РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ахвяры
1
2
3
4
5
6
7
8
Эпілог
5
        
5

        
        «Варыянт чатыры» – выхад у лес абаім, разам, з Цнянкі, ад Аксанінага дзядзькі. Быў яшчэ варыянт з сумесным выхадам з Бараўлян, ад Стасевага швагра, гэта ў тым выпадку, калі яна першая пачуе бяду і падасць сігнал, што ніводнаму з іх заставацца ў горадзе нельга. Не, гэта ўжо, бадай, «варыянт пяты», апошні, калі трэба было выходзіць паасобку – як хто здолее. За без малога паўтара года жыцця ў акупацыі, не існавання – барацьбы, яны шмат чаму навучыліся, ведалі ворага, сваіх сяброў, памочнікаў і акрамя агульных правілаў канспірацыі, выпрацавалі свае, на якія спадзяваліся, бадай, больш. Праўда, ідэю сігналаў адзін аднаму – па якім варыянце дзейнічаць – даў Піліп Станулін. Але нават яму яны не адкрылі ўсе свае варыянты. Выхад праз Цнянку Піліп ведаў, праз Бараўляны – не. Дзядзьку ні ў якія іншыя дзеянні не ўцягвалі, добра мець чалавека, на якога не падае і цень падазрэння. Але ў тайну сваю Аксана яго пасвяціла. Горш было з цёткай – хваравіта баязлівая яна была. Да Аксаніных паходаў адносілася насцярожана. Аднак медыкаменты партызаны забіралі ад іх, ад дзядзькі і цёткі.
        Аксана ішла ў лес толькі з асобымі данясеннямі ці з людзьмі, якіх тэрмінова патрабавалася пераправіць, але з людзьмі яна да дзядзькі не заходзіла.
        Швагру свайму Шабовіч, зрэдку наведваючыся, і знаку не даў, хто ён і чым займаецца, акрамя сваёй фельчарскай работы, толькі Аксану звазіў, пазнаёміў з яго сям’ёй. Але і Стась і Аксана верылі, што ў небяспечную хвіліну гэты з выгляду пануры мнагадзетны чалавек не падвядзе, выручыць з любой бяды. А вера яму ад улад асобая – дарожны майстра. Піліп, між іншым, пачуўшы пра такога швагра, загарэўся жаданнем зрабіць яго разведчыкам: чалавек, які з дня ў дзень на дарозе, нямала бачыць і мае магчымасць прасачыць, падлічыць, хто куды едзе, што павезлі з горада і ў горад. Але Стась катэгарычна адмовіўся ўцягваць бацьку чацвярых дзяцей у небяспечную гульюо.
        «Варыянт», прынесены Чурсіхай, незвычайнай пасыльной – Аксана ведала яе, вадзіў Стась знаёміцца з «сябрамі», – не спалохаў, бадай, узрадаваў: жывы Стась, здаровы. Яна зранку пачула пра начную аблаву, колькі чалавек урачоў і сясцёр не з’явіліся на работу, і ўсю раніцу жыла ў трывозе і напружанасці, невядомасць для яе – самае пакутлівае. Яна любіла яснасць і пэўнасць.
        Увогуле Аксана чалавек супярэчлівы. На здзіўленне ўсім, нават бацькам, спакойная, да адчайнасці смелая, з маленства завадатаркай была, але плаксівая. Не ад болю плакала – ад чуллівасці. У маленстве плакала над замерзлай птушкай, над прыдушаным кацянём, рыдала на пахаваннях чужых людзей, магла заплакаць над пакутамі хворага, што доўга перашкаджала ёй стаць хірургічнай сястрой, хоць аперацыйная была яе марай з медтэхнікума. Стась неаднойчы кпіў з яе плаксівасці.
        Варыянт радаваў яшчэ і таму, што выйдуць яны са Стасем, не адна, а пасля іх збліжэння, іх жаніцьбы яна неаднойчы ўпотай марыла знайсці бяспечны для ўсіх выпадак перабрацца ў лес, у партызаны.
