РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ахвяры
1
2
3
4
5
6
7
8
Эпілог
4
        
4

        
        Золатаў не палюбіў Дзядзюлю з першай сустрэчы: скамарох. Асабліва не спадабаўся камандзір базавага атрада, калі прыязджаў сюды да Мана. Блазнаваў, што прыехаў па цэбры, таргаваўся за кожную лыжку, надзялялі адзін адкаго, ён і Ман, адменнымі эпітэтамі: «кулак», «лейба», «скупярдзяй». А пасля гадзіны дзве хадзілі па лесе і, здалёк відаць было, вельмі дружалюбна шапталіся. Пра што? Што за сакрэты ў іх ад яго, прадстаўніка дзяржбяспекі, ад камісара, нарэшце? Падазрона. Але яшчэ больш непрыемна зачапіла за жывое, як Дзядзюля гаварыў з ім: неяк як бы несур’ёзна, як з малым. Абуральна. Хто ён такі? Радавы. Інжынер-тарфянік. А ніякай павагі да прадстаўніка органаў. Партызаншчыны ў іх многа ў абодвух – і ў Дзядзюлі і ў Мана. Хто з іх толькі болыя складаны? Хто на каго ўплывае?
        «Але пачакайце, разбяруся і дам зразумець, хто я, а хто вы».
        У руках Золатава была зброя, на якую ён занадта спадзяваўся, – рацыя і свой радыст. Толькі б мець факты. А там ён дасць такую інфармацыю, якая дойдзе да самога Лаўрэнція Паўлавіча, а ў таго даволі ўлады, каб прымусіць Панамарэнку навесці ў атрадах парадак і лічыцца з прадстаўнікамі НКУС.
        Але бяда ў тым, што ніякіх асаблівых фактаў не было і прыдумаць іх тут нялёгка. Ды і не пра дзеянні атрадаў, іх камандзіраў патрабаваў інфармацыі Цэнтр. Настойліва патрабавалі звестак пра становішча ў Мінску. Выказвалі незадавальненне, што ён сядзіць у лесе, а не ідзе ў Мінск. А як пойдзеш? На верную смерць? Сваю «камандзіроўку» сюды лічыў прошукамі ворагаў. Абскакалі яго дружкі, нікому з іх не хацелася ляцець у нямецкі тыл, хоць усе гаварылі высокія словы. Ёсць у наркамаце цэлае вялізнае ўпраўленне, якое спецыяльна рыхтуе людзей для працы ў лагеры ворага, мову вывучаюць. Чым яны займаюцца? Такі горад, як Мінск, з усімі цэнтральнымі акупацыйнымі органамі яўна іх аб’ект. Дык не ж, паслалі яго, работніка, які ўвесь час займаўся ўнутранымі справамі, контрразведкай, паслалі толькі таму, што ён мінчанін. Дык гэта ж толькі ўскладняе яго задачу, бо нехта можа пазнаць яго, чаго добрага, з тых, чые справы ён вёў, многіх з іх вызвалілі пад націскам таго ж Панамарэнкі, а іншыя маглі вызваліцца самі ў першыя дні вайны, калі іх эвакуіравалі з Мінска. Мінкіна расстралялі за тое, што група, якую ён вёў на Магілёў, узбунтавалася на начлезе, абяззброіла канваіраў і рассеялася ў лесе ля Бярэзіны. Мінкін прасіў вайскоўцаў наладзіць аблаву, але тыя адмахнуліся: знайшоў чым займацца.
        Вайскоўцы ніколі не разумелі іх, вартавых дзяржаўнай бяспекі, больш таго, не любілі. Ён сам чуў пры адступленні з Магілёва, як крычаў збіты наш лётчык-капітан: «Сволачы! Знішчылі камандаванне... Блюхера, Тухачэўскага, Рычагова. А цяпер хто намі камандуе? Які я да д’ябла камандзір палка?»
        Хто камандуе? Таварыш Сталін камандуе. Так ён, Золатаў, і адказаў таму лётчыку і спытаў яго прозвішча. Але прозвішча яму не сказалі, а капітана таго схавалі. I не якія-небудзь радавыя. Камандзіры штаба дывізіі. Ён у рапарце далажыў пра гэты факт, назваў прозвішча начальніка штаба, які пры гэтай сутычцы прысутнічаў.
        Але чыста папрацавалі яго ворагі. Адабраных камандзіраў разведвальна-дыверсійных г.руп прыняў сам Берыя. Паспрабаваў бы ён сказаць наркому, што ляцець у Мінск не можа – «паляцеў» бы ў лепшым выпадку радавым на фронт.
        А цяпер вымагаюць разведдадзеных. Другое ўпраўленне, другое начальства, а тактыка тая ж: кінуць яго, як сухое палена, у паравозную топку. Прыходзіцца сачыняць дадзеныя. Але ж гэта не менш рызыкоўна. Аднойчы ён адвярнуўся ад шыфравальшчыка, і радыёграму прачытаў Кіпень і – што падазрона – змаўчаў, ні слова не сказаў, а Ману, безумоўна, перадаў, таму той уедліва пасміхаецца. А Кіпень ходзіць у яго па пятах. Выказвае дружбу, захапленне, а што ў думках – хутчэй за ўсё аднаму Ману вядома. Дзікая сітуацыя: сярод сваіх адчуваеш сябе, як сярод ворагаў. А яго людзі, якіх ён накіроўвае ў Мінск, не вяртаюцца. Трэці не вярнуўся. Як у прорву. А яшчэ хочуць, каб ён сам пайшоў.
        Прымусіў сябе звярнуцца за дапамогай да Мана: трэба інфармацыя Цэнтру пра становішча ў Мінску, а яму няма ўжо каго пасылаць (пакінуў ён пры сабе самых верных – для ўласнай аховы, і засталося іх усяго двое, калі не лічыць радыста, якому ён не вельмі верыў – чужы чалавек, з таго ўпраўлення, якое цяпер камандуе ім, Золатавым, чорт ведае што ён там шыфруе, можа, адсябяціну). Ці не можа ён, Ман, паслаць сваіх людзей, яны лепш ведаюць хады і выхады?
        – О, не! Мае не спецыялісты па Мінску. Гэта ў Дзядзюлі ёсць спецыялісты. Давай з’ездзім да яго.
        Нібыта сварацца, падумаў Золатаў, а жыць адзін без аднаго не могуць. Абы зачэпка, каб з’ездзіць да Дзядзюлі. Але чорт з ім! Дзядзюля дык Дзядзюля. Калі іншай крыніцы няма, да чорта ў балота палезеш, не толькі да паяца і нахабніка Дзядзюлі.
        ...На гэты раз Дзядзюля яму спадабаўся. Калі размова пайшла пра справы ў Мінску – пераўтварыўся чалавек: зрабіўся сур’ёзны як ніколі, засмучаны – калі пачаў расказваць пра падзеі апошніх двух месяцаў, ажно голас задрыжэў.
        – Трагедыя там у іх. У канцы верасня арыштавалі па сутнасці ўсё падпольнае кіраўніцтва, – і пачаў пералічваць прозвішчы людзей, і пра кожнага гаварыў так, быццам ведаў асабіста. Але не мог жа ведаць усіх. З болем гаварыў, назваў больш дзесяці чалавек. – Геройскія людзі!
        – Вы ведалі каго-небудзь з кіраўнікоў?
