РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ахвяры
1
2
3
4
5
6
7
8
Эпілог
2
        
2

        
        «Замялі» іх у доме паліцэйскага Чурсіка. Яны гулялі ў карты, пакуль гаспадыня, надзіва маўклівая жанчына, смажыла на кухні сала. Гулялі весела, кідалі прымаўкі, пацягваючы прастуджанымі насамі – трое вугнявілі – апетытную духмянасць блізкай закускі. Найспраўнейшым майстрам на анекдоты і прымаўкі быў швагер Чурсіка – Мікола Хацяновіч. Уласна з-за гэтага электрыка ён, Стась Шабовіч, нямала прайграў тут марак, часам столькі, што пасля галадаў. Ад самога паліцэйскага павароту не чакаў, ведаў яго яшчэ да вайны – гад, з такім кашы не зварыш. Не, Мар’ян Чурсік таксама патрэбны кадр – з-за свайго доўгага языка; карысць можна атрымаць і з пены, калі з розумам сабраць яе. З-за гэтага Шабовіч яшчэ з мінулай зімы наведваўся ў яго дом, спачатку рэдка, а потым часцей і часцей. Спадабалася яму Хрысціна, жонка Чурсіка. Не, не як жанчына. Спадабалася маўклівасцю і тым, што разоў колькі ў яе вырывалася аеуджэнне Мар’яну, што той пайшоў у паліцыю. А ў разумнай сястры і брат не павінен быць дурнем. На брата, як кажуць, «загарэўся зуб», калі Хацяновіч прызнаўся, што электрычнасць ён наладжвае не толькі ў гарадской управе, але і ў іншых установах, у тым ліку і ў нямецкіх.
        «Знаходка! – адразу ўхваліў Піліп Станулін, камандзір групы. – Падбівай клінні».
        Але не так гэта проста было нават раскусіць гаваркога электрыка. Сыпаў прымаўкі, але ўсе яны – сухія, без «навару», не тое што пахвальба паліцэйскага: той, каб сцвердзіць, што ён шышка, выдае такія звестачкі, за якія падпольшчыкі дзякуюць. Напрыклад, вераснёўская татальная аблава. Шкада, што позна паліцай выбалбатаў, не ўсіх людзей удалося папярэдзіць. Але яго, Шабовіча, справа не толькі самародкі адкопваць, але збіраць і драбнюткія пясчынкі інфармацыі, і ён гэта ўмеў, яго Станулін нават перастаў браць на дыверсіі – каб захаваць для разведкі.
        Нарэшце Хацяновіч, здаецца, скрануўся, як цяжкая крыга. Тыдні два назад, вяртаючыся ад Чурсіка, Стась пагаварыў з ім адкрытым тэкстам: у пошуках аднадумцаў ва ўмовах падполля заўсёды ёсць рызыка, без яе нікога не знойдзеш. Хацяновіч сказаў:
        «Не цямні. Я даўно здагадаўся, што зяцю нашаму ты кампаньён толькі ў карты і што цікаўлю цябе я. Дзякую за добрую думку пра мяне. Калі выжывем, то нам жа доўга яшчэ жыць у сваёй краіне. А там падрахуюць, што ты зрабіў для перамогі».
        Стась верыў людзям, якія думаюць пра будучае жыццё, а не толькі пра тое, каб сёння набіць чэрава. А сур’ёзныя думкі пра будучыню выводзяць чалавека на правільную дарогу.
        Камандзір групы, здавалася Шыбовічу, нярэдка спяшаўся, ва ўсялякім разе цярплівасці яму не хапала. А тут ён не паспяшаўся. Вырашыў звязаць Хацяновіча з правераным членам групы байцом батальёна самааховы, які і ўправу ахоўваў, – Іванам Ткачуком.
        Логіка разважанняў Стануліна была, як кажуць, жалезная. Па-першае, лічыў ён, гэтыя два чалавекі не могуць не знаць адзін аднаго – электрык, які па дваццаць разоў на дні ўваходзіць і выходзіць з памяшкання, і стралок аховы, які нярэдка стаіць ля дзвярэй на варце. Па-другое, Ткачуку, як нікому, проста будзе звязвацца з Хацяновічам: гавары колькі хочаш, не хаваючыся, не азіраючыся. Нарэшце, сяброўства яго, Шабовіча, з такім жа нямецкім служкам, як і сам Чурсік, здыме ў паліцая ўсялякую падазронасць, і ён можа зусім развязаць язык.
        Так яны апынуліся з Іванам у доме паліцая. Праўда, Ткачук меў сур’ёзны недахоп – быў нікуды не вартым карцёжнікам. Сваякі са спрытам шулераў ачышчалі іх кішэні ад марак. На Шабовіча ажно сверб напаў, ён сур’ёзна перажываў. Лаяў напарніка: недарэка, а яшчэ напрасіўся пайграць, навучыся спачатку. Ды табе што, цябе кормяць, а мне, бальнічнаму брату, хоць зубы на паліцу кладзі, хоць У хворых прасі, жабруй.
        Задаволены Чурсік рагатаў на ўвесь дом. Можа, з-за яго шумнай радасці і не пачулі, як пад’ехала машына. Пачулі, як яны пастукалі. Таксама ціха, нязвыкла, без нахабнасці акупантаў – далікатна, як добрыя суседзі.
        Хрысціна адчыніла ім і, прытуліўшыся да касяка, збялелая, моўчкі прастаяла на адным месцы.
        Іх было чацвёра, трое ў форме СД, чацвёрты паліцэйскі – перакладчык. Ён, бадай, ветліва закамандаваў:
        «Рукі, панове».
        «Штурмфюрэры» абмацалі іх кішэні. Ні гарачыя тлумачэнні, хто яны ёсць, ні дакументы, якія кожны з іх спешліва прад’явіў, – пасведчанне паліцэйскага, рабочага ўправы, малодшага камандзіра самааховы, вячэрні аўсвайс фельчара, – ніяк не ўздзейнічалі. Афіцэр уважліва вывучыў іх і сунуў у сваю кішэню. Вобыск зрабілі кароткі, беглы, у бялізне не корпаліся, у грубку не заглядвалі.
        «Прашу, панове, у машыну», – са здзеклівай ветлівасцю запрасіў перакладчык. Але калі яны паспрабавалі апрануцца, іх груба выштурхнулі на двор. «Шнель! Шнель!» Чамусьці аднаму Ткачуку дазволілі ўзяць шынель. А на дварэ лістапад, халодны дождж.
        Уціснулі ў закрытую машыну, дзе сядзелі на падлозе іншыя арыштаваныя, чалавек пяць, на іх свяцілі ліхтарыкам з кабіны, адтуль праз акенца з кратамі тырчэла дула аўтамата. Афіцэры СД, відаць, селі ў «опель», што стаяў наперадзе гэтай спецыяльнай закратаванай машыны.
