|
|
2. ПАРАДЫ ДЛЯ “ЛЕВЫХ” ЦІКАЎНЫХ
|
|
|
2. ПАРАДЫ ДЛЯ “ЛЕВЫХ” ЦІКАЎНЫХ Хай мне прабачыць (у які ўжо чарговы раз) наш мясцовы “дзеяч”-бнфовец (у двухкосьсі, таму што нічога пра ягоную дзейнасьць ня ведаю), што йзноў перавяла стрэлкі на яго. У апошні час нешта занадта шмат зьявілася цікаўных спамераў. У нэце большаю часткаю, але па тэлефоне таксама хапае. Да гэтага выпадка былі проста хлапцы, якія хацелі пазнаёміцца. Зараз жа патэлефанаваў Капыль. Ізноў Капыль, ізноў у тэму. Нейк быў адзін перыяд, што са мною зьвязаўся Капыль з просьбаю дасылаць ім перадачкі. Праўду кажучы, у мяне было такое адчуваньне, што я гэтыя перадачкі дасылала ў нікуды. Цяпер іх цікавіла газэта... - Добры дзень, Настасься Азарка? - Добры, так, гэта я... ? - А гэта Капыль вас турбуе! - ??? - ваш тэлефон нам даў Павал... - ... - Севярынец. Вось нам бы хацелася запытацца наконт газэты. - ?.. - Ён нам сказаў, што Н.Б. займалася выданьнем газеты, нам патрэбны парады... - ...Прабачце, але мы нічым такім не займаемся, так што нічым не магу вам дапамагчы... хіба што вы можаце па гэтаму пытаньню зьвязацца зь Я... але ягоных кантактаў у мяне няма. - А хто гэта такі? - БНФ, вы можаце зьвязацца зь ім, зьвярнуўшыся ў цэнтр... - А БНФ якое? - “Пазьнякоўцы” - О, гэта яшчэ лепш, дзякуй за параду... Пасьля ўсіх спамаў мне гэтае тэлефанаваньне падалося падазроным. Па-першае, спасылка на імя вядомага лідэра – гэта ці не ўлюбёны прыём спэцоў, калі ім патрэбна наладкаваць кантакт. Так было ў 2004 годзе пасьля рэфэрэндума, калі мяне персанальна зачыніў на 10 суткаў капітан КДБ. Па-другое, сама спасылка на Капыль (гл. вышай). Па-трэйцяе, спасылка на Н.Б. Я ня буду тут выкладваць яе імя, таму што жанчына даволі імпульсіўная сама па сабе. І ў дачыненьні да яе я сама яшчэ не зусім упэўнена, бо сумневы ёсьць і не маленькія. Акрамя таго, яна, з тога часу як уладкавалася на дзяржаўную працу, не займаецца нашымі справамі, тым болей газэтамі. Гэта была праверка сувязі паміж мною і ёю? Ці гэта была праверка нашай узаемапрацы? Нават у коле спэцоў вядома, што сувязь паміж намі існуе праз літаратурнае аб’яднаньне. Факт, што той, хто тэлефанаваў, ведаў, што я ня буду адмаўляць знаёмства з Н.Б. Але пры чым тут мітычная газета? Па-чацьвёртае, дзіўнае пытаньне – “хто такі Я”. Гэты дзядзька даволі вядомы. Так, ён насамрэч выдае нейкую газэтку (і, мусіць, толькі гэтым і займаецца, таму што пікеты не праводзіліся тут з 2005 году). Гэта была праверка сувязі? Адзіным выйсьцем было – патэлефанаваць узгаданаму лідэру і запытацца ў яго наконт невядомага голаса. Але справа ў тым, што чалавек нават не назваўся, застаўшыся поўнасьцю невядомым. Значыць, гэта проста была праверка сувязі. І я не тэлефанавала нікому. Хай мне прабачыць спадар Я., калі гэты невядомы спашлецца на мяне ў сваю чаргу, калі зьвяжацца зь ім. Але я зрабіла тое, што павінна была зрабіць: чалавеку патрэбна была парада наконт газеты, і я параіла яму зьвязацца з тым, хто насамрэч мае дачыненьне да газеты. Калі ж спадар Я. йзноў пачне каціць бочкі на мяне, што ў яго там нейкія праблемы з-за мяне, то хай сабе. Мяне ж зараз больш цікавіць інтэрвію, якое я зрабіла 5га ліпеня ў Менску перад тым, як патрапіць на сустрэчу. Калі гэта была насамрэч тая дзяўчына, калі гэта быў насамрэч той офіс, калі гэта было насамрэч тое інтэрвію, пра якое мы зь ёю дамаўляліся напярэдадні... Пасьля ўсіх гэтых спамераў я ўжо ні ў чым ня