        – Аднаго ведаў, пра іншых даведаўся пасля іх арышту, на шчасце, група, з якой я звязаны, уцалела, і людзі з гэтай групы паведамляюць мне час ад часу аб тым, што там творыцца. Дваццаць восем чалавек павешаны. А колькі расстралялі – ніхто не ведае.
        – А хто кіруе вашай групай?
        Дзядзюля прыжмурыўся і да крыўднага скептычна агледзеў маёра.
        – Наіўнае пытанне для чэкіста.
        – Чаму наіўнае? – зусім шчыра пакрыўдзіўся Золатаў. – Вы не давяраеце мне?
        – Чаму не? Веру. Такому чалавеку не верыць? – гэта было сказана са здзекам, тым, дзядзюлеўскім, блазнаватым.
        Золатаў не толькі адчуў гэта па яго тоне, але і ўбачыў хітрую ўсмешку маўклівага Мана-Манюка.
        Але Дзядзюля, угледзеўшы крыўду Золатава, раптам пасур’ёзнеў:
        – Можаш паверыць, таварыш маёр, што сам не ведаю яго сапраўднага прозвішча, такі закон канспірацыі. А падпольная клічка яго – для мяне і маіх людзей – Жук. Жук – сорак ножак – сорак рук. Вось такі гэта Жук, – і Дзядзюля засмяяўся не то задаволены жартам, не то чалавекам, які выконвае небяспечнае заданне.
        – А ў чым прычына такога масавага правалу?
        Для Золатава такое пытанне мела істотнае значэнне: адказ на яго мог бы растлумачыць і апраўдаць правал яго людзей. Спасылка на Дзядзюлю дало б яму апраўданне перад начальствам, якое ледзьве не адкрытым тэкстам патрабавала, каб ён асабіста наведаў Мінск і высветліў становішчій. Лёгка ім там, седзячы ў Маскве, камандаваць! А тут такі хітры ліс, які адусюль «цягае курэй», не адважваецца прабірацца ў горад; Дзядзюля самакрытычна прызнаўся ў гэтым на самым пачатку размовы.
        Над такім пытаннем камандзір зноў сур’ёзна задумаўся.
        – Каб я, браце, ведаў прычыну, то, можа, ратаваў бы многіх нашых людзей. Арышты працягваюцца і цяпер. А чуткі і думкі – яны самыя розныя. Тыдзень назад была ў мяне тут адна маладзічка. Перадала і такое, што адзін з арыштаваных кіраўнікоў падполля, – Кавалёў, – правакатар, выдае сваіх. Ды гарадскія кіраўнікі яе, сувязной нашай, лічаць, што гэта правакацыя эсдэ, каб дэмаралізаваць падпольшчыкаў. Масавыя арышты зусім не азначаюць, што нехта выдае. Змена чалавекам кватэры – ужо падстава для арышту. I я згодзен са сваімі хлопцамі. Не веру, што Іван правакатар. Асабіста ведаю гэтага чалавека, праўда, па даваеннай рабоце. Ён быў сакратаром райкома, блізкага ад Мінска. Гэта сапраўдны бальшавік!
        Дзядзюля не верыць, што Кавалёва маглі зламаць фашысты. А ён, Золатаў, адразу паверыў, бо ведаў, як лёгка «расколваліся» такія «бальшавікі» на допытах у іх, а ён шчыра быў перакананы, што асабіста яго допыты былі гуманныя, ва ўсялякім разе з фашысцкімі іх не параўнаць.
        Адным словам, інфармацыя пра Кавалёва яго амаль узрадавала. Гэта якраз тое, што трэба, што апраўдвае яго ў вачах начальства, – не хаваецца ён у атрадзе, а дзейнічае асцярожна, прадбачліва, неразумна лезці ў пастку зверу, калі ён так ашчэрыўся, абкружыўся правакатарамі. Многа значылі і прозвішчы Караткевіча, Нікіфарава, іншых, гэта пацвярджэнне грунтоўнасці інфармацыі, можа здарыцца, што ён першы назаве гэтых людзей, добра было б, каб пра іх і Панамарэнка не ведаў, пра дзейнасць якога Лаўрэнцій Паўлавіч адазваўся на інструктажы скептычна, хоць тут жа агаварыўся, што, маўляў, гэта тычыцца разведкі ў Мінску, у іншых гарадах, а не баявых дзеянняў партызанскіх атрадаў. Карцела спытаць, ці перадаў Дзядзюля гэтыя «мінскія чуткі» ў ЦШПР*. Але тут жа сцяміў, што можа ў данясенні на Дзядзюлю не спасылацца, лепш сачыніць яго так, каб там, у Цэнтры, лічылі, што звесткі з Мінска прынёс чалавек яго групы. Праўда, такім чынам можна напрасіцца на яшчэ больш складанае заданне, напрыклад, на ўстанаўленне сувязі з тымі кіраўнікамі падполля, якія ўцалелі, але, як кажуць, рызыка – справа высакародная. Там зноў можа выручыць Дзядзюля. З гэтым чалавекам варта мець добрыя адносіны, дарэмна ігнараваў яго і нават як бы трохі баяўся – за яго ўедлівую саркастычнасць. Пахваліць яго трэба. Але ўмела, хітра, бо Дзядзюля з тых «іронікаў», калі «пераборам» у іх праслаўленні можна сапсаваць усю гульню.
        Золатаў вельмі ўзрадаваўся, калі за абедам, з чаркай, Дзядзюля ўсё ж «клюнуў» на тост аб яго народнай мудрасці, аб яго палкаводскіх якасцях.
        – Такія людзі, як вы, Цімох Пятровіч, узначальвалі народныя рэвалюцыі. Як Разін. Як Пугачоў.
        Не адбіўся сарказмам, сказаў сур’ёзна, што Разіна ён любіць, а Пугачова не вельмі: хаваючыся тут, у Беларусі, на яго радзіме – у Ветцы, Ямелька нюхаўся з польскай шляхтай.
        У найлепшым настроі вяртаўся Золатаў у свой атрад. Атрымаў больш, чым спадзяваўся. Ёсць што перадаць Цэнтру. Ёсць чым апраўдаць сваё прабыванне ў атрадзе, а не ў Мінску.
        А Ман чамусьці быў задумлівы, хоць гаварлівасцю ён ніколі не вызначаўся. Але заўсёды быў інтэлігентна ўважлівы да субяседніка. Пра што яны там шапталіся? Не маглі змовіцца падкінуць яму інфармацыю-ману? Не, не падобна. Золатаў ведаў сваю слабасць, якая абумоўлена спецыфікай прафесіі: нікому не давяраць – ні арыштаванаму, ні начальніку, ні сябру, ні жонцы, да ўсяго ставіцца з падазронасцю. Але тут не той выпадак і не тыя людзі. Ён часам радаваўся, што сярод партызан «хвароба» яго прытупілася – не верыць Ману, хоць ён і Манюк, Кіпеню, Брагінскаму нельга, тут яны, жывучы ў адной зямлянцы, выконваючы адну задачу, парадніліся што браты. Праўда, нярэдка ён дакараў сябе за аслабленне пільнасці, за паверлівасць. Такое ён не мае права дазваляць сабе, тут – тым больш. Трымаць вуха трэба востра: ворагі маглі пралезці і ў партызанскія атрады.