        Незразумелы арышт, падумаў Шабовіч. Арыштавальнікаў нямнога, і большасць афіцэры, невядома, хто сядзіць у кабіне, за рулём і з аўтаматам, кукарда фуражкі і вочы свецяцца паверх праменя ліхтара, пагонаў не відаць. А што, калі паспрабаваць вырваць аўтамат? На дзевяць арыштаваных адзін вартавы, у нязручнай позе, відаць, стаіць на сядзенні на каленях. Застрэліць ён можа аднаго, двух, не больш. Не, відаць, ёсць нейкая страхоўка, ды і «опель», безумоўна, ідзе ўпрытык.
        Дзіўны арышт. Загадкавы. Чаму ім такі гонар? Калі не лічыць цывільнага, акцыю праводзілі афіцэры СД, адзін з іх у званні роўным маёру. Дакументам не паверылі, хоць ва ўсіх іх пасведчанні сапраўдныя, без усялякай ліпы. Хто ж з іх у такой «пашане»? Не падобна, што ён, Шабовіч. I гаспадару нямнога аддавалі ўвагі. Больш – Хацяновічу. Чаму? Фігура ў падполлі? Па розуме і па рабоце падобна. Стась усміхнуўся думцы, што ён, магчыма, вербаваў аднаго з кіраўнікоў падполля. Але нельга выключаць і другі варыянт: Хацяновіч – агент СД, правакатар, даволі Шабовічу было адкрыта пагаварыць аб яго дапамозе нашым – і вось, калі ласка, маеш. Пры такой сітуацыі трэба сачыняць асаблівую легенду. Але наліха тады ім хапаць гэтак неадзетага гаспадара дома? Няхай Хацяновіч тайны агент і яго трэба скрыць, напусціць туману. А Чурсік жа служыць адкрыта, верна служыць, выслужваецца перад акупантамі – хлопцы выведалі, як ён паводзіць сябе ў паліцыі.
        Пакуль машына кулялася па разбітых старажоўскіх вуліцах, Шабовіч «пракруціў» самыя «верагодныя» варыянты. Але ні адзін не заставаўся без пытанняў, не ўкладваўся ў схему, якую група выпрацавала. Яны сур’ёзна прадумалі, на чым кожны з іх можа засыпацца, як яго могуць арыштаваць, паводзіны і ў часе арышту, і на допыце. Станулін да занудлівасці ўнікліва прымушаў кожнага з іх сачыніць не адзін-два – дзесяткі варыянтаў; на кожных занятках разам з прыёмамі японскай барацьбы, разведкі, закладкі мін, азбукі Морзе, здавалі экзамены на «допыт» – на ўменне адказаць дасціпна, лёгка на любыя, самыя мудрагелістыя правакацыйныя пытанні. Ён, Шабовіч, спецыялізаваўся на прастачка, на дурня, тут ён ішоў на «выдатна», таму, маўляў, і стаў брат міласэрнай сястрой, што на мужчынскую ролю розуму не хапае.
        Тыя, раней арыштаваныя, селі на падлогу самі – цяплей. Па баках меліся лаўкі, ды там жа – вокны, закратаваныя, але незапжлёныя, праз іх урываўся злосны скразняк.
        Лягчэй за іншых быў адзеты гаспадар, па-хатняму, у вязанай безрукаўцы, пінжак маглі б дазволіць надзець, але, пэўна, са страху ён забыўся пра яго, і Хрысціна не падала ніякай напраткі. Таксама са страху, відаць.
        Шабовіч прыгадаў, што, пакуль яны скідаліся ў «ачко», яна на кароткі час, на паўгадзіны, выходзіла да суседзяў, так і сказала мужу: «Я да Камарковых». Хто яны, гэтыя Камарковы? Спытаць у Чурсіка? Не. У паліцая сапраўды такі падазронасць, ён староніцца кожнага з іх, разоў колькі паўтарыў: «Падвялі вы мяне, ох, падвялі. Хто толькі?» Не, ён, Шабовіч, не можа паддавацца пачуццю падазронасці. Выхад гаспадыні не вяжацца з налётам СД. Скажы, калі ласка, які агент старажоўская баба! Ды тут тэлефона за вярсту не знойдзеш. Ды і навошта ім такая гульня? Калі кагось з іх ці ўсіх трох трэба было ўзяць, дык узялі б з бальніцы, з управы, з батальёна. Ніхто ж не хаваўся, усе легальныя, прозвішчы сапраўдныя, адзнакі маюць у пашпартах аб рэгістрацыі. Аднак чаму гэтак «замялі»? Во задача з трыма невядомымі. Калі гэта не «агульная чыстка», татальная, рашыць такую задачу будзе вельмі няпроста. Што з арганізацыяй? Ці ўцалеюць хлопцы? Шкада, калі вобыскам напалохаюць яго гаспадыню. Добрая бабуля пані Ярэна, польская арыстакратка, інтэрнацыяналістка, Міцкевіча чытае па-польску, Пушкіна па-руску, Гётэ па-нямецку, Купалу па-беларуску і захапляецца іх мудрасцю і мудрасцю народаў, што нарадзілі геніяў. Аднак жыла ў ілюзорным свеце – як на небе, а не на акрываўленай зямлі. Вайну ўяўляла такой, якой яна была тады, калі пані ў пятнаццатым уцякла ад немцаў з Беластока ў Мінск, дзе жыла сястра яе, а ў дваццатым вярталася назад пад сцягі адроджанай Польшчы, каб у трыццаць дзевятьш зноў прашпацыраваць пехатою чатырыста кіламетраў. Але быў налёт нейкай дзіўнай рамантыкі ў яе расказах пра сваё бежанства. I ўсе салдаты былі добрыя – і рускія, і польскія, і нямецкія. Рыцары. Ажно пакуль з месяц назад ён, Шабовіч, не прынёс газету паліцаяў «Беларусь», і ў ёй заклік, «шапка» над старонкай: «Забі жыда і ляха!» Пані не адразу нават паверыла, што такое маглі надрукаваць у сапраўднай газеце. «I гэта не адзін экземпляр? Тысячы?! I людзі чытаюць гэта? I маладыя хлопцы ў шынялях будуць ажыццяўляць гэта? Пан Станіслаў! Пан Станіслаў! Што ж гэта такое? Што ж гэта робіцца? Дзе бог? Дзе Езус?»
        З вялікім страхам у душы жыве пасля гэтага пані Ярэна. Калі жандары СД наляцяць у яе дом і перавернуць камоды і пярыны, загоняць бабулю ў магілу заўчасна. «Пройдзе ўсё добра – выберуся з гэтай кватэры. Нельга старога чалавека ставіць пад удар», – падумаў Стась. Пройдзе... Пройдзе, але куды. На добрае спадзяванняў мала, вельмі мала.
        Машына грукала па бруку.
