РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ахвяры
1
2
3
4
5
6
7
8
Эпілог
3
        
3

        
        Развіднела, калі дабраўся да дома, з якога ўвечары іх узялі, – да паліцая Чурсіка.
        Весніцы былі зачынены. Пераскочыў цераз плот, патрабавальна і пагрозліва забарабаніў у акно, так маглі стукаць толькі немцы ці паліцаі. Край коўдры, якой было занавешана акно, падняла гаспадыня. Пазнала яго і... не ецяміла, з якой мэтай мог з’явіцца такі госць, пэўна, падумала, што і Стася адпусцілі, як яе Васіля, і чалавек прыйшоў па сваё паліто.
        Хрысціна паспешлша адчышла дзверы.
        Шабовіч адразу ўбачыў, што гаспадар дома: на касяку дзвярэй на цвіку вісела кабура, незашпіленая, тырчэла ручка пісталета. Там жа яна вісела і тады, калі яны гулялі ў карты. Стась прыгадаў, што ўвечары ў яго, не першы раз, з’яўлялася спакуса на развітанне прыхапіць гэты пісталет. Не, разумеў, безумоўна, што нельга, але за карцёжнай гульнёй чаму не павесяліць сябе гарэзлівай думкай: кабура была ўвесь час перад вачамі.
        Афіцэр СД перш-наперш зняў з цвіка кабуру; бадай, гэта была адзіная рэч, якую забралі пры арышце.
        Закрыўшы кабуру сабой, непрыкметна сунуў пісталет у кішэню пінжака.
        – Васіль дома?
        – Пад раніцу вярнуўся. Ні жывы ні мёртвы. Перакалеў дужа. Гэта ж і ты, Стасік, у адным пінжачку. Грэйся. Я грубку напаліла. Самагонкі даць? Васіль пакуль не выпіў ды на гарачы чарон не лёг, сагрэцца ніяк не мог, калаціла яго, як пры трасцы. Дурныя нейкія, гестапа гэтае, – сваіх апаюць. Дакументы хоць паглядзелі б. У магілу маглі чалавека загнаць. Як шчэ абыдзецца... Каб запаленне не схапіў...
        – Адагрэеш.
        I тут азваўся гаспадар, сонна праскрыпеў:
        – Хто там?
        Пасля перажыванняў, астуджанасці, сугрэву добрай порцыяй самагонкі і гарачым чараном не адразу прачнуўся, не адразу прыйшоў да памяці.
        – Я, Васіль. Я. Шабовіч.
        Уміг паліцай выскачыў з-за перагародкі. Быў ён у світэры – грэў прастуджаныя грудзі, у брудных сподніках.
        – Ты? Ты?! Як ты?
        – Як і ты.
        – Цябе адпусцілі?
        – Я ўцёк.
        – З турмы?
        – З турмы.
        – Ой, Стасік! – пляснула далонямі Хрысціна.
        – Ста-а-сік! – перадражняючы, загаласіў Чурсік. – Пацалуйся са сваім Стасікам. Каго ўпускаеш, разява! – і кінуўся да дзвярэй, сарваў з цвіка кабуру, але, па вазе адчуўшы, што яна пустая, шпурнуў пад стол і сам сагнуўся, быццам яго ўдарылі ў жывот, заенчыў.
        – Не галасі. Пісталет твой у мяне. Сядай, пагаворым.
        Чурсік паслухмяна і панура сеў на крэсла каля стала.
        Хрысціна сунулася ў спальню.
        – Ты куды?
        – Штаны Васю дам. I валёнкі.
        – Штаны дай. Без штаноў – якая ўлада!
        Чурсік узняў галаву, здзіўлена паглядзеў на Шабовіча. А той глядзеў у акно: па вуліцы ішлі людзі, спяшаліся на працу, парадак у немцаў строгі.
        – Ты яшчэ жартуеш?
        – А чаму мне не жартаваць? Прыйшоў у госці...
        – У госці...
        – Ты не лічыш мяне госцем? Дарэмна.
        Хрысціна прынесла штаны і валёнкі, але Чурсік штаны не надзеў, толькі сунуў ногі ў валёнкі, падлога халодная, вярталася нутраное адчуванне холаду, ад якога пачынала калаціць. А ён не хацеў, каб закалаціла так, як у першыя хвіліны, калі ён вярнуўся дадому, не хацеў, каб гэты нахабнік Шабовіч падумаў, што яго трасе ад страху.
        Стась абышоў вакол стала і спыніўся перад ім.
        – Цябе нябось у легкавушцы везлі? З прабачэннямі. Памыліліся ці сыгралі спектакль?
        – Які спектакль? – шчыра не зразумеў Чурсік.
        – Ты нас выдаў? Прызнавайся!
        Паліцай падхапіўся з крэсла, закрычаў:
        – Не выдаваў я! Адкуль я знаў, хто вы! Чорт вас ведае! Думаў – свае людзі.
        – Не крычы, дзіця разбудзіш, – знарок шэптам, пагрозлівым шэптам загадаў Стась. – А мы і ёсць свае. Мы – свае! Разумееш?
        Да Хрысціны дайшло ўрэшце, з якім намерам мог прыйсці «госць», які ўцёк з турмы. Яна прыляпіла сябе да сцяны, ажно стукнулася патыліцай аб рамку з фатаграфіямі. Твар яе спалатнеў. Жанчына і без таго жыла пад страхам і неаднойчы ўгаворвала Васіля кінуць паліцыю, пайсці на завод. Лічыла, што муж яе добры чалавек, крыўды людзям не робіць, але на такой. службе ўцягнуць яго ў крывавую справу. А ён якраз тым і адбіваўся, што, маўляў, трэба ж некаму служыць і такому, хто можа абараніць сваіх людзей, не адным жа кулакам, угалоўнікам, вырадкам, якія гатовы распяць на крыжы кожнага, хто сумленна працаваў пры бальшавіках. Таму і падбіраліся да Чурсіка падпольшчыкі, бо ведалі, што рукі яго не запэцканы яшчэ крывёю. Іван, калега па службе, адважваўся рабіць яму намёкі. Але паліцай хітра прыкідваўся, што не разумее. Станулін загадаў спыніць «вярбоўку». Пагадзіліся на тым, што лепш мець у яго асобе прыкрыцце – сябруюць з паліцаем! А ў доме – зручнае месца для сустрэч, адкрытую яўку. Туды аднойчы і сам Станулін заглянуў.
        Шабовіч не думаў, што Чурсік выдаў іх – ні тады, калі арыштавалі, ні нават тады, калі следчы ўзнагародзіў паліцая аплявухай і таго вывелі з агульнай шарэнгі пад сцяной. Толькі нечаканая, проста-такі ашаламляючая думка, што ўцёк ён у выніку нейкага злавеснага плана карнікаў, «раскручванне» гэтай думкі, каб дайсці да вытоку, да высновы, да разгадкі ўсяго нерата – як пляцецца, куды заводзіцца, упляла ў гэты нерат і Чурсіка: ён таксама можа быць нейкім звяном, няхай і не галоўным. У адным не сумняваўся: пра тое, што ён можа вярнуцца на месца арышту, ніхто не падумае, а гэта моцна зблытае разлікі іх. Але не толькі праз гэта пайшоў на такую рызыку. I не з тым, каб пакараць паліцая. З іншай мэтай.
        Спадзяванні яго апраўдваюцца. Чурсік моцна спалохаўся. I жонка яго. Гэта добра. Гэта тое, што трэба! Больш нагнаць на іх страху!
        Зашаптала жанчына, ацяміўшыся ад шоку.
        – Стасік, родненькі... ды Вася... ён жа куранятка не пакрыўдзіў, не тое каб сваіх выдаваць...
        – Ды ўжо ж, міласэрнасцю займаецца ў паліцыі, балячкі лечыць, як я ў бальніцы. Сляпцы вы! Пра дзіця сваё хоць падумалі? Што ёй людзі скажуць пасля вайны? Дочка здрадніка! Думаеце, так проста? Напаскудзіць і схавацца? Не, не выйдзе! Спісы на паліцэйскую сволач даўно перададзены ў Маскву. Не думайце, што мы дрэмлем. Усяму роду вашаму ў сёмым калене прыгадаюць, дзе ваяваў іх бацька, дзядзька, дзед...
        Хрысціна ўсхліпнула:
        – Ды кіне Вася гэтую праклятую паліцыю. Я даўно кажу яму.
        – Цяпер не кідаць трэба. А памагчы адтуль нашым.
        Сказаў лішняе. Знайшоў каго агітаваць! Такая прапанова расслабляе ўстрашэнне. А яго трэба нагнятаць – страх.
        Чурсік панура буркнуў:
        – Ідзі памажы.
        – Я памагаю. З самага пачатку вайны памагаю Чырвонай Арміі.
