РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ціхая плынь
Забыты край
Герой гісторыі
Горкая прамудрасць
Школа жыцця
Млявыя сненні
Кірмашовыя прыемнасці
Парогі
ГЕРОЙ ГІСТОРЫІ
        
ГЕРОЙ ГІСТОРЫІ

        
        Ці даводзілася вам праязджаць па вёсцы ў канцы лета, калі нітачкі прыгожага засмучэння ўжо снугоцца нявідна і незлавіма ў цёплым паветры, ужо вяшчуюць восень?
        Ціха ўсё, бязмоўна і бязлюдна. Шэрым ціхамірным пылам пасцелена пустая вуліца. На гародзе, за абціснутым плятнём схіліў на сонца жоўтую, з махрамі кружэлачку высокі сланечнік. Абсыпае чырвона-чорныя пялёстачкі добры мак, ужо запозны, і звініць даспелымі мачынкамі ў зубкавых карунках, буйнейшымі і дробнымі, на тонкіх шызых сцебялінках.
        Дзеці за доўгі дзень насеклі з макрыцы і крапівы сечанкі свінням; споўзалі ў чужую рэпу і ў яблыкі; пакачалі кацёлку і няўмысля пабілі ёю шыбу ў кутнікавым акне; паскрыгаталі, аглушаючы, калёскамі па вуліцы, возячы малога; пабіліся, улашчыліся; дапалі да паніклага сланечніку і няўзнаку выскублі паўкружэлачкі. Зрабілі з паловак мачын «лыжачкі» і будуць гуляць «у госці»: натрусяць у прыпол запэцканых кашулек маку і пачнуць ім частавацца. А яшчэ будуць есці госцейкі «перапечы» – семя праскурак, што густа параслі на вуліцы пад плотам і пад сцяною разам з конскім шчаўлюком і сабачай мятаю.
        Мляўкім і гострым нечым пояць каноплі паветра. Уссунуў дзед-даматур, што нічога няварты ні ў касе, ні нават з граблямі, а пільнуе двору, дзяцей і пчол, уссунуў доўгую плашку на худыя, сагнутыя жыццём плечы ў дзіравенькім жупане і панёс яе па канаплянай сцежцы на гумно – сушыць асець жыта, першую сёлетнюю асець. Гэты дзед – паэт у душы і вельмі ўлюбіў пару года між лета і восені, калі надыходзіць пярэкрут у прыродзе на зіму, калі ўсё расліннае даспявае, сыпле семя, дбаючы аб сваім жыцці ў патомстве, і з ціхаю пакутаю ці то пакораю спрадвечнаму закону жоўкне, схіляецца, ападае. Любіць дзед ісці аб гэтай пары па сцежачцы сярод зялёнай пушчы канапелек, якія тхнуць сваім п’яным пахам і патроху прадзіраюць вочкі. Любіць любавацца на фарботы залаценькай павуціны, што бліскаюць на сонцы, цягнуцца, быццам плывуць і быццам сцелюцца ад поля (дзе пажата і пусцее), на гароды (дзе густа і поўна, а ўжо смягне і ўсыхае) і дальш на чорныя гоні (дзе незабавам зачырванее рунь). Любіць дзед, расклаўшы цяпло пад асеццю і паплакаўшы ад елкага, з пахам прэлай гуменнай зямлі, дыму, доўга-доўга сядзець і бавіць час ля палыхаючых агнём плашак і грэць старыя косці. Карціць старому пакласці ў попел колькі бульбін і, углядаючыся на агонь-векавечнае, успамінаць, як быў маладым хлапцом (як цяпер во ўнукі), пасвіў коні ў позную пахмурную восень, клаў пад лесам з пасохлага вербалозу і бярозавых пянькоў велічэзнае цяпло і пёк бульбу, а калі было сала, дык і сала прог на кіёчку, крутка падстаўляючы скібку хлеба, каб не сцякаў дар на зямлю. Успамінае дзед і часам глыне сліну, але мае на думцы, што стар, і тады пільнуецца паважнасці. Ат, усё роўна: нявестачка ніколі не забудзецца схаваць ключ ад клеці, дзе і сала таго толькі на затаўку для стравы. Як быў дзед у самай моцы, а жылі замажней, дык ужываў і ён уволю хлеба з салам, змалаціўшы да рання асець жыта. Была пара! Але дзед–паэт у ціхім сэрцы, і не надта яму цяжкі раўнаванні розных часоў свайго жыцця; во балазе ёсць печаная бульба і можна сядзець супакойна пад асеццю каля агню і думаць аб жыцці і чакаць, калі палахлівы ўнучак затупае па таку босымі ножкамі, падбяжыць бліжэй і захныкае: «Дзед, а дзед! Ці ты тутацька?» Дзед памаўчыць, адылі ў часе пакашляе і, нібы сярдуючы, адгукнецца: «Павошта, пыні, хлапчук-галуза прыбег? – пільнаваў бы саду і боб ад кур, усе струкі здзяўбалі, гадаўкі». Тады здойме яго да сябе на спод і дасць крупянай, сыпкай, белай і гарачай бульбачкі. I пачне без концу пераказваць унуку, як жыў ён, дзед, у пана пасэсара ў парабках, вазілі яны сала на продаж аж у Вязьму; у дарозе пяклі бульбу ды варылі кулеш пад чорнаю нявіднаю дзяругаю летняй ночкі дзе-небудзь на ўскрайку лесу.