        Шабовіч глянуў у акенца. У начным змроку праплывалі невысокія будынкі, да іх – рукой падаць. Цесная вуліца. Няміга. Вязуць у турму? Не. Хутчэй – у СД, гэта амаль побач з турмой, у будынку медінстытута. Пра гэта, відаць, падумаў і Хацяновіч, бо на стогны зяця сказаў:
        – Запасайся цярпеннем. Хутка нас патрашыць пачнуць.
        – Каго? Я пры чым тут! Я ні пры чым! Я – лепшы паліцэйскі, – заскуголіў Чурсік.
        – Не вый, пёс, – зняважліва кінуў нехта з чужых.
        «Свае хлопцы», – падумаў Шабовіч адначасова са смуткам і задавальненнем: той, што ахрысціў так паліцая, не папаўзе на каленях, побач з такімі і на смерць лягчэй ісці.
        Не, прывезлі іх у турму. Высадзілі у турэмным двары.
        На глухой сцяне будынка пад казыркамі гарэлі сінія лямпачкі. Цьмяна свяцілі. Але ў фантастычным святле гэтым Шабовіч разгледзеў постаці людзей, што стаялі тварам да сцяны, уткнуўшыся ў яе лбамі. Калі іх вялі сюды, машына, разварочваючыся, чырканула яркім промнем фар па гэтай сцяне. Людзей было нямнога, чалавек трыццаць. На татальную аблаву не падобна. Але, магчыма, гэта пачатак – група стаяла шчыльна, адзін паўз адзін, мімаволі падумалася, што месца каля сцяны эканомяць для іншых.
        Амаль усе арыштаваныя былі адзеты гэтак жа лёгка, як і яны, – у адных пінжаках, нават у сарочках. I гэта, бадай, пры нулявой тэмпературы.
        Іх паставілі ў канцы сцяны, воддаль ад тых, каго прывезлі раней. Нешта новае ў метадзе акупантаў. Па расказах тых, хто апынуўся ў турме і каму ўдалося вырвацца ці перадаць вестку на волю, немцы пачынаюць з допытаў, і допыты гэтыя розныя і па сутнасці і па форме – ад захавання, знешне, працэсуальных норм да грубых бесчалавечных катаванняў. Рэжысёр падпольнай дзейнасці Станулін спрабаваў і допыты інсцэніраваць, катаванні ўмоўна, лічыў, што падполыпчыкі павінны рыхтаваць сябе і на подзвіг і на смерць. Але да гэтага ён не дадумаўся – да выпрабавання холадам.
        Так, людзей катавалі холадам. Страшнае катаванне. Шабовіч спачатку не падумаў пра гэта, можа, таму, што адзеты быў цяплей за іншых – пад пінжаком меў світэр. Але праз чвэрць гадзіны адчуў, што карчанее. На моцным марозе чалавек дубее хутка і траціць адчуванне, а такі золкі холад даконвае павольна: доўга нарастае боль у галаве, у грудзях, у нагах, потым пачынае здавацца, што ў цябе застывае кроў, гэта страшна. Паралізуецца воля. Разумееш, што, каб сагрэцца, жыць, трэба рухацца, але не можаш, як бы баішся страціць апошнія калорыі энергіі. А тут паскараюць гэты працэс, бо рухацца не даюць, нават памахаць рукамі не даюць, хіба можаш пацёпаць плячамі. Чурсік паспрабаваў махаць і тут жа зарабіў прыклада ў спіну.
        Шабовіч разумеў, як паліцэйскі пакутуе, – ад страху, ад холаду. Яго спробы даказаць сваю вернасць акупантам прысякаліся грубейшым чынам. Падполылчыка гэта і цешыла і насцярожвала.
        Чурсік павярнуўся, заскуголіў, закрычаў:
        – Я – паліцэйскі! Я – паліцэйскі! Адпусціце мяне! Дайце вашага начальніка! Ён зразумее...
        Яму «далі начальніка» – вартавы сунуў дулам аўтамата ў рот, выбіў зуб ды яшчэ і дадаў да гэтага выспятка ў жывот.
        – Паварочвайся і маўчы, – ціха параіў Чурсіку швагер, – а то заробіш кулю.
        I ўсё-такі гэта татальная аблава, заключыў Шабовіч, бо хоць і нячаста, але прыходзілі машыны з новымі арыштаванымі. Праўда, у верасні везлі на грузавіках, гналі калонамі, рабочых хлебазавода забралі ўсіх начыста. А тут – невялікія групы і толькі на закрытых машынах. Чаму? Каб хоць можна было паглядзець на гэтых людзей,па іх здагадаўся б, каго падбіраюць, а можа, і знаёмых убачыў бы, думаў Шабовіч. Нельга перакінуцца словамі, – урэшце падпольшчыкі ўмеюць нямала сказаць і вачамі, позіркамі. Але ўбачыць новых нельга не толысі з-за асвятлення, але і таму, што не даюць павярнуцца. Людзей гоняць за тваёй спіной, а ты глядзі ў сцяну, не смей нават вачэй скасіць.
        Шабовіч не даваў холаду замарозіць свой розум, волю – увесь час нябачна рухаўся і праз гадзіны дзве-тры пераканаў сябе, што чалавек можа вытрымаць і такія выпрабаванні, хоць, як фельчар, добра разумеў, што большасць гэтых людзей атрымае крупознае запаленне лёгкіх, калі іх не вызваляць, а загоняць у гэты каменны мяшок з круглымі вежамі, збудаваны царызмам, ці яшчэ горш – пагоняць у Трасцянец, у халодныя баракі, гэта – смерць. Так памерці не хацелася. Трэба змагацца! З холадам. З фашыстамі. Калі паміраць, дык, чорт вазьмі, з музыкай, такі зарок ён даў сабе, уступаючы ў барацьбу. Але як у такіх вось умовах наладзіць тую «музыку»? Патрымаюць гэтак паўсутак, а вецер робіцца ўсё больш калючы, працінае наскрозь і ў зацішку, – і здубееш, загусцее кроў, і спыніцца «матор». Крыўдна ўвогуле. Крыўдна – дзе схапілі. Не на заданні. За картамі. У паліцая ў доме. Можа, памагчы яму вызваліцца? Ён, Шабовіч, трохі валодае нямецкай. Такім крокам можна заваяваць поўны давер паліцая – на будучае. А магчыма, і зараз палегчыць лёс свой, Іванаў, Хацяновіча: калі паверыць наконт Чурсіка, то іх, напэўна, павядуць на допыт, у цёплы пакой. Але нейкі вышэйшы чалавечы прынцып, гонар не дазволіў зрабіць гэта – ратаваць паліцая і ратавацца праз яго.
        Недзе, можа, пад раніцу ў турэмны двор увайшлі цяжкія машыны і асвяцілі фарамі сцяну і людзей каля яе. I адразу пачулася зычная каманда:
        – Кру-гом!
