|
З'ЯВА IV Тыя ж і Куторга. К у т о р г а. Ах, ты, паганец! (Устаючы.) Татарын ты нехрышчоны! Вот збіў мяне, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Пачакай жа, я ж табе не дарую гэтай штукі,— не цяпер, то ў чацвер. (Вітаецца.) Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здаро-ва, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку.) Відна, відна,— дзякуй богу! Здаровы, як рыжкі баровы... А я к вам з вялікаю навіною. Не ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, не дапускай госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў — дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага, ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прыйшоў з сынам туды ж. Ц i x о н. Хрэн яму ў вочы,— будзе бяда, будзе! Гэты сабака Ліпскі падаў на мя-не ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ, як ліпку! К у т о р г а. Вот дзіва,— на тое ён і асэсар! Заўваж толькі — у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць4: чырвонае — белае ўсё перадзелае. № 3 Гдзе унадзіцца юрыста, Вымеце хату дачыста, Такіх дзіваў нагаворыць, Так многа кручкоў натворыць, Што, пачасаўшы затылак, Не рассупоніш памылак. Не дасі,— цябе замучыць. Добра стара казка вучыць: Дзярэ каза ў лесе лозу, Воўк дзярэ у лесе козу, А ваўка — мужык Іван, А Івана — ясны пан, Пана ўжо дзярэ юрыста, А юрысту — д'яблаў трыста! Ц i x о н. Хрэн табе ў вочы! Добра табе прастарэкаваць5, калі няма на шыі бяды. Ось скажы лепш, што рабіць? Пане Куторга, ты ж такі пісьменны чалавек,— мо-жаш падаць разумную раду. К у т о р г а. А прымеце ж чэсна маіх сватоў да вашай Марысі? К у л i н а. Бойся Бога, пане Куторга,— яна ж яшчэ маладзенькая! Гэта ж дзіця горкае. Ц i x о н. Які чорт дзіця, калі з хлопцамі цалуецца! К у т о р г а. Дык чаго ж чакаць! Гэта, кажуць, кепскі тавар: мый ды чашы, по-тым спяшы,— заплаці каму, каб вывез з даму. Ц і x о н. Добра, пане Куторга,— бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды. К у т о р г а. Як чорта з балота. К у л i н а. Парадзъ, пане Куторга,— ты ж такі чалавек бывалы і па судах цягаўся. К у т о р г а. Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца6 ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не наца-лавацца. Ц i x о н. Ратуй, ратуй, пане Куторга! Марысю ты ладам угамоніш,— чалавек ты разумны. Як падпусціш лёстачак, як падплывеш селезнем, дык яна і расплывецца. К у т о р г а. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыйдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сведкі; хоць я і не бачыў, але буду сведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Не жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ею пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб не цуралася разумнага чалавека. К у л i н а. Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладам напілую вушы... Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб па-гаспадарску прыняць найяснейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай,— зараз прышлю Марысю. (Выходзіць з Ціхонам.)
|
|