        Цяжкімі былі зборы. Пераважала жаночае: хацелася як можна больш забраць нажытага дабра – бялізны сваёй, кофтачак, спадніц. Але як забраць? Трэба разумная мера; выменьваць ідуць з немалымі мяшкамі, і варта на дарогах да гэтага прывыкла, а на выхадзе з горада па Даўгінаўскім тракце яе ведаюць усе паліцаі. Аднак акрамя адзення нельга не ўзяць лякарства, бінты, якія прыпасла; не з голымі ж рукамі прыйсці ў атрад. Мера, нарэшце, трэба не толькі для аховы, але і для гаспадыні – каб не здагадалася, што кватарантка ўцякае. Гаспадыня – чалавек надзейны, але, калі яе прыціснуць нават у паліцыі, яна, узлаваная, што кватарантка знікла так падманна, можа нагаварыць лішняе – здагадкі свае выкажа пра людзей, якія наведваліся да яе, Аксаны. А многія з гэтых людзей застаюцца ў горадзе, ды некаторыя і да спраў іх падпольных не маюць ніякага дачынення – невінаватыя, а могуць пацярпець.
        Бінты, у іх – шпрыцы, таблеткі і лепшае адзенне Аксана накруціла на сваю тонкую талію, ад чаго прыметна папаўнела, а таму мусіла апрануць не цеснаватае паліто, а летні прасторны плашч, урэшце, цяпер гэта нікога не здзіўляе – людзі адзетыя хто ў што, асабліва ў гэты пераходны асенні час, – і ў плашчах і ў кажухах.
        Ад таго, што яна мусіць пакрыўдзіць старую добрую жанчыну, Аксана нават паплакала трохі. Чакала, калі гаспадыня адлучыцца некуды, яна не была дамаседкай – збірала навіны, як пчала нектар. Заглянула да яе. I пераканалася, што непаседлівая Ядвіга Паўлаўна нікуды не збіраецца – у яе забалела паясніца, папрасіла Аксану нацерці яе настойкай наготак.
        А час ляцеў, кароткі шэры дзень схіляўся на вечар. А трэба ж не толькі выйсці з горада, пакуль відна, але і дайсці да Цнянкі, зрэдку па дарозе ідуць нямецкія машыны, у цемры могуць спыніць адзінокую жанчыну і, калі хочаш, пацікавіцца і мяшком, як і ёй.
        Не ведаючы, як выйсці з дому, Аксана расплакалася перад гаспадыняй зусім шчыра. Напалохала старую.
        – Што з табой, Аксаначка, дзіцятка маё? З работы прагналі?
        – Не.
        – Стась? Арыштавалі?
        – Не. За што яго арыштуюць? – калі дала волю слязам, не мела ніякай версіі для апраўдання іх, а тут раптам версія з’явілася, самая праўдападобная: – Дзядзька на міне падарваўся.
        I як усё стала проста – і збірацца, надзяваць тры кофтачкі і... развітвацца.
        Горад Аксане не спадабаўся: многа паліцыі і немцаў на вуліцах, больш, чым раніцою, і ўсе падазрона аглядваюць кожнага прахожага. Яе спынялі двойчы, правяралі аўсвайс. Але мяшка не трэслі, у горадзе і раней гэта рабілі рэдка, часцей – не тады, калі людзі ішлі на мену, а калі вярталіся з вёсак – тады лезлі ў мяшкі, забіралі «калым», самагонку і сала забіралі падчыстую. Тых, хто выходзіў з горада, абшуквалі на кантрольных пастах.
        На пасту яе добра ведалі, там каравулы былі пастаянныя, начальнікаў яна купіла за гасцінцы – за самагонку, спірт; Дзядзюля ніколі не адсылаў яе назад з пустымі рукамі, заўсёды несла торбы поўныя, нярэдка пад прадуктамі – міны для групы Стануліна.
        Дарога гэта была «няменная», паўночныя раёны лічыліся беднымі, асноўны паток мяшочнікаў цягнуўся на багатую Случчыну. Аднойчы начальнік паста ўчыніў ёй допыт: «Чаму ходзіш сюды?»
        «Пан началынік, родныя мясціны, знаёмыя людзі. А свае сваёй больш давяраюць, больш спагадаюць. Ды і не думайце, што тут бядней жывуць. На Случчыне шляхта, яна любіць сваё дабро выстаўляць, а тутэйшыя людзі маюць завядзёнку прыбядняцца».
        «Хітрая ты».
        «Жыццё ўсяму навучыць».
        Жыццё навучае. Але жыццё можа і правучыць. У такім становішчы любы недарэчны выпадак можа паламаць самыя вывераныя планы. Пра гэта Аксана не забывалася і не столькі спадзявалася на сваё ўменне, вопыт, колькі на ўдачу, – «ненадзейную сяброўку сваю», так казала Стасю. «Я малюся ёй, удачы, як багамацеры». Пры сваёй адчайнасці яна мела і прымхлівасць – верыла ў прыкметы. Загадала: будзе на пасту знаёмы тоўсты немец – усё абыдзецца добра.
