|
5. А Я НЕ БАЮСЯ ХАМЯЧКОЎ Чутно было шмат. Сумна толькі зрабілася ад таго, што тое, што я пачула, зыходзіла не ад дарагога мне чалавека. Дарагі мне чалавек мяне не зразумеў. Дзякуй яму хоць бы за тое, што ён, ведаючы маё складанае становішча з грашыма, пастараўся зрабіць усё магчымае, каб гэтыя выпадковыя затрыманні не выліліся ў штосьці горшае, але ён мяне не зразумеў... Як не зразумеў і той, хто быў мне не менш дарагі... Цяжка зазначыць, хто зараз быў на якім баку барыкадаў, але гэтыя два чалавекі, з-за якіх у мяне проста разрываецца сэрца, знаходзяцца на супрацьлеглых пазіцыях. І тое, што я пачула – вялікая таямніца. Якая вымушае мяне не прымаць ніводны бок, а знаходзіцца паміж імі. На самым шляху трасіруючых куляў. Тое, што я пачула – Казка Венскага Леса, якая датычыцца нас усіх і Беларусь у цэлым... Але яшчэ не той час, каб усё пераўтварыць у агульнадаступную інфармацыю... Яшчэ зусім не той час, але ён ужо блізка. І я крышачку памаўчу, таму што зараз любое слова, якое калі б там ні было сказана мною, можа быць выкарыстана не толькі супраць мяне, але і супраць іншых людзей. У наступны вечар на аўторак я расцяжку ўсё-такі павесіла. Выйшла сабе спакойна, нікім не затрыманая дайшла да плошчы і павесіла. Спакойна сышла сабе дахаты. На гэтым бы і скончыць зацяжную акцыю, але тут жа ў галаву прыйшла думка пашырыць расцяжку, да кожнага пункта прывесіўшы тлумачэнні: Бел-чырвона-белы сцяг – найвялікшы беларускі сімвал. Гэта – сцяг Ісуса Хрыста. Знак перамогі над злом, нянавісцю і смерцю, калі Хрыстос уваскрос. Яго пачалі выкарыстоўваць як сімвал усяго хрысціянства ў Сярэднявечнай Еўропе. З цягам часу – на ўсёй еўраатлантычнай прасторы ў Старым і Новым Свеце. Вялікабрытанія, Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Грузія, Данія, Швейцарыя, Ісландыя маюць сёння сцягі, утвораныя паводле розных камбінацыяў асноўнага Сцяга Хрыста. На Беларусі – Сафійскі сабор з бел-чырвона-белае муроўкі. Бел-чырвона-белая “Пагоня” ў ВКЛ. Грунвальдская бітва ў белых харугвах з чырвоным крыжам. Бітва пад Воршай – бел-чырвона-белыя сцягі на піках у вершнікаў. На каталіцкіх і уніяцкіх святынях – Сцяг Уваскрасення. Праваслаўныя патрыярхі – з абавязковаю бел-чырвона-белаю паласою ў рызах... “Пагоня” – адзін з галоўных беларускіх сімвалаў. Вершнік з мячом ляціць наўздагон захопнікам. Рух, імкненне, ідэал волі і рашучасці, вобраз духовага пачатку. Сімвал Духа, справядлівасці і свабоды. Рушанне супраць цемры і прыгнёту.Адмена нацыянальных сімвалаў, замена на савецкі чырвона-зялёны крыж з арнаментам і савецкі герб – вяртанне да часоў тэрора і нянавісці. Чырвона-зялёнае палотнішча здаўна выкарыстоўваюць у пахаванках нябожчыка. А арнамент мае гэткае ж значэнне: выява ромбаў з загнутымі праменчыкамі – сімвал смерці... Юрый Мікалаевіч Захаранка, міністр Унутраных Спраў Беларусі – у 1999 годзе знік пры трагічных акалічнасцях, расстраляны. Анатоль Сцяпанавіч Красоўскі, беларускі бізнесовец і навукоўца – у 1999 годзе знік пры трагічных акалічнасцях, пра ягоны лёс нічога не вядома. Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка, беларускі навуковец і палітык – у 1999 годзе чалавек з моцным здароўем раптоўна памірае ад крывацёка ў мозг. Віктар Аляксеевіч Ганчар, палітык – у 1999 годзе знік пры трагічных акалічнасцях, на дадзены час нічога пра лёс невядома. Зміцер Аляксандравіч Завадзкі, беларускі журналіст, тэлевізійны аператар – у 2000 годзе знік пры трагічных акалічнасцях, афіцыйна прызнаны памерлым. Перапрацоўчыя прадпрыемствы краіны дагэтуль выкарыстоўваюць састарэлае абсталяванне савецкіх тэхналогій, якое даўно патрабуе рамонту. Гэта прыводзіць да