        – Даўно я здагадваўся, што ты памагаеш. I каб я быў гадам, то даўно загрымеў бы ты... можа, на той свет.
        – Здагадка – не доказ. А не выдаў ты мяне, бо хацеў глыбей закінуць свой нерат. Бачылі мы твае хітрыкі. Шкура ў цябе авечая, ды клыкі воўчыя.
        – Стасік, не думай так пра Васю. Не думай.
        – Не буду думаць, калі пераканаюся, што ён чалавек, а не гад паўзучы.
        – Пераканаешся, Стасік, пераканаешся.
        – Чым такіх пераканаеш? – усумніўся Чурсік і ўпікнуў жонку: – Куды ты мяне штурхаеш? У пятлю?
        – Нямецкай пятлі ты баішся? Партызанскай не баішся?
        – Аднолькавая яна, пятля. Якая розніца, хто яе накіне на тваю шыю. Вунь на Гаманкава накінулі.
        – М-да... выкапень ты першабытны. А ты, Хрысціна, кажаш, што ён чалавек. А пятля неаднолькавая, Васіль! Не! Для дачкі тваёй неаднолькавая. Для маці. Для бацькі. Дзе яны ў цябе? Пра іх думаеш? Ці толькі пра свой трыбух? Не-е, бачу, гаварыць з табой няма пра што. Я, дурань, уніжаюся да размовы з такім...
        Дастаў з кішэні пісталет, не да канца адцягнуў дула для баявога ўзводу, адпусціў, шчоўкнуўшы. Дзьмухнуў у дула, як рабілі гэта героі даваенных фільмаў – махноўцы.
        Чурсік падхапіўся, выставіў перад сабой рукі, быццам хацеў імі закрыцца. Крыкнуў у роспачы:
        – Не выдаваў я!
        А Хрысціна кінулася паміж імі, закрыла сабой мужа.
        – Не страляй. Стасічак, не страляй!
        Шабовіч сунуў пісталет у кішэню. Адступіў да акна, глянуў на вуліцу, не столькі для таго, каб пераканацца, што там пуста і ціха, колькі для таго, каб даць ім апамятацца.
        – Добра, даю магчымасць даказаць вам, што вы людзі.
        Яны стаялі побач, узяліся за рукі, як пад вянцом. Шабовіча нават кранула, што жанчына гатова ахвяраваць сваім жыццём, каб ратаваць мужа, хоць, гуляючы ў карты, чуў неаднойчы, як яна з жаночай уедлівай дасціпнасцю ўпікала Васіля за тое, што ён зазіраенда на чужых баб.
        Надзея на ратунак пераўтварыла іх, яны напружыліся і схіліліся ў пачцівай паставе. А ён вытрымліваў паўзу, быццам яшчэ думаў, якую магчымасць ім даць і ці даваць увогуле.
        Хрысціна не вытрымала:
        – Стасік, не мучай ты нас.
        – Я вас мучаю? Ха! Скажыце дзякуй.
        – Мы табе паклонімся ў ножкі. У нас жа дзіця.
        Такое рабскае прыніжэнне не спадабалася. I ўласныя дзеянні асудзіў: не да твару яму цешыцца ўладай над людзьмі ды і час цягнуць неразумна.
        – Ну, вось што... калі ў вас засталося штось чалавечае, то слухайце... Зараз ты, – кіўнуў гаспадыні, – пабяжыш у першую бальніцу. Знойдзеш там сястру Каваленку Аксану і скажаш ёй... сама разумееш, як трэба сказаць. Ёй адной! Словы простыя. Але запомні. Не наблытай... «Град. Варыянт трэці. Страла».
        – «Град. Варыянт трэці. Страла», – прашаптала Хрысціна і здзіўлена спытала: – I ўсё?
        – I ўсё.
        – А калі пра цябе спытае? Дзе ты? Што з табой?
        На міг Шабовіч задумаўся.
        – Не спытае. А калі спытае, скажы, хто ты. I скажы: ніякай самадзейнасці. I сама... Ніякай самадзейнасці! Цяміш?
        – Што я – дурная?!
        – Гэта твая каханка? – спытаў Чурсік.
        – Гэта мой таварыш па барацьбе з чумой.
        – Рызыканты вы.
        – А ты жывеш без рызыкі?
        – Цяпер дайшло, колькі яе ў мяне, рызыкі. Ратунку няма нікому.
        – Ратунак, пан Чурсік, ёсць.
        – Які я пан! Пан-жупан!..
        – Будзе ў нас час пагаварыць пра тваё панства, пакуль вернецца гаспадыня.
        Хрысціна, нырнуўшы ў бакоўку, неверагодна хутка, праз якія дзве-тры мінуты, выскачыла адтуль у сукенцы, у ботах, у цёплай хустцы. Паліто вісела ў прыхожым пакоі, дзе звычайна распраналіея і яны, карцёжнікі. З гэткай жа ўвішнасцю яна апранулася. Стала ў дзвярах.
        – Ну, я пайшла, – і яшчэ раз наказала мужу: – Накармі чалавека.
        Гэтая яе ўвішнасць і выгляд – быццам узрадавалася, што выходзіць з дому, – не спадабалася Шабовічу. I ён спыніў яе:
        – Стоп! Разбудзі дачку і завядзі да суседзяў.
        – Навошта? – у вачах яе бліснуў спалох.
        – Не хачу мець у заложніках дзіця. Хопіць з мяне паліцая. Цяміш?
        Паслухмяна, але ўжо без увішнасці, з нейкай як бы стомленай запаволенасцю жанчына падалася ў спальню.
        – А мы з табой схаваемся. Каб яна не бачыла нас. Куды? На кухню?
        На цеснай кухні яны апынуліся бліжэй адзін да аднаго, чым у прасторным пакоі. А на пліце, на стале, на паліцах, на падаконніку было нямала цяжкіх прадметаў – скавародак, чыгункоў, ступак, мясарубак. Пліту нядаўна прапалілі. Патыхнула незвычайнай цеплынёй і вельмі апетытнай смажанінай.
        – Дранікаў з салам хочаш?
        Чурсік падняў крышку каструлі.
        – Да прадметаў не дакранайся. Цяміш? Пісталет у мяне на баявым узводзе.
        – За каго ты мяне лічыш? У нагу сабе не выстралі.
        – Не клапаціся.
        – Дзе ж мне стаць, каб далей ад прадметаў?
        – Там, за плітой і стань. А я тут, каля дзвярэй. Так яно зручней і табе, і мне. Слухай. Адкуль у цябе столькі барахла? Нацягаў ад людзей? Аброцямі і лейцамі не пагрэбаваў. Лейцы табе навошта?
        – У мяне брат у Мінску жыў. На Балотнай станцыі рабіў, на конях. Вайна пачалася – у сяло вярнуўся. Збрую прыпас, каб зямлю засяваць. Ды, відаць, на каня не ўзаб’ецца. Нас з роднага сяла ў трыццатым вывезлі з музыкай-галашэннем...
        – А-а, дык ты з кулакоў? Усё зразумела. А я хацеў запытаць, што цябе ў паліцыю прывяло. Злосць на Савецкую ўладу?
        – Няма ў мяне тае злосці, пра якую ты думаеш. Бачу я злосных. Ты хіба не бачыш іх?
        Аднак зямелькі шкада?
        I зямелькі не шкада. Я даўно пралетарый.
        Ухты-юхты! Пралетарый!
        Колькі той зямлі было! Дзевяць дзесяцін. Камення. Два кані. Дзве каровы. Ды я, калі на Балотнай станцыі рабіў, брыгадзірам, у пяць разоў лепей жыў. Дом, бачыш, пабудаваў, калі пашпарт атрымаў.
        – Табе пашпарт далі. Свабодным чалавекам зрабілі. А ты ўсё роўна кулаком застаўся. Ворагам нашым лютым пайшоў служыць...
        – Ты таксама пайшоў...
        Прыраўняў кіёк да ёк.
        – Параўняць нельга, гэта я цямлю, як ты кажаш. Але куды каго судзьба завяла.
        – Філосаф ты! Што ж яна ўсіх шшых павяла на фронт, у партызаны, у падполле. А толькі такіх, як ты, да фашыстаў... на паклон да іх. Супраць народа свайго. Пралетарый! Дык я табе скажу, «пралетарый». Кулак – не коні і нават не зямля... у майго бацькі было столькі ж зямлі... Кулак – нутро... нутро ворага свайго народа... Ад сквапнасці да зладзейства – адзін крок. Як у цябе. Ты лейцы збіраў, не маючы каня, каб людзей на іх вешаць.
        – Ты што! – спалохана сцяўся Чурсік. – Нікога я не хацеў вешаць.
        – Каб загадалі – вешаў бы.
        Чурсік раптам ашчэрыўся, павысіў голас.