        Спынілі яе незнаёмыя паліцаі, злосныя, прыдзірлівыя, гатовыя вытрасці мяшок. Бадай, ні разу яшчэ яна не палохалася гэтак, бо разумела, што яе правал пагражае Стасю. Не пойдзе ён сам у атрад, вернецца назад у горад, каб знайсці яе сляды. А калі ён пайшоў на гэты, апошні, па сутнасці, варыянт, значыцца, пагроза над ім павісла незвычайная. Пашкадавала, што захапіла бінты і лекі. Увогуле гэта самыя ходкія рэчы для абмену – лекі, але за вынас іх караюць. А яе нечаканае знікненне з бальніцы, безумоўна, звяжацца са знікненнем Шабовіча. Калі яго шукаюць, ёй не адгаварыцца ні хворай цёткай, якой яна і раней амаль адкрыта (на пасту паказвала, чым і заваявала давер’е) насіла лекі, ні менай. Але тут – во ўдача! – з буданчыка выйшаў тоўсты немец. Ледзьве не радасна павітаўся:
        «Гутан таг, фрэйлін... фраў...»
        Пажмурыўся, што сонны кот, і жартаўліва, робячы выгляд, што абыходзіць цэлую гару, абышоў вакол яе, засмяяўся і паляпаў далоняй па яе мяккім жываце.
        «Гут!» – і паказаў свой жывот: маўляў, даганяеш.
        Аксана спачатку пахаладзела: во ўліпла, усяго ж месяц назад ішла тут што трэсачка, не паўнеюць гэтак за такі кароткі час. А немец ледзьве не сілком сцягнуў з яе плячэй мяшок – Аксана аблілася халодным потам – паважыў яго, вярнуў ёй і сказаў з папрокам:
        «Найн гут».
        Хоць немец быў немалады, але слабаназіральны – не вельмі помніў, за які час прыкметна паўнеюць цяжарныя, ці, можа, страціў адчуванне часу і здалося яму, што бачыў ён гэтую жанчыну, якую тады лічыў фройлен, не адзін, а тры месяцы назад.
        Немец мякка і добра, бадай жа з бацькоўскай клапатлівасцю пачаў гаварыць, што не трэба ёй з такім цяжкім мяшком хадзіць у дальнюю дарогу, ды яшчэ па такой пагодзе; паказаў на яе гумавыя боты – халодныя. Нязвыклыя словы, але Аксана разумела іх і адчувала ўдзячнасць гэтаму чалавеку, хоць тут жа папракала сябе, што раскісла ад чалавечай спагадлівасці – знайшла каму дзякаваць! А малады паліцай, зараза, перакладаў зусім іншае – строгае ўшчуванне: што сёння ён мае ўсе падставы арыштаваць яе, але адпускае з умовай, што вяртацца яна будзе паслязаўтра, калі яго дзяжурства, і не з пустымі рукамі – з самагонкай.
        Паліцаю хацелася паказаць кукіш: во табе, жывадзёр! Але яна пачціва ківала немцу:
        – Добра, паночак, добра. Як жывуць панавы дочкі?
        Пра дачок сваіх ён расказваў яшчэ ўлетку, калі, вяртаючыся ад цёткі, яны са Стасем частавалі ўвесь пост самагонкай і чарніцамі. Паліцай пераклаў, выходзіць, усё ж ведае мову, не гарадзіў адсябяціну. Немец не адказаў, але праслязіўся: штось нядобра ў яго там. I Аксана ў знак маўклівага спачування таксама ўраніла слязу і... пацалавала яго ў калючую шчаку. Бацька чатырох дачок зусім расчуліўся. Малады паліцай пажартаваў:
        – Ты мяне пацалуй, то ўбачыш, як зенітка зрыхтуецца да бою.
        Немец цыкнуў на яго.
        Аксана радавалася ўдачы, але немец не адпускаў яе: захацелася яму праявіць клопат, пасадзіць яе на машыну спадарожную. А калі яна можа тут прайсці, тая машына? Дарога, лічы, тупіковая, толькі да Паперні гравійная, праўда, недалёка ад Цнянкі стаіць нямецкая часць, але садзіцца на машыну з салдатамі ніякага жадання не было.