невыканання плану працы. Гэта ж адбываецца і ў іншых сферах прмысловасці Беларусі. “Сіліконавая даліна” – чарговы фарс, прызначаны для стварэння выгляду забяспечанасці краіны, у той час, як асноўныя вялікія і малыя прадпрыемсты развальваюцца на рэшткі. Супрацоўніцтва з такімі краінамі трэйцяга свету як Зімбабва не прыводзіць ні да чаго. Для супрацоўніцтва з краінамі Еўропы патрэбна выканаць шэраг патрабаванняў, да чаго Беларусь яшчэ не падрыхтавана. Расія ж патрабуе ад нашай краіны не супрацоўніцтва, а поўнай залежнасці – на тэрыторыі гэтай дзяржавы знаходзяцца не толькі газа і нафта, неабходныя нам для існавання, але і асноўныя заводы, якія спецыялізуюцца на выпуску запчастак да перапрацоўчых станкоў прадпрыемстваў Беларусі. Беларуская мова – унікальная. Мілагучная, вытанчаная, звонкая, паводле спеўнасці другая ў Еўропе пасля італьянскай, з той празрыстай мяккасцю, якая так бракуе цвёрдай расейскай, прасякнутая еўрапейскай далікатнасцю і налітая славянскай сілай – створана для словаў любові. Сучасная беларускамоўнасць – безумоўная прыкмета эліты. Нават больш – гэта сама культурнасць. Гаворыш – значыць, пісьменнік, настаўнік, палітык. Інтэлігент. Але не так усё проста. Беларускамоўныя школы зачыняюцца. Тэлевізія прасякнута расейскамоўнай прадукцыяй. Сучаснае пісьменства – расейскамоўнае. Дзяржаўныя дакументы – на расейскай мове... Заняпад беларускай мовы можа прывесці да знікнення беларусаў як нацыі. Беларускамоўныя незалежныя папяровыя выданні зачыняюцца. Вяртанне ў шапікі “Народнай Волі” і “Нашай Нівы” – блеф лібералізацыі. Газеты засталіся недасягальнымі шырокаму колу чытачоў. Чаго хочуць простыя людзі? Жыць, выхоўваць дзяцей, мець дастойную працу і дастойны заробак. Законапраекты апошняга часу скіраваны на ўскладненне жыцця простых людзей. Прынцып “аднаго вакна” – далёка не аднаваконны... звычайны чалавек як хадзіў па інстанцыях, так і працягвае хадзіць. Адмена ільготаў – яшчэ адзін прыклад неэфектыўнага законапраектавання. Скасаванне ільготаў ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі – здзек над гісторыяй і героямі. Скасаванне ільготаў удзельнікам ганебнага інтэрнацыянальнага узброенага канфлікта ў Афганістане – непавага да ваяроў. Скасаванне ільготаў бюджэтнікам (медыкам і педагогам) – абыякавасць да здаровай і культурнай нацыі. Скасаванне ільготаў праваахоўнікам – плявок у бок тых, хто стаіць на ахове Радзімы і кожны дзень рызыкуе сваім жыццём дзеля свайго народа. Скасаванне ільготаў дзецям, якія не дасягнулі працаздольнага ўзроста – ганьба рэжыму! Знешне дзяржава кіруецца на паляпшэнне дэмаграфічнага ўзроўня, але знутрана адбываецца наадварот. Сем’і, у якіх выхоўваюцца тры і больш дзяцей, апынуліся ў катастрафічным становішчы. Моладзь, якая не згодна з тым становішчам, у якое яна патрапіла – знікненне нацыі, растрата культурных каштоўнасцей, немагчымасць выказаць сябе асобай, шукае самастойныя вырашэнні праблемаў. Шукае цывільна, зберагаючы нацыянальныя традыцыі, патрабуючы ад уладаў звярнуць увагу на будучыню Беларусі. Менавіта для моладзі быў прыдуманы Артыкул 193-1 Крымінальнага Кодэкса – рэпрэсіі і ціск на апазіцыйнапрыхільную частку насельніцтва. Крымінальныя пераследы палітычнага характара ўзмацніліся перад прэзідэнцкімі выбарамі’2006 і працягваюцца на сённяшні дзень. Дзякуючы гэтаму сумнавядомаму Артыкулу, сёння немагчыма стварыць незалежную партыю і арганізацыю. “БРСМ” жа і “Белая Русь” дзейнічаюць на прымусовым прыхіле чальцаў. Судовая сістэма дзяржавы павінная быць нейтральнай і незалежнай ад якога б там ні было дзяржаўнага ладу. Кожны чалавек роўны перад законам і кожны чалавек роўна адказвае за здзейснены