        Пасля першых, даволі моцных маразоў і снегападаў, калі, здавалася, трывала лягла зіма, наступіла адліга, вярнулася цёплая восень. Снег сагнала. Часта ішлі дажджы. Зямля раскісла. Ехалі чацвёра – два маладыя партызаны, ахова камандзіра, яны заўсёды суправаджалі яго ў атрад Дзядзюлі. Між іншым, нават гэта выклікала ў Золатава падазронасць: чаму на баявыя заданні Ман-Манюк едзе з любымі іншымі партызанамі, а да Дзядзюлі толькі з гэтымі юнакамі, не самымі вопытнымі байцамі. Пашкадаваў, што не мог узяць свайго чалавека, але чалазек яго, Іваноў, па сутнасці адзіны, якому ён верыў, хварэў – фурункулы ўскочылі на такім месцы, што ён не мог сесці ў сядло.
        Ад талага снегу і дажджоў распухлі раўчукі, па-вясноваму разлілася рэчка. Туды ехалі – праехалі па грэблі, па мосце. Нікога не сустрэлі, ва ўсялякім разе ён, Золатаў, нікога не ўбачыў, калі не лічыць адзінокай постаці, жаночай, на краі далёкай, за добрую вярсту, вёскі. Але Ман
        сказаў тады:
        – Назад гэтай дарогай не паедзем. Але дзе пераправіцца?
        Доўга шукалі яе, пераправу. Ехалі ўздоўж рэчкі. Тут берагі яе былі крутыя, і вада не выйшла з іх. На полі коні грузлі па калені і знясілелі: дваццаць вёрст туды, палавіну дарогі назад.
        Перапраўляцца пачалі там, дзе ад рэчкі падыходзіла палявая дарога, на тым баку яна вяла ў лес. Рэчка ў гэтым месцы разлілася і ўстрашала шырыкёй. Але Ман ведаў, што там, дзе брод, – мелка і дно цвёрдае. Аднак мелка не было, коні адчувалі глыбіню і баяліся, прыйшлося гучна нокаць. Хлопцы ўзнялі ногі на холкі коней, Золатаў чарпнуў халявамі ваду. Конь збочыў з дарогі, як знесла яго вадой, і ён з натугай выбіраўся на абрыў. I тут свіснула куля. Адна. Другая. Конь заржаў, споўз у раку. Золатаў вырваў ногі са страмёнаў і вываліўся ў рэчку. Хуткая плынь панесла яго грувасткае цела. Але, магчыма, гэта ратавала яго, бо зноў прагучалі недалёкія стрэлы, і рака праглынула забітага каня.
        Плаваў Золатаў нядрэнна, ныраючы, праплыў паўсотню крокаў, схапіўся за паваленую альху, па ёй выбраўся на абрыў, прапоўз колькі крокаў, нюхаючы зямлю, – галаву ўзняць баяўся; куляючыся, скаціўся ў лагчыну, дзе таксама стаяла вада. Але ўгледзеў, што ад куль закрыўся. Абмацаў сябе. Фуражку знесла. Добра, што пісталет ацалеў, хоць кабура была расшпілена. Дзе ж яго баявыя таварышы? Пакінулі аднаго? Пакінулі, сволачы! Хто стане падстаўляць сябе пад кулі? Узаемавыручка ў баі – прыгожыя словы. Ніхто нікога не выручае, кожны думае пра сваю шкуру. Кроў ударыла ў галаву, сэрца распухла да таго, што, здавалася, разарве грудную клетку. Пацямнела ў вачах. Свінцова-шэрае асенняе неба стала жоўтым.
        Дзе яны, ворагі? На тым ці на гэтым беразе? Колькі іх? Калі ўгледзелі яго, адным пісталетам не адбіцца. Што ж застаецца? Пусціць кулю сабе ў скроню? Ці ў сэрца? Дзе менш баліць? Ад якой раны хутчэй наступіць смерць? Заскуголіў ад страху, роспачы, безвыходнасці. Так недарэчна скончыць сваё жыццё! Якую радыёграму дасць у Цэнтр Ман? Падлюга Ман! Здраднік! Фашыст! Недарэмна ўзяў сабе нямецкае прозвішча. Безумоўна, пастараецца ачарніць яго, мёртвага. Як? Як прадставіць яго смерць? Ці стане хоць сумлення перадаць, што загінуў выпадкова – напароўся на засаду?
        I раптам збоку фыркнуў конь. Золатаў ажно ўскрыкнуў ад нечаканасці і прыставіў пісталет да грудзей, загадаўшы сабе: «Жывым не здавацца!» Але – о, цуд! – да яго ехалі па лагчыне Ман і баец, адзін.
        – Вось ён! – радасна ўсклікнуў хлопец.
        Ман саскочыў з сядла.
        – Сербануў вады? Ажно пасінеў, нябога. Ехаць можаш? Сядай на майго каня. Скачы па лагчыне. На ўзлессі пад дубамі цябе будзе чакаць Андрэй. А мы з Іванам затрымаем іх. Яны пакуль што на тым баку. На конях. Але па ўсім відаць, намераны перапраўляцца. Вынюхваюць, ці няма атрада ў засадзе, ці не былі мы прыманкай. Няхай кінуцца ў пагоню.
        Ман памог Золатаву ўзлезці ў сядло. I тады ён сапраўды зноў адчуў сябе на кані. Страсянуў страх, набыў моц. Прыгнуўся да грывы, дзіка гікнуў каню ў вуха, ударыў абцасамі ў бакі і прымусіў яго з ходу памчаць ускач.
        Праз хвіліну ззаду затрашчалі аўтаматы. Аўтаматамі ўзброены Ман і баец Іван Хіла, па іх стралялі з вінтовак. Калі выскачыў з лагчыны на ўзгорак, над галавой неяк аслабела дзынкнула куля. Але і яна спалохала. Якія там дубы? Дзе той Андрэй?
        Конь вынес яго да арэшніку, за ім – асіннік, а далей – ельнік. Толькі там, каля ельніку, спешыўся, бо на кані праз гусцеж не прабрацца – выкалеш вочы. Але, ведучы каня ў повадзе, ён усё далей і далей углыбляўся ў лес. Страляніна на лузе сціхла. Але над галавой стракаталі сарокі і таксама палохалі: чаму так трывожна? I чаму ляцяць не ўперад, а назад? Ці не ідуць паліцэйскія па яго слядах?
        Баяўся нават разуцца, каб выліць ваду з ботаў.
        Лес за дзесятак кіламетраў ад лагера Золатаў не знаў, ды ў такую пагоду, без сонца, і мясцовы чалавек можа пайсці ў лесе не ў той бок. I ён доўга блукаў, выбіраўся на ўзлесак і, як толькі адкрывалася поле ды яшчэ з недалёкімі хатамі вёскі, тут жа спяшаўся ўглыбіцца назад у пушчу, хоць, разумеў, што і там можна наскочыць на ворагаў. Вунь як яно бывае: ехалі спакойна ў далечыні ад вёскі і – на табе. Адкуль чорт прынёс іх, паліцаяў? Падпільнаваць не маглі – назад ехалі зусім па іншай дарозе. Ман умее прадбачыць, але тут і ён спатыкнуўся. Чым там кончылася ў яго? Двое на добры дзесятак. Навошта трэба было ўлазіць у такі бой? Захацеў паказаць свой гераізм?
        У думках набліжаўся да таго, каб віну за сваю бяду зваліць на таго ж Мана. А бяда яго заключалася толькі ў тым, што ад мокрага адзення дубянеў. Спрабаваў бегчы побач з канём, але мокрыя анучы націралі ногі.