        – А можа, я падаўся туды ад таго, што такія, як ты, ніколі не мелі літасці да мяне. Ты дзіця маё не пашкадуеш.
        Дзяўчынка плакала за сцяной.
        Шабовічу не спадабалася, што ўвішная гаспадыня залішне доўга валэндаецца з малой. Выходзіла ў прыхожую, брынчэла посудам. Корміць, напэўна, хоць на кухню, дзе смачна пахне смажаным, не прыйшла. Як даць ёй знаць, каб паспяшалася? Малая не павінна бачыць ні яго, ні бацькі. Пастукаць у сцяну? Напалохаеш малую. Не, дзіця ён шкадаваў. Таму і загадаў адвесці яе. I нават стукам не можа спалохаць.
        – Не хоча яна ісці да суседзяў.
        – А ты знаеш, чаго яна не хоча? Надзька сама сказала, калі мы ў карты гулялі. Бобікам яе дражняць дзеці. Трапна народ ахрысціў вас – бо-бі-кі. Хоць мне здаецца: сабакі павінны пакрыўдзіцца. Сабака – верны звер, не здраджвае. Разумнага пса мясам не пераманіць. А вас за зацірку купілі. А дзіця тваё я шкадую. Ты сам яе не шкадуеш. Ты што думаеш? Ёй і праз дваццаць гадоў прыпомняць, што яна з роду бобікаў.
        – Лайся, лайся, пакуль твой верх.
        – А ты яшчэ не кідаеш надзеі падмяць мяне?
        – Судзьба – яна што вецер. Не знаеш, у які бок паверне.
        – Ах, ты думаеш пра паварот? Дык засячы на носе: толькі ты не ў той бок павернешся – і гэта будзе твой апошні паварот. Ды і не толькі ты. Калі Хрысціна зробіць глупства – не туды паверне, то будзе купляць свечкі. Здаецца, я папярэджваў яе, яна баба разумная.
        Нарэшце ляпнулі дзверы, і галасы гаспадыні і малой пачуліся зусім блізка – за няшчыльна зачыненымі дзвярамі кухні.
        – Мамачка! – выгукнула малая. – Татка дома?
        – Дзе ты яго бачыш?
        – Во шынелька яго вісіць!
        – Ды ён другую апрануў. Новую. Сёння ў іх праверка. Галоўны начальнік будзе правяраць.
        – Гітлер?
        – Гітлер.
        – Усё роўна не хачу да Казлоў. Віцька кусаецца.
        Ляпнулі дзверы. Шабовіч напружыўся: ці не зачыняе іх Хрысціна на замок? Дарэмна не папярэдзіў: не зачыняць! Хоць што лепш – каб дом быў зачынены ці адчынены? Які ў іх замок – унутраны ці вісячы? Як ён не звярнуў увагі на гэта? Пайшла яна, здаецца, без затрымкі. Але секунда трэба, каб павярнуць ключ унутранага замка. Не ўсё можна прадбачыць.
        – Дзіця ведае, хто ваш галоўны начальнік. Змагары за «вольную» Беларусь!
        Чурсік не адказаў.
        Дзіўна. Засталіся адзін на адзін у доме – і як бы вытхнуліся. Абодва. Шабовічу таксама не хацелася працягваць размову. Знайшоў з кім спрачацца аб лёсе! Воўк застаецца ваўком, і за ім трэба пільна сачыць, а не ўшчуваць, не агітаваць.
        Чурсік падняў крышку каструлі. У нос ударыла такім пахам, што закружылася галава.
        – Я табе што сказаў?
        – А што?
        – Не дакранайся да прадметаў.
        – Крышкі ад каструлі баішся! Ге-эрой! Мне загадана накарміць цябе.
        – Сам вазьму.
        – Дык бяры. За стол, бачу, не сядзем.
        Кінуўшы крышку на канфорку пліты, гаспадар запусціў руку ў каструлю, выцягнуў ажно два насаленыя дранікі, укінуў іх у рот, не жуючы, праглынуў, ажно напяўся кадык і калыхнуўся пад сарочкай жывот.
        У Шабовіча рот напоўніўся слінай, сплюнуць яе было няёмка, а пракаўтнуць – сябе выдаць. Есці хацелася. Але была адна прычына, якая прымусіла вагацца. Там, на камароўскіх гародах, яго прапаносіла. Ад страху? Ад холаду? Не дзіва, калі і ад страху, цэлую ноч дрыжэў, рыхтаваўся да смерці. Чые нервы вытрымалі б! А ў яго не нервы – жывот схапіла. Калі-небудзь пасля вайны з гэтага можна пасмяяцца, пацешыць сяброў. Але цяпер не да смеху. Сілы падтрымаць варта. Дзе яшчэ і калі ён дабярэцца хоць да сухой скарынкі хлеба? Але ж калі ад дранікаў з салам пагоніць – куды дзявацца ў такой сітуацыі? А яшчэ горш, калі цябе схопяць. Гэтак асароміцца перад сябрамі і то брыдка, а перад ворагамі... будуць іржаць, падлюгі, з такой ганьбы партызана, чаго добрага, у газеце прапішуць. А сволач паліцэйская як знарок дражніць – аплятае дранікі, ажно сала цячэ па барадзе і па руках. Глядзі, умалоціць усю каструлю, абжора. Выходзіць, не перажывае таго страху, калі чалавеку не да пітва і харчу. Ат, чорт з ім! Чурсіка саромецца няма чаго: можна на памыйнае вядро сесці, а там – што будзе, тое будзе. А энергію такія дранікі дадуць на добрыя суткі. Сіла яму спатрэбіцца, калі Хрысціна сумленна выканае заданне і трэба будзе выходзіць з Аксанай. Сіла трэба ў любой сітуацыі.
        – Каструлю не з’еш.
        – Не турбуйся.
        – Які наказ табе дала Хрысціна?
        – То еш. Хопіць тут на чацвярых.
        – Паеў – адступай у кут.
        Чурсік сквапна аблізаў пальцы, але потым зноў выхапіў з каструлі два дранікі і тады адступіў ад пліты да акна.
        – Не засланяй акно. I не дэманструй суседзям, што ты дома. Стань у куток!
        – Ты і без таго загнаў мяне ў куток. Дружок!
        – Я цябе заганю дзе Макар цялят не пасвіў.
        – А дзе ён не пасвіў?
        – Там пабачыш.
        Шабовіч дацягнуўся рукой да каструлі, узяў дранік, адкусіў кавалачак, і надзвычайная смаката растала ў роце.
        Чурсік не запіхнуў больш два дранікі ў зяпу, еў гэтак жа павольна, як і яго вартаўнік.
        Яны як бы спаборнічалі, хто лепш умее смакаваць і такім чынам вышэй ацэніць кулінарнае майстэрства гаспадыні. Калі Чурсік з’еў свае дранікі, Шабовіч дастаў аладку з каструлі і кінуў гаспадару:
        – Лаві.
        I той злавіў. Адразу, відаць, не падумаў, але потым дайшло: кідае, як сабаку ў яго доме. I стала паліцаю крыўдна, ён злосна пляснуў дранік аб сцяну, пасадзіўшы на шпалеры масляную пляму, і... заплакаў натуральным чынам; не адвярнуўся, не хаваўся, не выціраў слёз. Шабовіч ажно разгубіўся. Усяго чакаў, але што паліцай заплача – ніколі не думаў. Зразумеў Чурсікаў стан і па-чалавечаму пашкадаваў, паспачуваў. Але тут жа злосна тузануў сябе за такую слабасць: рассопліўся! Каб пазбегчы якіх бы ні было слоў з гэтай нагоды, злосна загадаў:
        – Ану, тупай у залу!
        Высокім словам «зала» называлі той галоўны пакой, дзе прынімалі гасцей, гулялі ў карты; жыў былы селянін па-гарадскому.
        Увайшоўшы туды, пасаромлены ўласнымі слязамі і ўзлаваны за іх, за ўніжэнне, гаспадар уедліва спытаў:
        – I што загадаеш мне рабіць тут? Гаўкаць? Лізаць табе боты?
        – Сядай да стала і не вякай! Распусціў нюні! Наплачашся яшчэ, не спяшайся.
        – Наплачамся ўсе. Судзьба... яна...
        – Заткніся са сваёй судзьбой.
        – Во, і ты яе баішся.
        Стол, учора голы, калі гулялі ў карты, быў накрыты адмыслова вытканым палатняным абрусам, але на ім па-ранейшаму стаяла бляшаначка для акуркаў і ляжала калода карт.
        Чурсік нейкі час сядзеў, закрыўшы твар далонямі, збіраў свае раскіданыя думкі. Потым апусціў рукі, убачыў карты і як бы ўзрадаваўся, што ёсць занятак. Колькі разоў ператасаваў калоду, потым пачаў задумліва раскладваць пасьянс.
