РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пінская шляхта
 
Фарс-вадэвіль у адной дзеі
Асобы
З'ява I
З'ява II
З'ява III
З'ява IV
З'ява V
З'ява VI
З'ява VII
З'ява VIII
З'ява IX
З'ява апошняя
З'ЯВА IX
        
З'ЯВА IX

        
        
Тыя самыя і Ціхон Пратасавіцкі, яго жонка, Цюхай-Ліпскі, яго сын Грышка, Цімох Альпенскі і іншая шляхта.

        
        Ц і x о н. Жонка, а жонка! Будзе бяда! Паглядзі, як у найяснейшай кароны вус адзін уніз, а другі ўгору задраўся. Ідзі ты наперад ды пакланіся яму, хрэн яму ў во-чы.
        К у л i н а. Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся.
        Ц i x о н. Ты — кабета, хрэн табе ў вочы,— ён жа цябе не з'есць! Вазьмі гэтыя грошы,— тут іх пяць дзесятак,— пакланіся ў ногі ды палажы на стол; ён жа юрыста, не адцураецца грошай,— тады і дзела пойдзе, як па салу.
        К у л i н а. Ну, што рабіць,— папытаю. (Яна боязна падыходзіць, кладзе грошы на стол, пасля нізка кланяецца станавому.) Найяснейшая карона...
        К р у ч к о ў. Цішэ! (Куліна са страху адыходзіць ад стала ды хаваецца за мужа; Кручкоў, трымаючы паперу, устаў ды, не пазіраючы на шляхту, гаворыцъ.) Па ўказу Пінскага земскага суда от 23-го мая сего года за № 2312 прыбыл я в околіцу для расследованія уголовного дзела о побоях, нанесенных Ціхоном Протосавіцкім Івану Цюхаю-Ліпскому... Ліпскі, маеш сведкаў?
        Л i п с к i. Маю, найяснейшая карона.
        К р у ч к о ў. Пусць выступят вперед! (Трое шляхтаў выходзяць наперад.) Пратасавіцкі, за што ты яго біў?
        Ц i x о н. Дык ён жа назваў мяне мужыком,— хрэн яму ў вочы.
        К р у ч к о ў. Маеш сведкаў?
        Ц i x о н. Маю, Куторгу.
        К р у ч к о ў. Яго няможна ставіць,— ён пад судом. (Абярнуўшыся да сведкаў Ліпскага.) Вы бачылі, як Пратасавіцкі біў Ліпскага?
        Т р ы с в е д к і (боязна кланяючыся). Бачылі, найяснейшая карона.
        К р у ч к о ў (абярнуўшыся да іншай шляхты). А вы бачылі?
        У с е i н ш ы я. Не, не бачылі, найяснейшая карона!
        К р у ч к о ў. Ну, дык добра! Следства кончана, цяпер будзе суд, а наўперад: па указу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Петровны 49-га апреля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай от 23-го сенцябра 1903-га года, а равномер-но в смысле Статута літоўскаго раздзела 8-га, параграфа 193-га, коім назначается в пользу суда от цяжушчыхся грывны. Обжалованный Протосавіцкі імеет зараз жа ўплаціць пошлін 20, прогонных 16 і на канцэлярыю 10 рублёў. Жалуюшчыйся Ліпскі ў палавіне того; сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі,— па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла,— па 3 рублі. Плаціце! (Садзіцца на месца ды піша.)
        Шляхта шэпчацца паміж собою, пасля выбраны ўсімі зборшчык Цімох Альпенскі падыходзіць да Пратасавіцкага, Ліпскага і іншае шляхты, збірае грошы і, злажыўшы гро-шы ў адзін мяшок, падносіць, баючыся, да станавога ды кладзе на стол.
        Ц i x о н (адлічыўшы зборшчыку грошы, калі той пайшоў збіраць ад другіх). Э... глядзі ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца,— хрэн яму ў вочы!
        К у л i н а. Чаго тут дзівіцца? Відаць, судовы чалавек, дык ён на тым і зубы згрыз,— такая, бач, парода.
        К р у ч к о ў (як Альпенскі палажыў на стол грошы). А ўсе?
        А л ь п е н с к і. Да капеечкі, найяснейшая карона!
        К р у ч к о ў. Ладна, ідзі! Зараз будзе дэкрэт.
        Ц i x о н. Ух, госпадзі! Што гэта будзе,— хрэн яму ў вочы?!
        К у л i н а. А што будзе? Вядома, юрыста,— абдзярэ ўсіх дачыста дый паедзе з Богам дахаты.
        Ц i x о н. Хрэн табе ў вочы,— каб прынаймні шкура была цэла, а то як дабярэцца да яе, будзе нячысты інтэрас!
        К р у ч к о ў (устаў і выходзіць з папераю на сярэдзіну сцэны). Слухайце з ува-гаю!.. (Усе кланяюцца.) Буду чытаць дэкрэт. (Зноў кланяюцца.) Па указу его імператарскаго вялічаства, во врэменном прысуцтвіі, в комплекце, саставленном із участковага заседацеля і его пісьмавадзіцеля, слушалі дзело, коего абстаяцельства следуюшчыя: Іван Цюхай-Ліпскі назвал Ціхона Протасавіцкаго мужыком; тот за такую обіду пабіл Ліпскаго, на что сей последній прэдставіл і свідзецелей. Рассле-довав таковое дзело, врэменнае прысуцтвіе, сообразно указу всеміласцівейшаго га-судара Пятра Вялікаго в 1688 г. марта 69 дня паследававшего і прымяняясь к Статуту літоускаму раздела 5-га, параграфа 18-га,— опрэдзеліло: а) Ціхону Протосавіцкаму, как угалоўнаму прэступніку, назначается: 1-е) 25 лоз на голай земле без дывана; і 2-е) штрафа 25 руб. в пользу врэменнаго прысуцтвія; б) Івану Цюхаю-Ліпскаму, как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протосавіцкаму, назначается: 1-е) 15 лоз на ды-ване і 2-е) 15 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; в) свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся: 1-е) па 10 лоз на дыване і 2-е) па 10 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; д) всей прочэй шляхце, каторая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся, назнача-ется: 1-е) па 5 лоз на дыване і 2-е) па 5 руб. штрафа в пользу того же прысуцтвія. Напаследак: г) прымяняясь к указу яе вялічаства Анны Іаанаўны 1764 г. акцябра 45-га чысла за негербовую бумагу, упатрэблённую і імеюшчуюся ўпатрэбіцца па сему дзелу,— Протосавіцкі 5, Ліпскі 3, свідзецелі па 2, а все прочыя па 1 рублю ўплоцят... Кончэна! Цяпер зборшчык няхай збірае грошы, пасля жа прымемся за лазу. (Падыходзіць да стала і ўглыбляецца ў паперы.)
