|
З'ЯВА АПОШНЯЯ Тыя самыя і Куторга. К у т о р г а (кланяецца ўсім). Дзякуй, дзякуй, панове грамада! Буду старацца ўшчаслівіць Марысю. К р у ч к о ў. Маўчы, стары хрэн, не аб табе тут ідзе дзела! Бяры кубак ды выпі за здароўе маладых, Грышкі Ліпскага з Марысяю, і падзякуй Богу, што так лёгка вырабіўся ад суда. К у т о р г а. Дык гэта не я — малады? Не за маё пілі здароўе? К р у ч к о ў. Пакінь, стары хрыч, думаць аб жаніцьбе, а заматай сабе на вус, каб крэпка дзяржаць язык за зубамі. К у т о р г а. Ой, найяснейшая карона! Буду сабе часта браць на розум філасофскую прыпавесць: на тое Бог даў людзям язык, каб умець маўчаць. (П'е з кубка.) К р у ч к о ў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Коні гатовы? Д з е с я ц к i. Запрагаюць, найяснейшая карона! (Выходзіць.) К р у ч к о ў. Ну, панове шляхта-брацця! Я вам родны, я вам брат, дык на прашчанне вып'ем яшчэ па кубку крупніку, заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах. Пане Куторга, у цябе яшчэ не вельмі курыцца чупрына,— ты вядзі пункты, а мы пакруцімся, прыпяваючы. У с е. Віват наш брат, найяснейшая карона! № 8 Х о р Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла! К у т о р г а Нашы Пінскі акаліцы — Жыцце хоць цару, царыцы! Ўсяго досыць — прызірніся: Еш, пі, хоць расперажыся. Х о р Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла! К у т о р г а Ёсць гарэлка, луста хлеба, Уюны і сушона рыба. Чаго ж болей людзям трэба? Пінчуку тут даў Бог неба! Х о р Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла! К у т о р г а Як збяром дабро дачыста, Завязём на торг да места, Тады квартаю чырвонцы, Гарцам мерым карбавонцы. Х о р Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла! К у т о р г а Дзяўчаты нашы, як лані, Харашэйшы як ясны пані. Зіркне катора — маспане! — Сэрца з-пад жыбра дастане. Х о р Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла! Чуваць звонікі. Шляхта, ап'янелая, хістаецца па сцэне без парадку; гутарка агульная без сэнсу; Куторга пасярэдзіне сцэны выпускае з рук кубак i зaсынае; Кручкоў бярэ ўбок Альпенскага і кажа яму. К р у ч к о ў. Ведаеш, што на цябе казаў Статкевіч? А л ь п е н с к і. А што? К р у ч к о ў. Ён казаў, што ты не шляхціц. А л ь п е н с к і. Што? Ён мяне так зневажае? Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва! К р у ч к о ў. Не пры мне,— як паеду, тады з ім расправішся! (Адыходзіцца, бярэ ўбок Статкевіча.) Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком. С т а т к е в і ч. Ён смеў назваць мяне мужыком? Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў фамату,— дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва! (Шугаецца да Альпенскага і пачынаюцъ біцца.) Л i п с к i. Найяснейшая карона! Шляхта напілася і завялася біцца. Бойцеся Бога, раздыміце, а то і з вас штраф будзе належыць! К р у ч к о ў. Не ка мне, не ка мне,— няхай у суд падаюць, тады прыеду на следства! Бывайце здаровы! (Выходзіць з Пісулькіным.) Ц i x о н. Віват, найяснейшая карона! У с е (апрача тых, што б'юцца). Віват, найяснейшая карона! Заслона апускаецца, пакідаючы наперадзе сцэны Куторгу; той прачынаецца. К у т о р г а. Што? Ужо разышліся? А там чутна і бойка! Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап'ецца, то напэўна падзярэцца. (Да публікі.) Ды вы ўжо, найяснейшыя панове, спаць хочаце? А што? Няпраўда? Дык: № 9 Найяснейшая публіка! Прашу цябе, не дзівіся, Бяда гэта невяліка, Што мы крыху папіліся. Няхай шчасная развязка Пінскай шляхце ад вас будзе, — Дайце брава, калі ласка, Ды і з Богам, добры людзі!
|
|