        Шабовіч хадзіў па пакоі, заглядваючы ў вокны, аднак не набліжаўся да іх. Мацней, чым упачатку, занепакоіла думка: што зрабіла Хрысціна – зачыніла дом ці пакінула адчыненым! I што лепш у яго становішчы – знаходзіцца пад замком ці мець свабоднае выйсце? Але марны занятак ламаць галаву над тым, што лепш, што горш, не ведаючы, што маеш.
        Пайсці праверыць? А калі ў гэтага тыпа ёсць другі пісталет і іншая зброя?
        Дзеці назіральныя, і малая, напэўна, звярнула б увагу, што маці, пакідаючы дом, не зачыніла яго. А такой замінкі не чуваць было – здзіўленага голасу Надзечкі. Выходзіць, зачыніла. Па логіцы павінна зачьгаіць, каб ніхто не ўвайшоў, ніхто не ўбачыў тут яго, Шабовіча: разумная ж жанчына. Ды ад такой нечаканасці любы разумны стане дурнем.
        Думкі вірыліся, але ўсё роўна адчуваў страшэнную зморанасць. Ад сытых дранікаў, ці што? Нясцерпна хацелася сесці ці хаця б прытуліцца да вушака, да сцяны. Але ведаў: сядзе – засне. А заснуць нельга ні ў якім разе, нават на секунду. Паліцай сочыць за ім, хоць і заняты картамі. Верыць яму нельга. Дарэмна яны з Іванам ставілі мэту – уцягнуць яго ў сваю арганізацыю. Памыляліся. Не той чалавек. Глядзі, што, можа, наадварот: ён меў заданне прасачыць за імі, таму і пайшоў ахвотна на карцёжную дружбу.
        Спыніўся перад сталом.
        – Варожыш?
        – Хочаш, і табе паваражу? Скажу, чым кончыцца твая авантура?
        – Якая авантура?
        – Ды гэтая...
        – Ну, і гад ты! Ну, і гад! А я лічыў, што ты чалавек. Думалі, паможаш нашым. Ведай жа... Калі ў тваім дурным кацялку сядзіць авантурнае, то раю выкінуць... Нашы ведаюць, да каго я пайшоў.
        – Навошта ж ты Хрысціну паслаў?
        – Іван ведае. А яму нельга паказвацца ў бальніцы. Цяміш?
        – Іван таксама на волі? Як гэта вам удалося ўцячы?
        – Ты дрэнна ведаеш нашы магчымасці.
        – Ды дрэнна. Не верыў я, што ў вас такая арганізацыя.
        – Пераканаўся? Вось таму і не паглядвай на маю кішэню, – паляпаў па пісталеце. – Выканае Хрысціна заданне маё – гарантую жыццё і спакой. Пры ўмове, канешне.
        – Пры якой?
        – Што развітаешся з паліцыяй. Будзеш служыць ды яшчэ калі прадасі нашых ці ў карнай акцыі паўдзельнічаеш – літасці не чакай. Цябе, дурня, не шкада. Надзю шкада. Яна невінаватая!
        Чурсік згроб раскладзеныя кархы, твар яго збялеў, ён утаропіўся ў стол.
        Шабовіч павярнуўся да акна, аглядзеў вуліцу. Пуста і ціха.
        – Замок у цябе ўнутраны ці вісячы?
        Чурсік неяк адразу павесялеў, нават зларадна ашчэрыўся.
        – Баішся, што зачыніла цябе Хрысціна, а сама ў паліцыю пабегла? Тут немцы побач.
        – Хрысціна не такая дурная, як ты.
        I зноў ён сцяўся, змізарнеў, палонны ва ўласным доме.
        «Бач, гад, пра замок змаўчаў. Хоча нагнаць страх, – падумаў Шабовіч. – А небяспека, можа, якраз у тым і схавана, што Хрысціна недурная».
        Даўно заўважыў, што цяжэй за ўсё прадбачыць учынкі жанчыны, вельмі ж нечаканыя яны бываюць, іх думкі, іх дзеянні.
        А сон, змора ціснулі непасільным цяжарам на галаву, на плечы, на вейкі, гнулі да долу, заплюшчваліся вочы. Ажно галюцынацыі пачаліся: ложкі, многа ложкаў, белыя падушкі, горы падушак. Во ў чым найболыная пагроза – заснуць так, што яго абяззброяць, звяжуць. А яму ж трэба пратрымацца да вечара. Заставацца тут і тады, калі вернецца Хрысціна, забярэ дачку. Хоць тады, бадай, бяспекі будзе больш. Калі яна не выдасць яго цяпер, то тады яе можна не баяцца, а пры ёй і Чурсік глупства не зробіць.
        Ён прыйшоў сюды таму, што не было іншага выйсця, што трэба было заблытаць СД, зрабіць неверагодны ход, пра які не мог падумаць самы вопытны сышчык. Ён верыў Хрысціне. Праўда, там, на Камароўскім, больш, чым цяпер. Не верыць і цяпер, бо добра прыгледзеўся ў часе карцёжнай гульні да гаспадыні, у размове і справах яна выяўляла народны розум. А разумныя не выдаюць сваіх. Чурсік больш прымітыўная істота: баязлівец. Але на гэта ён, Шабовіч, і спадзяваўся. I на тое, што не вылазіў з яго пераконаны вораг. Выглядваў прыстасаванец. Хітры, але неразумны. Кулацкім паходжаннем ён ніколі не пахваліўся, скрываў яго і ў акупацыі, ва ўсялякім разе ад карцёжных сяброў, а пра сваё ўменне жыць казаў неаднойчы. Часам так пачынаў хваліцца, што жонка абрывала яго.
        Аднак як пакутліва хадзіць ад сцяны да сцяны! Ногі наліваюцца свінцом, дзеравянеюць, не гнуцца ў каленях. Пратаптаў ужо прыкметную сцежку: гразь на ботах падсохла і асыпаецца на фарбаваную падлогу. Падумаў, як вылае яго гаспадыня: «Во натаптаў, няўклюда». Думкі накшталт гэтай – дробныя, ірваныя, як матузы, зблытаныя. Варта выцягнуць у Чурсіка якія-ніякія звесткі, можа, ведае што пра аблаву. Наўрад ці скажа. Але не таму не хацелася гаварыць з паліцэйскім, што той мала што можа паведаміць, а таму, што здавалася: сур’ёзная размова зусім знясіліць. Стаміліся не толькі ногі. Стамілася галава. Ад думак. Урэшце ўся нагрузка была на яе, на галаву, – ад гульні ў карты да... гульні ў «кошкі-мышкі» з тым жа ўчарашнім карцёжным праціўнікам.
        Карты!.. Можа, яны скароцяць час?
        Глянуў у акно. Надзіва ціхая вулічка. На працу прайшлі – як вымерла. А куды, уласна кажучы, хадзіць людзям? Кожны стараецца менш трапляць на вочы акупантам.
        – Згуляем у падкіднога? Скідай.
        Чурсік паглядзеў недаверліва, потым, бадай, узрадавана працягнуў калоду карт на далоні – каб зрэзаў.
        Шабовіч на момант завагаўся, прыкідваючы, што паліцай можа зрабіць. Схапіць за руку? Зрэзаў левай, сунуўшы правую ў кішэню – бліжэй да пісталета. Перакуліць стол і саб’е яго з ног? Адступіў на рог стала – на адну ножку перакуліць няпроста.
        Спачатку гулялі сур’ёзна і маўкліва. А пасля ўвайшлі ў той жа вясёлы азарт, што і ўчора ўвечары.
        – Ах, ты так? А вось гэтага не хапае?
        – Дзесятачка? Чыхалі мы на тваю дзесятку, маючы караля. Паспрабуй пабі.
        – Кароль, ды не той. Без улады твой кароль. Яго б’е вось гэты яснавокі афіцэрык. Валет казырны! А што – з’еў?
        – Ладна. Адбіўся.
        – Не адбіўся. А пабіў.
        – Набірай.
        – Ух ты, якая шалуха лезе!
        – А да нас ідуць казыры. Самі просяцца.
        I забыўся Шабовіч на стомленасць. Як добра паспаў. Але забыўся і на небяспеку. Здаваў карты дзвюма рукамі. I на рагу не стаяў, а перад сталом – напроці праціўніка, тварам у твар. Той сапраўды мог бы збіць яго сталом. Але што гэта яму дасць? Стрэліць можна і лежачы пад сталом. Пераканаў сябе, што нападаць Чурсік не стане – не той храбрэц! Ды і ўвогуле: калі ты прыйшоў да чалавека – старайся паверыць яму нават і ў такой незвычайнай сітуацыі. Да поўнага гада не павяла б ніякая хітрасць збіць немцаў з панталыку.