        Нямецкая дабрыня – горш за бяду, калі хочацца немцу зрабіць ласку – адгаварыцца немагчыма. Аксану ажно ліхаманіць пачало ад нецярпення. Можа, Стась даўно ўжо там, а яна будзе сядзець са старым немцам і маладымі паліцаямі, усміхацца ім, мянташыць языком. О, жах! Памагла яе плаксівасць. Шчыра расплакалася. Збянтэжыла нават паліцаяў. Што такое? Цётка ў яе захварэла, родная цётка, якая вырасціла яе. Не можа яна чакаць, да вёскі ж якая гадзіна хады. Яна на крыллях паляціць туды. Кранула немца такая добрая пляменніца. Яму б такую! Да яго яўна нехта з блізкіх праявіў няўдзячнасць, зрабіў прыкрасць.
        Адчапілася-такі ад дабрака. I далей не ішла, а сапраўды ляцела, потам аблівалася пад цяжарам мяшка.
        Удача з немцам. I... не тое што няўдача, а бог ведае што з цёткай, з роднай цёткай, якую любіла, якая любіла яе. А тут як звіхнулася жанчына. Было ад чаго – бачыла, як расстрэльвалі яўрэяў, дзяцей, жанчын. Год таму назад бачыла гзтую жудасць і з таго часу ніяк не магла пазбавіцца страху, больш таго, страх разрастаўся.
        Дзядзька Ігнат скардзіўся Аксане: начамі не спіць Алена, кожнага шораху баіцца, а калі страляць пачынаюць – немаведама што робіцца з ёй, разоў колькі ў пограб лезла.
        Да прыходаў пляменніцы цётка даўно ставілася насцярожана – здагадвалася, чаму тая ўпотай адыходзіць не ў той бок – не на Мінск. Але таму, што Аксана падвяргае сябе смяртэльнай небяспецы, любіла яе яшчэ больш, гадзінамі стаяла над соннай, малілася за яе на каленях перад абразамі, захлыналася ад слёз, калі пляменніца вось так адыходзіла. Развагі хапала, што да падола свайго пляменніцу не прывяжаш, але страх пераважаў над усімі іншымі пачуццямі.
        А тут усё іншае заглушыў дзікі страх.
        Як толькі Аксана пераступіла парог, цётка адхіснулася ад яе, як ад здані, ад прывіда, глядзела агністымі ад бяссоння вачамі і шаптала так, быццам у хаце быў нехта чужы:
        – Прыйшла? Прыйшла! I смерць прывяла? Смерць прывяла! Глянь, яна стаіць за табой! Згінь, згінь!
        Аксана ад нечаканасці ажно азірнулася. Але за ёй стаяў дзядзька Ігнат. Цыкнуў на жонку:
        – Сціхні, Алёна. Сорам! Які сорам! Лічы, дачка прыйшла ў госці, а ты нясеш – бог ведае што.
        Моцна ўразіла Аксану такая сустрэча. I спалохала. Сюды ж прыйдзе Стась. Што цётка можа сказаць яму? Яўна гэта хвароба. Ці валодае яна хоць сваімі пачуццямі? Не дай божа выскачыць на вуліцу і закрычыць.
        – Цётачка, што гэта вы! Я ж лякарствы прынесла вам.
        – Смерць ты прынесла. Смерць!
        – Сціхні, дурная! – узлавана крыкнуў Ігнат.
        Утаймавалася Алена неяк адразу. Але страх, як агонь, які тушаць, вырваўся ў новай праяве. Абняла госцю, цалавала яе рукі і рыдала, галасіла, як па нябожчыцы – ажно жудасна зрабілася.
        – Аксаначка, дзіцятка маё роднае, што гэта ты робіш? Няхай яны заб’юць мяне, няхай я не дачакаюся з фронту Паўліка свайго. Але ж табе жыць трэба! Што я мамачцы тваёй скажу? Не ўсцерагла. Не ўсцерагла. А як жа цябе ўсцерагчы, калі ты звярам у пашчу лезеш? Не адпушчу я цябе ні туды, – кіўнула ў адзін бок, панізіўшы голас да шэпту, пасля ў другі – ні туды.
        – Добра, цётачка, добра, – бачыла, што аспрэчваць няма сэнсу, чалавек у стане бессвядомасці ці, ва ўсялякім разе, хваравітай свядомасці.
