпер, жывучы ў іншых умовах, забыўся, можа, на тое? Цяпер, за сваімі шырокімі паглядамі маіх маленькіх, вузенькіх, сялянска-беларускіх, можа, і не ўбачыш? Эх, многа аб чым маю пагаманіць з табою.
        Я адрадзіўся! У мяне новая платформа... Толькі, Максіме, не смейся, што я йшчэ дужа малады і яшчэ вучань. Памятаеш, ты і сам кідаўся ў розныя бакі.
        Дык я адрадзіўся!
        А ўсё ведаеш хто? – Адна цёмналеская дзяўчынка... Толькі ты не смейся: ну, я здаецца, улюбіўся... і ўсё.
        Бліжэй, бліжэй – пасядзеў я з ёю, пагаманіў, – якая слаўная дзяўчынка! Як я раней таго не бачыў? Заклуміў галаву кніжкамі сам сабе, дык затым хіба.
        А цяпер... Кніжкі то чытаю, не бойся. Але і на ігрышчы пайду; і ў царкву, хоць бы для пацехі бацьком, з'езджу; і к свату ў госці пайду; і ў дровы з татам, а то і адзін, паеду... І ўжо за гэтых колькі дзён троху паправіў справу. Вясёла! Мама рада. Толькі тата трохі не разумее мяне. Ну, нічога: яшчэ болей папраўлюся, як паеду ў Цёмналессе на Вялікдзень, і тата зразумее, што я новы, што я іншы, што я лепшы.
        У гэтым уся паэзія нашага народу. Толькі мы гадуемся на чужым грунце і забываемся добра разумець свой уласны грунт. Не смейся, што я йшчэ вучань, а бяруся так разважаць. Як пазнаўся я з сваёю любаю дзяўчынкаю, я многа ўцяміў. А то мы не ведаем, у чым паэзія нашага жыцця, хараство нашага жыцця. Бо што ж? – Тое лепшае, чалавецка-беларускае, што ўзгадавала ўва мне сям'я (і то не ўся наша сям'я), тое даўгі час выкараняла ўва мне расейская школа. Ну ці ж наўчыла мяне школа любіць сваё беларускае, даражыць хараством роднае прыроды, праняцца гармоніяй родных з'яў? Чаму нас вучылі?
        Во і вісі паміж неба і зямлі. Ці рві з душы роднае карэнне і адракайся роднае хаты, ці ўцякай ад панскай вопраткі і цягайся за прымітыўнаю дзядоўскаю сахою.
        О, трудна, браце Максіме, нам, беларускім мужыцкім сыном. Мы выпаўзаем з сваіх хат і, папраўдзе (толькі не смейся), маем жа нейкую зямельную сілу ў сабе, гэта не мая навіна, але хаваемся з сваімі ідэаламі, нясмела азіраемся на новай дарозе, шукаем вачыма прыпынку і, не патрапіўшы злучыцца грамадою і пайсці сваім шляхам, расплываемся патроху ў гнілым балоце з'едзеных молем чорных польтаў...
        Выўчыліся! Выйшлі ў людзі! Сталі панамі...
        Я не хачу так!
        Дык вось, браце, пішу табе, а йшчэ іграюць мне ў вушох скамарохі, яшчэ пяюць дзяўчаткі родныя песні, прад вачмі так і мітусяцца хлопцы і дзеўкі ў скоках. Не горш нашы Лёксачкі, з якімі мы выраслі, за перашпіленых ненатуральных гарадскіх паненак. Ай, што я... у горадзе ёсць слаўныя дзяўчаты. Дык вось... Сціснула яна ў адказ маю руку і на пытанне маё хлапецкае засаромілася, засмуцілася, схіліла галоўку. «Ага... ты ж бачыш...» – кажа. Зашчымела, зашчымела, браце, мне сэрца!
        Я і скакаць наўчыўся, з ёю польку скакаў, – скокі не такі ўжо грэх...
        Толькі табе хвалюся, даражэнькі Максіме: люблю яе, і яна мяне любіць, любімся мы дужа. Ніхто не ведае.
        Цераз паўгода, ці троху пазней, паскачаш, братку, на вяселлі, бо ёй у наскім быце не можна доўга чакаць. Калі і ў вышэйшую школу пайду, – нічога, рукі ёсць, фах будзе, абы здароўе, пражывём.
        Працаваць і вучыцца! Так, браце. Што там хавацца, будзем самі сабою, будзем самі здабываць сваё жыццё і долю. Працаваць і вучыцца! Не хачу я фальшывіць: калі я пакахаў і даў слова, яна мая і перад Богам, і перад людзьмі. Мы самі творым жыццё, дык сорам нам звальваць, калі што не так, віну на ненармальнасці сучаснага сацыяльнага парадку.
        Ну, бывай, насмешлівы Максіме! Але не смейся і хутчэй адкажы мне, як ты глядзіш на такія справы. Адказу ад цябе буду чакаць з вялікай нецярплівасцю. А то я тут адзін, зусім адзін на свеце. Дык будзь здаровенек і не забывайся на твайго смешнага
        Лявона Задуму.

