РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У чым яго крыўда?
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
V
        
V

        
        – Расці, хмелю, глыбока, караніста, высока!..
        З народнай песні

        
        Лявон меўся паехаць у школу на посную куццю, перад Вадохрышчамі, але стары конь нешта кашляў, а малады, як на тое, намуляў сабе троху плячо, дык прыйшлося адлажыць выезд на пару дзён.
        І вось Вадохрышчы, па волі сляпых багоў – прыпадкаў, зрабіліся пераломным днём у Лявонавым настроі. Нават можна сказаць, што самы дзень Вадохрышчаў яшчэ належаў да старых парадкаў, а новыя пачаліся толькі ўвечары.
        Пэўна ж, Лявон у царкву не паехаў. Але пасля паўдня, добра паабедаўшы, надумаўся ён схадзіць у Залужжа к Лейзару па свае бацінкі. І схадзіў, і ўзяў бацінкі, былі ўжо наладжаны, і ішоў ужо назад. Аж на вуліцы стаяў сват іхны залужанскі (яго дачка ды была замужам за дзядзькавым пляменнікам). Убачыўшы Лявона, ён пераняў яго, прычапіўся да беднага хлапца, як якая смала, і прост гвалтам пацягнуў к сабе ў хату на чэсць.
        – Ну хоць пасядзіце ў мяне, калі ўжо нічога ніякага не хочаце, – цягнуў ён Лявона за рукаў і за гузік.
        І каб не сорам было перад людзьмі тузгацца з гасцінным сватам на вуліцы, Лявон пайшоў на часінку.
        Свацця зараз саскочыла з печы, збегала ў клець, нарэзала поўную латушку сцюдзёнага сырога сала і паставіла на стол. А меншага сына паслала к Лейзару пазычыць самавар.
        Неўспадзеўкі трапіў наш Лявон у нуднае сіло і з цярплівай боязню меркаваў, колькі яшчэ прыйдзецца сядзець на гэтай чэсці, пакуль паспее самавар. А вядома, што ў Залужжы, як і ў Цёмналессі, не можа паспець самавар раней як цераз добрую гадзіну, нягледзячы на самае пільнае паддзьмухванне яго самаю шырокаю халяваю.
        Тым часам не драмаў і сват. Ён ведаў, што Лявон, як чалавек нябы-які, гарэлкі піць не будзе, дык, папрасіўшы прабачэння ў госціка і даручыўшы жонцы вартаваць яго, каб не надумаўся бы часам уцячы, сам кінуўся, стары, да Лейзара па піва. І не паспела свацця сказаць з гасцём і пары слоў і накраіць пяць скібак хлеба, як сват, маўклівы ад пышнага пачуцця, пераступіў парог з распёртымі кішэнямі, з выпнутаю пазухаю і нават з рукава дастаў адну бутэльку.
        Свацця паставіла на стол пару нямытых шклянак і адзін шчарбаты кубак, а сват наліў.
        – Ну, сваток! Давай Бог... вып'ем жа хоць піва, калі гарэлку зневажаеце... – і ўзяў адну шклянку сабе ў рукі, другую падсунуў ён Лявону, а на шчарбаты кубак мігнуў вачыма жонцы.
        – Будзьце здаровы!
        – Піце-ка на здароўе!
        Піва было нішто сабе – трошачку гаркавае дзеля непрывычкі.
        – Закусіце ж, сваточак, нашым салам! – абцёршыся, прыстала свацця.
        «Ай Божа мой! Не хочацца мне сала!» – хацеў адпрашвацца госць, але тут жа прачытаў у іх вачах нецярплівае ўпрашальнае чаканне: ці ён будзе есці сала, ці ён не?
        І ўкусіў ён троху таго сцюдзёнага сырога сала пасля піва і нядаўнага добрага святочнага абеду, і з душы стала яму вярнуць ад гэтага сала. Не хацеў ён яго есці, дужа не хацеў.
        А сват і свацця, дзеля свае святое беларускае гасціннасці, проста з нажом прысталі, каб ён еў дый еў.