        Урэшце яму пашанцавала: выбіўся на знаёмую просеку. Тут ужо не шкадаваў каня і праз чвэрць гадзіны прымчаў у лагер.
        Камісар і начальнік штаба вельмі ўстрывожыліся за камандзіра. Паднялі атрад па трывозе: камандзір у бядзе!
        Праз пяць мінут конны ўзвод гатовы быў скакаць на выручку. Дзе застаўся камандзір, растлумачыць Золатаў не мог, але ўспомніў, што Ман сказаў пра паліцыю: «Каменскі гарнізон». Па гэтых словах Ігар здагадаўся, дзе яны маглі перапраўляцца праз рэчку.
        Канешне, Золатаў памкнуўся паехаць з імі. Але калі пераапрануўся ў сухое, яго пачало ліхаманіць і... ванітаваць. Куды ў такім стане ехаць!
        Хворага Брагінскага таксама не ўзялі, і той даглядаў начальніка асобага аддзела з увішнасцю міласэрнай сястры: хутаў у кажух, паіў чаем і самагонкай, паліў буржуйку.
        На змярканні ўзвод вярнуўся, але Мана і яго ардынарцаў з імі не было.
        Ігар Кіпень панікаваў; прапанаваў тут жа, не чакаючы нават позняй ночы, напасці на каменскі гарнізон. Прыйшлося астуджаць яго:
        – Ты што ж, лічыш, што Аляксей Іванавіч мог здацца ім? Не той чалавек.
        Але, не той. Аднак:
        – Ды іх і мёртвых трэба вызваліць!
        – Гародзіш ты, хлопча, глупства. Няўжо думаеш, што іх выставяць у царкве, каб заўтра адслужыць паніхіду? Калі, не дай бог, забілі, то кінулі целы ў рэчку. Але дзе Андрэй? Яго не маглі забіць. Пачакаем Андрэя.
        – Не, я так не магу, – не здаваўся Ігар. – Паеду з хлопцамі ў разведку.
        Золатаў зразумеў, што трэба браць камандаванне ў свае рукі, інакш ініцыятыву можа захапіць гэты хлапчук. Другога такога выпадку не будзе! Безумоўна, ён па-чалавечаму шкадаваў Мана. Але вайна ёсць вайна. I раскісаць на ёй не дазволена, асабліва яму, чэкісту, камандзіру спецгрупы. Пакуль што не таіў нават ад сябе, што праз няшчасце яму ўсміхнулася ўдача: збываецца яго мара. Падняўся з-за стала, падперазаў папругу і ўладна сказаў:
        – Да звароту Манюка (чамусьці не Мана – Манюка) атрадам камандую я! Алерацыю адмяняю! Разведку пашлём, але не цяпер, на ноч гледзячы. Пашлём раніцою.
        Кіпень, добры, мяккі хлопец, мусіў згадзіцца, але пачаў апранацца.
        – Ты куды?
        – Пагавару з людзьмі. Байцы ўсхваляваліся.
        – З людзьмі пагавару я сам. Пайшлі разам.
        Выйшлі з ліхтаром, без яго і па пратаптаных сцежках не прайсці, ноч – вока выкалі. Узняўся вецер. Ажно свістаў у вершалінах сосен. Шум бору гараджаніна Золатава па-ранейшаму і зачароўваў і палохаў: у такім шуме і вартавыя нічога не пачуюць, пра гэта ён неаднойчы думаў у ветраныя ночы.
        Спыніліся каля зямлянкі разведчыкаў, бо адтуль гучаў смех. Вясёлы смех. Гэта як пацвярджала яго, Золатава, думку пра людзей: вось яны якія, а Ман так верыў у іх адданасць.
        Цікава, чаму ім так весела?
        Адчыніў дзверы і... аслупянеў. Перад буржуйкай на калодзе сядзеў Аляксей Іванавіч у сухім адзенні. Вясёлы. Смяшыў байцоў. Чым? Ці не расказам пра тое, як ён, Золатаў, прыняў халодную ванну? Уявіў, як Ман мог расказваць, і ажно перасмыкнула яго. Не адразу нават выказаў радасць, што бачыць камандзіра жывога і здаровага.
        – Ты тут?
        – А вы думалі,я плыву ў Бярэзіну у абдымку са шчупаком?
        Разведчыкі засмяяліся.
        – Я нічога не думаў.
        – Чаму вы мінулі Андрэя?
        – Чорт яго знойдзе, вашага Андрэя. Лес вялікі.
        – А ён вас бачыў. I мы вас дацямна шукалі.
        Злосць Золатава на Мана закіпела: навошта яму трэба высвятляць такія дэталі тут, у прысутнасці байцоў? Каб зняважыць яго? I яшчэ адно выводзіла яго з раўнавагі – упартае нежаданне камандзіра перайсці з ім на ты. Усім кажа ты, не толькі маладым Кіпеню, Брагінскаму, байцам, але і старэйшаму за сябе камандзіру дыверсійнай групы чыгуначніку Каралёву, кухарцы цётцы Баслычысе. Цётка гэтая не саромеецца на людзях прабраць камандзіра за атрадную гаспадарку, і Ман толькі пасміхаецца з яе крытыкі. Да ўсіх ён – народнік, а да яго, Золатава, – інтэлігент. I ніяк Золатаў не можа зразумець, што гэта – павага да яго звання, падкрэсленае захоўванне вайсковай субардынацыі ці хітры здзек, насмешка. Якаў Міхайлавіч ненавідзеў псіхалагічныя тонкасці, людзей ненавідзеў, якіх цяжка «раскусіць», расшчапіць на клеткі. А ён жа таксама лічыў сябе псіхолагам. Выходзіць, ёсць розныя ўзроўні псіхалагічных здольнасцей. Злавала і тое, што яго ўласны настрой, найтанчэйшыя хістанні настрою Ман лавіў, як добры сейсмограф.
        Вось і тут: адразу пачуў, што ён, Золатаў, кіпіць. А Ман сапраўды адчуў гэта і без усялякай задняй думкі шчыра пашкадаваў начальніка асобага аддзела. Упершыню, відаць, трапіў чалавек у такі пераплёт, таму не дзіва, што пасля ўсяго перажытага завёўся ад лёгкага папроку: чаму мінуў Андрэя? Забыцца на тое, што яны шукалі яго, хваляваліся, узяць віну на сябе:
        – А мы ў лесніка абсушыліся. А паліцаяў, двух, мы ўсё ж ссеклі. Лапухі. Усім атрадам, гуртам, пачалі перапраўляцца праз рэчку на тым жа бродзе. О, пабачылі б вы, як астатнія крутнулі назад! I на сяброў сваіх, што вываліліся з сядла пасярод рэчкі, забыліся. Не падумалі: а можа, хто ранены, не забіты? Адзін грэбаўся на абрыў, ды Іван... – і не скончыў, што зрабіў Іван, «закрыў» тэму, непрыемна было ўспамінаць пра жорсткасць вайны, пераключыўся на іншае: – Што перадала Масква?
        – Мы яшчэ не выходзілі ў эфір.
        – А я прывёз апошнія зводкі Саўінфармбюро. Толькі прамокла мая торба. Зводкі – ладна, я іх запомніў. Вось гэтага багацця шкада, – дастаў з вайсковай сумкі мокрую кнігу: – «Каралева Марго». Чытаў хто? Эх вы, прафесары! Высушу – дам пачытаць. Спаць пяць начэй не будзеце. Хто мне дакладваў, што ў Каменцы ўсяго пяць паліцэйскіх? Атрох! Заўтра зрабі вылазку туды. Што людзі будуць гаварыць пра сённяшнюю падзею? Каго мы адаслалі туды, – кіўнуў угору, – ворагаў ці дурняў? Шкада, калі на нашу кулю наскочыў дурны сынок добрай маці.
