|
|
7. ПАМАГІЦЯ, ХУЛІГАНКА ПРЭМІІ ЛІШЫЛА!
|
|
|
7. ПАМАГІЦЯ, ХУЛІГАНКА ПРЭМІІ ЛІШЫЛА! Шкада, не было з сабою ні аднае налепкі, бо ўзнікла моцнае жаданне пакінуць ім “памяць” пра Нясвіж. Думаючы, што ўвечар да іх проста не дадуць падыйсці, я вырашыла яшчэ раз прыйсці на плошчу праз колькі гадзін – патрэбна было збегаць дадому. Не паленавалася. Збегала. Але той джып ужо зваліў. Не ведаю, куды. Ну, і добра, бо існавала магчымасць крутых (як сам джып) праблемаў. А да нас прыехалі з-за мяжы сваякі. Не буду казаць, адкуль менавіта – маем шмат. Яны прыяжджаюць раз у пяць гадоў. А таму, што маміна мама жыве ў Капылі (супадзенне гэта ці не, але так вось атрымалася), то трэба было ехаць туды – і я вырашыла, што лепей на колькі дзён зраблю перапынак у акцыях... Нашую радню параскідвала па ўсёй Беларусі, закінула і за яе межы. Мы збіраемся ўсе разам не так часта, як хацелася б... Мая мама родам з Усходняй Беларусі, бацька – з Заходняй. І хоць даўно ўжо нашая краіна – адзіная цэлая, але розніца і паміж звычаямі, і паміж людзьмі дагэтуль адчуваецца. Смешна, але так здарылася, што мама – адна з яе вялікай сям’і, хто выйшаў замуж на бліжні Захад. Нам так і сказалі – госці з Заходняй Беларусі... Жартам, канешне, але ў кожным жарце ёсць доля жарта, і, дарэчы, у гэтым годзе роўна семдзесят гадоў, як адбылося аб’яднанне тэрыторый Заходняй і Ўсходняй Беларусі. Аб’яднанне праходзіла шляхам крывавага гвалта, раскулачвання, катаванняў. У Нясвіжскім раёне яшчэ дагэтуль стаяць абарончыя збудаванні, даўно з’імшэлыя, а ад таго яшчэ больш узрушныя сваёю маўклівасцю. І даволі шмат гісторый, якія мне так хочацца выцягнуць на свет, але для гэтага патрэбна разварушыць заспаныя магілы... Разбураныя некалі межы існуюць і на сённяшні дзень. У саміх людзях, ва ўкладзе нашага жыцця. Супярэчнасць двох розных бакоў аднае краіны, якую самі таго не ведаючы, стварылі мама і тата, з кожным годам усё больш праяўляецца ўва мне. Да, я заходніца, манархістка, нацыяналістка... але я не магу ісці супраць камуністаў – шмат у чым я з імі згодна. І гэтая супярэчнасць вымушае мяне стаяць пасярэдзіне, у самым цэнтры, на самым версе барыкадаў... Цяжка, балюча, складана, але інакш немагчыма. А ў панядзелак быў Дзень Незалежнасці. Вырашаю гэтым днём паставіць канчатковую кропку ў акцыях. Задача – пранесці на плошчу сцяг. Вялікі сцяг. Акуратна згарнуўшы, каб не прыхіляць лішнюю ўвагу заўчасна, іду па вуліцы. Дайшла амаль да самае плошчы. І – на куце сутыкаюся з міліцыянтамі. У пастарунак прайшліся пехам, разгарнуўшы палотнішча (я яго загадзя прымацавала да дрэўка), па горадзе. Доўга сядзелі, вырашалі, што рабіць. Здаецца, гэта была апошняя кропля... Я, канешне, разумею, што зайгралася, але што я магу зрабіць, калі ў нас у выканкаме сядзяць тупагаловыя дзядзькі. Хтось там казаў, што сцягі – гэта бязвіннае дзіцячае балаўніцтва, але за іх можна атрымаць па самае нельга. Так і здарылася. Толькі атрымала не я. Але пазбаўляць