        Выйграў адну партыю, другую. Узрадаваўся, што галава не атупела зусім – варушацца шарыкі. Чурсік – карцёжнік са стажам, у пульку яго мала хто абыграваў. I ў ачко.
        Выйгрыш даваў імпэт, настройваў на вясёлы лад.
        – Вось табе і судзьба, пан дурань.
        А Чурсік змрачнеў ад таго, што і ў карцёжнай ігры заставаўся ў дурнях. Хапіла б таго, што яго арыштавалі разам з падполынчыкамі. А цяпер адзін з іх зваліўся на яго галаву, завалодаў пісталетам і гаспадарыць у доме. Чым гэта яшчэ скончыцца?
        Але ўдача – што здрадлівая жонка, і мужа лашчыць, і любоўніка. Карцёжная ўдача перайшла да Чурсіка, у добрых ігракоў часта так здараецца.
        – А што не казаў я – судзьба што вецер. Пасля пятай партыі палезеш пад стол. I кукарэкаць будзеш.
        – Я закукарэкаю, а ты свіннёй завішчыш... той, што ўшчамілася ў плоце.
        – Палайся больш – туман напусціш, карт це ўбачыш. Што гэта за ход? Што за ход? Мая Надзька разумней ходзіць. Навошта ты трымаеш шасцёркі?
        – На пагоны табе. Начаплю фельдмаршальскія. Хто там у Гітлера ў фельдзіках? Бош – Вош? Гомель – Фомель? Воўчая зграя! Што ты азіраешся? Баішся, што слухаюць твае гаспадары? А чаму гэта ў цябе партрэта Гітлера няма? Прыпішуць табе непавагу...
        – У карты глядзі, а не на сцены. Часта міргаеш, пан партызан.
        – Глядзі! А ты здагадлівы! Доўга думаў?
        – Дадумаўся, як бачыш.
        – Думай, думай, можа, паразумнееш. А то заплылі твае мазгі... Знаеш, чым яны заплылі ў цябе?
        – На, пабі! – Чурсік кінуў карту злосна, размахнуўшыся. – А што, з’еў? Забірай і гэты мех. Ты ў мяне яшчэ хапнеш гарачага! Пагоны ён хоча навесіць! Соплі вытры!
        I Шабовіч не абураўся, бо прыкладна такімі ж словамі яны перакідваліся і ўчора і кожны раз, карты сціралі ўсе межы, развязвалі языкі. Не абыходзілі і палітыку, але так, што размежаванасці не было – хто ёсць хто, Іван Ткачук мог уплесці ў сваю пустабрахню Сталіна, а Чурсік праехацца па Гітлеру, за што яго лаяла Хрысціна.
        «Ну, і язык у цябе! Глядзі, падрэжуць». – «Не бойся, Хрысця, тут жа ўсе свае».
        Не здагадваўся паліцай, каго называў сваімі.
        Цяпер Чурсік ведаў, хто перад ім. Але паводзіў сябе па-ўчарашняму, калі лічыў гэтых хлопцаў сваімі. Такая незалежнасць падбадзёрвала ці ва ўсялякім разе нібыта пацвярджала, што ён не ўніжаецца перад сваім узброеным канваірам, а паводзіць сябе, як гаспадар. Урэшце яшчэ невядома, хто ў каго ў палоне, невядома, да каго павернецца ўдача. Тут сапраўды такі лёс, у які ён слепа верыў. Але якой «судзьбы» чакаў? Чаго яму больш хацелася – каб Хрысціна прывяла немцаў? Ці каб выканала даручэнне гэтага нахабніка і ён употай пакінуў бы яго дом?
        Пасля роздуму яшчэ да гульні, нават пасля абразы эпізодам з дранікамі, пасля абурэння нахабствам Шабовіча, калі закіпела смяртэльная злосць на яго, – нават пасля ўсяго гэтага перацягвала «мірная» бяскроўная шаля. Дакараў сябе за мяккацеласць, бяззубасць. Аднак разуменне таго, што ў ціхім варыянце больш шанцаў на ўласнае выратаванне, на бяспеку сям’і, пераважвала. Пасля папярэджвання Шабовіча падумаў і пра тое, што якраз і нядрэнна зрабіць паслугу партызанам. Закінуць на будучае. Шабовіч, выходзіць, не апошняя шышка там у іх. Няхай жа ведаюць, што і ён, Чурсік,не прадаў душы за сярэбранікі. Дык чаму не паблазнаваць, не паказаць хоць гэтак сваю смеласць? Маўляў, а мне трын-трава. Але Шабовіч разумеў інакш: балбоча Чурсік ад страху. Бо і самога бяздумнае, звыклае крыўлянне як бы адводзіла ад прорвы, у якую, калі моўчкі мераў крокамі пакой, мімаволі заглядваў. Няхай балбоча, чорт з ім. Ён таксама не адстае, не сароміцца на эпітэты, пажаданні, прароцтвы. Яны болын бязлітасныя, пагрозлівыя – і Чурсік агрызаецца на іх з аглядкай, не абуджае ў ім злосці.
        Захапіла гульня. Захапіла слоўная перастрэлка. Цешыла, што адступіла зморанасць і санлівасць. Аднак схамянуўся ў той міг, калі рука пацягнулася да крэсла, што стаяла збоку, каб падсунуць яго і сесці. Гэта ўжо зусім недазволеная раскоша. Не губляй, Станіслаў, пільнасці! Кінуўшы чарговую карту, павярнуўся да акна: што там, на вуліцы? I ледзьве не скачком кінуўся да прасценка паміж вокнамі.
        Да дома ішлі паліцэйскія. Двое.
        За ім? Не, непадобна. Мірна, па накіданых цаглінах, кавалках дошак фарсіруюць гразкую вуліцу, перабіраючыся з таго боку на гэты. Выставілі сябе што напаказ. Кураць. Так не ловяць нават дылетанты. Не за ім. Але няма сумнення, што ідуць да Чурсіка. Праведаць? Лагічна – паліцай не з’явіўся на службу. Не стане ж СД дакладваць паліцыі, дзе цэлую ноч пратрымала іх чалавека.
        Не за ім. Але калі Хрысціна не зачыніла дзвярэй...
        – Што ты там прыліп да ецяны? Засвярбела, чым сядзела? Твой ход.
        – Васіль, да цябе госці.
        Чурсік падскочыў. Карты з рук яго паляцелі пад стол.
        – Не выстаўляйся ў акно! Цяміш? – цыкнуў на яго Шабовіч. – Калі Хрысціна зачыніла нас, не абзывайся. Нікога няма. Ідуць сябры твае, здаецца, мірна, – Шабовіч дастаў з кішэні пісталет. Калі ж не зачыніла нас, вырашай сам, як прыняць гасцей. Але не забывайся, што я табе сказаў. Жывым я не дамся. I нашы спытаюць у цябе... – павярнуў рычажок ахоўніка, цяпер даволі націснуць на спускавы кручок «вальтэра» – і сем куль паляцяць у цэль. Толькі сем. Мала! – Дзе абоймы?
        – Запасная ў пінжаку ў кішэні. У спальні на кручку вісіць.
        – Цяміш, што да чаго?
        – Цямлю.
        Скрыпнулі весніцы. Вось яны на ганку – аббіваюць з ботаў гразь. Культурныя.
        Зачынена? Адчынена? Здаецца, дзынкнула клямка. Зачынена! Пранесла? Але яны могуць заглянуць у вокны.
        – За камод! Прысядай!
        Шабовіч прысеў побач з Чурсікам – як хлапчукі, што гуляюць у схованкі.
        Не, не пранесла. Выразна ляпнулі дзверы ў сенцы.
        – Сустракай гасцей. Спакойна! Што ў цябе рукі калоцяцца? Курэй краў, ці што? Пастарайся завесці іх на кухню. А я падрамлю ў спальні, пакуль вы пагаворыце. Цяміш?
        Аканіцы ў спальні Хрысціна не адчыняла – спалі муж і дачка. Са святла тым было цёмна.
        Шабовіч наскочыў на табурэт, той перакуліўся, загрымеў. Але гэта не спалохала. Увогуле ён не адчуваў страху, не адчуваў сябе загнаным зверам. Хутчэй меў адчуванне азартнага паляўнічага на таго звера, калі ідзе гульня са смерцю – хто каго.
        У спальні не так цёмна: перагародка не прыставала да грубкі, там была шчыліна, праз яе цэдзіцца святло. Урэшце, страляць яму не ў цемры, страляць у постаць у светлым праёме дзвярэй – найлепшая мішэнь.
        А вось і госці, у доме ўжо.
        Залішне мітусліва вітаецца з імі гаспадар. Дурань! Выдае сябе. Куды павядзе іх! На кухню. Дарэмна ён параіў кухню. Неразумна. Адтуль галасы ледзьве чуваць, малую, напрыклад, ён чуў, а Хрысцінін голас зліваўся ў суцэльнае бу-бу. I там яны могуць змовіцца, выпрацаваць тактыку, як узяць яго.
