РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У чым яго крыўда?
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
VIII
        
VIII

        
        Тут абойдзецца без эпіграфу,
        а можна было б паставіць гэткі:
        «Свядомасць азначаецца быццём...»

        
        І пацякло яно – звычайнае, штодзеннае, будзённае жыццё... І ў школе, і ў горадзе, і ў Цёмналессі.
        Вучні вучыліся. Шмат часу ў іх лабараторыі адбіралі, але вучні любілі там працаваць і з прыемнасцю рабілі і якасны, і колькасны аналізы і аналіз глебы. Фон Заёнц прыйшоў аднойчы дужа ўпіўшыся, доўга гаманіў з імі на патрыятычныя тэмы і ні з тога ні з сёга ўзяў журнал і пераправіў усе двойкі на тройкі з мінусам. На лекцыях вучні таміліся, а настаўнікі былі як сонныя, хоць і калядны перапынак толькі што мінуўся. Вучні, на жаль, многія, асабліва тыя, што на прыватных кватэрах, пілі гарэлку, гулялі ў карты. Потым начальства ўволіла аднаго за п'янства, у другога адабралі стыпендыю за карты, – сам дырэктар аб 11 гадзіне паехаў па кватэрах і злавіў яго.
        У гарадскім клубе, на Дваранскай вуліцы, быў наладжаны спектакль-баль. Дружына тутэйшых аматараў тэатральнага мастацтва ставіла п'есу Раскатай-Раскатайскага «Дон Жуан» з Глебам Глебавічам Рамашкіным у галоўнай ролі. Пасля п'есы быў багаты дывертысмент, у якім выступала з цыганскімі рамансамі праслаўленая тутэйшая пявуння, швагерка начальніка пошты. Потым былі скокі, бой канфеці, серпантын, фанты і шмат чаго іншага. За буфетам падавала гімназістачка, дачка буфетчыка. Гімназістачку тую запрасіў на вальс яе стрэчны брат, вучань сельскагаспадарчай школы, у якой вучыўся і Лявон. І на пасяродку залы, у самы разгар вальсу, падышоў да гэтай пары старшыня клубу і папрасіў дзяўчынку выйсці з залы або не працаваць за буфетам. Дзяўчынка пачырванела, брат яе пачырванеў, прасіліся, але не ўпрасілі, мусілі выйсці – ну, і болей нічога.
        У Цёмналессі і каля Цёмналесся навін асаблівых не было... Паны ізноў людзям грошы за падзёншчыну не аддалі. Вось паны! Судзіся з імі, калі хочаш! Лес чысценька зводзяць і каля цёмналескага поля Гаёк аднавокаму Хвальзону аддалі за даўгі. Целяпеніцкага пана жонка ў захвіцэнні (летаргіі) была доўга, троху за чым жывую не пахавалі... Целяпеніцкія жыды краму Саўчанку спалілі, каб не перабіваў ім гандлю. Мэндаля пасадзілі ў астрог, бо на яго думаюць, але, мусіць, нічога не будзе, выпусцяць, бо як гарэла, Мэндаля ў Целяпенічах не было. А Саўчанок зусім зжыўся, грошы, якія былі, на тавар пусціў, усё дымам пайшло. І сам быў на круку ў пятлі засіліўся, але ў час выхапілі... Вось і натаргаваў, наскакаўся той дужа разумны Саўчанок. У Халімона ў Цёмналессі воўк аўцу з пуні вывалак, але Халімон не бедаваў, казаў, што гэта «жэрства (ахвяра) Богу». Ваўкоў у гэтым годзе панабегла з Цёмнага Лесу – бяда! А забабонныя галовы кажуць тут, што гэта ехаў вясельны поезд каля чараўніцкага двору дзе бы то – дый абмінуў закінутага зайца, не пачаставаўшы ведзьмака. Вось ён іх усіх і пракляў – і ўвесь поезд пусціў ваўкалакамі, таму і ваўкоў многа. Дураць людзі галаву. А Лаўрынька ўжо і казку аб гэтым ад дзядзіны запісаў, хацеў Лявону пасылаць, ды бацька грошы на марку не даў, затым што няма чаго яму, малому, многа ведаць ды грошы на глупства траціць.
        Усе ў Задумавых былі здаровы, толькі матка, ішоўшы з царквы на той нядзелі, застудзілася і дзён пяць пралежала на печы. Лаўрынька з Ганулькаю з самага рання выхадзілі ў школу ў Залужжа, і бацька заставаўся адзін у хаце з хвораю. Яму было шмат работы, і ён гневаўся.
