РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У чым яго крыўда?
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
III
        
III

        
        Не гарыць, а цьмее...
        Народная прымаўка

        
        І так быў не першы і не апошні звычайны калядны вечар даўнага рэжыму, калі ўдзень можна працаваць, а як сцямнее – грэх, дзеля чаго бабы не прадуць, мужчыны не плятуць лапцей, а хлопцы і дзеўкі збіраюцца на вечарушкі.
        Бацька ляжаў наўзнак на печы, паклаўшы ў голавы старэнькі армячок. Матка сядзела ля яго на запечку, падпёршы схіленую набак ад маўклівасці і зробленае за век працы галаву праваю рукою, а локаць паставіўшы на далонь левае рукі, – адным словам, так, як сядзяць усе старэйшыя ці збедаваныя славянскія, а ў нашым краі нават і жыдоўскія, жанчыны.
        Лявон, вядома, сядзеў на зэдліку пры стале, узняўшы галаву троху вышэй, пад цямнявую малую лямпу (бо дарагоўля на карасін), і чытаў. Вочы бегалі па кнізе, а думкі ішлі сваім шляхам.
        У хаце ж былі толькі яны ўтраіх: бацькі і ён, бо ўсе няўчоныя маладзейшыя пабеглі гуляць.
        Бацька думаў сваё, Лявон сваё, а матка думала аб сыне: як бы гэта яго развесяліць?
        Калі ён, няўпрыцям сабе, цяжанька ўздыхнуў, яна прамовіла, асмеліўшыся перабіць яго чытанне:
        – Сыночак!..
        – Ну, што? – з ніяк няскрытай злосцю ў голасе перабіў пытанне сын.
        – Трэба ж ткі табе сядзець цалюткі дзень у хаце! – яна перамяніла рукі і прыхінулася прасцей да цёплай печы. – Прайдзіся ты на вечарушкі, пагуляй з людзьмі...
        – Што я там знайду? – адказаў сыночак, мімаволі натапырыўшыся, як той індык.
        – Ну што: вядома, што... усе гуляюць.
        – Ну так: вядома, што... – гэтак сказаў Лявон, а тое, што хацеў бы сказаць далей, тое толькі падумаў.
        «Знайду тупагаловых дзевак, – падумаў ён, – буяншчыкаў-хлапцоў, расейскую брыдкую лаяніну, гульню на грошы ў карты, гідкае скалазубства, насміханне над маімі думкамі аб лепшым, зусім не гэтакім жыцці».
        – Усе гуляюць, а ты сядзіш адзін у хаце, – сказала матка.
        – Я не адзін, а з вамі...
        – Што – што з намі? Ты з намі нічога не гамоніш.
        – Пытайцеся ў мяне, калі што хочаце пытацца...
        Матка памаўчала, падумала, а падумаўшы, сказала:
        – І дзеўкі ўжо дзівіліся, чаму гуляць не ходзіш. Што гэта, кажуць, з вашым Лявонам? Быццам людзей баіцца ці ўжо сароміцца нашых простых гульняў.
        – Ат, мама! Гаворыш...
        Тады і бацька павярнуўся.
        – Што ты, старая, прычапілася к яму з сваімі дзеўкамі? Што яму, вучонаму, тыя твае дзеўкі? К настаўніцам няхай бы з'ездзіў, усё ж яны вучоныя – і ведаюць, што як нашто...
        – Ага, паеду к настаўніцам! Як слова я ў іх што лепшае знайду? – так сказаў, а тое, што хацелася дадаць яшчэ, тое толькі падумаў. «Настаўніцы з паповічамі круцяцца, – падумаў ён, – звяжыся я, скажуць цёмналесцы: наўчыўся на сабачы брэх, запанеў, да мужыкоў – ні блізка, а да папоў стаў ліпнуць». Падумаўшы, не ўцерпеў і дадаў уголас: – Усе скажуць на мяне: запанеў! Ведаю ўжо я...
        – Што ты ведаеш? Ніхто йшчэ гэтак не казаў на цябе і не скажа, калі і пагуляеш з настаўніцамі, – ужо стараўся бацька сціхамірыць узлаванага без бачнае прычыны сына.