        Але, мабыць, не ўсе арыштаваныя сцямілі, што каманда гэтая для іх, бо праз шум матораў прагучэла бадай лагоднае:
        – Усім павярнуцца ад сцяны да мяне.
        Фары асляпілі вочы, але праз хвіліну-другую, адаптаваўшыся да святла, Шабовіч убачыў паўзвода салдат з аўтаматамі на грудзях і асобна ўбаку, з краю строю арыштаваных, групу афіцэраў СД. Але зацікавілі не афіцэры – чалавек у даўгім цывільным паліто і... з чорным, накшталт куклукскланаўскага, капюшонам на галаве; у тканіне прарэзаны шырокія дзіркі для вачэй.
        – Правакатар, – уголас сказаў Хацяновіч, як бы жадаючы папярэдзіць усіх, хто мог яго пачуць.
        Але так замаскавацца мог толькі той, хто ведае многіх падпольшчыкаў і хто, пазнаўшы арыштаваных, намераны прадаўжаць сваю чорную справу па выяўленні патрыётаў-змагароў. Следам за правакатарам ішоў чалавек у скураным паліто і цывільнай фуражцы.
        – Начальнік следчага аддзела паліцыі Сысоеў, – паведаміў пра яго Іван.
        У акалелага Шабовіча стала гарачай спіна, застукала ў скронях. Як выкрыць шпіка? Сарваць капюшон? Але хто яго ведае? А калі і пазнае, то хто здолее вырвацца адгэтуль, каб папярэдзіць таварышаў? А між тым правакатар павольна ішоў паўз строй здубянелых людзей і пільна ўзіраўся ў ярка асветленыя твары. I раптам спыніўся і тыцкнуў рукой у чорнай пальчатцы ў грудзі арыштаванаму. Тут жа да яго падскочылі двое ў чорных шынялях, схапілі пад рукі і адвялі бліжэй да аўтаматчыкаў, пасадзілі на зямлю. Салдаты ўзялі аўтаматы напагатоў.
        Чорная рука тыцкнула ў другога, трэцяга... Потым адразу ў траіх, што стаялі побач.
        Іван Ткачук сціснуў Стасеву руку, прашаптаў:
        – Двое – нашы.
        Безумоўна, не з батальёна, – адзеты ў цывільнае, з падпольнай групы, якой Іван перадае заданні цэнтра. Вось і яго, Шабовіча, знаёмы – урач трэцяй бальніцы Ананыч; Стась не ведаў, што ён падпольшчык. Але арышт гэтага чалавека разануў сэрца страхам. Не за сябе. За Аксану. Рызыкоўную сувязную з партызанскімі атрадамі не маглі не высачыць. I маглі ўзяць. Калі яна яшчэ не ўзята – папярэдзіць! Але якім чынам? Ці адпусцяць тых, каго не апазналі? Ці адпусцяць Чурсіка? Каб адпусцілі, папрасіць яго перадаць Аксане, дзе ён, і сказаць ёй, напрыклад: «Схадзі да дзядзькі і дзеда». Зразумее: «Ідзі да Дзядзюлі».
        Правакатар набліжаўся.
        Аднаго з арыштаваных следчы ўдарыў па твары, і таго адвялі ўбок, але не да тых, каго садзілі перад аўтаматчыкамі, паставілі асобна.
        Іван зноў сціснуў Стасеву руку, але так – як развітваюцца. Шабовіч не хацеў развітвацца не толькі з таварышам па барацьбе, але і з гэтай злавеснай маскай.
        А «капюшон» падышоў і спачатку як бы мінуў іх – Івана і Стася. Але да Чурсіка ступіў следчы і з ходу, з размахам, «адвесіў ляшча», у паліцая ажно матлянулася галава, і ён стукнуўся патыліцай аб сцяну. Турэмшчыкі падхапілі яго пад рукі і адвялі да таго, першага, але, здалося Шабовічу, зрабілі не так груба, як адводзілі тых, што апынуліся пад дуламі аўтаматаў. Аднак не да Чурсіка было. Правакатар ступіў назад і ўгледзеўся спачатку ў Ткачука, потым у яго, Шабовіча. Пільна ўгледзеўся, зацянёныя вочы свяціліся з глыбіні капюшона, як у ката.
        Рукой не тыцкнуў ні ў аднаго з іх, ніякага руху, здаецца, не зрабіў, ніякага знаку не падаў, толькі пастаяў даўжэй, чым перад іншымі, даўжэй, чым нават перад тымі, у каго тыцкаў сціснутым кулаком.
        Але калі таемны агент адступіў, месца яго заняў афіцэр СД. Ён таксама ўгледзеўся ў іх, як бы запамінаючы твары, і ў вачах яго – ці, можа, Шабовічу здалося? – бліснула радасна азартная ўсмешка, як у паляўнічага, які ўбачыў дзіка.
        Калі і эсэсавец пайшоў далей, Іван прашаптаў:
        – Я пазнаў яго. У яго няма на правай руцэ вялікага пальца. Заўважыў?
        Шабовіч скалануўся. Месяцы тры назад, улетку, у лесе пад Ждановічамі, групе падпольшчыкаў інтэлігентна апрануты чалавек расказваў аб афармленні дакументаў, аб памылках, праліках у гэтай рабоце, аб метадах выкрыцця гэтых памылак акупацыйнымі органамі. Расказваў з веданнем справы, цікава. Аднак сама ідэя сабраць разам пятнаццаць чалавек, многія з якіх не былі знаёмыя, Шабовічу не спадабалася, і ён не ўзяў на пікнік Аксану, нягледзячы на рэкамендацыю Стануліна. Яны былі з Іванам, і той першы заўважыў, што ў інструктара няма пальца. Драбяза. Ці мала ў вайну людзей без пальцаў? Але ім з Іванам гэта чамусьці не спадабалася. Сказалі камандзіру. Той назваў іх спалоханымі варонамі, якія баяцца куста. I вельмі хваліў Клюшава. Вучоны, юрыст, крыміналіст, спецыяліст па падробках, служачы пашпартнага аддзела. Знаходка. Найважнейшыя дакументы ідуць ад яго ці праз яго.
        Вось табе і знаходка!
        – Помніш? – прашаптаў Іван.
        – Помню.
        – Вучоны!
        Абодва яны думалі пра адно і тое: такі крыміналіст не мог не пазнаць іх. Але чаму прайшоў міма? Магчыма, арыштавалі яго і гвалтам прымушаюць пазнаваць тых, каму ён падрабляў дакументы. Але калі гвалтам, калі на волю яго не выпусцяць, то навошта такі маскарад? Арыштаванага вадзілі б з адкрытым тварам. А вось правакатара, які ўдзень зноў пойдзе ў пашпартны аддзел і даверлівыя зноў паляцяць да яго, што матылі на агонь, – такога варта скрываць.