        Сонца борзда закоціцца, а дзеці ўздумалі «пірагі» пячы. Накапалі ў ямачцы гліны, у чарапочку замясілі і на ўслончыку наляпілі шмат вялікіх і маленькіх «пірагоў», на сонейку, дзе будуць яны пячыся. Дзяўчынкам прыкра, што ў бабскую справу ўбіўся хлопчык. Ён не лепіць вялікіх і невялічкіх піражкоў, як тое вядзецца ў добрай гаспадыні, а пачынае галузаваць, ляпіць ні то конікаў, ні то цюцек. I дзяўчаткі ўсякім спосабам псуюць яму работу.
        Ах, гэтыя перашкоды ў вольнай творчасці паэта ў лепшую пару яго жыцця, пару маленства!
        Пара, на якую не варта забывацца. Хто счарсцвеў, пагінуў у будзёншчыне, – у дзіцячыя гады быў вялікім музыкаю, граючы на скрыпачцы з лучынак і са струнамі з нітак. I даўлела яму, быў змысел і была радасць. Хто зрабіўся тупы, як палка, – у гады маленства з палкі вырабляў мастацкія для яго мастацкіх пачуванняў штукі: птушачак, звяроў і прост харошы кіёчак-папірашку. Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопагу – і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямант у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну.
        Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разьбяром, а хто і тым і сім патроху. Мы ўсе ў гады прачнавання нашага розуму – рэфарматары нягоднага старога, будаўнікі лепшай сацыяльнасці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі, але часта-часта жыццё нічагусенькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары.
        Ці траплялася вам бываць на вёсцы ў гэткі час, калі пуста ў ёй пад пякучым сонейкам, усе людзі на полі сярод аўса і лёну, што жаўцее і галубее?
        Ціха вясковая вуліца. Паснулі сланечнікі і макі. Аніводным пазалочаным лістком не варухнуць яблынькі ці сліўкі. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі, а паспелыя сліўкі густа спляліся і віснуць, чорныя, да долу.
        Ці здаралася вам у гэткі пагодны спаміж лета і восені дзянёк быць у вёсцы і трапіць на ўскрай хат, туды, дзе хацінка галяка ўехала ў зямлю, вокны яе з пабітымі шыбамі запхнуты наспех лахманамі і сядзяць на самай прызбе?
        Блізка хаткі тырчыць убогая вясковая верабінка з рэдкімі пучкамі чырвоных ягад. На верхавіну дрэўца звісае раскудлачаная ветрамі салома з стрэшкі. Комін напалову разбурыўся і скрануўся набок пад цяжарам шчарбатага гаршка і рыхтуецца рассыпацца зусім.
        Прадавілася на пуні стрэшка, і ніхто яе не падыме і не паправіць, як бы няма каму парупіцца аб тым. Мо ў шынку загуляўся гаспадар? А можа, б’ецца, як тая рыбіна аб лёд, здабываючы штодзенны кавалак хлеба, але няма яму ўдачы! Прадраліся плятнёвыя сенцы, і скрозь іх відаць касыя дзверы, падпёртыя знадворку каромыслікам і таўкачом. Значыцца, нікога ў хаце няма. Але паглядзім... Калі вочы вашы послабкі, калі яны, апрача свайго ўласнага адбітку і зялёнае цямноты, нічога ў акно не ўбачаць, – вы не грэбуйце, не бойцеся запэцкаць рукі і ўпіхніце лахманы. У дзірку бухне з хаты цяжкаватае смуроднае паветра. Адхіліце на хвілінку голаў і ізноў зірніце: можа, цяпер вам не ашукацца ў цемні шкла?