        Не, увайшлі ў залу.
        – Сядайце, хлопцы. Прабачце, не паспелі прыбраць.
        – Ты што, гуляў у карты?
        – З кім? Гэта звечара не прыбралі.
        I – во дурань! – ад страху, ад мітуслівасці піхнуў задам дзверы ў спальню. Адзін міг – і Шабовіч усадзіў бы яму кулю ў спіну. Каб насупраць дзвярэй апынуўся госць ці Чурсік адчыніў бы дзверы крыху шырэй. Невядома, што стрымала палец на спуску.
        Чурсік цераз плячо кінуў у спальню нейкае адзенне, жончына ці дзіцячае. Яно ўпала Шабовічу на галаву, такая нечаканасць, магчыма, і дала выратавальную для ўсіх секунду.
        Чурсік са стукам шчыльна зачыніў дзверы.
        – Ты чаму не ў форме? Захварэў?
        – Якое там захварэў! А цяпер і захварэў – прастудзіўся, ажно дыхаць заняло. А перад тым была тут гісторыя. Учора ўвечары гулялі мы ў карты. Усе свае. I нас змялі...
        – Немцы?
        – Ды няўжо ж! Да світання трымалі ў турэмным двары, пакуль не разабраліся. Шынель не далі апрануць. Акалеў да касцей. Думаў, дуба дам.
        – Дзя-лы, – працягнуў паліцэйскі-госць.
        – Была, брат, варфаламееўская ноч, – сказаў другі. – Аблава, якой і ў верасні не было. Хапалі, хто трапляў пад руку.
        – Потым мнопх выпусцілі.
        – Каго выпусцілі, каму далі ўцячы.
        – СД дало ўцячы? – здзівіўся Чурсік.
        – То ж і дзіва! Дзесь накладачка выйшла. А цяпер зноў паднялі ўвесь горад. Усе сілы жандармерыі, вайскоўцаў. I нашых усіх. Асабліва трох шукаюць. Кіраўнікі падполля! Фатаграфіі іх размножылі. Во глядзі. Усе выхады з горада перакрылі.
        – О-о! То гэта ж мой знаёмы – Іван Ткачук. Наш. З аховы ўправы. Учора ён за гэтым сталом у карты рэзаўся.
        – Добрая ў цябе кампанія!
        – А хіба ўнюхаеш, чым ён дыхае! Свой жа, з паліцыі. Да вайны знаёмыя. Зямляк. Таксама з раскулачаных. Як і я. Каму верыць?
        – То праўда – каму верыць! Цяпер і нам веры не будзе. Зноў чысціць пачнуць, як у маі чысцілі. Загрыміш у Рур на шахты. Сабачае жыццё! Немцаў баішся, партызан баішся. Не ўгледзіш, што кулю зловіш.
        – Не ный. Не падабаецца – у падмяталы ідзі.
        – Куды? А новы парадак хто ахоўваць будзе?
        – Знойдуцца.
        – Не вельмі знаходзяцца, калі літоўцаў і ўкраінцаў на дапамогу паклікалі.
        – Разважанні ў цябе – з партызанскіх пракламацый. Мая табе, маладому, парада: трымай язык за зубамі.
        – Я таксама яму раіў, – азваўся Чурсік. – А то калі да Цёмнага дойдзе... Знаем, як яму хочацца выслужыцца перад Корфам?
        – Даносу на мяне ён не паверыць. Знае: глыбока я завяз, дарогі мне назад няма – рукі ў крыві. Гэта во чысценькі Чурсік можа служыць і вашым і нашым.
        – Ну, што ты, Федзя! Крыўдна слухаць.
        – Ткач гэты за печкай у цябе не сядзіць?
        Чурсік нервова засмяяўся.
        – Сядзіць. На ляжанцы ляжыць, грэецца. Самагонкі сцёбнулі і грэемся. Хочаце па чарцы? Ёсць старадарожская.
        Лепшай ва ўсёй Беларутэніі няма.
        – Яно б і не пашкодзіла горла прамачыць.
        – Цёмны ўнюхае, дык ён цябе прамочыць. Не любіць ён выпівохаў. Во начальнік! Можа, адзін такі на ўсё наша наёмнае войска. У людзей начальнікі як людзі. Глушаць гэтую самагонку вёдрамі.
        – З чаго яе гоняць, калі хлеба ў людзей няма?
        – Хто гоніць – у таго ёсць. Самагонку Навойчыку не паказвай, а то не адцягнеш яго. А хлеба – і што там у цябе ёсць? – дай. Я не снедаў. Дзяжурыў, а нас па трывозе паднялі. Пад раніцу прачосвалі Камароўку. А каго лавіць нам, Цёмны не ведаў. Выцягвалі людзей з пасцелі. Загналі ў двор завода «Ударнік». Цяпер іх сарціруюць там – каго куды. Во некаторыя з тых пабачаць Рур.
        – Пайшлі на кухню. Там дранікі засталіся.
        – З салам?
        – З салам.
        – Жывеш, як пан. Спальня, кухня. Сала жарэш.
        Яны выйшлі, грукаючы ботамі.
        Шабовіч пералажыў пісталет у левую руку, далоня правай была не проста мокрая, брыдка ліпучая, быццам выступаў не пот – кроў. А па спіне сцякалі халодныя струмені. Такога ганебна-брыдкага адчування не было ні ў часе арышту, ні ў турэмным двары, ні ў машыне, ні тады, калі сядзеў на Камароўцы за нечай прыбіральняй, па калена ўгрузнуўшы ў ванючую багну. Выходзіць, тут ён спалохаўся больш, чым там. Чаму? У яго зручная пазіцыя. Але тут магла рушыцца апошняя надзея на выратаванне – сябе і Аксаны. Галоўнае – Аксаны. Такі прыход паліцэйскіх сведчыў, што Хрысціна пайшла не да немцаў, не ў паліцыю, а ў бальніцу.
        Маці некалі і Аксана пасля, незалежна ад маці, казалі, што ён у сарочцы нарадзіўся. Сапраўды – у сарочцы: за паўсутак колькі разоў судзьба адводзіла ад яго смерць.
        «Пранесла яшчэ раз... Няўжо пранесла? Няўжо Чурсік змаўчыць і там, на кухні? Няўжо пад чорным шынялём у яго чалавечае сэрца? Калі вырвуся, трэба перадаць Стануліну, каб паспрабавалі працаваць з імі, з Васілём і Хрысцінай. Але ці ацалеў сам Станулін пасля такой варфаламееўскай ночы?»
        Падобна, пранесла. Адчуўшы здрадлівую слабасць у нагах, ён сеў на падлогу ў кутку паміж шырокім шыкоўным шыфанерам – трафеем паліцая – і сцяной.
        Сціхлі галасы, ляпнулі дзверы – і ён тут жа праваліўся ў сон, паслаблены, супакоены.
        Прачнуўся ад слоў:
        – Ты глядзі – дрыхне.
        Чурсік стаяў перад ім, здзіўлены.
        – Ну, нервы ў чалавека! Можа, табе здалося, што ты ў бранявым бліндажы?
        – Можа, і здалося, – Шабовіч соладка пацягнуўся, ускінуўшы ўгору рукі.
        – Ну, што – з’еў? – пераможна спытаў Чурсік.
        – Што з’еў?
        – А тое самае. Ты пісталет каля майго вуха трымаў. А я... Каб я быў такі, як ты думаеш, то залажыў бы цябе адным кіўком галавы.
        – Ты навошта дзверы адчыняў? Каб не кінуў тыя транты – я цябе залажыў бы. Дабіраўся б ты ўжо да д’ябла ў пекла. Куды сабе дарогу працерабіў.
        Чурсік толькі цяпер уявіў, як блізка ён быў да смерці пры тым неасцярожным – ад разгубленасці – кроку: адчыніць дзверы ў спальню ў прысутнасці паліцэйскіх. Сцяўся і пазелянеў ад такога ўяўлення.
        – Пабаяўся б ты стрэліць.
        – А што мне заставалася б рабіць, каб ты выдаваў мяне?
        – А на другой фатаграфіі быў ты, – раптам паведаміў Чурсік пераможна і ўедліва.
        – Чаму ж ты не сказаў ім? Пра Ткача сказаў.
        – Чаму я не сказаў? Чорт яго ведае. Язык не паварушыўся назваць тваё прозвішча. Як заваражыў ты... Калі яны даведаюцца толькі пра гэта, што ў карты гуляў і ты, мала мне не будзе. Навойчык – сволач, ён бацьку роднага ўтопіць, каб выслужыцца. Але хрэн з ім – кулі не мінуеш, не ад немцаў, дык ад вашых. Ты хоць сваім скажы, што я памог.