        Як папярэдзіць сваіх? Як папярэдзіць?
        Група з тых, у каго «капюшон» тыцкнуў кулаком з пустым пальцам пальчаткі і каго садзілі перад аўтаматчыкамі (чаму садзілі на зямлю?), расла, набралася дзесяткі два.
        Шабовіч разумеў – гэта смяротнікі, Іванава і яго месца сярод іх, аднак не парадаваўся, што пранесла, не верыў, што лёс злітаваўся з іх. Няпэўнасць трывожыла больш, чым яўная небяспека. Што зробяць з тымі, хто застаўся ў страі? Зналі яны выпадкі, калі людзі вызваляліся з турмы, нават некаторым падпольшчыкам удалося. Але каб фашысты вызвалілі добрую сотню людзей, пераважна маладых мужчын, – такога не было. I не будзе. Пасля вераснёўскай аблавы ўсе тыя,, каго не расстралялі, апынуліся ў Германіі, на катарзе; пра гэта ў падполлі дакладна ведалі. Шабовічу страшэнна не хацелася апынуцца там. Баяўся не пакут, пужала магчымасць апынуцца ў такіх умовах, дзе ніякага змагання весці нельга будзе.
        Пагаслі фары. Засталіся адны сінія лямпачкі. Святло іх на міг як бы прыглушыла трьшожнае чаканне бяды. У Шабовіча ў прыватнасці. Але тут жа прагучэла зычная каманда па-руску:
        – На-пра-во!
        Для іх, безумоўна, для той большасці, што заставаліся стаяць каля сцяны. Па-салдацку хутка і дакладна павярнуўся Іван, ён, Стась, за ім. Дзіўна, але наперадзе ў іх некаторыя павярнуліся налева і гэтак няўцямна – дзе права, дзе лева – стаялі, можа, таму, што там, куды яны павярнуліся, былі вароты, выйсце.
        Павялі іх у глыбіню турэмнага двара, за вугал будынка, каля якога стаялі. Павялі – не тое слова. Рабілі пяцьсем крокаў і спыняліся. За вуглом Шабовіч убачыў – чаму: невялікімі групамі ўпускалі ў будынак; акалелыя да непрытомнасці, людзі паспешліва, можа, нават з радасцю ныралі ў светлы – унутры свяціла лямпачка – праём дзвярэй.
        Чарговую групу, значна меншую, чым папярэднія, адсеклі перад Іванам. А іх упусцілі двух, Стась паспеў аглянуцца. I не павялі па калідоры, адкуль чуліся гулкія крокі тых, хто ўвайшоў раней.
        Турэмшчык загарадзіў ім дарогу і гасцінна адчыніў дзверы – не ў камеру – у службовы пакой: там стаялі заляпаныя чарнілам сталы, за адным сядзеў паліцэйскі чын. А ў куце ціснуліся адзін да аднаго шэсць чалавек такіх жа арыштаваных, гэтак жа лёгка адзетых.
        Шабовіч не ўгледзеўся ў сяброў па няшчасці, бо ўсё засланіла імгненнае шчасце: гарачая хваля цеплыні ўдарыла ў твар, у рукі, адразу прабіла вопратку, улівалася ў цела. Яно забалела і засвярбела. Але непрыемныя адчуванні былі імгненныя. А потым цеплыня дзейнічала, што моцнае віно. Закружылася галава, наступіла асалодная млявасць. Нічога не хацелася бачыць, ні пра што няздольны быў думаць. Захацелася спаць, непераадольна. Упасці на брудную падлогу і заснуць.
        Відаць, зараз пачнецца допыт: у пакой увайшлі афіцэры СД, перад якімі турэмшчык-паліцай пачціва выцягнуўся. Але мабілізаваць сілы на допыт не здолеў. Спаць! Спаць! Праціснуўся праз арыштаваных, прытуліўся спіной да сцяны і... заснуў. Напэўна, заснуў. Бо не чуў, што гаварылі іншыя, нават Іван. Аднак запомніў, што сам адказваў на пытанні: прозвішча, імя, па бацьку, месца працы, адрас пражывання. Праўдзіва адказваў, бо помніў, што пры арышце ў яго забралі начны пропуск і пасведчанне – кніжачку з чырвоным крыжам на зялёнай вокладцы.
        Ды дрымотнае забыццё, правал у цеплыню дягнуліся нядоўга, магчыма, пакуль ішоў фармальны допыт-перапіс. Але як толькі ляснулі, што стрэлы, нямецкія словы, сон адразу адляцеў, мозг напружыўся, як і цела. Словы Шабовіч зразумеў без перакладу, хоць мову ведаў яшчэ слаба – для пабытовага ўжытку.
        Іх варожая нямецкай арміі і ўладам бандыцкая дзейнасць добра вядома органам аховы парадку, і па законах ваеннага часу усе яны заслугоўваюць расстрэлу – без суда. Але ім могуць дараваць жыццё, калі яны... Што зробяць?
        Пачакаў перакладу.
        Ім даруюць жыццё, калі яны назавуць сваіх кіраўнікоў, сваіх саўдзельнікаў, іх прозвішчы, адрасы.
        Ніхто не адказваў.
        – Ну-у? – па-руску спытаў эсэсавец.
        Ступіў крок уперад Іван Ткачук.
        – Пан афіцэр, я баец батальёна самааховы. Я верна служу новаму парадку.
        Афіцэр скрывіўся ва ўсмешцы.
        – Як ты служыш, мы табе раскажам. Дзе явачная кватэра, на якой вы сустракаецеся? Куды перабраўся пісар? – і ўсё гэта па-руску, хоць і ломана. Шабовіч напружыўся яшчэ больш: «Пісар» – падпольная клічка Піліпа Стануліна. Але, выходзіць, не ўзялі яго, калі пытаюць, куды перабраўся.
        – А хто ён, пісар? – наіўна паціснуў плячамі Іван. – Першы раз чую.
        Афіцэр сарваўся да крыку.
        – У карцэр! Няхай праветрыць мазгі! Успомніць! – крычаў па-нямецку, следам гэтак жа злосна крычаў перакладчык.
        Але Івана не вывелі, каб тут жа пасадзіць у карцэр.
        Наперад высунуўся нізкарослы чалавек, сярэдніх гадоў, у непаголенай барадзе прабівалася сівізна. Звярнуўся не да афіцэра – да перакладчыка:
        – Скажы, браток, што я не помню адрасоў, але тры дамы на Камароўцы, куды нас прыводзіў Анціпка, брыгадзір наш, я магу паказаць.
        Выслухаўшы, афіцэр пахваліў:
        – Гут, – і звярнуўся да іншых: – У каго адагрэўся розум? – тыцкнуў палыдам у грудзі Шабовічу. – Ты?