        – Прайдзіся ты, сыночак, хаця да дзядзькавых, – бярэцца ізноў матка, – прачытаў бы ты што дзядзіне: яна ж, бывала, дужа любіла цябе слухаць, як ты чытаў ёй змалку.
        – Ага, пайду! А там ужо сядзіць гэты свяценькі Халімон, пачне прасіць (Лявон з'ядліва ўдаў старога Халімона): «Прачытайце, Рыгоравіч, што-небудзь бажэсцвенае...»
        – Ну дык што, калі папросіць? – дзівуецца на яго нездаволенне матка. – І дзядзіна папросіць, каб прачытаў ёй што-небудзь слёзна-жаласнае. Хто што любіць, той таго і просіць. Ну дык што?
        – Нічога!
        Доўга ўсе маўчаць. Бацькі чакаюць, ці не скажа сын чаго яшчэ. А сын гаворыць толькі ў сваіх думах: «Мінуўся час, калі я быў усякаму Халімону дурным чытакам».
        Але змякчыўшыся і перайшоўшы з злосці на пакуту, якая горш яшчэ з'ядала яму сэрца, ён разважае ў думках: «Праўда, чаму я стаў такі крывы?» І каб хоць трошкі абязвініцца, не столькі перад бацькамі, колькі перад самім сабою, і тым зменшыць прыкрую пакуту, ён нарэшце парушае нуднае маўчанне:
        – Не хацелі мяне малога нікуды пускаць, вось я і адзвычаіўся.
        Тады крыўдзіцца бацька. Ён нават узнімае галаву.
        – Хто цябе не пускаў? Як пачаў вучыцца, калі хацеў – гуляў...
        – Не хачу я з вамі спрачацца. Вось падушку ўзялі б сабе пад галаву.
        – Я падам! – падлівае ласкі матка.
        – На печ падушку?! Хм!.. – чмыхае бацька. – Каб яна тут упылілася, ці што?
        Ён папраўляе пад галавою свой армячок і кажа сыну з наўмыснай бесклапотнасцю:
        – Э, што там куды хадзіць і ездзіць! Як сабе ведаеш. Во, дзякуй табе, што сядзіш з намі старымі. Прачытай-ка ты хоць нам... Што ты там такое чытаеш?
        – Гэта вам будзе нецікава слухаць.
        – Чаму нецікава? Што там такое? – не маўчыць бацька.
        – Ну, песні розныя, наскія, запісаныя ад народу вучонымі людзьмі.
        – Дык нашто гэта яны запісвалі? – дзівіцца матка і просіць: – Прачытай-ка ж нам іх, Лявонічка!
        Лявон ведае, што просяць яны так сабе, абы наладзіць з ім нейкую духовую сувязь і разагнаць яго невясёлыя думкі. І ён чытае, нудна і нецікаўна, пару-другую жніўных песень. Бацька спачатку слухае, ды зараз галава яго сцішаецца на армячку ў дрымотным супакоі. Матка ж баіцца і руку перамяніць, а калі чытаннік азірнуўся, яна сумысля падпіраецца другою рукою, каб паказаць, што не заснула, слухае! І з далікатнасці, як думае Лявон, яна гаворыць:
        – А сыночак мой! Гэта ж і ў нас іх пяюць. Глядзі, га! Вось жа нехта не паленаваўся, аддрукаваў у кніжцы. Схадзі, Лявонічка, прачытай іх дзядзіне. І я пайду з табою, калі адзін не хочаш, – хапаючыся, дадае яна.
        – Не пайду.
        – Чаму? Сходзім.
        – Сяння ўжо позна...
        – Ну во: не пайду і не пайду. Сядзіш цалюткі дзень у хаце.
        Сказаўшы так, матка ўжо безуважна маўчыць. І бацька даўно маўчыць, бо спіць.
        Лявон моўчкі лістае кнігу – і гастрэй пакутуе, калі таксама безуважна шумяць лісты паперы.
        – А можа, і праўда – схадзіць? – раптам аклікае ён матку.
        – Як сабе хочаш, сынок, – ухільна кажа яна, змораная дрымотаю.
        – Не, сяння ўжо позна, – ізноў раздумаўся ён сам.
        ...Цемнавата, сцюдзенавата і ціха ў хаце.
        – Зараз, мусіць, будуць расходзіцца з вечарушак, – кажа сонная матка, яшчэ раз перамяняючы руку, а не кладучыся, каб не разаспацца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.