        Ігнат зняў з Аксаніных плячэй мяшок і непрыкметна вынес з хаты, схаваў у надзейным месцы, бо здагадваўся, што не лекі для цёткі, не падарункі ім – гасцінцы для партызан. Невядома, што можа прыйсці ў галаву хвораму чалавеку, пачне трэсці гэты мяшок ці захоча спаліць, выкінуць у рэчку, а яна недалёка – за гародамі, выкінула ж нядаўна ў рэчку яго паляўнічую стрэльбу, якую ён хаваў у хляве, уначы выкінула, цішком, не падумаўшы. Улетку стане ў Цне вады па калена, і вылезе стрэльба на вочы невядома каму, вось тады і пачнуць высвятляць – чыя? Але што ты дакажаш хвораму чалавеку? Так і не сказала, у якім месцы выкінула, каб пашукаць, калі спадзе вада.
        Але на мяшок Аксаны спачатку не звярнула ўвагі. Баязлівым шэптам, але зусім свядома расказвала пра прычыну свайго страху.
        – Аксаначка, што яны робяць, ірады? Што робяць! Дзяцей расстралялі перад праўленнем. Пазаўчора. Васілька, хрэснічка майго, і Косцю. Вінтоўкі ў іх знайшлі. I гранаты. Навошта ім тыя гранаты? Дзеці ж горкія, па чатырнаццаць гадкоў. Кажуць, яны сабралі гэтае аружжа яшчэ летась. Чаму не здалі? Чаму не здалі? А ты ўсё носіш, усё носіш. Не пушчу. Нікуды не пушчу! Дзе твой мяшок? Дзе? Схавалі? Знюхаліся? Аксаначка! На каго ты спадзяешся? На ветрагона гэтага, Ігната? Ды ён жа, можа, і вінаваты ў смерці дзяцей. Па вачах яго зладзейскіх бачу, што знаў пра аружжа тое, на рыбалку ж хадзіў з Васільком і Косцікам. Дзетачкі мае родненькія! Анёлы вы нябесныя! Маліся, Аксанка, маліся за душы іх нявінныя.
        У цяжкай неззычайнай сітуацыі апынулася Аксана. Слухала цётку, углыблялася ў яе страх, разумела яго, а думала пра Стася.
        Сканаў кароткі асенні дзень. Наступала ноч, чорная і глухая, як вугальная шахта. А Стася няма. Спадзявалася, што ён ужо чакае яе. Калі і як ён выйдзе з Мінска? Ці знойдзе ён у такой цемры хату? Быў жа тут толькі двойчы, улетку, калі пад акном шумелі клёны. Ён звярнуў яе ўвагу, што лёгка знойдзе хату ўначы – па клёнах. У яго надзвычайная здольнасць – на ўсялякі выпадак усё запамінаць: людзей, дарогі, сцежкі, дрэвы. Але цяпер клёны голыя і падобныя на ўсе іншыя дрэвы, у такой цемры наўрад ці можна іх пазнаць. Забрыдзе ў чужую хату. Добра, калі да сумленнага чалавека. А калі да паліцая! Трэба папільнаваць на двары, яна пачуе і пазнае яго крокі і не дасць яму блукаць па вуліцы ці па гародах. Але цётка не адпускала яе ад сябе. Выйшла нібыта па патрэбе – цётка следам, у сенцах стаяла, слухала. То шыпела, што Аксана смерць прывяла, адхрышчвалася, як ад прывіду, то не адступала ні на крок, быццам толькі гшяменніца магла засцерагчы яе ад смерці.
        Сказала ўпотай дзядзьку, што павінен прыйсці Стась, што ў горадзе яны заставацца не могуць, пойдуць у лес. Зразумеў Ігнат усю незвычайнасць становішча, трывогу Аксаніну, згадзіўся падкаравуліць, сустрэць чалавека, які будзе чаўкаць па гразі – на вуліцы ці на гародзе.
        Сказаў, што хоча схадзіць да суседа. Куды там – слухаць Алена не хацела.
        – Нікуды не пойдзеш, сядзі дома!
        Аксана пагразіла, што раз цётка так баіцца яе, то не застанецца яна ў іх хаце, лепей у суседзяў пераначуе. Пасля не рада была, што сказала так, бо заліла яе цётка слязамі, абсыпала папрокамі. Каб у дзядзькі больш мужчынскасці было, каб ён умеў па-гаспадарску цыкнуць. Дык і дзядзька разгубіўся, хоць разумеў Аксану, яе трывогу за мужа. Тады Аксана пусціла ў ход тую ж зброю, што і цётка, – слёзы, разрыдалася, ажно захлынулася.
        I Алена змяніла гнеў, злосць на мацярынскую ласку.
        – Што з табой, Аксаначка? Па кім ты плачаш так?