        – Я фельчар бальніцы. Бываю ў многіх кватэрах. Але пры чым тут хворыя? Не разумею.
        – I ты не разумееш? Ха! Што ж, праветрымся.
        – Выходзь!
        У калідоры вартавыя наставілі на арыштаваных аўтаматы. Іх пасадзілі ў пакалечаную зісаўскую палутарку, адзінаццаці чалавекам у кузаве было цесна сядзець. Ззаду за грузавічком ішоў чорны закрыты фургон, такі, у якім іх везлі сюды.
        Рабілася нешта загадкавае, незразумелае, ніколі яны, падпольшчыкі, не толысі не прагаворвалі паміж сабой падобныя дзеянні СД, паліцыі, але ніхто, напэўна, і не падумаў, што можа здарыцца такое. Навошта ажно восем незакутых чалавек вязуць на глухія начныя вуліцы, дзе адзін здраднік пакажа явачныя кватэры? I ахова невялікая – тры аўтаматчыкі. Праўда, невядома, колькі варты ў фургоне.
        Нібыта прыйшло тлумачэнне незразумелым паводзінам СД, калі на Камароўцы фургон загруз. Дзіўна, слабенькі «зісік» прайшоў, а хвалёная нямецкая машына села. Залішне цяжкая, бранявая, ці што? Ці трэба было, каб яна села?
        Яны піхалі яе. Ахвотна, каб сагрэцца, бо на скорасці вецер пранізваў да касцей, ад холаду зноў застывала не толькі цела, але і мозг, душа.
        Работа ажывіла. У кузаве яны ціснуліся адзін да аднаго, але адчужана маўчалі. А тут як бы раптам зблізіліся – загаманілі, піхалі машыну і штурхалі адзін аднаго – каб пагрэцца. Нехта нават «ціснуў» смехам. I ў Стася бліснула думка: калі яшчэ раз загрузне – уцякаць. Вартавыя, хоць і не памагаюць піхаць машыну, але ўвага іх аслаблена. А двары – вось яны, за тры крокі, і платы такія, што можна пераскочыць.
        Калі лезлі ў кузаў, ускочыў першы, падаў Івану руку, прыняў яго ў абдымкі, як дзяўчыну, сказаў, не тоячыся:
        – Рабі, як я.
        Іван зразумеў і пацвердзіў гэта поціскам рукі.
        Здраднік дрэнна ведаў камароўскія вуліцы, блукаў. Завёў у завулак-тупік, з якога ледзь выбраліся заднім ходам. Зноў піхалі машыны, абедзве. Але месца для ўцёкаў не лепшае – платы новыя, высокія. Не пераскочыш. Нэпаўскія платы. Ён, Шабовіч, яшчэ да вайны заўважыў на Камароўцы, на Старажоўцы гэтую асаблівасць: вуліцы тут, як вёскі, ёсць бедныя, струхлелыя, а ёсць багатыя, падноўленыя.
        Урэшце здраднік знайшоў дом, у які «вадзіў іх Анціпка». Прозвішча знаёмае, але дзе чуў яго – Стась успомніць не мог. Брыгадзір? Які брыгадзір? У некаторых падпольных групах кіраўніка для канспірацыі таксама называлі брыгадзірам. Але насцярожыла іншае, калі ўгледзеўся: прыгадаў, што ён таксама некалі наведваўся ў гэты ладны дом, да вайны, тут жыў урач іх бальніцы Фрайман. Але ўрач з сям’ёй эвакуіраваўся з Мінска на трэці дзень вайны, бальнічны конюх Атрох падвозіў яго і яшчэ дзве сям’і з дзецьмі малымі ажно да Чэрвеня.
        Хто ж заняў гэты пакінуты дом? Вельмі можа быць, што фрайман перадаў яго на захаванне некаму са сваіх калег – урачоў ці сясцёр, нямала іх жыло на прыватных кватэрах. Можа, толькі ў вайну Стась адчуў, як нечакана і загадкава пераплятаюцца лёсы людзей. Вельмі можа быць, што тут жыве яго аднакурсніца Марына Яська, яна, здаецца, казала, што перабралася на новую кватэру. Калі гэта было? Падпольная дзейнасць адцягнула яго ўвагу ад побыту саслужыўцаў, ды і ўвогуле вайна ўскладніла ўспрыняцце часу і падзей: з памяці знікае тое, што непатрэбна для дзейнасці.
        У дом пайшлі здраднік, афіцэр, чатыры аўтаматчыкі. Усё-такі іх многа ў фургоне. Было. Наўрад ці засталося яшчэ столькі. Адзін-два, не больш. А тут трое, усяго трое. Двух можна выбіць – яны стаяць блізка, каля бакавых бартоў.
        Тузануў Івана за крысо шыняля: «Рабі, як я!» I што ёсць сілы піхнуў у грудзі канваіра з правага борта. Той мяшком чмякнуўся за борт, у гразь. Шабовіч скочыў на яго, ударыў ботамі ў цвёрдае, не ўбачыў, не адчуў у што – ці ў галаву, ці ў грудзі, ці ніжэй. Немец зароў. Стась прытаіўся пад кузавам, побач з канваірам, які стагнаў і драпаў рукою кола. Дзіўна, чаму не страляюць? Разгубіліся? Куды кінуцца? Наперад па ходу машыны? Але шафёр, напэўна, уключыць фары, і тады ён стане мішэнню і для таго аўтаматчыка, што застаўся ў кузаве, і для тых, якія, вельмі можа быць, стаіліся ў фургоне. Перапоўз пад машынай на другі бок, куды павінен быў скочыць Іван? Ці скочыў? Нарэшце паласнула аўтаматнай чаргой з кузава, але туды, у той бок, трушчыла паркан, праз які ён намерваўся пераскочыць. Разумна ён перапоўз. У гэты бок не страляюць. Кулі могуць пацэліць у дом, куды пайшоў афіцэр з аўтаматчыкамі. Але ж дом гэты і для яго лепшы ратунак, калі ён паспее ўскочыць у двор раней, чым тыя выскачаць на стрэлы.
        Паспеў. Ускочыў у весніцы. Вільнуў убок і ўпёрся рукамі ў дровы. Паветка з дровамі! Прысеў там у той міг, калі шыбы задрыжэлі ад грукату дзвярэй – немцы стрымгалоў выляталі з дома, у калідорах грымелі вёдры, гырготна трашчала лаянка.
        Праз міг да двух аўтаматаў – засталося двое ў кузаве ці былі ў фургоне? – далучыліся яшчэ чатыры. I пісталетныя стрэлы. Колькі пісталетаў? У афіцэра, у шафёра... А, здаецца, страляюць больш. I ўсе паляць у той бок, куды ён намерваўся бегчы, куды, па логіцы праследавацеляў, ён павінен быў пабегчы. Чаму ніякай увагі сюды? Іван павінен быў скочыць на гэты бок. Няўжо не скочыў? Няўжо не спіхнуў аўтаматчыка?