        Золатаў засек і гэта ў сваёй памяці: паліцэйскіх пашкадаваў. Неяк у размове раскулачаных шкадаваў: маўляў, у тых, каго везлі ў Сібір, дзеці ў вагонах мерзлі. Вось такі добры дзядзька камандзір атрада – усіх шкадуе.
        «Слаба цябе гартавалі, Аляксей Іванавіч, у бальшавіцкім горане, – падумаў Золатаў. – Слаба».
        Толькі сябе лічыў ён чалавекам ва ўсіх адносінах загартаваным – фізічна і маральна.
        Ці не вынікам загартоўкі такой было і тое, што не дурань выпіць, Золатаў ніколі не выпіваў перад тым, як выходзіць на сувязь з Цэнтрам, быццам начальства магло ўнюхаць радыёхвалі. Не ён жа ключом працаваў – радыст, у таго павінна быць цвёрдая рука, каб не змяніўся почырк, што там, у Маскве, магло насцярожыць. З некаторымі тайнамі разведкі ён па сутнасці пазнаёміўся толькі перад адлётам, тыдні два іх вучылі, не больш. Але пра тое, што радыст павінен быць у адным, спакойным і цвярозым, стане, каб почырк не паламаўся, –пра гэтую, вядомую дапытліваму школьніку тайну ведаў даўно. Іншай, не менш адказнай, работай прыйшлося яму займацца ў органах; у яго рабоце рацыі пакуль што не прымяняліся. Ён меў справу з пісьмовымі данясеннямі.
        Ман толькі аднойчы, і то як бы між іншым, у гутарцы, спытаў, што ён перадае ў Маскву. А тут, калі ішлі ад разведчыкаў да камандзірскай зямлянкі, спытаў, бадай, з камандзірскай патрабавальнасцю:
        – Што данясеш сёння?
        – Пра становішча ў Мінску.
        – Пра Кавалёва не перадавайце.
        – Чаму?
        – Праверыць трэба. Нічога не ведаем, адны чуткі, адна баба сказала, а кінем на чалавека цень. Паставім кляймо... Хто адмые на мёртвым?
        «Ах, добранькі, ах, добранькі».
        I без гэтага папярэджання ён не перадаў бы пра Кавалёва, не таму, што спадзяваўся на больш дакладную інфармацыю, а таму, што хацеў расцягнуць Дзядзюлевы навіны надаўжэй, каб даць тым, што сядзяць у маскоўскіх кабінетах, зразумець: не спіць ён тут у шапку, наладзіў разведку так, што ўвесь час атрымоўвае свежыя дадзеныя. Няхай адчэпяцца з Мінскам. Каму так хочацца паслаць яго на верную смерць? Ёсць зайздроснікі. Хіба яму трэба было ляцець у тыл, а тым больш лезці ў фашысцкае логавішча!
        «Добранькі – цень кінуць бшшся. Бойся, каб яна не ўпала на цябе».
        I з’явілася ў начальніка асобага аддзела нядобрае, зларадаснае нейкае пачуццё да чалавека, які гадзін колькі назад ратаваў яго ад смерці. Тут жа склаўся ў галаве новы тэкст радыёграмы. Менавіта з Кавалёва трэба пачаць – фігура, сакратар гаркома! Трэба ўдарыць, як кажуць, козырам. Уявіў, як начальнікі прымуць гэтае паведамленне. Яго непасрэдны начальнік палкоўнік Акцябрскі, які спрабаваў не адпусціць яго, узрадуецца, пахваліць. Начальнік разведупраўлення генерал Кротаў, як заўсёды, усумніцца і загадае камандзірам іншых атрадаў праверыць; двух сваіх дублёраў ён ведае. Няхай правераць! Калі чалавек «пакаштаваў кашы» фашысцкай і больш месяца жывы, то можна без праверкі не сумнявацца, што выдае ён сваіх, не ўсіх, безумоўна, адразу, тактыка падследных вядомая, ва ўсіх іх адна псіхалогія, калі пяткі падсмажваюць ці іголкі пад ногці заганяюць: цыркаюць патроху – абы следчы расшчапіў абцугі ў дадзены момант.
        – Дзядзюля не падумаў. Што пачуў ад першай сувязной, тое і выдаў на-гара. Так нельга!
        «Бач ты, які дабрадзей!»
        – Да чаго ты заклікаеш, Аляксей Іванавіч? Не разумею. Каб нам з табой цямнілі, праўды не казалі? Між іншым, я не думаю, што Дзядзюля так усё і вылажыў. Растапырвай кішэню шырэй. Гэтага хітругана і кулака я наскрозь бачу. Як ён за лыжкі з табой таргаваўся! Не сорамна табе лыжкі прадаваць сваім?
        – За патроны – не сорамна.
        – Адзінае апраўданне.
        Між тым Аляксей Іванавіч падумаў:
        «Цімоху няма чаго цяадніць перада мной. А вось табе дарэмна ён усё вылажыў. Баліць у яго душа за людзей, таму і выгаварыўся. Шчыра Цімох гаварыў, даверліва».
        – Пра Кавалёва не перадавайце, – яшчэ раз папрасіў Ман. – Пакуль што. Я, між іншым, таксама ведаю гэтага чалавека.
        – Вось як! Усіх ты ведаеш.
        – У вобласці ж працаваў.
        – Добра, не перадам.
        Аднак перадаў з поўнай упэўненасцю, што Кавалёў ведае сваіх, таму, маўляў, і арыштаваў гэтулькі. Не падумаў нават пра законы канспірацыі. Добра ведаў іншае – як умее следчы апарат рабіць ланцуговую рэакцыю: кожны наступны будзе выдаваць новых і новых: Кавалёў – Падковіна, Падковін – Молатава...
        Вярнуўся з радыёрубкі вясёлы, радасна ўзбуджаны.
        – Камандзір, выстаўляй увесь свой запас! Ёсць прычына выпіць!
        – Якая прычына? Што вылезлі сухімі з рэчкі?
        «Сцёбаеш па вачах? – падумаў Золатаў. – Пачакай. Я сцёбну не так». Але не месца тут ды і не час драпацца з гэтым «святым». I настрой не той – настрой сапраўды такі ўзняўся пасля сувязі, бо да інфармацыі яго праявілі надзвычайную цікавасць, загадалі праз паўгадзіны зноў выйсці на сувязь. I хоць другі сеанс быў кароткі, а загад сухі і нялёгкі: разведку ў Мінску актывізаваць, – настрой ад гэтага не пагоршыўся, бо ён здагадваўся, каму была даложана яго радыёграма.
        – I гэтая прычына немалая – што мы высахлі пасля купання. Маглі і не высахнуць. Але ёсць прычына больш важная. Глабальная. Усенародная. Разграмілі немцаў пад Сталінградам.
        Адзначыў, што паведамленне гэтае Ман прыняў спакойна, быццам ведаў ужо радасную навіну. Вельмі ўзрадаваліся Брагінскі і Кіпень. Камісар па-камсамольску выгукнуў «ура». Начальнік штаба, які зусім расхварэўся, рухава падняўся са свайго тапчана, пачаў зашпільваць гузікі гімнасцёркі, рукі дрыжэлі, і яму нялёгка было гэта рабіць, падперазаў папругу – як рыхтаваўся ў баявы строй. Вочы яго набрынялі слязьмі, затуманіліся акуляры, ён праціраў іх, надзяваў і зноў праціраў.