        
        Пансіён спіць, усе спяць. Толькі ён сядзіць і піша... Не можна сказаць, каб вельмі добра падрыхтаваў ён і лекцыі на заўтрашні дзень. Але ён чуў вялікае маральнае задаваленне ад усяго перажытага, перадуманага. Каб не пакрыўдзіць і бацькоў, ён пастанавіў напісаць і ім сёння ж, перш, чым пакласціся спаць, і такі ж самы добры ліст, як і Лёксачцы, і міламу таварышу.
        
        12 студзеня 1910-га году
        Добры дзень тату ў хату! Як жывіцё? Як маецеся? Я здароў. Даехаў аж надта добра. Вучуся. Шкадую, што, выязджаючы, так заюшыўся, што не схадзіў к дзядзькавым развітацца. Я дзядзінкі старой прашу прабачэння, што нічога не прачытаў ёй на Каляды, цяпер шкадую, бо яна ж мне маленькаму столькі казак казала. І маме вялікі-вялікі дзякуй за ўсё тое, што напякла і нарыхтавала мне сюды. Ехаў – не хацеў браць, а цяпер у пансіёне дык і спатрэбілася. Пішэце, якія навіны ёсць, і ўсё, усё... Няхай Лаўрынька піша часцей, як ён вучыцца, і інш. Тата, даруйце, што ў Каляды было тое-сёе.
        Ваш Лявон

        
        Прачытаў ліст і ўбачыў, што ён дужа кароткі і нейкі сухі. «Няма ў мяне да іх такой любові, як у іх да мяне», – падумаў і засмуціўся... «Бедныя вы мае, родныя мае! – падумаў Лявон. – Век-вяком вы цяжка працуеце. А калі я прыязджаю, ніякай працы ад мяне не вымагаеце, а нават не хочаце, каб я працаваў. І ўсё вы мне даруеце, усе крыўды, якія раблю вам цераз розніцу ў нашых поглядах. З астатніх магчымасцей вучыце мяне... Добра, што назначылі мне скарбовую стыпендыю, а то як бы вам цяжка было вучыць мяне. Спадзеіцёся, што выўчуся – пасаблю вам. А калі яшчэ тое што будзе? А ўжо несправядлівы сацыяльны парадак аддзірае мяне ад вас, як кусок жывога цела. Ёсць справы, у якіх не сіла мая пасобіць вам...» Лявон уздумаў на свае перажыванні на вучнёўскім балі – сапраўды, сапраўды панскім балі. Мусіць, мала хто з вучняў адчуваў там тое самае, што Лявон, бо ўсё гэта найбольш дзеці розных падпанкаў, панскіх аканомаў і самі пнуцца ў панства. Былі паны – настаўнікі з сваімі жонкамі, былі імянітыя грамадзяне з гораду, уся чорная сотня, і ўсе разубраныя, чыстыя, гладкія, багатыя. І Лявон між іх і з выгляду як свой... І думаў ён тады: «Вось я – пан, гуляю тут з панамі, забыўшыся на Цёмналессе, а калі б і ўздумаў на яго, дык не магу прывесці сюды свайго бацьку-мужыка, сваю маці-мужычку, з іхнаю простаю моваю, з іхным усім, не дурнейшым, чым усё тут, панскае, але пагарджаным тут, недапушчальным... О, пашлі нам, доля, наша, сваё жыццё, нашу, сваю культуру, каб усе мы свае ў сваім родным краі маглі збірацца тут, з сваімі звычаямі, сваімі ідэаламі. Мы працуем, мы можам, мы спрадвеку тут свае, мы маем права. Што супольнага ў нас з гэтай грамадою чорнага гругання, што нібы складае мазгавую частку Беларусі? Паміж Цёмналессем і гэтай грамадою – вечнае, непраходнае бяздонне. Далоў гэтых чарцей, бо тут наша месца!..» Кіпеў тады Лявон бяссільнаю варожасцю да ўсіх, хто быў тут. І нават цяпер, як уздумаў, у яго накруціліся слёзы... Але ж не гадзіцца плакаць! Трэба змагацца, а не плакаць! Лявон пачуў у сабе цвёрдую волю, адвагу, упэўненасць у сваіх здольнасцях і сілах. Ён дастаў з парты «Песні-жальбы» Якуба Коласа, разгарнуў свой агульны сшытак і на чыстай старонцы, якраз пасярод, напісаў буйнымі літарамі, каб заўсёды мець гэты надпіс перад вачыма:
        
        
Адно мы добра ведаем:
        Хоць вечна мы блукаемся,
        А ўсё ж такі, хоць некалі,
        А праўды дачакаемся.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.