        «Грэбуе намі і нашаю ядою», – ужо стаў ён чытаць у іх сялянскіх, не прызвычаеных маніць вачах. І ён спалохаўся, што во ізноў, не хочучы, а-ткі пакрыўдзіць простых і сваіх людзей.
        Ад безвыходнага становішча ён накінуўся на піва... Піў столькі, што сват і асабліва свацця нават здзівіліся, што гэтак упадобіў Лейзарава піва.
        «Мусіць, ад вучонасці так, – падумалі яны абое, – усё ж вучоным прыямней піць піва, чымся простую гарэлку».
        Выпілі ўсё піва, а самавар яшчэ толькі-толькі пачынаў заводзіць ноты на грубейшы голас.
        Язык Лявону тым часам троху развязаўся, вочкі пасалавелі, і хітры, зусім цвярозы сват тут добра сцяміў, што вось цяпер-то можна хоць і пляшку гарэлачкі на стол паставіць.
        – Э, я ж думала, што сваток пагрэбуеце намі, доўга сядзець у нас не будзеце, дык гэта я, шату-бату, паставіла сырое сала... Я ж магу дзеля такога госціка і яешанку спрагчы.
        І завінулася прагчы яечню.
        Пасля падышлі свацціны браты, маладзенькая і прыгожая дзяўчынка – сватава пляменніца, два сватавы сыны, яшчэ і другія блізкія людзі, – і бяседа была вясёлая і без ніякіх прыкрасцей нікому. Адным словам, ніхто і нават сам Лявон ніякае завады або клопату, што нешта ёсць не так, не чулі.
        Калі ж усё паелі-папілі і арэхамі пачаставаліся, – было на дварэ цёмна. І хоць да Цёмналесся ад Залужжа і дзвюх вёрст не будзе, аднак здаволены сваток запрог кабылу, і сам павёз яго дадому, і даставіў шыбка і добра з тымі яго бацінкамі.
        Вось гэтак-то і стаўся перакрут у думках.
        І калі сват, напіўшыся і ў іх гарбаты (а то ж была і пляшка), пацалаваўшыся з усімі, і найпрыемней з самім Лявонам, паехаў сабе на сваёй кабыле да свае хаты, тады вечны сляпы кірунак у жыцці людзей і далей пайшоў тут сёння тым сваім торам...
        Перш-наперш наш Лявон, паслухаўшы загаду няведамае сілы, дастаў з скрыначкі крухмальны каўнярок і паддзеў яго пад каўнер кашулі сабе на шыю.
        – Мусіць, наш Лявон сяння гуляць мае пайсці: хамуток надзеў, – жартліва сказаў Лаўрынька, прыглядаючыся к выпіўшаму брату.
        Лявонька засмяяўся.
        Тады хлопчык заскакаў на адной назе і пяяў насмешным, але радасным тонам і голасам:
        – Хамуток! Хамуток! Хамуток!
        – Лаўрынька, ты памыляешся, – сказаў вясёлы Лявон, – белы каўнярок ёсць знакам цывілізацыі... толькі дзікуну ён здаецца хамутком.
        – Ну, добра, добра! Будзь сяння панам, – дазволіў яму патураючы Лаўрынька.
        Потым зайшоў у іхну хату кавалёў сын з Салаўёвых Машкоў, зайшоў ён мімаходам, трошку выпіўшы, але пагаманіць аб справе. Стары Задума наказваў яго бацьку, цераз людзей, што будзе насталіваць сякеру і мяняць каню падкову, – дык ці яшчэ думаюць, ці раздумаліся, а калі не, дык калі – у пятніцу ці ў суботу?
        Зайшоў кавалёў сын з гармонікам. За ім ці, праўду кажучы, за тым гармонікам убіліся ў парог два хлопчыкі, бо думалі, што, можа, кавалёнак тут зайграе. Якраз за імі прыйшлі зараз і дзве бабы і яшчэ дзядзіна пасядзець з маткаю і селі на палу. За бабамі з'явіліся дзвёх маладух, два большых хлопцы і адна дзеўка – толькі паглядзець, бо думалі (з вуліцы ім так здалося), што сёння тут гуляюць. Пакуль жа яны разглядаліся ў сваёй абмылцы ды жартавалі з кавалёвым сынам, просячы яго пайграць ім сёння там, дзе збяруцца гуляць, – прырынулі к Задумавым, ну як бы па чыйму заказу, усім кагалам, хлопцы і дзеўкі, а потым і старыя і дзяцвішча... Набухталася поўненькая хата.