        – Стась...
        – Што Стась? Што з ім?
        – Стася шукаюць. Ён можа прыйсці сюды. А як ён знойдзе хату? Колькі разоў ён тут быў... улетку...
        I зноў паварот, зноў слёзы і праклёны.
        – Гэта ён... ён уцягнуў цябе. Ён вядзе цябе на шыбеніцу. Знайшла мужа! Бандыт, галаварэз, антыхрыст! Каб нагі яго не было ў маёй хаце, у маім двары! Згінь, нячыстая сіла!
        Абразілася Аксана за мужа свайго. Хворая-хворая цётка, але нельга патураць ёй, помніла лекцыі па псіхіятрыі, што ўтаймаваць такога чалавека можна часам жорсткасцю.
        – Ну, калі ён бандыт, то і я бандытка. Ён антыхрыст, дык і я такая ж. Мы неразлучныя, цётка Алёна. I ніхто нас не разлучыць, сам бог, калі ён ёсць. Яго нагі не будзе ў вашай хаце – і маёй не будзе.
        Дзіўна: новы прыліў любові да пляменніцы не выплеснуў. Села Алена на ўслон пад абразамі і – як анямела, здранцвела. .
        Аксана надзела свой плашч і адно толькі пачула ўслед.
        – Дзіцятка пашкадуй, бязбожніца, – убачыла цётка яе паўнату, паверыла ў яе цяжарнасць, абнімаючы, не намацала тугіх бінтоў.
        Паклікала Аксана дзядзьку, каб паказаў, дзе мяшок схаваў. Блізка – у стажку сена.
        – Ашалела баба. Ашалела. Гэта хвароба, Аксаначка, хвароба, – даруй ты ёй. Пасля расстрэлу хлопцаў памуціўся яе розум. А чаго ёй баяцца, скажы, калі ласка? Мільёны маладзейшых паміраюць на фронце, пад бамбёжкамі, ад голаду. Вунь немцы пішуць, што абкружаны імі Ленінград дажывае свае дні, бо людзі ўсе памерлі, войска адно трымаецца, бо воінаў кеяк кармілі, з самалётаў харч кідалі. А што ёй? Ну, памрэш ты, то памры, як людзі. Куды ты пойдзеш?
        – Пайду ў канец вёскі. Стась будзе ісці з горада.
        – Не хадзі. Стань вунь за адрынай у завулку. Там ты будзеш чуць і вуліцу і горад. Бачыш, падмарожвае. Пасвятлела ад зорак. Але да кожнага сустрэчнага не кідайся, а то нарвешся на гада.
        – Я крокі яго пазнаю.
        – Так здаецца табе. Кажух вынесці?
        – Не трэба.
        – Лёгка ты апранута.
        – На мне тры кофтачкі.
        – Пайду, можа, угаманю Алену. Бываюць у яе прасвятленні... Яна ж любіць цябе. Ад любові гэта, Аксанка.
        – Я знаю. Але Стась у хату не пойдзе. Што ён падумае, калі яна...
        – Растлумач яму.
        – Начаваць мы ўсё роўна не будзем. Толькі б сустрэцца нам. Супакойце яе, скажыце, што мы пайшлі.
        – Думаеш, ад гэтага ёй будзе лягчэй? Калі чалавек хворы... Але, можа, супакою, валяр’янкай напаю. Каб яна магла заснуць, трэція суткі вачэй не звяла. Я буду выходзіць, кашляць. Ты не бойся.
        – Я не баюся. Я аднаго баюся...
        – Не бойся, прыйдзе. Стась такі хлопец, што ўсіх іх абвядзе вакол пальца. Тут у гарожы лаз ёсць у завулак. Калі што – у лаз і... у прыбіральню. У хлеў не лезь; козы там, крык узнімуць. Дурная скаціна. Гэта табе не карова.
        Скрыпнулі дзверы ў сенцы. Слухала Алена іх шэпт.
        – Ідзіце, дзядзька. Дзякую вам.
        – Няхай бог беражэ вас. Не быў я набожным чалавекам. Але цяпер часам малюся разам з Алёнай. Будзе мне бяды з ёй. Вылечваецца гэта хоць, Аксаначка?
        – Знайдзіце бабку.
        – Ты верыш у бабак?
        – Я веру ва ўсё тое, што можа памагчы чалавеку.
        – Трымайся, дачка.
        – За што трымацца?
        – За жыццё трымайся. Цяпер толькі б выжыць.