        – Во гэта радасць! Якая радасць, таварышы! Во за гэта і я вып’ю. Цяпер мйе і паміраць не страшна.
        – Капітан! Пачую яшчэ раз ныццё пра смерць...
        – Я не ныю, дарагі Аляксей Іванавіч! Я спяваю гімн. I малюся. Не смейцеся. Цяпер я разумею, калі, з якой нагоды ў мамы з’яўлялася жаданне заспяваць песню і сачыніць малітву, малітву падзякі. Так яна моліцца сёння. Я гэта чую. Мая мама! Ах, таварышы мае дарагія! Каб атрымаць яшчэ і гэтую звестку – ад мамы... ад сям’і.
        – Якаў Міхайлавіч! Дык што там перадалі? Што? – дапытваўся між тым Ігар, яму карцела хутчэй паведаміць такую навіну байцам атрада.
        – Перадалі каротка, вельмі каротка: «Разгром немцаў пад Сталінградам. Слухайце радыё». О, каб была магчымасць, я сказаў бы ім за гэтую параду – «Слухайце радыё!» – пару гарачых слоў. Яны думаюць, у нас тут радыё, як у Маскве, – на кожнай сасне па рупары. Чыноўнікі! Бюракраты! На батарэі дыхнуць баімся – каб хапіла на перадатчык.
        – Дзядзюля абяцаў, – сказаў камандзір.
        – Дзядзюля абяцаў? – здзівіўся Кіпень. – Што ён у нас запросіць за батарэі?
        Аляксей Іванавіч засмяяўся нейкай сваёй думцы.
        – Папросім пазычыць. Пасля вайны разлічымся – свае людзі.
        А Брагінскі кружыў па цеснай зямлянцы вакол цечкі і ўсё гаварыў пра Сталінград і... пра маці – як у гарачцы, як у сне. Але слухаў кго адзін Ман. Радаваўся яго ўзбуджанасці ад такой навіны і адначасова трывожыўся.
        Часцей за ўсё Навум успамінаў жонку і сынка, але, адчувалася з бояззю, – а раптам іх няма жывых? А тут раптам згадаў маці і гаворыць пра яе з упэўненасцю, што яна жывая, што яна моліцца за перамогу і за яго, сына. Чаму? Розуму недаступна чалавечая логіка, як праявы у хвіліны радасці і гора, мужнасці і страху. А калі перамешана ўсё разам, як у гэтага нябогі Брагінскага, дык такі чалавек падобны на вар’ята ці на святога.
        Трэба ўсё ж угаварыць яго вярнуцца да Дзядзюлі, палячыцца, там два дактары, а ў іх адзін фельчар, а галоўнае, што Дзядзюля, чортаў даставала, – усё можа здабыць, з-пад зямлі, як кажуць. – Дастаў бы і лекі патрэбныя. Праўда, лекі ён не шкадуе і сёння.шчодра дзяліўся імі, ды яшчэ выказаў народную мудрасць: за лякарствы плату грэх браць.
        – Сёння я вып’ю. Адзін раз можна. Вып’ю і буду спяваць песні. Я ж добра спяваў. Вы не чулі, як я спяваў. Гэта – ад мамы. Як спявала мая мама! – высокі Брагінскі паднімаў рукі над галавой і ляпаў далонямі па столі зямлянкі, як бы выбіваючы ўрачысты матыў. Потым усё роўна што спатыкнуўся – спыніўся перад камандзірам, разгублена і няўпэўнена, неяк зусім па-дзіцячаму спытаў: – Можна?
        – Выпіць?
        – I спяваць.
        – Можна, – з бацькоўскай усмешкай дазволіў Аляксей Іванавіч.
        – Вы пабачыце – я ачуняю. Ачуняю. Мне ўжо лепш. Ад вашага лякарства, Аляксей Іванавіч.
        – Во гэта голас капітана! – выгукнуў Ман і лёгка ляпнуў Брагінскага па плячы і спалохаўся, пачуўшы яго кастлявае плячо і – як хіснуўся хворы ад дотыку. Дрэнна гэта, калі чалавек хістаецца ад ветру. Але тым больш трэба яму радасць. Тым больш. Толькі радасць можа вылечыць. Няхай спявае, няхай смяецца.
        Паклікалі Баслычыху. Яна была паўнаўладнай гаспадыняй прадуктовых запасаў і выконвала загады толькі трох чалавек – камандзіра, камісара і свайго непасрэднага начальніка – намесніка камандзіра па гаспадарчай частцы, былога старшыню райспажыўсаюза Рамана Квіткоўскага. Але Ігара яна неаднойчы ўжо прабірала, што бярэ прадукты звыш нормы, асабліва даставалася яму за спірт: «Малады, а зіркаеш у пляшку. Глядзі, давядзе яна цябе...» – «Цётка Моця, да чаго яна давядзе на вайне? Кончыцца вайна – жанюся, і жонка «завяжа». – «Завяжаш вас, чарцей. Вось мой...» – але ніколі не канчала размову пра грахі свайго Пятра: на вайне ён, на фронце, а таму прымхліва баялася асудзіць яго.
        Баслычыха кабета дзябёлая, працавітая – недарма ордэн заслужыла за лён – і добрая, але язык мела востры. Ордэнам яна ганарылася і, калі яе афіцыйна выклікалі ў камандзірскую зямлянку, амаль заўсёды з’яўлялася ў новай кофтачцы, на якой прычэплены ордэн.
        – Матрона Карнееўна, дайце нам па акрайцу хлеба, капусты і... нацадзіце па кроплі... – бадай вінавата папрасіў камандзір.
        – I вітаміна цэ – сальцэ, – засмяяўся Ігар.
        – I без сальцэ да дзевак бегаеш.
        – Хто гэта вам напляткарыў?
        – Увесь раён гудзіць.
        – Ну і ну! У вас што – радыё ёсць?
        – А можа, і ёсць.
        – Сапсаванае яно ў вас. Глупства передае, а вось такой навіны не прынесла – немцаў пад Сталінградам пабілі.
        – Праўда? – вочы ў жанчыны радасна загарэліся, яна глядзела на Мана, чакаючы пацвярджэння ад яго.
        – Праўда.
        – Праўда, праўда. Мне Масква па рацыі перадала, – паспяшаўся засведчыць Золатаў.
        – Ой, мужчынкі! Дык я ж вам такую вячэру згатоўлю! – і раптам накінулася на Кіпеня: – Чаго ж ты сядзіш тут сіднем? Ідзі людзям раскажы.
        – Во, Аляксей Іванавіч, каго трэба ставіць камандзірам аб’яднаных сіл, а вы Дзядзюлю хочаце выбраць...
        – Брахуна таго? Не ўздумайце!
        Золатаў уздрыгануўся, бо мільганула думка: а што, калі артыст Дзядзюля насачыняў пра Мінск? Во плюхнешся. Не, не можа быць! Гэтым не жартуюць. Ды і звышсур’ёзны Ман адразу раскусіў бы. А Ман вельмі сур’ёзна паставіўся да лёсу Кавалёва. Аднак адчуванне нейкай неасэнсаванай трывогі засталося. Ад пачуцця гэтага – як прыступ хранічнай хваробы, зноў абудзілася падазронасць: нікому з іх тут нельга верыць. Але ад каго тады атрымоўваць інфармацыю? Наколььсі прасцей было да вайны: інфармацыю можна было атрымаць тую, якая патрэбна менавіта яму, менавіта сёння, ды і назаўтра заўсёды рабіўся задзел. А тут такога задзелу не зробіш.