        Матка, бачачы, як яму цяжка аднаму цягнуць на двор цэбар з мешанкаю свінням, саскаквала з печы, як маладзенькая, і бегла хоць дзверы за ім зачыніць.
        А ён гневаўся, і злаваўся, і крычаў на яе:
        – Ляжы ты ўжо, калі хворая ляжыш! Што я, сам не зачыню дзвярэй? Пасобіш ты мне гэтым!
        Яна ж, мала таго што саскаквала з печы зачыняць дзверы, часам не магла ўцерпець, каб не выбегчы на падворак паглядзець, ці добра ядуць свінні. Тады пачынаў біць яе кашаль, як у кадушку, і яна праганяла яго сцюдзёнаю вадою, бо ў варанай, казала, няма ніякага смаку.
        Бацька за гэта сварыўся на яе.
        Ды-ткі і досыць даставалася яму: вады прынясі, скаціне корму падавай, дроў няма – дроў насячы, а ўсё як сам дык сам, проста хоць ты гвалту чалавек крычы!
        – Будзе мне з вашае навукі пацеха, хто там ведае. Вучоныя – за бацькавым каркам, – бурчэў ён часам пад павеццю; але трэба адзначыць, што ён сам дужа хацеў, каб Лявон вучыўся, а бурчэў – дык толькі так сабе, каб спагнаць злосць і паказаць, што стыпендыя – стыпендыя, а бацька ж таксама нешта значыць з сваёю дапамогаю, і бацьку тым часам няма палёгкі.
        І як жа не злавацца: каровы галодныя рыкаюць, авечкі бляюць, свінні скігочуць, – ну не дай Божа яшчэ і бабскую работу спраўляць. Быццам ведаюць нягодныя жывёліны, што гаспадыня хворая, і ад сіроцтва пяюць у вушы гаспадару.
        Папрасіў бы каго з сваіх, хоць трохдзеннікам на час, дык Антон жупаны пайшоў шыць, Панас канаплі ад Іцкі Броўды ў Смаленск павёз, – і мужчын няма, і бабам іхным таксама некалі.
        У сераду гукнуў старую Міхасіху печ тапіць, дык яна, як пастаралася, рана юшку зачыніла, напусціла чаду паўнюхтанькую хату. Як на ліха, улучыў ён вольную часінку, прыйшоў у цёплую хату з марозу і пачаў задоўку віць. Чуе сморад, кажа матцы:
        – Ідзі-тка ты паціху, напрануўшы кажух, пасядзі ў каго, а то на хворую галаву ўчадзееш зусім.
        Выйшла яна з Міхасіхай, а ён, надзеўшы па голаў шапку, каб дужа не ўчадзець, сеў віць задоўку, думае – не возьме яго чад.
        Тым часам, не паспела вярнуцца хворая, аж тут другі хворы... Спачатку пачала яго забіраць млявасць, пад абед жа так заламіла яму ў галаве, так пачаў казлы драць, што, як вярнулася яна, – думала: канчаецца яе чалавек. Затым і не сказала яна адразу аб навіне, якую пачула. А навіна была цікавая.
        Дзеля таго што да Мікітавых было бліжэй, чымся да Якубавых, Задуміха з старою Міхасіхаю зайшлі пасядзець у Мікітавых. Там жа была ў супрадках і Лёкса. І яшчэ да іхнага прыходу была там такая гаворка... Гаманілі пра Лявона.
        – Запанеў ужо Лявон, з нашымі дзеўкамі займацца не хоча, – сказала Мікітава нявестка.
        – Ды ў Лёксу ўлюбіўся, – падміргнула на Лёксу Мікітаўна.
        – А ідзі ўжо ты!.. – крыкнула, пачырванеўшы, Лёкса, ураніла верацяно і парвала нітку.
        Яна хацела бараніць Лявона, як родненькага брата, хацела казаць, што ён зусім не запанеў, але саромелася.
        – Ці ён сабе не знойдзе жонкі ў горадзе, пад брыльком? Нашто яму, вучонаму, нашы дзеўкі ў хустачках? – з пэўнасцю, каб падражніцца, казала ізноў нявестка.
        – Купіць Лёксе шляхецкі капялюш, вось і будзе... – зарагатала Мікітаўна, а за ёю і нявестка. І Мікіціха не ўцерпела ад смеху, нават самой Лёксе зрабілася смешна...