        – За жыццё я трымаюся.
        – Салдацкі ў цябе лёс будзе.
        – I быў. А які ж цяпер яшчэ можа быць, калі трэба бараніць дзяцей, якіх страляюць?
        – Прымі маё блаславенне.
        – Дзякую. Скажыце цётцы, што пайшла я без крыўды. Не, цяпер не кажыце, пасля.
        Асцярожна скрыпнулі і наружныя дзверы.
        Ігнат кашлянуў: тут я. Прашаптаў:
        – А ты замры пакуль што.
        Але ў хуткім часе выйшлі яны абодва, шукалі яе. Цётка прыглушана плакала. Дзядзька ўздыхаў.
        – Няма яе. Пайшла наша Аксаначка. На ноч гледзячы. Во да чаго твая дурнота давяла. Во.
        Не выдаў яе. Пасля з’явіўся сам.
        – Бяда, ды і годзе. Месца не знаходзіць. Карае сябе. Можа, вернешся?
        – Не.
        – Я пакаравулю за цябе.
        – Не. Я сама.
        Так Аксана прастаяла паўночы на сваім незвычайным пасту. У ранні вечар праходзілі блізка ці далёка людзі. Шоргалі ботамі па мёрзлай корцы зямлі. I яна да болю ў вушах услухоўвалася ў крокі, каб пазнаць яго. А потым хутка пагаслі бледныя агеньчыкі ў вокнах – газнічкі і лучына на прыпечках. Падалі зоркі. Брахалі два ахрыплыя сабакі, адзін – недзе далёка, другі блізка, у суседнім двары. Падобна, што толькі два іх і засталося на ўсё сяло. Магчыма, першы чуў яе і трывожыўся, сабакі таксама жывуць пад страхам. А можа, блукае па гародах Стась, шукае хаты? Шорхае на сцежках, пратоптаных паўз хаты. А мяккая пасля выбранай бульбы зямля на гародах не вельмі яшчэ зацвярдзела. Ды і хадзіць ён будзе не так, як вяскоўцы, – амаль усе ўподбег, нават стары з кіем прайшоў даволі паспешліва, то гулка, то мякка стукаючы кіем.
        Мароз прабіў яе плашч і кофтачкі. Цягнула вярнуцца ў двор і пагрэцца хаця б у стажку. Але разумела, што там засне і... праспіць Стася. Які жах – праспаць роднага чалавека, так маладыя маці прысыпаюць маленькіх дзяцей – прыдушваюць іх у сне.
        Упала зорка, блізка, над Мінскам, і нагнала страх: ці не яго гэта зорка, ці не разам з жыццём яго сарвалася ў глыбіні неба? Ходзіць жа легенда, што кожны чалавек мае сваю зорку, памірае чалавек – памірае зорка. Прымхліва адганяла страшныя думкі.
        «Божа, я раблюся падобнай на цётку. У душы маёй пасяляецца страх. Што я буду рабіць, калі Стась не прыйдзе гэтую ноч? Колькі я магу чакаць яго? Дзе? Вярнуся ў Мінск і там буду шукаць яго след. Не, ён не можа загінуць. Не! Адступі, кастлявая! Адступі!»
        Яна знала, як лёгка гінуць людзі – на фронце і тут, у акупацыі, у Мінску і ўсюды – у кожным горадзе, у вёсках, у лясах, дзе партызаны. Але яна заўсёды адганяла думкі, Што можа загінуць Стась. Уласную смерць дапускала. Але яго!.. Чалавек, якога кахаеш, уяўляецца бессмяротным, вечным, як само жыццё, сама ўсёпераможная любоў.
        Верыла Аксана, што Стась прыйдзе. I дачакалася. Пачула яго далёка, на той дарозе, што праз завулак вяла ў поле і далей – у лес. Ён ішоў асцярожна, не грукаючы ботамі, але спешліва – спяшаўся да яе. I яна пайшла яму насустрач. Убачыла, як постаць ступіла ўбок, пад дрэвы, што чарнелі на фоне зорнага неба, і злілася з дрэвамі, з зямлёй, растала ўначы. I спалохала думка, што гэта ёй здалося, ад доўгага ўслухоўвання ў начную цішыню і ўглядання ў беспрасветную ноч пачаліся галюцынацыі; здаралася такое пасля цяжкіх аперацый з лятальным зыходам: не спала і... бачыла чалавека, які памёр на яе вачах, жывога.
        Не, яна яўна чула крокі. I былі то яго крокі.