        У хвіліны трывогі, няпэўнасці, згрызот сумлення яму заўсёды хацелася напіцца. Але чортава цётка праявіла невялікую шчодрасць, сапраўды толькі нацадзіла, чаму «святы» Ман-Манюк яўна радаваўся. I гэта таксама раздражняла. Зноў Золатаў думаў пра тое, што па сваёй прыналежнасці да работнікаў асобага назначэння ён павінен быць тут поўным уладаром, адзіным камандзірам. Дык не ж, не даюць. Не разумеюць. Дэмакратыю разводзяць, наўгародскае веча.
        
        
        Ігар спаў ужо. Золатаву не спалася; не памагла і самагонка. Сорак вёрст непрывычнай язды ў сядле, купанне ў рацэ адзываліся такім болем у паясніцы, у нагах, у плячах, што ён не знаходзіў сабе месца, не ведаў, як легчы на цвёрдым сенніку. Раздражнялі кашаль Брагінскага, шастанне па зямлянцы мышы, іх старой знаёмай, якая пасля кожнай вячэры падбірала на падлозе крошкі. Але найбольш усё ж раздражняў Ман сваёй разьбой – дня яму мала, быцдам дзяцей карміць з гэтых лыжак. Заснуць перашкаджаў яшчэ і страх, што захварэў, бо таксама кашляў, каротка, суха, – як падражняў капітана. Цела гарэла і свярбела.
        Усё жыццё ён жыў з гэтым страхам – захварзць. На вачах у яго, малога, памерлі ў іх шматдзетнай сям’і дзве яго сястрычкі. Ён радаваўся, што тут, у атрадзе, можа, упершыню за жыццё, страх захварэць пакінуў яго. Якая дробязь – захварэць у той час, калі жывеш пад пагрозай смерці без хваробы. Праўда, да сённяшняга дня смерць ні разу не пралятала так блізка, і ён не думаў пра яе. Але так паводзілі сябе амаль усе партызаны – не баяліся смерці і баяліся радыкуліту. Баяўся Брагінскі, але яму ёсць чаго баяцца, яго хвароба смяртэльная. А чаму да яго вярнуўся гэты даўні брыдкі страх? Чамусьці здавалася, што, як толькі ён зляжа, тут жа яго перайграюць, абскачуць. У чым – ён не здолеў бы адказаць. Хто – ведаў пэўна: во гэты рэзчык лыжак, сённяшні яго выратавальнік і заўтрашні...
        Золатаў уздрыгнуў, калі дзверы зямлянкі раптоўна адчыніліся і там угары, на паверхні зямлі, нехта кашлянуў зусім інакш, чым кашляў Брагінскі і кашляў ён, – там здаровы кашаль, тытунёвы.
        – Можна, Аляксей Іванавіч?
        – Давай, давай, Андрэевіч. Толькі не вельмі гудзі, тут некаторыя ўжо спяць.
        У зямлянку ўпоўз, шорхаючы брызентавым плашчом, камандзір падрыўнікоў Каралёў. Чалавек гэты як бы ўвасабляў вобраз партызана – такога, якім уяўляў іх Золатаў у Маскве, – дзед згорблены, зарослы. А тут такіх убачыў нямнога, лічы, двух: вось гэтага Каралёва ды Дзядзюлю. Не, Дзядзюля, што загрымаваны артыст: занадта дагледжаная барада, спецыяльна адрошчаная. Сапраўдная партызанская барада ў Каралёва. Вунь на ёй нават кроплі вады блішчаць. Адкуль? Не чуваць жа дажджу. Напіўся вады?
        – Я на агеньчык, Іванавіч. Вярнулася маё войска.
        – Без страт?
        – Без страт.
        – З удачай?
        – Без удачы, – уздыхнуў Каралёў. – Дрэнныя нашы справы, Іванавіч. З мінамі. Зноў дала асечку.
        – Не ўзарвалася?
        – А добры эшалон прагрукаў з танкамі.
        – Шкада?
        – Табе – шкада. Ты не знаеш, колькі я пашкроб патыліцу. А хлопцы мала не плакалі. А можа, лічы, што і з удачай. Са злосці пеканулі па будцы, дзе іх варта. Колькі ссеклі – не змаю, але аднаго разяваку прыхапілі з сабой.
        – Паліцая?
        – Немца.
        Золатава што выбухам падкінула на канапе. Уміг падхапіўся, адкінуўшы кажух, якім накрываўся, хоць у зямлянцы было душна.
        – Вы прывялі немца? Палоннага? Давайце яго сюды!
        Золатаў забыўся на ўсе свае болі. Хутка нацягнуў на голыя ногі пакарабачаныя ад сушкі боты.
        – Навум? Спіш? Пад’ём! Работа табе! Баявая. А камісару нашаму – хоць з пушкі палі.
        – Не бойцеся. Ваш голас мяне заўсёды будзіць, – пазяхаючы, адгукнуўся Ігар. – Ён у вас – як у старшыны майго. Той шэптам казаў: «Пад’ём!» – і ўся казарма прачыналася. Так і вы.
        «Сапляк! – абурыўся Золатаў, – Голас ты мой чуеш, бо шпіёніш за мной. Толькі тонкая ў цябе кішка».
        – А з якой прычыны пад’ём? – хрыплага ціхага голасу Каралёва Ігар не чуў.
        – Андрэевіч палоннага прывёў.
        – Ух ты! – Ігар падскочыў з болыпым спрытам, чым Золатаў. Цяжка паднімаўся Брагінскі: спірт сцішыў яго болі, і ён баяўся патрывожыць іх.
        – Вядзі свой трафей, Андрэевіч.
        Ман згроб нарыхтоўкі, лыжкі, разцы ў кош, схаваў пад канапу. Нават замёў венікам стружкі ў кут, дзе ляжалі дровы – далей ад буржуйкі. Падперазаў папругу з партупеяй, з пісталетам на баку. Сам пасля пасміхаўся: навошта такі парад? Але першы прывёў сябе ў вайсковую форму Золатаў, яму, мабыць, падражалі ўсе іншыя. Менш – самы вайсковы сярод іх Брагінскі: не абуўся нават, накрыў ногі шынялём і гімнасцёрку не падперазаў.
        Палонны быў варты жалю: нізкарослы худы юнак, толькі рыжыя вусікі адрасціў, але яны брыдка вымаклі ад саплей; шморгаў носам, выціраў рукавом і размазваў соплі па ўсім твары. Глядзеў сабачымі вачыма, просячы літасці, шукаў позіркам старэйшага і, безумоўна, спыніўся на Золатаве, той быў у вайсковай форме і меў паважны выгляд. Ман і Брагінскі адразу па форме вызначылі, што салдат не нямецкі. А якога войска? Ёсць, кажуць, у Полацку фіны, у Мінску – венгры, а недзе на поўдні нават «браты славакі». Назбіраў Гітлер васалаў!
        – Ду іст дойч? – у Брагінскага ёсць некаторы запас нямецкіх слоў, але сінтаксіс кульгаў і ў школе, і ў ваенным вучылішчы.
        Салдат зразумеў і пакруціў галавой.
