|
З'ЯВА II Грышка і Марыся. Г р ы ш к а. Дык я ж і прасіць не буду, сам цябе пацалую. (Цалуе яе.) М а р ы с я. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, гневаюся не жартам!.. Г р ы ш к а. Гневаешся? Няпраўда! А чаму ж ты на мяне так міленька пазіраеш? М а р ы с я. Так, са злосці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта ж зараз прыйдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць. Г р ы ш к а. Выбачай, мілая Марыся,— чуць золак, я з'ездзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару2 і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку. М а р ы с я. Трэба было завезці які гасцінчык. Г р ы ш к а. Дык я ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецерукоў ды кадобчык мёду. Ён усё прыняў ласкава і сказаў, што сёння ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці! Ён вельмі сярдзіты,— бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазня! М а р ы с я. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла! Г р ы ш к а. Ён дакляраваў3 зрабіць нам вяселле. На Богу ды на ім — уся наша надзея. № 2. Дуэт Паклаўшы надзеі на Бога, Чаго ж гараваць? Прысяглі любіці да гроба,— Дык будзем жа ждаць. Хоча няшчасная доля Навек разлучыці,— А Бог скажа: мая воля Ім з сабою жыці! Не памогуць злы языкі, Hi бацькоў старожа,— Ён жа такі пан вялікі, Што хоча, то зможа!
|
|