        Яна паклікала, спачатку ціха:
        – Стась! – потым гучней: – Стась! Гэта я.
        I ён азваўся.
        – Аксана!
        Падняўся з зямлі. Яна кінулася да яго. Цалавала халодныя шчокі, вусны і... плакала. Не магла стрымаць сябе – ад радасці залівалася слязамі.
        – Што здарылася, Аксаначка?
        – Я перакалацілася за цябе.
        – Ды вырваўся я, лічы, з самай пашчы іх клыкастай. Вырваўся. Было дзела пад Палтавай. Я раскажу табе. Ты стаяла на дварэ? Чаму?
        – У цёткі вывіх.
        – Вывіх чаго?
        – У галаве. Страх у яе. Тут дзяцей расстралялі. У хату не пойдзем, хоць развітацца з дзядзькам... ды і з цёткай... хочацца. Яна ж невінаватая, цётка, – гэта хвароба... ваенны сіндром псіхапатыі, так бы, напэўна, назваў наш Вайтовіч. О, колькі іх, такіх сіндромаў! А якая галава вытрымае, Стасік? Чалавек жа не машына. Сын на фронце, а побач страляюць дзяцей. Чыя галава вытрымае? Як ты ішоў? Па полі?
        – Не пытайся. У горадзе я пералез сто платоў. Тую ноч і гэтую. Гароды, гароды... і поле, поле... грузка. Як стаміўся, каб ты ведала.
        – Я знаю, Стасік. Я знаю. Але я баюся яе хваробы. Чалавек не адказвае за свае ўчынкі. Мы пойдзем.
        – А я і не збіраўся начаваць тут.
        – Я вазьму мяшок. У мяне там мяшок. У двары.
        Пакуль яна хадзіла па мяшок, ён заснуў, сеўшы пад старую грушу на другім баку дарогі. Ледзьве знайшла яго. Спалохалася страшэнна: куды знік чалавек? Пакуль не пачула цяжкае дыханне з падсвістам.
        Не магла сказаць колькі, але доўга, вельмі доўга стаяла над ім, пільнуючы яго сон. Застылі, ацяклі ногі – села побач, аднак тут жа падхапілася, бо баялася заснуць. Стась захроп, і гэта ўчуў блізкі сабака, спалохана забрахаў, разбудзіўшы свайго адзінага калегу на другім канцы вуліцы.
        Трэба ісці! Трэба ісці! Вунь як павярнуўся хвост Мядзведзіцы!
        – Стась! Стась! Прачніся, маё стомленае дзіця.
        – А-а? – і ў кішэню рукой. – Ах, гзта ты! – і ціха засмяяўся. – Нагнаў я Чурсікам страху – пісталет забраў. А Хрысціна – чалавек. Рызыкаваў я, даручыўшы ёй схадзіць да цябе. Не памыліўся. Хоць, ведаючы, што зброя ў мяне, а не ў яе мужа, здагадвалася, што першай ахвярай будзе ён. Іншага выйсця ў мяне не было б.
        – Пайшлі, Стась.
        – Ага, пайшлі.
        – Рэчку пяройдзем па мосце. Прыйдзецца ісці па вуліцы.
        – Думаеш, бобікі каравуляць уначы? Наўрад. Баяцца. Гэта ўдзень яны смелыя.
        – Сабака звяглівы... чуе чужых, відаць, паліцэйскі. Я пайду ўперад, разведаю мост.
        – Цяпер я цябе не адпушчу. Я буду весці цябе за руку.
        – А я – цябе.
        – Усю дарогу.
        – Усё жыццё.
        Стась прыглушана засмяяўся.
        – Надоўга ты загадваеш.
        – Бог знае якое доўгае яно будзе.
        – А вось гэта ты кінь... не думай, не трэба. Я мінулую ноч у турме не думаў. Верыў... адчуваў, ці што?.. што буду жыць, хоць разумеў: калі яны ведаюць хоць дзесятую долю таго, што я зрабіў, ім мала мяне расстраляць.
        – Цішэй ты. Дзверы скрыпнулі. Гэта дзядзька. Ён слухае мяне. Я схаджу да яго.
        – Не, не трэба. Не хадзі.
        Яны доўга слухалі, ці не скрыпнуць дзверы зноў – дзядзька пойдзе ў хату. Не дачакаліся. Цішком прайшлі па завулку міма адрыны. Дзядзька пачуў, пачуў, што іх двое, і бадзёра кашлянуў – пажадаў гэтак шчаслівай дарогі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.