        – Хто ж ты? Фін? Што ты круціш галавой, як удод? – без злосці, са смяшком спытаў Ігар.
        – Мадзяр! – не спытаў, катэгарычна сцвердзіў Золатаў.
        Салдат заківаў галавой.
        – Мадзьяр, мадзьяр.
        – Шпрэхен зі дойч? – спытаў Брагінскі.
        Венгр нават гэтага пытання не разумеў, толькі пераключыў увагу з Золатава на Брагінскага.
        – Ды ён жа па-нямецку – ні бэ, ні мэ, ні кукарэку, – засмяяўся Ігар, і салдат як узрадаваўся гэтаму смеху, пачаў лісліва ўсміхацца яму, паказваючы маладыя, па-дзявочаму прыгожыя зубы; гэтая чалавечая ўсмешка неяк пераўтварыла яго. Цяпер ён не здаваўся брыдкім: замёрзлы перапалоханы хлапчук. Але ў Золатава была свая ацэнка.
        – Гаўно, – заключыў ён. – Нічога вы ад яго не вывудзіце, – і, страціўшы цікавасць, пачаў падкідваць у печку дровы.
        Салдат пацягнуўся да цяпла, выставіў сінія адубелыя рукі насустрач полымю.
        – Няцёпла ж іх надзяюць.
        Мабыць, адчуўшы іх цяжкасць, палонны вырашыў памагчы:
        – Славен.
        – Славак? Ты – славак?
        – Не, не ён, язык яго, – па-дзіцячаму смешна высалапіў свой ярка-чырвоны язык.
        – Ах, ты гаворыш па-славацку?
        Такому адкрыццю ўзрадаваліся. Гэта ўжо нешта. Кіпень гаворыць па-польску, Брагінскі – па-ўкраінску. Плюс руская і беларуская мовы – ледзьве не поўны славянскі набор.
        Але і славацкі ведаў ён, відаць, на ўзроўні дыялекту суседняй задунайскай вёскі.
        Камандзіры ўзмакрэлі, будуючы неверагодныя словазлучэнні з пяці моў, якімі калектыўна валодалі ў той ці іншай меры. Аднак выпыталі нямнога. Прозвішча, нумар часці, званні, прозвішчы камандзіраў; род войска так і не ўстанавілі, маглі толькі здагадацца, што нейкая ахоўная часць. Звесткі пра ўмацаванні на чыгунцы, пра колькасць кулямётаў, пра мінныя палі – кожны зразумеў па-свойму, між сабой да згоды не прыйшлі.
        Салдат адагрэўся і павесялеў. Адказваў ахвотна, мнагаслоўна, але, жадаючы памагчы, таксама ўжываў такую моўную мешаніну, такую тарабаршчыну, што ніводзін венгерскі ці славацкі прафесар мовы не дайшоў бы да сэнсу. Ігар разумеў гэта і смяяўся. Смех зняў у палоннага страх, і ён хапаў камісара за рукі і рысаваў штосьці на яго далонях.
        – Паваражыць хоча, ці што?
        – А ў іх там цыганскія звычкі.
        – Ды не, то – у румын.
        Змарыліся.
        Аляксей Іванавіч махнуў рукой.
        – Вядзі ты яго, Андрэевіч.
        Зморанага Каралёва лінгвістычнымі практыкаваннямі ўвагналі ў сон, ён моцна спаў, седзячы на падлозе. Ледзьве расштурхалі.
        – Куды яго?
        Сапраўды – куды?
        Ман задумаўся.
        – Няхай у нашай зямлянцы паспіць, – проста сказаў Каралёў. – Косцік павартуе, мы яго не бралі з сабой, выспаўся.
        Золатаў зняважліва пасміхнуўся і, працягнуўшы руку, сарваў з цвіка ватнік. Апрануў і тут жа, падняўшы крысо, дастаў з кабуры пісталет, сунуў яго ў кішэню фуфайкі.
        – У акоп яго! Дайце ліхтар.
        Ад нечаканасці ўсе аслупянелі. Першы сарваўся з месца Ігар – загарадзіў палоннага ад маёра.
        – Вы што! Не! Не! Не маеце права!
        – А што ты думаеш рабіць з ім? Цалавацца? Сапляк! – ніколі яшчэ Золатаў не гаварыў з камісарам так груба, хоць заўсёды даваў зразумець розніцу ва ўзросце і званнях.
        – Расстраляць – не дам! – глуха прагудзеў Каралёў. – Не знаю, што рабіць, але не дам. Застрэліць яго трэба было, калі ён з аўтаматам быў. Дарэмна ўзялі...
        – Вядзі, Андрэевіч, – зморана сказаў Ман і, устрапянуўшыся, строга: – Але глядзі... Будзеш мець справу з ім, – кіўнуў на Золатава.
        – Вучоны, – буркнуў падрыўнік, узяўшы палоннага за каўнер і павярнуўшы да дзвярэй. – Ідзі, ваяка...
        Калі яны выйшлі, Золатаў даў волю сваім пачуццям. Ніколі так не зрываўся, ніколі не быў у такім гневе. Выхапіў пісталет. Стрэліў у сцяну. Спалоханы Брагінскі адняў у яго пісталет, кінуў на тапчан. Хацеў па-добраму абняць.
        – Якаў Міхайлавіч, Якаў Міхайлавіч...
        Але Золатаў так піхнуў свайго хворага любімца, што той ледзьве не зваліўся на печку, мог бы апякчыся. Такіх слоў ад яго не чулі – самыя прасоленыя мацюкі.
        – Гаўнюкі вы, а не партызаны! Бабы! Саплякі! Вам не ваяваць, а курэй мацаць! У бірулькі гуляць! Вам запішуць вашы подзвігі!
        Малады гарачы Кіпень абурыўся.
        – А што вам не падабаецца? I хто вы такі? Прыблуда!
        – Я – прыблуда? Я? Шчанюк саплівы! Нос вытры!
        Ман па-камандзірску злосна крыкнуў невядома каму:
        – Спыніце, чорт вазьмі! Разышліся! – і да Ігара – памяркоўна, з грубым жартам: – Хадзем адальем. Мача ад галавы адхлыне. I каравулы праверым.
        Але і на дварэ Ігар не адразу супакоіўся.
        – Мяснік! Сволач!
        Ман ціха сказаў:
        – Ён хворы чалавек, Ігарок. Бойся яго.
        На другі дзень Золатаў пра палоннага ні слова, быццам ягоны лёс начальніка асобага аддзела не датычыўся. Паводзіў сябе так, як бы і не было начной сутычкі.
        А венгр уцёк. Праз два дні. Не ад Каралёва, на шчасце. Ад Баслычыхі. Далі ёй палоннага памагчы на кухні, а яна яго, разява, паслала па дровы за стайню і спахапілася, можа, праз паўгадзіны.
        Ман падазраваў, што здарылася гэта невыпадкова, і разгневаўся, учыніў жанчыне разнос, прабіраў па-партызанску, не саромеючыся самых салёных слоў. Матрона плакала, кляла венгра: ягня, а спрыту хапіла.
        А Золатаў слухаў, маўчаў – ні слова, і пераможна пасміхаўся.
        З Матронай ён пагаварыў пасля, дні праз тры.
        Камандзір не сумняваўся, што пра эпізод гэты ён радзіруе ў Маскву, і напэўна не ў партызанскі штаб. А ў тым другім штабе нічога не забываюць.
        
        ----------------
        
        * Цэнтральны штаб партызанскага руху.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.