ўпэўнена. Ну, але ж отпуск працягваўся, і ў ноч на Купала я выйшла пашпацыраваць па горадзе. Рассмяшыла цётка адна, калі я наблізілася да клюмбы перад шматпавярховікам, акурат побач зь ейным бальконам, дзе яна ў гэты час стаяла (ці сядзела, ці знаходзіллася – гэтага я ня ведаю, як і сумняюся ў яе цьвярозасьці ў той момант, але яна была ў сваём дому, таму ніякіх прэтэньзіяў да яе няма). - Дзевушка, што эта вы дзелаеце, а? - Нічога асаблівага, - адказала я, ўтыкаючы ў клюмбу сьцяжык. - Ты зачэм флажок эта свой сюда ставіш? - Для прыгажосьці. - Я січас міліцыю вызаву! Ты што, хочаш папасць в міліцыю?! - Ён вам не перашкаджае, мусіць жа? – я ўжо мінала яе дом, усім сваім выглядам паказваючы, што я не баюся. - Ах, ты... Ну, сматрі, ешчо пяцьсот метрав прайдзёш – в міліцыю пападзёш! - О, вы ўжо вершамі загаварылі, - мне зрабілася і зусім сьмешна. Сапраўды, праз метраў дзьвесьце быў паварот на мусарню, і можна было патрапіцца проста ідучы, бо існавала верагоднасьць сустрэчы з патрулём... Жанчына яшчэ доўга там нешта выкрыківала, але я ўжо даўно прайшла той паварот. Хлапцоў не было бачна. Нідзе. Не, прашмыгнула была мошачка, але яна імчала на свой выклік, і на мяне не зьвярнула ўвагі. І добра. Недзе палілі вогнішчы. Але горад быў пустым. Яно й зразумела: на плошчы вагонь не распаліш... Таму я вырашыла астатні шпацыр зрабіць колькі дзён пазьней. Увесь тыдзень, аднак, давялося прасядзець дома. Па тэхнічных прычынах. Якія прапісаныя нават у Бібліі. Згодна якім жанчыне рэкамендуецца проста пасядзець дома, ні да чога не дакранаючыся. Канешне, у наш век кампутарных дасягненьняў мала хто трымаецца гэтых правілаў, але... Да таго ж і пляменьніца патрабавала ўвагі, таму яшчэ адзін тыдзень водпуска прайшоў у коле сям’і. Тыдзень, за які я пераканала маму, што касьметычны рамонт пакояў проста неабходны, і леташняе абнаўленьне кватэры працягнулася. Праўду кажучы, я і чакала гэтага отпуску дзеля рамонту – за працаю стамляешся так, што больш нічога ня хочацца. А тут шмат вольнага часу, які можна разьмеркаваць па свайму жаданьню. І справаў шмат: у нас чатыры пакоі. Недахопы паўсюль, у асноўным, так, чыста касьметычныя. Гэтым разам вырашылі проста падправіць залю, а з наступным годам (калі я разьлічуся з усімі сваімі штрафамі) моцна ўзяцца за дзіцячы пакой, таму што ён адзін застаўся пакуль што зусім непрыбраным – дзеці вырасьлі... За гэты тыдзень я прывяла ў парадак электронную версію Кодэксаў. І пачала іх перакладаць на беларускую мову. Зраблю такі маленькі падаруначак праваахоўнікам, таму што яны пратаколы на мяне даўно ўжо пішуць на беларускай мове, але вось абаперціся для пэўнасьці ім няма куды. Так што хай будзе – потым спатрэбіцца. А з панядзелка ўсё ж такі працягвала шпацыр. Каталіся хлапцы. Але чыста дзеля кантролю. Кожны з нас зрабіў выгляд, што не заўважылі адзін аднога, але і на іх вочы пастаралася не патрапіцца занадта – я ж не нахабная! Рэакцыя на наступны дзень была з боку дзядзькі Васі. Патэлефанаваў, пабудзіўшы. Сказаў, што ня ведае, што рабіць з гэтымі сьцяжкамі – ці то парэзаць на шматкі і прыстасаваць іх куды, ці то проста выкінуць. Я кажу, што лепей хай будуць цэлымі і стаяць дзе – прыгожа ш! Папярэдзіў, што патрэбна будзе сустрэцца на гэтым тыдню... Згадзілася. Але на гэтым тыдню у мяне яшчэ шмат справаў – наступны тыдзень апошні ў водпуску, а там ня ведаю, што будзе – пачынаецца нарыхтоўка, магчыма, выходных