ўчынак. Аднак на сённяшні дзень суддзі прызначаюцца вышэйшымі ворганамі кіравання. Сёння судовая сістэма накіравана на пераслед апазіцыйнапрыхільных людзей. Выбарчая сістэма краіны, якая павінна быць нейтральнай, зрабілася недасканалай і залежнай ад кіруючых ворганаў кіравання. На палітычную дзяржаўную арэну не дапускаюцца апазіцыйныя палітыкі, праводзіцца мацнейшы чорны піяр у дачыненні да апанентаў улады, забараняецца ўсякая інфармацыя пра дзейнасць апазіцыйных рухаў. Выбарчыя вынікі падтасоўваюцца ў карысць кіруючых ворганаў. Гульні з правамі прадпрымальнікаў, заціск іх у рамкі падаткаў і татальнага кантролю, жорсткая умова адмовіць у забеспячэнні працоўным месцам іншага чалавека акрамя чальца ўласнай сям’і прывялі не толькі да пагаршэння ўласнай дастачы гандляроў (калі ўся сям’я вымушана займацца агульнай справай і не мае іншых сродкаў для пражыцця), але і да пагаршэння беспрацоўнага становішча краіны, калі чалавек не можа кудысці ўладкавацца на працу. Задуха падаткамі прывяла да фактычнай неканкурэнтаздольнасці якаснага тавара з дзяржаўным шырпатрэбам. Гандаль правамі прадпрымальнікаў прывялі на лаву падсудных Мікалая Аўтуховіча – чалавека, які, маючы сродкі, дапамагаў дзіцячым дамам і займаўся дабрачыннай дзейнасцю. З лютага месяца 2009 года яго зачынілі па падазрэнню ў тэрарызме і зараз прадпрымальнік чакае прысуду на надуманай справе. Карупцыя, уседазволенасць і разгул хабарніцтва прывялі да таго, што шмат высокапастаўленых галоў паляцелі са сваіх пасадаў з-за грызні за месца пад сонцам у вышэйшых колах улады. Наша краіна мела ўсе магчымасці абмінуць сусветны крызіс. Але неэфектыўнае размеркаванне эканомікі краіны, грыбны рост лядовых палацаў і аграгарадкоў, татальная латарэізацыя насельніцтва (латарэя адносіцца да азартных гульняў і папулярызацыя яе, асабліва сярод дзяцей, – грубейшы крок замбіравання людзей) – прывялі да разгула сусветнага крызіса на тэрыторыі Беларусі. Што я ў ноч на сераду і зрабіла. На плошчы, спакойна дайшла, ні на кога не пазіраючы, павесіла і сышла. Патрэбна было закругляцца. Як у тым кіне – “чуствую, я всігда чуствую...” Душа ўжо была здаволенаю... Прабачце, але курсаў я не наведвала і ў семінарах не ўдзельнічала, якія б вучылі, як заканчываць пачатае. У ноч на чацвер выйшла. Думаючы пра тое, што яшчэ заўтрашняя ноч – і ўсё, трэба ставіць кропачку. Маленькую. Прайшлася па інфармацыйных тумбах... Але ў гэты вечар дзяжурыў прапар. Сённня ён быў яшчэ больш злосным, чым тады. - Ну, фсё, севодня я буду біць, гдзе што зрабіла? - Нідзе нічога. - Не абманывай, я найду – цібе жэ хужэ будзет, гдзе што зрабіла, ішчо раз спрашываю? - Нідзе нічога я не рабіла. - Та ні нада, – з ім быў старшы сяржант. – Каб ты і нічога не рабіла, нікагда не паверым. Лучшэ прізнавайся сразу. Заехалі з імі у нейкі завулак, прапар дастае сваю дубінку і падносіць да майго твару: - Гаварі, ..., гдзе што зрабіла! Я, канешне, не баюся хамячкоў, але быць бітаю за такую дробязь – прабачце, гэта не гераізм. Праехаліся па тумбах, міліцыянты садралі плакаты. У пастарунку узялі тлумачальную і напісалі рапарты. Выграблі ўсе кішэні... Усе былі злоснымі. Начальнік мусарні атрымаў вялізазны фтык за мае шпацыры, і гэты фтык скаціўся ўніз па лесвіцы, дайшоўшы да мяне. Было дадзена распараджэнне разабрацца са мною, і я прасядзела ў пастарунку добрую гадзіну, не ведаючы, што са мною будзе, таму што хацелі зачыніць усё ж такі. Але дзякуй Богу, маёр Конеў быў таксама ў адпуску, а ён бы сваё не прамінуў. Адпусцілі і на гэты раз. У чацвер прасядзела ўсю першую палову дня дома, таму што патэлефанавалі і загадалі чакаць бізуна. Але так ніхто і не з’явіўся.
|
|