        – Во і хадзі к табе ў супрадкі, – паказала, аднак, крыўду Лёкса, – ты ўсіх толькі прасмяхаеш.
        – Ай, мае вы дзетухны! – сказала тады Мікіціха. – Усё вы жартуеце, а я дык не жартамі іму веры, што Лявон, хоць і вучоны, а можа ўзяць наскую, простую. Добры хлопец, дай Бог яму здароўя. Гэта ж другі хамула няўчоны пабудзе ў свеце, дык ужо к яму не прыступіцца: «как-ста», ды «что-ста», «я-та ста ўсё прайзашол, а вы-та ста няўчоная дзеравеншчына»... Бліскучыя боты гармонікам уздзене, дык думае, што ўжо ён несусветнай далікатнасці. А глядзіце, Лявон заўсёды з намі, як свой. Ні ён гэтых «как-ста», ні ён гэтых «что-ста»...
        – Ён наўмысля прыстаўляецца, а ў ім гордасць, як у злым, сядзіць, – запярэчыла нявестка.
        – Ай, няпраўда твая! – бараніла Лявона Мікіціха. – Ён і любіць усё сваё простае, ён і пагаворыць з простым чалавекам, як чалавек...
        Мікіціха хацела і яшчэ многа чаго добрага сказаць пра Лявона, але якраз на гэтых яе словах у хату ўвайшоў стараста.
        Ён даў дзяньдобры, аббіў гальнём снег з лапцей і сказаў:
        – А дзе ж вашы мужчыны і хлопцы?
        – А ў дровы паехалі, Самсонавіч! Ай справа якая? – зацікавіла Мікіціху.
        Стараста вясёла ўсміхнуўся.
        – Ды такая справа, што бачу адных баб і дзевак, а людзей нікога няма...
        – А мы ўжо і не людзі, Самсонавіч? – засмяялася Мікіціха. – Што ж гэта цягнеш там з-за пазухі, ці не ліст каму?
        – Жартую, цётка Мікіціха, жартую! Як жа вы не людзі, калі ўжо і дзеўкі нашы ў людзі ідуць... Во, ужо лісты адзержваюць! Не ведаю толькі, ці ўмеюць самі чытаць? – і падаў Лёксе ліст: – Маеш, курносая!..
        – Ад каго ж гэта? – пачырванела, як каліна, Лёкса.
        – Ад каго? – пэўна ж ад маладога, не ад старога! – правіў свае жарты стараста. – Шкода, што няма нікога з хлопцаў, а то зараз бы даведаліся, што там такое табе пішуць.
        – Можа, гэта не мне? – як не плакала Лёкса, разбіраючы па складах адрас. – Тут нешта напісана «Эсфір» нейкая...
        – Эсхвір?! – зарагатаў стараста. – Заказное, на імя Эткі Мэндалеўны, а табе з перадачаю. Яна адзяржала, а мяне папрасіла, каб табе аддаў і нікому не казаў. У Целяпенічах сяння быў.
        – А па чым цяпер соль, Самсонавіч? – зараз запыталася Мікіціха, і гутарка пабегла ў другі бок.
        Стараста пакурыў, пасмяяўся і пайшоў, а тады ўжо прыйшлі Лявонава матка і старая Міхасіха. Бедная Лёксачка! Што б ёй было выйсці трошку раней...
        Мікіціха пахвалілася Задумісе, што соль недарагую прывезлі ў кааперацыйную краму, а Задуміха спыталася, ад каго яна чула. А такім чынам размова дайшла да старасты, да ліста, да Эткі Мэндалеўны і да Лёксы. Задуміха пахвалілася, што Этка заўсёды пытаецца ў яе пра Лявона, а тут-то і асяніла думка Мікітаву нявестку.
        – Лёксачка! – плёснула нявестка далонямі. – А я ведаю, ад каго табе гэты ліст.
        – Ну ад каго? – ужо стоячы на парозе, мусіла адказаць Лёкса і пачакаць.
        – А вот ад іхнага Лявона!
        – А пакажы-ка, Лёксачка... – закашлялася Задуміха. – Хоць жа я і няпісьменная, а няўжо ж рукі свайго Лявонькі не пазнаю? Акхі! Акх-ха-аха, аха... Ён, ён, ён! – усцешылася матка, што як бы і пазнала сынаву руку, калі Лёкса паказала ёй адрас на лісце.