        Зазвычай адбывалася гульня ў Мікітавых або яшчэ ў каго, ды толькі ж не ў Задумаў. А тут вось гэтак.
        Спачатку бацька быў скрывіўся, бо яму здалося, мусіць, што і Лявон, як і заўсёды, не вотта ласкава глядзіць на няпрошаных гуляннікаў. Аж не: Лявон загаманіў – як бы не той быў чалавек.
        А потым, ну, а потым... Лявон наш гэтак разгуляўся, што ўся яго філасофія развеялася дымам, прынамсі ж, на гэты вечар, а там будзе відаць далей.
        Кавалёў сын, не доўга думаўшы, зайграў.
        – Паскачце, маладыя! Чаго вы стаіцё? – сказала ім Задуміха.
        І скокі пачаліся.
        Пакуль тое ды сёе, Лявон ад столу перайшоў да свайго ложка, у правым куце ад дзвярэй, ля самага парогу, пасядзеў там, адылі перасеў на суднік, што пры печы.
        Дзеўкі і хлопцы, забыўшыся за той вясёлаю гульнёю на асаблівую да яго ўважнасць, заступілі яго сваім грудам, – і нейкім дзівам побач з ім сядзела курносенькая, але бойкая, нішто сабе дзяўчына – Лёкса Леваноўна. Лявон з ёю, некалісь быўшы малым, вадзіў на пасту коней. Яна вадзіла, бо ў бацькі не было сыноў, дык канюшкамі ў яго былі дочкі.
        – Чаму ты гэта, Лёкса, сядзіш, не скачаш? – надумаўся, асмеліўся Лявон пачаць з ёю гаворку.
        Непрызвычаенае сэрца, у пэўнай меры адгароджанае ад даўнай простасці цывілізацыяй, чамусьці ў ім, разоў колькі, як дурное, тыхнула! Але нічога: зараз абляглося.
        – Во каб з Рыгоравічам, дык бы пайшла! – адказала хітрая Лёкса.
        Хаця тое «з Рыгоравічам», заместа казаць ты, было яму пачуць нялюба, а выявіць ёй фальш, што не гаворыць з ім, як з кожным цёмналесцам, было ніякава, – аднак жа яе бойкасць яму заўсёды падабалася.
        – Не ўмею скакаць, – адмовіўся Лявон.
        – Невялікая ж навука! Э! – шчупянулася яна. – Можа, Рыгоравіч, умееце і не гэтакія скокі, толькі сароміцеся гоцаць з намі – мужыкамі – па-мужыцку...
        – Ну, Лёкса! Як табе не сорам так казаць? Што я? – не той самы мужык? І, дадушы, кадрылі я скакаць не ўмею.
        – Дык пойдзем: я наўчу! – схапіла яго жартам за рукаў.
        – Ой не, не, не! – адбіваўся хлопец. – Усе будуць смяяцца з маіх скокаў, усім ногі адтапчу...
        – Не будуць! Пойдзем! – учапілася дзяўчына.
        – Ой не, не, не, Лёксачка! Толькі не цяпер.
        – Ну а калі?
        – Пасля, пасля калі-небудзь, пасля!
        – Калі ж пасля? А-а! – раздумалася Лёкса. – Можа, дзеля таго не хочаш, што са мною? Паскач з Рыпінаю!
        Рыпіна была троху ў свеце і лічылася прыгожаю.
        – Не, ні з кім не буду, толькі з табою, – пачаў ужо на смешкі біць і ён. – А ты са мною хочаш паскакаць?
        – Дый як яшчэ! Сама не ведаю, як хочацца!
        Так жартавалі яны, але скакаць усё ж ткі не пайшлі. Троху потым, калі Лявон спыніў гаворку і паглядзеў, хітрун, у бок ад Лёксы, бо музыка маўчала і ўсім усё было відней, – падышоў да Лёксы Банадысёў батрак, схапіў яе за рукі і пацягнуў на польку, бо музыка якраз сарвалася як з ланцуга, – самым вясёлым хадуном.