        Што можна ўбачыць у хаце гаротнага мужыка-беларуса? Высокі, пад самыя абразы, стол, вузкі і хісткі; на ім – подаўна нямыты абрус, што збіты комам ці звісае ражком на лаву. Зірніце на пол. Не, гэта не логава свінні, не птушатнік, куды садзяць кур ды гусак несці яйкі. Гэтая ўсклычаная канапляная сувалка і салома, гэты чорны ад бруду, збіты, сплямлены і смярдзючы сяннік, гэта груд усякага шкумацця, засыпанага смеццем, з параю кінутых пялёнак, усё гэта – самая звычайная ложа для зманежанага працаю, спацелага мужыка, яго неахайнай жонкі і яго шалудзівых дзяцей. Чаго вам дзівіцца на закураныя шосцікі і палічкі, дзе бабскія сховы? Нічога, апрача такога ж самага рыззя і смецця, там не ўбачым. Нецікава і старавечная наша бабулька-печ, аграмадная, са шчэрбамі ў чалесніку, з выкрышаным загнетам і подам, з разварочаным пяколкам, наша на ўсе патрэбы адпаведная печ, паўнюткая гаршкоў з ежаю, што пракісае на вячэру, і шырокіх донцаў, на якіх сохнуць добрыя баравікі на продаж і гнілое, чарвівае карэнне ў сваю капусту. Асела яна, старая, на струпехлых і паточаных шашалямі грубых балясінах, прыгнёўшы хваросце ў падпечку і нейкія мётлы і гальні; і калі вы доўга прамучыце яе пад сваім урачлівым культурным поглядам, у якім нявера і крытыка, дык яна, ох, ліханька! – загрыміць цэглай і падавіць усё, што ў ёй і пад ёю: хваросце, і крупеню, і баравікі. Там, далей, у місачным куце тырчаць лапатачкі-лыжкі, нямытыя міскі і даёнкі і ўсякі гломазд. Але ўсё гэта, калі не зважаць на чорны рой мух, усё гэта – нежывое, не мае болю, і даўно прыйшла часіна шпурнуць адгэтуль многія рэчы, гаспадарнаю бабскаю рукою, за плот ці ў яму з-пад старога пограбу, што тры гады кідаюць у яе ўсякую дрэнь і кладуць мялле, а яна ўсё яма ямаю.
        А вы зірніце на жывое. Яно сярод хаты, на земляной падлозе, збітай у ямкі і залітай памыйкамі, сядзіць на кучы кійкоў і бляшанак, сядзіць, па-турэцку падтуліўшы ногі, сядзіць ля місы, у якой рулі з пастаялкі, хлеба, мух і смяцця. Крутлыя дзіцячыя вочачкі, зарумзаныя і пахмурныя, з безнадзейным подзівам уталопяцца на вас. I патроху з’яўляецца свядомасць: чаго вам трэба? Бо вы – не маці, што зачыніла яго, не маючы большых дзетак-нянек, і сышла на дзень-год у поле жаць авёс, сышла і не ідзе пакарміць яго і абцерці носік. Вы разважаеце: хлопчык гэта ці дзяўчынка? – Ці не ўсё роўна: доля ж аднакава.
        Гэта – герой нашае гісторыі Хомка.
        Гэта – яго дзіцячая пара.
        Безнадзейны подзіў пачынае паволі знікаць, даючы месца тужліваму расчараванню: не, не маці, а чужынец, незнаёмы, безуважна пазірае на бяду малога. Пакутна ападае ручка, брудненькая і худзенькая, на якой толькі трошку-трошку цьмяна-жоўтай дзіцячай пухласці, і апяшала кідае лыжку ў міску з малаком. Адылі сціскаецца ў кулачок, падносіцца да воч – і ізноў бясконцае, роўнае, ужо аплаканае за доўгі дзень, галосіць гора:
        – Гу-гу-гу... Ма-ма!..
        Безвыходнасць страшная і пакора лёсу апошняя, крайняя – чуецца ў тым плачу, у тым восенным дажджы, у той музыцы бяссільнага.
        Гэта ўжо не плач – гэта песня роспачы...
        I наўчаюцца той песні ў забытым краі яшчэ пад сэрцам матак. Яна снуецца тут вякамі. Яе шумяць тут панскія дубровы, гудзяць пяскі ў мужыцкім полі, жабы кумкаюць вясну і лета ў выгарах-балотах. Яе тут шэпчуць гнілыя стрэхі вясковых хат, скуголяць свінні ўзімку ў дзіравым хлеве, рыкаюць вясною галодныя каровы. Яе крычыць тут кожны бацька, калі цягнецца з карчмы да хаты па калюгах ніколі непаладжанай дарогі, сярод абы-як, абы толькі, абы з рук уробленых палёў.
        I гэтую песню бацькоў сваіх выплаквае цяпер тут перад вамі герой наш Хомка.
        Вось узняўся ён на крывых ножках пад мокрым падалом. Уздыхнуў глыбока, цяжка – і зноў прысеў.
        Узяў кіёк і аглушона барабаніць па бляшанцы, што была калісь пад газу і што падаравала яе Малка Лейзарыха яго маці за бабскія паслугі.
        А пхэ! Нецікавае дзіця – герой наш. Увесь у соплях, і нямыцька, і худы, а жывот – як той бубен: так выпнуўся ў дзіцяці ад пушнога хлеба і бульбы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.