        Тут для Лёксы наступіў самы гостры сорам, і ёй было «хоць бы скрозь зямлю праваліся», як казалі пасля Мікітаўна і Мікітава нявестка.
        – Як прачытаеш, Лёксачка, пахваліся ж хоць нам, як яму там паводзіцца, – ласкава папрасіла Лёксу сама Лявонава матка.
        І тут бяседа разбілася. Лёкса пабегла з лістом дамоў, як ашпараная, Задуміха пайшла к дзядзькавым, каб пасмяяцца з дзядзінай, Мікітава нявестка пайшла з навіною па ўсім Цёмналессі, а Мікітаўна чамусь зажурылася і без прычыны навалілася на матку, нашто яна выдала Лёксін сакрэт.
        Задумісе не сядзелася ціха ў дзядзькавых. І кашаль троху адпусціў яе. Папрасіўшы дзядзіну прыйсці сёння к ім увечары пасядзець, яна пайшла з Міхасіхаю дамоў абедаць.
        Абед быў нецікавы. Міхасісе было прыкра, што рана зачыніла юшку і Задума так учадзеў. Задуміха дужа хацела пахваліцца навіною, але бедны бацька ўсё яшчэ так мучыўся, што ён месца сабе не знаходзіў.
        Тым часам спусціўся на зямельку вечар.
        Прыйшоўшы дамоў, Лёкса насілася з лістом, як кот з салам. На жаль, сама расчытаць ніяк не магла... Увечары сабраліся хлопцы і дзеўкі. Гукнулі Цімоха, печкуровага сына, найбольшага цёмналескага грамацея пасля Лявона. Лёкса, закрываючыся хустаю, чырванеючы і як бы не хочучы, паказвала той ліст усім. Нарэшце печкуроў сын Цімох сеў на зэдлік, пад самую лямпу, і стаў чытаць.
        «Ці здарова ты, мая даражэнькая, мая любенькая, мая прыгожанькая Лёксачка...»
        І ўся хата, як ёсць, палягала ад смеху. А Лёкса, у цішэйшы перапынак, з каліўцам гневу казала:
        – Ну дык што? Чаго вы рагочаце? Гэта ж так у лістох пішацца...
        Ліст быў чытаны і перачытаны. Банадысёў батрак зазлаваўся і пры ўсіх людзях ціха, але моцна, злаяў Лявона «вучоным дурнем». Лёксіна матка адну паловіцу ліста адабрала, схавала на грудзі за кабат і, давячыся смехам, пастрашыла дачку:
        – А каб вас ліха! Панясу Лявонавай маці дый пакажу. Во тады будзеш ведаць...
        А Лёксін бацька злаяўся і плюнуў з печы аж на мост, на вольную мясціну:
        – Сораму не маюць. На галаве пачынаюць хадзіць.
        Дзеўкі смяяліся і казалі Лёксе:
        – Лявонава жонка! З намі, дурнымі, гаварыць не захочаш...
        – А ідзіце вы ўжо ад мае галавы! – гневалася Лёкса без гневу.
        Навіны ў Цёмналессі расходзяцца шыбка. На вуліцы ў той вечар, калі Лаўрынька, разам з другімі дзяцьмі, прыехаў на каўзель і пакаціўся з гары, ён меў вялікую прыкрасць. Наехаўшы няўмысля з сваёю маразянаю казою на маразянае рэшата Мікіцёнкавае Ходачкі, ён пачуў:
        – Лёксін дзевярочак! Едзе прост на маразянку, як сляпіца дурная.
        Лаўрынька счырванеў, як рак, і кінуўся біць Ходку. Але яна ўцякла, а ўсе малыя каўзельнікі сталі смяяцца і крычаць:
        – Лаўрын, Лаўрын – Лёксін дзевярочак, далігойда! Лаўрын, Лаўрын – Лёксін дзевярочак, далігойда!
        Лаўрынька заплакаў, завярнуўся з сваёю казою і пацягнуў яе дамоў.
        Калі ён увайшоў у хату, матка з дзядзінаю сядзелі на запечку і таксама гаманілі пра той ліст. А бацька ляжаў на палу з мокрым ручніком на лобе і, заглушаючы боль, сварыўся:
        – Пісьмы дзеўкам уздумаў пісаць. Заказное! Ці прыслаў нам хоць калі заказное. Ці тут разумеюць што? Ведама, мужыцкая дурата. Адно – людзі будуць выскаляцца і разлахаюць па ўсёй воласці. Скажуць: даўчыў сына!