прэмій людзей толькі за тое, што не пабегалі за мной – гэта жорстка, няправільна, груба і злосна. Дарэчы, ведаю, што ізноў будуць кпіны ў некаторых – маўляў, чо ты лазіш па начох, днём усё гэта трэба рабіць. Але па-першае, гэтым часам у асноўным гуляе моладзь. А па-другое, удзень я залежу ад тых, хто залежыць ад мяне. Мае сцягі нікому не перашкаджалі. І нікому шкоды не прыносілі, але калі б я вырашыла ўсё гэта рабіць удзень – усім, літаральна ўсім у горадзе было б шмат і шмат горш... Сцяг на Дзень Незалежнасці быў апошняй кропляй цярпення міліцыянтаў. Вырашалі і думалі, думалі і вырашалі... Просьбы, якія пераўтварыліся ў пагрозы. Пагрозы, якія былі ў паўкроку да пераўтварэння ў рэальнасць. Абяцанні, якія спраўджваліся ўжо зараз... Праз дзве гадзіны прыдумалі. Пасля доўгай-доўгай размовы з усімі просьбамі, пагрозамі і абяцаннямі, міліцыянты дастаюць аркуш паперы і кладуць асадку. - Пішы распіску, што ты так больш рабіць не будзеш... ілі мы пішам рапарты і направленіе в суд, і твой отпуск падаўжаецца на невызначаны тэрмін. Прадыктавалі. Але я ўнесла сякія-такія змяненні, з чаго і атрымалася такая вось Распіска. Я, Азарка Настасся Аляксандраўна, абавязваюся не разлепліваць на непрызначаных для гэтага месцах налепкі і іншыя матэрыялы агітацыйнага зместа, а таксама там жа не развешываць сцягі бел-чырвона-белага колера ў горадзе Нясвіжы, маім любімым горадзе. 28.07.09г. (подпіс) Азарка Н.А. Інфармацыйныя тумбы чапаць ніхто не забараняў. І прызначаныя для сцягоў месцы застаюцца ў карыстанні таксама. Гэта ўжо трэйцяя па ліку распіска за апошнія гады. Першую пісала, калі прыпынялася крымінальная справа ў 2006 годзе – яна была патрэбна следчаму. Другая – чыста сардэчнае прызнанне – была напісаная пасля шмону на офісе ў Менску: без яе зачынілі б, а я толькі пачала расхажвацца пасля гіпса. Гэтая распіска, я не ведаю, каму яна патрэбна і для чаго. Як і тое, колькі іх будзе яшчэ, гэтых распісак... Адпусцілі. Гэта не справаздача накшталт “як я правяла лета”. Справаздача вымушае фотаздымкаў. Калі яны вам патрэбны – пытайцеся ў гэбэшнікаў, якія адпачывалі ў Нясвіжы (кожны вечар праходзячы паўз гэтую кантору, прыкмячала машыны, людзей, што тусаваліся на тэрыторыі, прычым акурат у той час, як я ішла па вуліцы – і потым у горадзе. Шкада, не зірнула на нумарны знак машыны, дарэчы, майго ўлюбёнага серабрыстага колера, калі чалавек спрабаваў мяне “падцапіць” – мусіць, і ён быў сярод іх...). У “дабраахвотнікаў”, якія цікавалі. У міліцыянтаў, якія каталіся. У нясвіжцаў, якія назіралі... Гэта не сродак самарэкламы, як спрабуе ўсе мае дзеянні выставіць выканкам – маўляў, дзяўчына дабіваецца вядомасці. Як хтосьці тут сказаў, мяне ведаюць ажно ў Брэсце... мне не патрэбна такая вядомасць, таму што яна бездапаможная... Я не атрымліваю за гэта грошы ад заакіянскага дзядзькі Сэма. Я проста раблю сваю справу. Раблю ва ўмовах крызіса, калі нікому больш нічога не патрэбна. Раблю, як умею.
|
|