        Ц i x о н. У... у... у... бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы,— 25 лоз ды яшчэ і не на дыване, а на голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі. (Кручкоў нібыта ўглыбляецца ў чытанне папераў; зборшчык збірае грошы, пачынаючы ад Пратасавіцкага, каторы, аддаўшы зборшчыку грошы, падкрадваецца к Пісулькіну, адклікае таго ўбок і совае 25-рублёвую бумажку.)
        Ц i x о н. Дабрадзею, ратуй няшчаснага ды навучы, як ад лазы збавіцца!
        П i с у л ь к і н (убок, разглядаючы бумажку). Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госцікі! (Паказваючы на бумажку.) Самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць. (Да Ціхона.) Не ведаю, што рабіць! Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць. Але папробуйце. (Тут падыходзіць другая шляхта і слухае яго рады.) Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца? Пагаварыце з сабою і злажыце, а я, тым часам, папрабую ўгаманіць яго. (Падыходзіць да Кручкова і шэпча, той злосна адказвае.)
        К р у ч к о ў. Не магу, не магу! Знаеш, па всеміласцівейшаму ўказу нашага гасу-дара 1881 года, сенцября 75-га дня какой вялікі адказ за паблажку сторанам в уга-ловнам прэступленіі?! Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць падвергнется опасносці.
        Ц і x о н. Жонка, а жонка,— хрэн табе ў вочы! Прынясі шкураны мяшок, што ляжыць у кубле з грэчкаю; там ёсць сто рублёў, трэба выкупіць шкуру. Ох, даражэй яна каштаваць будзе,— хрэн ей у вочы!
        К у л i н а. Што? Нацярушыў бяды, а цяпер расплачвайся. (Выходзіць ды праз мінуту варочаецца з мяшком.)
        Г р ы ш к а (да бацькі). Ану, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50,— можа і тваю пашануюць шкуру. (Да іншае шляхты.) I вы разварушыцеся; каторыя бачылі драку — па дзесяць, а каторыя не бачылі — па пяць рублёў,— зла-жыце ў кучу ды паднясіце найяснейшай кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзела кончыць; вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты, і козы цэлы. (Шляхта збірае грошы, пасля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгаворваючы, каб ён асмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім.)
        Л i п с к i. Ідзі ты, сынку,— палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў на-шу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт.
        Г р ы ш к а. Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседзямі. Добра, я асмелюся падысці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцэ Марысі.
        Л i п с к i. Д'ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі, прасі! (Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку баязліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў, нібыта ўглыблены ў чытанне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, моцна кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды га-ворыць.)
        Г р ы ш к а. Найяснейшая карона! Мы — адвеку пінская шляхта і ты шляхціц. Не глумі ж, не пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй строгі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны,— паміры майго бацьку з Ціхонам, ствары мае і Марысі шчасце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!
        П і с у л ь к і н. І я вас прашу, ваша благародзіе,— пусць подадут міровую і кан-цы в воду.
        К р у ч к о ў (да Пісулькіна, але моцна). Харашо! Для вас это здзелаю, прыму грэх і ответ на себя... Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за ім і Грышка і Марыся.) Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду,— ну, што ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго патхаюцъ, каторыя потым абнімаюцца і цалуюцца з сабою.) Ціхон! На згоду каб быў крупнік .
        Ц i x о н. Гатовы, найяснейшая карона! Схадзіце, жонка і Марыся, ды прынясіце,— хрэн вам у вочы. (Куліна і Марыся ідуць у хату.)
        К р у ч к о ў. Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што ж рабіць? Служба — не дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыдацыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас не ўлез у нерат. Канечна трэ-бую, каб тут жа, пры мне, дзетак сваіх заручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі.) Ну, што, Ціхон,— аддасі за Грышку сваю Марысю?
        К у л i н а (ставячы міску). Гарачая, ой, гарачая, найяснейшая карона!
        К р у ч к о ў. Адкуль жа ты ведаеш?
        К у л i н а. Дык я ж сама яе зладзіла...
        К р у ч к о ў. Што?
        К у л i н а. Да гарэлку. Толькі што перагарэла, шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадобчык укінула.
        К р у ч к о ў. А... ты талкуеш аб крупніку!
        Ц і x о н. Хрэн табе ў вочы! Чуеш, што найяснейшая карона кажа?
        К у л i н а. А як жа, аб прыправе...
        Ц i x о н. Аб якой прыправе? Хрэн табе ў вочы,— аб Марысі! Ці аддасі яе за Грышку Ліпскага...
        К у л i н а. А што будзе з Куторгаю?
        Ц i x о н. Хрэн яму ў вочы! Твой Куторга толькі хваліцца ўмее, а як прыйшло да дзела, дык чуць у бяду з сабою разам і мяне не ўцяг.
        К р у ч к о ў. Вот я тут зараз цэлую справу кончу. Налівайце кубкі! (Куліна з Ціхонам наліваюць, падаюць Кручкову, Пісулькіну і ўсім іншым.) Грышка, любіш ты Марысю? Хочаш з ёю да шлюбу?
        Г р ы ш к а. Ой, хачу, вельмі хачу! Найяснейшая карона! Бог мяне пакарай, калі я не дам ёй шчасця адружыўшыся.
        К р у ч к о ў. А ты, Марыся, любіш Грышку? Хочаш з ім век дзяліць шчасце і го-ра? (Марыся, засаромеўшыся, паварочваецца тварам да сцяны ды дзёрпае яе паль-цам.) Ну, што? Чаго маўчыш?
        М а р ы с я. А ўжо ж, калі маўчу...
        К р у ч к о ў. Дык — хачу? Ладна! Любіш ты Грышку?
        М а р ы с я (сарамліва). Але...
        К р у ч к о ў. Крэпка яго любіш?
        М а р ы с я.
        