        Ужо тая цёмналеская батракова простасць была не вельмі даспадобы Лявонавай культурнасці і далікатнасці з дзяўчатамі, але што ж? Лёкса ж была невінавата, што Атрахім схапіў яе за рукі і пацягнуў.
        Затое справа наладзілася добра апасля, калі кавалёў сын змарыўся і сталі гуляць у лёпушкі. Папраўдзе, гульня дзяціная, але гуляюць у раздураны час і большыя.
        Можа, хто з людзей высокае цывілізацыі не ведае тых нашых «лёпушак» ці паспеў ужо забыцца, што гэта за штука, дык уявіць сабе іх дужа лёгка. Адзін, а найчасцей адна – званая «бабаю» – сядзіць на лаўцы, а ўсе гуляюць. Кладзецца тварам у калені «бабе» адзін хто з гуляннікаў або гулянніц і кладзе адзаду на сябе руку дагары далоняю. Другі нехта з іх б'е яго па руцэ, «лёпае». Хто ляжаў, павінен угадаць таго, хто біў, каб ён лёг замест яго. Калі ж не ўгадае, кладзецца сам ізноў.
        Ніхто б ніколі не даў веры, што і Лявон будзе з усімі разам гуляць у лёпушкі. А неяк гэтак сталася, што стаў гуляць. Спачатку шлёпаў яго найчасцей Лаўрынька, бо чужыя саромеліся. А з дзяўчат найсмялей першая шлёпнула Лёкса... Шлёпала яна шчыра, з смакам, і, нарэшце, ён мусіў класці руку троху ніжэй, каб не балелі пасля храсткі. Не дзіва, што яе руку ён мог пазнаць адразу, і мусіла часта класціся і яна. Шлёпаць Лёксу было шмат ахвотнікаў, і як перасталі саромецца Лявона – шлёпалі яе па дзве і па тры асобы наперабой і толькі: лёп-лёп-лёп! Лявон лічыў, што гэта нарушае правілы гульні, але дараваў і часам шлёпаў наперабой і сам, толькі што не гэтак дужа, як другія, бо шкадаваў яе храсткоў – храсткоў яшчэ худых, бо маладых, дзявочых.
        Пасля лёпушак гулялі ў далікатнейшую гульню, у споведзь, што наўчыўся нехта ад настаўніц ці то з гораду яе прывёз хто. І ізноў жа неяк выйшла, што Лявон быў зроблены папом, а Лёкса была ў яго спаведніцай.
        – Ну чым жа ты, сястрыца, грэшная? – з наўмыснаю жартліваю паважнасцю, але з трошку тыхаючым сэрцам спытаўся ён, апынуўшыся з дзяўчынаю вочы ў вочы пад адной вялізнай хусткаю на галаве, замест папоўскае эпітрахілі.
        – А во чым!! – куснула яго раптам Лёксачка за вуха і з вясёлым смехам скочыла з-пад хусткі.
        І хоць Лявон быў збіты гэтым з панталыку ў сваёй саромлівай надзеі пацалаваць яе пад хусткаю, але і гэта балазе!
        Гулялі ў Задумавых тым вечарам і доўга і ўва ўсе ўсякія гульні. Між іншым, «сеялі хмеля»: хадзілі гужам, узяўшыся адзін за аднаго, па хаце, «хмелем» быў Лявон, і ён стукаў чапялою па зямлі, як павадыр кійком, і ўсе пяялі:
        
        
Расці, хмелю, глыбока,
        Расці, хмелю, глыбока,
        Караніста, высока,
        Караніста, высока!

        
        А Лёкса дужа шчыпала «хмеля»...
        Пасля ж, калі хадзілі карагодам і пяялі: «Падушачкі, падушачкі ды ўсё пухавыя: каму хачу, каму хачу – таму падарую, каго люблю, каго люблю – таго пацалую», – усе чуць не гвалтам – прызмушчалі чырвоную, з бліскучымі вачыма, Лёксу пацалаваць Лявона, але ён, на жаль, хацеў гэтага так нясмела, так нясмела, што і яна рабілася нясмелаю – і не важылася пацалаваць яго.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.