        Страляюць злосна, азвярэла. Дзынкаюць шыбы. Па вокнах паляць. Заб’юць людзей, сволачы. Людзей тут і так добра патрасуць, калі яго не зловяць, не заб’юць. Ашалеюць ад злосці, што так недарэчна выпусцілі здабычу. Напэўна, расстраляюць яго таварышаў па няшчасці. Але тым, што вернецца, ён не ўратуе ні сябе, ні іх. Вораг бязлітасны.
        Стрэлы аддаляліся. Прачэсваюць гароды на тым баку. Паляць у белы свет як у капеечку. Могуць вярнуцца і на гэты бок. Што лепш для яго – сядзець тут ці аддаляцца, пакуль не позна? Так блізка яны не дадумаюцца шукаць яго. Але могуць шукаць кагосьці іншага ці штосьці ў таго, за кім сюды прыехалі. Нарэшце, на такую страляніну па трывозе напэўна прыбудуць начныя патрулі; калі з сабакамі-сышчыкамі, то тады не схаваешся і ў цемры асенняй ночы.
        Аднак чаму так ціха каля машыны – ніводнага голасу? Куды падзеліся яго таварышы па няшчасці? Расстралялі іх? А свайго вартавога? Ён добра такі стукнуў яго ботамі, і той енчыў да таго, пакуль на стрэлы не выскачылі з дома афіцэр і аўтаматчыкі. Чаму змоўк ранены? Але не высунешся ж, каб паглядзець.
        Холад тут горшы, чым у турэмным двары. Там ён не дрыжэў, а тут калаціла так, што ляскаў зубамі. Моцна ляскаў – можна пачуць па той бок варот. Падумаў, што гэта не ад холаду – ад страху, і стала брыдка. Здаецца ж, даўно прывучыў сябе да любой небяспекі, звыкся з думкай аб смерці. Дык чаго баяцца тут?
        Далёка аддаліліся стрэлы. За кім яны гоняцца? За Іванам? За тымі, што сіганулі ў цемру следам за імі, аглушыўшы апошняга вартавога? Дзіўна, у доме гарыць святло, але ў незакрытым аканіцамі акне ніводнага чалавечага ценю. Мільганула нават думка: зайсці ў дом і схапіць хоць якую напратку. Але думкі-маланкі асвятлялі на міг і гаслі: цвярозая развага наступала ў цемры і цішыні. А калі там застаўся вартавы? Напэўна, застаўся. Не палічыў ён, колькі іх выскачыла на стрэлы. А па хуткасці, паспешлівасці, з якой яны кінуліся на вуліцу, па цішыні каля машын можна заключыць, што арыштаванага не вывелі. А калі ў доме нават адны дзеці – вартавога, напэўна, пакінулі, бо вобыску за такі кароткі час – колькі хвілін – зрабіць не маглі.
        Нарэшце стрэлы сціхлі, і недзе там, на тым баку, на гародах ці на паралельнай вуліцы пачуліся галасы. Нямецкая ці руская гаворка – разабраць цяжка. Здалося, што руская. Але адкуль там столькі рускіх? Не вадзілі ж немцы за сабой арыштаваных. Аднак і каля машыны не чуваць – сапраўды там загадкавая цішыня.
        Трэба адыходзіць! Чым далей, тым лепш. Урэшце, на такім балоце і сабакі не возьмуць след.
        Каля хлеўчука, туды падала святло з задняга, пэўна, кухоннага акенца, Шабовіч намацаў драўляную кладку. Сцежка ў прыбіральню. Ступіў на яе – заскрыпела. Саступіў. I ўгруз ледзьве не па калені, добра што ў ботах, чаравікі засмактала б. Дрыгва. Багна. Ведаў ён добра асеннюю Камароўку. На гародах і вуліцах тут – меліярацыйныя канавы на выпадак мокрага лета. Але затое ў сухое лета жыхары завальвалі рынак гароднінай.
        Ішоў па гародах. Лёгка пералазіў нізкія платы. Сабак няма, немцы знішчылі іх. Але ад такога шуму прачнулася, напэўна, уся Камароўка, і, безумоўна, не адзін гаспадар вылез са сваёй нары ў двор – паслухаць, што адбываецца. I невядома, на каго трапіш. Глядзі, улезеш у абдымкі паліцаю. Ды і мешчанін можа сустрэцца такі, які захоча выслужыцца перад новай уладай. А здагадаецца і дзіця, хто хаваецца за хлявамі пасля такой страляніны. Не, адзін чалавек не стане яго браць, пабаіцца. Ды і не дасца ён у рукі аднаму. Няхай паспрабуе. Разгледзець яго можна крокаў за пяць, не бліжэй: цемра што дзёгаць. I зямля такая ж чорная. I неба. Здрадліва чвякае багна пад нагамі. Такое чвяканне ў начной цішыні далёка чуваць. Стараўся ступаць як можна цішэй.
        Аднак неба на ўсходзе святлее. Да раніцы яму трэба выбрацца з гэтых балоцістых гародаў. А куды выбрацца? Куды ён можа пайсці? Дадому не пойдзеш – там засада. I да Аксаны... Думкі пра Аксану кідалі застылае цела ў жар. За сябе, распранутага, па сутнасці бездапаможнага, не баяўся – за яе баяўся. Калі яе і не ўзялі, то засаду, напэўна, зрабілі. Пайсці да яе – загубіць і сябе і яе. Дзесьці трэба ўзяць напратку, інакш акалееш. Ды і з’явіцца ўдзень на людзі ў адным пінжаку немагчыма: не толькі любы «штурмфюрэр», салдат, паліцай западозрыць, але і кожны хлапчук, кожная баба зверне ўвагу і запомніць. Напратку трэба дастаць да світання! Але як? Зайсці ў першы ж дом і папрасіць. Адмовяць – прыстрашыць. Чым? Трымаць руку ў пустой кішэні? Такое неспадзяванае ўварванке ашаломіць любога, самага смелага, і чалавек дасць якое-небудзь старое паліто – абы хутчэй адчапіцца ад такога госця. Зайсці зараз жа? Спакусліва. Але пакуль так блізка стаяць машыны з жандарамі, заходзіць рызыкоўна.