        – Скажу.
        – Усім не скажаш, – сумна заключыў Чурсік.
        – Гэта праўда, усім не скажаш, – згадзіўся Шабовіч, ён нарэшце паверыў, што паліцай не намераны выдаваць яго, і змяніў тон размовы – з гулліва-харобрага на паважліва-сур’ёзны. – А што я табе параіў? Забыўся? Кідай паліцыю.
        – Лёгка табе сказаць – кідай.
        – Колькі б табе заплацілі за мяне?
        – Адкуль я знаю.
        – А хіба няма таксы? Дрэнна вас стымулююць.
        – Хопіць табе сцёбаць мяне па вачах.
        – Хопіць дык хопіць. Ідзі пагуляй у карты з самім сабой, а я пасплю.
        – Кладзіся на ложак, толькі боты скінь, наляпіў гразішчы.
        Не, боты Шабовіч не зняў і на ложак не лёг. Зноў сеў на падлогу, прытуліўшыся плячамі да дзвярэй, хто захоча зайсці – штурхне яго. Але сам адляцеў. Доўга думаў пра тое, што ў СД ёсць іх фатаграфіі. Выходзіць, іх засеклі даўно. Толькі іх з Ткачуком? Ці ўсю групу? Дзе? Калі? На чым? I чаму не адразу ўзялі? Радаваўся, што Іван таксама ўцёк, раз шукаюць яго.
        Пачуў голас Хрысціны. Услухаўся.
        – Ну, што ён? – амаль шэптам спытала за дзвярамі гаспадыня.
        – Ды маўчы ты – была тут гісторыя. Двое нашых заваліліся: чаму я на службу не з’явіўся?
        – Гэтага я і баялася.
        – Толькі пасля іх ён, здаецца, паверыў, што я не думаю яго выдаваць.
        – Раніцай ты нядобры... кідаўся... пісталет шукаў...
        – Кінешся. Даведаюцца, дзе ён хаваўся, – верная шыбеніца.
        – Ой, Вася! Цішэй ты.
        – Спіць ён.
        – Спіць?
        – А чаму ты здзіўляешся? Такую ноч перажыў. На холадзе. Забраўся ў куток... і хоць голымі рукамі бяры яго.
        – I гэтага я баялася – што ты захочаш узяць яго.
        – Ды ну яго к чорту. Не чапай ліха, пакуль ціха.
        – К чорту ты мяне не пасылай, – Шабовіч ціха адчыніў дзверы. – Я твой госць.
        – Даў бог госця.
        – Толькі бог і мог даць такога госця, – і засмяяўся, пасля нецярпліва да Хрысціны: – Ну, што там? Перадала?
        – Перадала.
        – Што Аксана?
        – Пакінула бальніцу. Са мной да Горкага ішла.
        Шабовіч зноў засмяяўся. Стала яму лёгка-лёгка, так бывае ад вялікага шчасця. А хіба не шчасце? Аксана на волі. Атрымала яго сігнал. А што трэба яшчэ? Дачакацца ночы – і ў лес.
        – Пыталася, дзе я бачыў цябе?
        – Не. Толькі сказала: на працу не з’явіліся Голіч, Войтаў, Сяргеева.
        Ясна: іх арыштавалі, двух урачоў і сястру. Але з гэтымі ён не быў звязаны.
        – Ты не сказала, дзе я?
        – Буду я ставіць пад тапор сваю сям’ю! Узялі б яе...
        – Аксана – не той чалавек, каб выдаць.
        – Божа! Што вы робіце з намі? Навошта вы нас уцягваеце? Няма ў вас літасці.
        – А ў каго яна ёсць? У фашыстаў? – узлаваўся Шабовіч. – Мы робім! Мы пачалі вайну? Хочаш адсядзецца за спіной у паліцэйскага? А вось яна не хоча сядзець ні за чыёй спіной! Яна раней за ўсіх нас пачала барацьбу. У першыя ж дні акупацыі ратавала чырвонаармейцаў.
        Хрысціну спалохала яго злосць.
        – Хіба я проціў яе сказала? Не мы, бабы, пачыналі войны, а ўсё гора на нашы галовы, на нашы плечы. Не вылазь ты хоць да вокнаў. Пасядзі ў спальні. А я абед прыгатую. Можа, ніякага чорта больш не прынясе!
        – У спальні я не буду сядзець. Дай мне кажух.
        – Ты хочаш пайсці? – вырвалася адначасова ў абаіх адкрыта здзіўленае і стоена ўзрадаванае пытанне.
        – Ты забыўся, што твае дружкі казалі? Не, удзень мне высоўвацца нельга. Забяруся на гарышча і пасплю. Каб малая не бачыла.
        – Во гэта праўда. Во гэта праўда, – радасна замітусіўся Чурсік. – Дык і кажух там, у каморы. Адтуль і лесвіца на гарышча.
        – Не ўздумайце жартаваць, – папярэдзіў перш-наперш гаспадыню, – бо тады я і праўда стану бязлітасны.
        Хрысціна балюча перасмыкнулася.
        – Стасік, пабойся бога! Хіба ж мы не людзі?
        Дзіўна, загарнуўшы сябе ў доўгі кажух, накрыўшы ногі старымі лахманамі – боты разуў, бо мокрыя, – уладзіўшыся так, што толькі спі, заснуць ён вельмі доўга не мог.
        Калі раней усе думкі былі скіраваны на тое, як уратаваць Аксану і разам з ёй выйсці з горада, – яна ведае дарогу да партызан, – то цяпер ён думаў пра ўсю сваю групу. Безумоўна, разгром арганізацыі татальны, калі нават дзейнасць Івана ім вядома, Іван выконваў ролю сувязнога паміж рознымі групамі, гэтулькі сувязяў меў хіба толькі Станулін. Івана не знойдзеш. I Стануліна таксама. У яго, Шабовіча, не засталося і ніткі, каб выйсці на адказнага чалавека з гарадской арганізацыі, каб інфармаваць яго пра арышты, пра бяспалага, і атрымаць указанні, як дзейнічаць далей. Можа, кагосьці трэба ліквідаваць, таго ж бяспалага. Але адзін ён не воін у такі час. А Аксану абавязкова трэба вывесці з-пад удару. Яе не маглі не выявіць. Гэта Стануліну здавалася, што яна выконвае толькі адно – сувязь з атрадам. Не ўнікаў ён, чым яна займалася ў бальніцы, колькі падрыхтавала камандзіраў і чырвонаармейцаў да змагання ў падполлі, у партызанах. Але не ён выведзе Аксану, яна выведзе яго. I толькі адтуль, з атрада Дзядзюлі ён зможа выйсці на іншыя яўкі, на іншых людзей.
        Падпольшчык павінен умець дзейнічаць адзін, самастойна, самадзейна. Але ў сітуацыі, калі СД размножыла яго фатаграфію, самае правільнае – знікнуць з горада на пэўны час. Гэта не ўцёкі – тактычнае адступленне, каб перагрупавацца.
        Урэшце, калі ён робіць гэта дзеля Аксаны, то таксама мае апраўданне. Уратаваць ад смерці жонку, будучую маці – першы чалавечы абавязак.
        Дзіўна, чаму ў медтэхнікуме ён не звяртаў на яе ўвагу? Выходзіць, трэба было заглянуць у вочы смерці, каб разгледзець адно аднаго. Душэўнае збліжэнне іх адбывалася паступова. Можа, нейкім унутраным чуццём зразумелі, што робяць адну вельмі небяспечную справу, толькі кіраўнікі ў іх розныя: у яе свой – доктар Голіч, у яго – інжынер завода Станулін, якога ў групе ласкава называлі Станулік. Ён, Шабовіч, першы сказаў Аксане, што ведае пра яе справы, і прызнаўся, што сам вядзе такую ж барацьбу, толькі не ў бальніцы. I яна паверыла яму і прызналася, што ў бальніцы яе адхіляюць ад небяспечных спраў, у яе ёсць больш тайнае заданне – сувязь з партызанскім атрадам. Тады ён звёў яе са Станулікам, разумеючы, што ў падпольнай арганізацыі гэта фігура больш значная, чым Голіч ці Сяргеева, дзейнасць якіх ён таксама «расшыфраваў». А пасля – сорамна прызнацца – прыраўнаваў да Голіча, калі аднойчы захапіў яго на кватэры ў Аксаны позна ўвечары. Але гэтае ганебнае пачуццё, якое ён адганяў, трымалася нядоўга.
        Ім належала выканаць прысуд здрадніку – следчаму паліцэйскай управы Струкачу, былому работніку НКУС. Многа ён ведаў, меў залішне тонкі нюх, следчы талент і на допытах арыштаваных прымяняў такія катаванні, якіх і СД не рабіла.