        – Хто там табе што скажаць? – смяялася матка. – Пажартуюць і перастануць. Лёксе сорам – не яму.
        – А ўжо ж... заступайся за яго. Даўчыўся... гаворыць па-мужыцку, – дурань другі падумае, што ён і не ўмее па-кніжнаму. За ўсе святы носу нідзе не паказаў сярод паважнейшых людзей, а з гэтаю паганкаю паспеў дружбу наладзіць. Чым далей, тым гаршы. Слухае самакратаў усякіх (так бацька называў усіх дэмакратаў і наогул вальнадумаў). Самакрацкія кніжкі чытае!
        – У яе на руках кароста! – зганіў Лёксу Лаўрынька.
        – Яна сабе дзеўка працавітая, – уставіла сваё слова нейтральная дзядзіна, – толькі што язычлівая троху...
        – Працавітая! – страшэнна загневаўся Задума. – Працавітая, дык роўная Лявону? Мужыку якому працавітая, а не яму!
        Сумна скончыўся гэты дзень у Задумавых, але горшыя прыкрасці былі наперадзе.
        На другі дзень раніцаю, калі Задума ішоў па ваду, ён пачуў, што ля калодзежу нейкая сварка. Прыстоіў, прыслухаўся...
        – ...Ды ўсё роўна не возьме Лявон твае курносае пляменніцы, – наругаўся стары Хомка Лёксінай цётцы, – ці ён жа гэта ўжо сабе вучонай не знойдзе, што ўсю сваю навуку сабацы пад хвост пакладзе... Ай яму паненак мала ў свеце?.. Пад брыльком?.. Ці што?
        – Сам ты стары брыль! – крычала звяглівая Лёксіна цётка. – Чорт стары, куды ты вядро ставіш? – і Хомкіна вядро пад яе рухавымі рукамі без міласці забарабаніла на лёд.
        – Ды не возьме! Ды не возьме! Чым маё вядро вінавата? Я тваё так стукну, што і клёпак не сабярэш!
        Задума ціханька завярнуўся і з пустымі вёдрамі, як абсмеяны туляга, паплёўся дамоў.
        А троху пазней, але ў той жа дзень, бедны Лаўрынька меў клопат у школе. Пасля даўгіх душэўных мук ён дастаў з торбачкі спісаны сшытак, што настаўніца яму аддала назаўсёды, і, аглядаючыся, падышоў к Просьцы, Лёксінай меншай сястрыцы.
        – Прынясі мне, Проська, той Лявонаў ліст, дык аддам табе гэты сшытак...
        – Наўсягды?
        – Наўсягды. Толькі прынясі.
        Проська пакруціла ў сваіх руках Лаўрынькін прыгожа спісаны сшытак, пакруціла яго з усіх бакоў, вочкі ў яе загарэліся, і яна сказала:
        – Я выхаплю яго ў Лёксы і прынясу.
        – Ну, во, во... Добра! Дык глядзі ж! Сшытак будзе твой.
        Лаўрынька павесялеў. Цэлую лекцыю цешыўся ён, як падзярэ гэты ліст на самыя дробныя кавалачкі, каб ніхто ўжо яго ніколі не злажыў і не прачытаў, – каб і знаку ад братавага сораму не засталося.
        Але не пераскочыўшы, не кажы: гоц! На другім перапынку, пасля гэтай лекцыі, Проська падбегла к Лаўрыньцы і сказала яму:
        – Ай, што мне твой сшытак. Дай, Лаўрынька, кніжку з людзьмі, дык прынясу Лявонаў ліст.
        Як ні любіў Лаўрынька брата, але з кніжкаю, у якой ёсць рысункі, расстацца дзеля таго праклятага лісту не мог.
        – Курносая ты, і Лёкса курносая, і ўвесь род ваш курносы! – засіпеў ён на Проську ад гневу. – Сказала, а тады не хочаш... якая ты! Ты ж узялася прынесці той ліст!
        – Як я ўзялася? Я йшчэ не ўзяла сшытку. Дурны ты, і брат твой дурны, хоць і вучоны, усе так кажуць! – крыкнула Проська і пабегла. – Я і без твае кніжкі абыдуся.
        «Нічога, – з малой пацехаю падумаў Лаўрынька, – калі-небудзь, як будуць чытаць гэты ліст на вечарушках, выхаплю яго з рук і падзяру...»
        На тым ён і спыніў пакуль што справу, але пастанавіў усё ж напісаць Лявону аб усім і ўкрадня ад усіх.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.