        Прытуліўся да хлеўчука. Аднак як застыла спіна! Абмытае лістападаўскімі дажджамі дрэва здалося цёплым. I адразу, як у турме, пацягнула на сон. Міг – і праваліўся ў салодкую бяздумнасць. Але тут жа пачуў рохканне свінні. Сасніў? Пакруціў галавой, працёр вочы. Не, сапраўды свіння. За сцяной і як бы ў падзямеллі. Безумоўна, у склепе. Хто цяпер стане трымаць свінню так, каб рохканне яе, а тым больш віск чулі ўсе суседзі. Такую свінню не адкорміш – украдуць тут жа, народ галадае. Ды і ўлады... Цікава, якая існуе пастанова наконт жывёлы. Дарэмна не пацікавіўся. На акраінах, на татарскіх гародах трапляліся адзіночныя каровы. Значыцца, жывёлу трымаць можна. Але ў дом гэты лепш не заходзіць: свінню трымае безумоўна мужчына, гаспадар пільны; калі не мае стрэльбы, – зброю абавязалі здаць пад пагрозай смяротнай кары яшчэ ў мінулым годзе, у пачатку вайны, – то вострая сякера, напэўна, ляжыць каля дзвярэй. I такі раскроіць табе чэрап не задумваючыся.
        Не, за напраткай трэба заходзіць у бяднейшы дом, не ў такі, дзе хляўчук пахне смалой і трымае цеплыню лесу.
        I... зноў праваліўся ў сон. Разбудзіў шум матораў. Нарэшце. Ад’язджаюць. Машыны ішлі на падфарніках за дамамі. Ды раптам зусім блізка павярнулі налева – на яго, пэўна, у перавулак, да якога ён трохі не дайшоў. Машыны ўключылі дальняе святло і лёгка маглі выхапіць яго постаць на фоне сцяны. Ён плюхнуўся ў гразь, што пахла свіным гноем. Стала брыдка. Не ад гною – ад таго, што моцна спалохаўся, як, бадай, нідзе за гэтую незвычайную ноч.
        Машыны прайшлі міма, недалёка загрукалі па бруку, набіраючы хуткасць.
        I тут абпякла страшэнная думка: яму памаглі ўцекчы. Памагло СД. Ён уключаны ў злавесную правакацыю, галоўная фігура якой – той, бяспалы юрыст.
        Але навошта СД ён, Шабовіч? Як яны могуць уключыць яго ў сваю аперацыю? З якой мэтай? Безумоўна, ведаюць, што ён не пешка ў падполлі, што ён ведае многіх людзей, каналы сувязі, яўкі. СД не сумняваецца: першае, што ён стане рабіць, апынуўшыся на волі, – папярэджваць сваіх людзей. Але як яны намераны сачыць за ім, пакінуўшы аднаго ўначы на камароўскіх гародах? Ці ўжо сочаць? Якім чынам? Ніводнага гуку, ніводнага чаўкання ботаў. Ачапілі раён? У такой цемры гэта немагчыма. Ведаюць, што тут побач явачная кватэра – «Шушкета», і спадзяюцца, што ён пойдзе на гэтую кватэру? Хлопчыкі ў фуражках з бліскучымі казыркамі былі б дурнямі, каб так лічылі – прымітыўна. А ён не лічыць іх дурнямі. О не, гэта вельмі спрактыкаваныя сышчыкі! Але ж і яны з сябрамі не лыкам шытыя. Неаднойчы разгадвалі іх планы, адшуквалі і абясшкоджвалі пасткі, настаўленыя на падпольшчыкаў. А тут абсалютна ніякай здагадкі, што ж СД надумала на гэты раз? Хіба толькі зразумела іх ідэя: пасля вераснёўскай чысткі падполле дзейнічае, змяніла хіба формы работы, сувязі. Трэба раскрыць іх. Але як яны могуць выканаць гэтую задачу з яго дапамогай? Прастачка для такой мэты не сталі б выбіраць. А калі ведаюць, што ён не прастачок, то павінны ведаць, што нічога такога, што ім вядома і на што яны разлічваюць, ён не зробіць. Але што ім вядома? I што ён не зробіць? А што можна зрабіць? У галаве – ніводнай вартай увагі думкі. У галаве пуста. I шуміць, як у бетоннай трубе. А можа, усе яго жахі не што іншае, як хворае трызненне? Сапраўды, на што ён здатны? Нюхаць свіны гной.
        Шабовіч падняўся. Абцёр гразь. Трэба падцягнуцца, засяродзіцца. Трэба настроіцца на блізкае і вельмі хітрае нападзенне ворага – тады ўміг з’явіцца мноства прыёмаў самаабароны.
        Не, гэта не хворыя фантазіі разгарачанага ад холаду, безвыходнасці і страху мозга. Прыгадалася імгненнае першае ўражанне ад гэтых шасці арыштаваных, калі ён убачыў іх у турэмным пакоі. Бліснула тады, што яны не здаюцца акалелымі да паўсмерці, у Івана быў зусім іншы выгляд, хоць ён і ў шынялі – ліловы нос, сінія вушы, няўпэўненая хада – як бы кульгавасць на дзве нагі.
        Пэўна, гэткі ж выгляд меў і сам ён, на сябе не мог глянуць. Можа, у розных людзей розны выгляд ад доўгага прабывання на холадзе: адны чырванеюць, другія сінеюць, трэція бялеюць. Але ўсё роўна адрозніваюцца гэтыя людзі ад тых, хто знаходзіўся ўвесь час у цеплыні. У апошніх аднолькава «цёплы» выгляд. Такімі, падобнымі адзін на аднаго, і здаліся шасцёра. Але там імгненная думка не сфармавалася ў падазронасць. Урэшце, людзі маглі быць у турме, ці з двара іх прывялі раней. Падазронасці не ўзнікла і тады, калі ў кузаве пры рэзкім тармажэнні яго, Шабовіча, кінула на аднаго з «сяброў па няшчасці», і ён адчуў мяккасць яго напраткі. Мала як чалавек мог быць адзеты перад арыштам.
        А цяпер усё гэта набывае іншы сэнс. Далучыліся сюды і пісталетныя стрэлы, што ляскалі паміж аўтаматнымі чэргамі. Мнагавата іх было для аднаго афіцэра. Выходзіць, «арыштаваныя» – дадатковая ахова. Безумоўна, трох аўтаматчыкаў на воеем чалавек мала, каб ездзіць у адкрытым кузаве ў цемры па глухіх вуліцах. Але разам з тым, навошта столькі аховы, калі ўся аперацыя праводзілася, каб даць яму ўцячы? Ахоўвалі Івана? А можа, наадварот, уцёкі арганізавалі яму, Івану, а вартавалі яго, Шабовіча? Каго ж лавілі, што нарабілі столькі страляніны? Што з Іванам? Удалося яму ўцячы?
        Ні ў адной аперацыі – а падпольшчыкі правялі іх нямала, складаных, хітрых, – не прыходзілася рашаць столькі задач адначасова. Разгадаць намер ворага немагчыма – як ні ламай застылую галаву. Перахітрыць можна хіба адным: невытлумачальным, непаўтаральным, хітрым дзеянням камбінатараў з СД супрацьпаставіць гэткія ж свае дзеянні – такія, каб не ўкладваліся ў логіку майстроў вышуку, аблаў, правакацый.
        I першы яго ход...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.