        Акцыя была небяспечная. Ішлі, можна лічыць, на смерць. Таму па ўзаемнай згодзе адкрыліся Аксане – каб у выпадку і ўдачы, трагічнай для іх, і няўдачы з такім жа фіналам яна перадала партызанам. Не дзеля іх славы – дзеля той інфармацыі, якая можа натхніць іншых на такія ж самаахвярныя ўчынкі.
        Здалося яму, Шабовічу, што Аксана спалохалася.
        «Хлопчыкі, ці ўсё вы прадумалі? Раскажыце пра свій план».
        Але пра план Станулік не стаў расказваць, толькі даў адрас і пароль, каму тут, у горадзе, перадаць аб поспеху ці правале іх акцыі, калі самі яны не вернуцца; ён быў бязлітасна спакойны да магчымай смерці сваёй.
        Яны выйшлі ў сенцы, калі Аксана вярнула яго:
        «Стась, на хвілідачку».
        Прывяла ў пакой, дзе гарэла лямпа, узяла за рукі, пільна ўгледзелася ў вочы і сказала проста і шчыра:
        «Стасік, голубе мой, ведай: я люблю цябе. Акрамя маці, больш дарагога чалавека ў мяне няма. Як я люблю цябе! Помні пра гэта, помні!»
        Узяла ў далоні яго галаву і тройчы пацалавала ў вусны, без страсці закаханай – з матчынай ласкавасцю.
        Гэта было мінулай вясной. Улетку яны сталі мужам і жонкай. У акупацыйны загс не пайшлі. Але калегам сваім, урачам, сёстрам, сказалі. Сябры наладзілі імправізаванае вяселле – у бальніцы, пасля работы. Галоўурач спірту трохі выдаў з такой нагоды. А на другі дзень, у нядзелю, да іх прыйшоў Піліп Станулін і прынёс – дзе мог узяць? – ладны цялячы кумпяк. I Аксана з гаспадыняй, у якой кватаравала, насмажылі такой смакаты, ад успаміну пра якую заўсёды цяклі слінкі пасля галоднага пайка. Але той жа добры Станулін – не параіў – загадаў ім жыць паасобна, у розных канцах горада. Цяпер толькі Стась зразумеў, як гэта прадбачліва. Гэта ратавала Аксану.
        Заснуў непрыкметна. Спаў неспакойна, з кашмарнымі снамі: увесь час за ім гналіся фашысты ў абліччы нелюдзяў. Але ён адпомсціў: ва ўпор стрэліў у гаўляйтара Кубэ. Здзейсніў план, які выношвалі. Ад стрэлаў прачнуўся. Стралялі недалёка. Падхапіўся, паглядзеў у акенца франтона з аднаго боку, з другога. Нічога не відаць. Пуста, на вуліцах ні душы. Ды і стрэлы сціхлі. Можа, склаў галаву яшчэ адзін змагар. А можа, забаўляліся нейкія паліцаі, набралі хлапчукоў, і яны часта ўшчынаюць страляніну. Немцы без прычыны не страляюць – народ ашчадны і акуратны. О, якія яны акуратныя, заваёўнікі!
        Дзіўна, што ў мінулую ноч наладзілі такі вэрхал. Тварылася штосьці незразумелае, што пярэчыць іх педантычнасці. «Некаторым памаглі ўцекчы», – сказаў паліцай. Дзіўная дапамога.
        Хутка сцямнела.
        Вырашыў: выходзіць трэба цяпер, у ранні вечар, калі многія вяртаюцца з працы і патрулі не чапляюцца да кожнага прахожага.
        Спусціўшыся з гарышча, у сенцах паслухаў, ці няма чужога ў хаце. Не, толькі голас дзяўчынкі. Малая спявала «Кацюшу». «Расцветали яблони и груши...» Дзіўна, што ў гэтым доме спявалі такую песню; па сваім узросце дзіця не магло помніць яе з даваеннага часу: дзяўчынцы годзікі чатыры, пяты. Пэўна, спявае маці. А што яшчэ яна можа спяваць?
        Незвычайна, ледзь не да слёз расчуліў дзіцячы галасок і сама песня – такая родная, наша, савецкая.
        Голас Хрысціны. Яна перапыніла спеў і, здаецца, прагнала ад сябе малую. Тая пратупала ў прыхожай каля самых дзвярэй босымі ножкамі, пабегла ў залу. Не, старонніх не чуваць.
        Шабовіч ціха адчыніў дзверы і прашмыгнуў на кухню.
        Хрысціна мыла дзіцячую бялізну. Спалохалася, ажно войкнула, быццам не ведала, што ён у доме.
        – Чаму палохаешся?
        – Не знаю. Я цяпер усяго баюся. Кошка з ляжанкі скочыла – дык я чуць не самлела. А цябе не чула, як ты спускаўся, лесвіца ж наша скрыпіць. Умееш, як кот, нячутна.
        – Умею. Умею. Усё ўмею.
        – А з выгляду – прастачок. А ты – артыст!
        – Жыццё ўсяму навучыць. Накармі мяне.
        – Я табе сала насмажу.
        – Ого! Шчодрая ты.
        – А хіба такому госцю шкада?
        Хрысціна ўскочыла на лаўку, занавесіла акно саматканай дзяругай, хоць акно гэтае выходзіла ў двор, на хляўчук. Спадабалася яе асцярожнасць.
        – Ладна. Не высвятляю, які я госць.
        – А я табе скажу – які. Пра якога думаюць: хутчэй бы ён, чарцяка, выбраўся.
        – У шчырасці табе не адмовіш.
        – А што мне – дзяцей з табой хрысціць?
        – Не заракайся, можа, станеш кумой.
        – Ты ж нежанаты.
        – А хіба гэта доўга, маючы жанілку?
        У гэты момант, мабыць, пачуўшы іх галасы, увайшоў гаспадар. Выглядаў ён нейкім ажно счарнелым – такім, што жартаваць пры ім, ды яшчэ з жонкай яго, знікла ўсялякая ахвота.
        Прысядаючы да кухоннага стала, сказаў сур’ёзна і сурова:
        – Не бойцеся. Зараз я пакіну вас. Сала смажыць не трэба, сырое з’ем, – і да Чурсіка: – Выведзеш мяне на Даўгінаўскі.
        I тады – во, нечаканасць! – гаварлівая і, здавалася, незалежная Хрысціна раптам упала перад ім на калені.
        – Стасік, родненькі, пашкадуй ты нас, не губі, у нас дзіця малое. Мы табе зрабілі ўсё, што маглі. Невядома, чым гэта скончыцца для нас. Усё бяры. Але яго не вядзі. Гэта ж на верную смерць вядзеш.
        У адчыненых дзвярах з’явілася Надзька і здзіўлена, шырока расплюшчанымі вачамі глядзела на маці: што адбываецца тут? адкуль з’явіўся дзядзька Стась у іх кажуху? Казка, дый годзе!
        – Устань! – узлаваўся Шабовіч. –Наладзіла спектакль перад дзіцем! Што ты растлумачыш ёй? – і малой: – Мамка не пускае татку ў карты гуляць.
        – Не ідзі, татачка, – прыціснулася дзяўчынка да бацькавай нагі.
        – Чорт з вамі! – падняўся Шабовіч з табурэта і да Чурсіка – загадна: – Шынель дасі і фуражку.
        – Не дам! – скрыгатнуў зубамі паліцэйскі, дзіўна ён змяніўся ў адзін міг, як быццам раптам адчуў сваю сілу.
        – Табе дарагі так гэты шынель? – сціснуўшы кулакі, Шабовіч ступіў да паліцая. – Не можаш расстацца?
        Хрысціна стала між імі.
        – Стасічак! Дык пазнаюць жа па шынялі – чый ён. Пазнаюць. Я табе братава паліто дам. I капялюш. Будзеш што пан.
        – Чорт з вамі, – ужо лагодна сказаў Шабовіч. – Давай тваё паліто.
        Хрысціна кінулася ў спальню, малая за ёй.
        Шабовіч скінуў кажух і дастаў з кішэні пісталет, правяраючы, у якой ён гатоўнасці.
        – А я думаў – ты чалавек, а ты... гаўно фашысцкае.
        – Мала я для цябе зрабіў? Мала?
        – Ладна. Чорт з табой. Пасля палічымся. Але не забывайся пра той рахунак, які будзе падбіты. Не забывайся. Як чалавеку кажу.
        На парозе спыніўся, хацеў павярнуцца, паглядзець, якімі вачамі яны, трое, праводзяць яго. Але не спыніўся. Дзвярамі ў хату ляпнуў. У цёмных сенцах апрануў паліто, цеснаватае ў плячах. Дзверы ў сенцы адчыніў і зачыніў за сабой ціха. Пастаяў на ганку.
        Распагодзілася. Бралася на мароз. Высыпалі зоркі. Далёка на станцыі трывожна крычалі паравозы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.