ня будзе цэлы месяц... Патрэбна і адпачыць... Наступны вечар – шпацырую. Перад сном такі невялічкі прамінацік – карысна. Мошак не было нават і відаць, мусіць, спалі хлапцы, хаця было яшчэ ня так і позна. Зараз мэтай майго шпацыру была плошча. Прайшлася па перыметру. Людзей было шмат, але кожны займаўся сваімі справамі, і разглядаць, хто тут быў па службе – “дабраахвотнікам” – а хто проста адпачываў, мне не хацелася. Вечар быў цёплым. Прыгожым. І ціхім. У галаве гучаў французкі вальс (больш дакладна, Круг “Мой Бог”). І настрой быў адпаведным. Але калі вярталася дадому, дагнала машынка. Хлапец прыадчыніў на хадзе вакно. - Дзевушка, здраствуйце. - Добры вечар. - Вы знаіце, вы мне нравіцесь. - ??? - Я вас часто тут віжу, вы ходзіце па уліцах. - ??? - Хаціце, пракацімся? - Не, не хачу. - А всё-такі? - Не маю жаданьня. - А где вы работаіце? - Не скажу, гэта сакрэт. - Давайце пакатаімся. - Не, я не хачу, - я як мага мякчэй адмовілася, таму што не хацела псаваць сабе такі прыгожы вечар. Хлапец ад’ехаў. На павароце. Праходзячы яго, я заўважыла, як крыху далей, там яго чакала яшчэ адна машына. Ну і хай сабе. На плошчы іх было шмат, і магчыма, гэтых людзей проста зацікавіў мой шпацыр. Але стыль знаёмства яны выбралі няправільна. Зразумела, што лёгкіх дзяўчат паўсюль хапае, але гэта не азначае, што да кожнай можна падкаціць з запрашэньнем пакатацца. Падыйсьці можна было на плошчы. Ці каля яе. Але не за кілямэтар ад цэнтра. І не з такімі прапановамі. Праз хвілінаў дзесяць ён ізноў наблізіўся. - Дзевушка, так всё-такі, можна з вамі пазнакоміцца? - Не, - у мяне быў вясёлы настрой. І крыху пакруціцца я магла сабе дазволіць. - Садзіцесь в машыну, пакатаімся, - ён стаяў на сваім. - Я ж сказала – я не хачу. - Не імей сто рублей, а імей сто друзей, - загадкава прамовіў ён. - ??? - Я хачу с вамі пагаваріць а вашей сегодняшней прагулке. - А мне ня хочацца. - Дзевушка, я думаю, што у вас после вашей сегодняшней прагулкі будут бальшіе непріятнасці. - Я... не разумею пра што вы. - Думаю, вы прекрасна панімаеце. Садзіцесь, пагаварім. - Не, не хачу. - Падумайце! - Я іду да сябе дахаты. - Падвізу! - Я вас ня ведаю. - Так пазнакомімся! - Я не хачу! - Очень жаль... Нарэшце ён зразумеў, што і гэты заход не пракатвае. І адчапіўся. Гэта не было пагрозаю. Гэта быў звычайны прыём. Браў на понт. Толькі ўсяго. Калісьці мой быўшы-быўшы-быўшы участковы таксама быў прыпёрся да мяне дахаты (дзякуй Богу, я ў тую ноч была на працы) бухі і патрабаваў ад мамы, каб яна паклікала мяне. Бо “паграджае вельмі вялікая небясьпека, і патрэбна тэрмінова зьехаць з горада”. Браць на понт – гэта вельмі дрэнны прыём. Гэта самае апошняе, што можна прыдумаць, калі ты насамрэч хочаш пазнаёміцца зь дзяўчынаю. Даўно мінуў той час, калі мяне сапраўды цікавіла, якія непрыемнасьці ў мяне могуць быць пасьля шпацыра са сьведкамі. І даўно ўжо я не купляюся на такія прапановы “сяброўства”. Я сама магу сябе абараніць. Тым болей, што ў дадзеным выпадку абарону патрэбна было чакаць, як заўсёды, з боку тых, пра каго гэты хлапец меў на ўвазе непрыемнасьці. І абарону ад яго ж. Я ішла па дарозе і ледзь ня таньчыла пад той жа вальс. Хаця не. Цяпер гучала “Дзевачка-пай”. Нішто не магло сапсаваць мой настрой. Нават такія слабыя пагрозы, якіх я за сваё жыцьцё начулася і наслухалася. Але калі яны думаюць, што маглі мяне спужаць, то вельмі памыляюцца. Гэта мой отпуск. Гэта мой горад.
|
|