        № 7. Раманс
        
        Найяснейшая карона!
        Трудна мне без Грышкі жыці.
        Hiяка земска прэпона
        Не ў сілах нас разлучыці!
        Сэрца маё — яго менне,
        Яго любоў — мая сіла.
        Без яго мне смерць — спасенне,
        Без яго мне свет — магіла.
        Няхай бацькі лаюць, мучаць,
        Hi з кім другім не зручуся.
        Калі з ім мяне разлучаць,
        Я ў Прыпяці ўтаплюся.
        
        К р у ч к о ў. Ну, калі так крэпка яго мілуеш, дык ужо няма чаго раздумваць. Па-нове бацькі! Трэба іх злучыць, а то новае ўгалоўнае дзела зваліцца на вашы голавы. Пане Ліпскі, чы прымаеш, вашэ, мяне за свата для свайго сына?
        Л i п с к i. Ды ўжо ж, найяснейшая карона! Задумалі дзела, то і канчайце яго з Богам,— я рад буду благаславіць.
        К р у ч к о ў. Дайце сюды ручнік! (Падаюць, і ён закідае яго сабе на плячо.) Ну, вот я і сват! Што, панове Пратасавіцкія,— аддаеце вашу дачку за Грышку?
        Ц i x о н. Такога свата трудна не ўважыць. Хадзі, жонка, хадзі, пане Ліпскі,— хрэн табе ў вочы! Паблагаславім дзяцей, а там потым адгуляем вяселле. На пасаг дам два гарцы грошай і шляхецкую худобу, а па смерці ж нашай і самі ўсё забяруць.
        К у л i н а. Ды і на выправу не пашкадуем,— яна ж у нас ядыначка: што маем, тое ўсё яе, каб толькі Бог даў ім шчасную долю. (Бацькі сходзяцца і злучаюць мала-дым рукі.)
        К р у ч к о ў. Вот так, добра! Цяпер, панове бацькі, падпішыце міравую і злажы-це міравых пошлін па тры капейкі. (Тыя падпісваюцца трыма крыжыкамі. Пісулькін за іх распісваецца.)
        А л ь п е н с к і (убок). Не быў бы судовы чалавек! Пабраў рублі ды яшчэ па капейкі сягае. У іх ужо такая натура: без капеек і чвэрцяу, як без солі ў страву, ніяк не абойдуцца: капейкі і чвэрці — да скарбу, а рублі — сабе.
        К р у ч к о ў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Прывядзі сюды Куторгу! (Дзесяцкі выходзіць.) Ну, што ж,— налівайце зноў кубкі ды вып'ем за здароўе маладой пары.
        У с е (падымаючы ўгору кубкі). Будзьце здаровы, маладыя! Дай Бог вам век з са-бою шчасліва пражываць!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.