РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ціхая плынь
Забыты край
Герой гісторыі
Горкая прамудрасць
Школа жыцця
Млявыя сненні
Кірмашовыя прыемнасці
Парогі
КІРМАШОВЫЯ ПРЫЕМНАСЦІ
        
КІРМАШОВЫЯ ПРЫЕМНАСЦІ

        
        
I

        
        У цяньку, пад павеццю, ля дрывотні, яшчэ не растаў халадок ліпнёвага рання. Але ўверсе, над пуняю, ля самага вільчыку, ужо ліецца-пераліваецца жывое срэбра з нагрэтага паветра, дакляруючы кірмашоўцам гарачы дзень на кірмашы ў Лугвеневе. Дрыжыць яно і мітусіцца і ўжо патроху знікае з воч, і ўжо няма... скрозь – сіняе, блакітнае, бы лёнаў цвет, вялікае цёплае неба.
        А ўнізе, пры сценцы пад хатаю, на саменькім прыпёку і пад тым святочным блінным пахам, што так прыемна тхне з напята расчыненых дзвярэй, ляжыць кудлатая Курта. I ўжо дужа прыпякае Курту, і ліпнуць ёй, як восвы, на з’едзенае ў больку вуха бязлітасныя мухі з гною. Размарыла сонейка гультайку, і яна з прысілу, хаця б мала-мала шавяльне сваім кудлатым, як каўтун, хвастом і з крайняе патрэбы схавае раскрываўленае вуха ў лапу. З цярпліваю няўмешкаю ўва ўсякія звычайнью, і часам незвычайныя, людскія справы бокам плюшчыць Курта вочкі ад бліскучых Петраковых ботаў, якія Хомка давёў да глянцу, што аж можна паглядзецца ў іх, як у люстэрка, і выставіў на ганку.
        Недарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Пара, пара схадзіць і Хомцы! Сёлета ў касе ідзе ён з Петраком плячо ў плячо, як зусім вялікі хлопец. А Пятрок, праўда, што гаспадарскі сын, другі ўжо год шукае-выбірае сабе жонку, ездзіць у сваты. Абы свята – ён на ігрышчах, на кірмашах. Пятрок ездзіў у Смаленск, разы два пабыў у Магілёве, а Оршу, дык і лічыць яму няма чаго! Пятрок хваліўся, што ехаў у Смаленску на трамваі. На параходзе і то ўжо плыў ён, калі з хлапцамі і дзяўчатамі хадзіў у Бялынавіцкі манастыр. Хомка ж, блізу роўны яму ў рабоце, нідзе далей Лугвенева і станцыі не быў і свету бадай зусім не бачыў.
        А балазе – Пятрок! А то ж і сёння павёў бы Хомка пасвіць коні. Ды вось, за колькі дзён да кірмашу Пятрок надумаўся, дакляраваў і пастукаў сабе кулаком у грудзі, што зводзіць на кірмаш хоць раз і Хомку. Ужо ж вялікі, брат ты мой, хлапец! Дзеўкі лупаюць вачыма на яго пушок пад носам, хоць і пад кругленькім яшчэ, дзіцячым носам. Калі няма ім большых хлопцаў, дык лезуць да яго, чапаюцца, жартуюць... А ён – як і не хлопец; бацька забірае сабе ўсё, што ён заробіць, і не пашыў яму яшчэ ніводных ботаў, не справіў сыну аніякіх ні разу ўбораў... Пятрок сказаў, што дасць Хомцы на кірмаш свае старыя боты, а ў свайго бацькі папросіць яму чорныя штаны і саламяны брыль. Брыля гаспадар не шкадаваў, бо той брыль быў надта ўжо стары, запэцканы і ў дзірках: дастаўся ён гаспадару шмат год таму назад ад старэнькага дзяка-нябожчыка за нейкія паслугі. Але штаны нарабілі нямала клопату. Даў бы Пятрок свае старыя, дык дужа вялікія на Хомку. А гаспадар упёрся, што не дасць сваіх новых штаноў. Зло брала старога, чаму Юрка не справіць сыну чорных штаноў, бо сын жа ходзіць па людзях не першы год і зарабляе... Чаму ж ён яму не справіць хаця з чортавае кожы? Нешта аднаго разу, пасля спрэчак старога з Петраком, усё за гэтыя штаны, Хомка неяк украдня шуснуў за парог і пабег у пуню. Гаспадар выйшаў за ім следам і неўспадзеўкі дапільнаваў там, што Хомка горка плача, схіліўшыся ў куточку на сцяну. Бачыце, лагодная Хомчына натура, узгадаваная ў старых звычаях, забараняла яму выказаць свой жаль на бацьку пры чужых людзях, і ён схаваўся краіць сэрца ў пуню. Стары ад такога ўчынку расчуліўся і сказаў Хомцы, што дасць яму надзець штаны, каб толькі ж уважаўся, каб не падраў, каб не запэцкаў дзёгцем ці ў зеляніну, лежачы на траве. «Глядзі ж, Хомачка, глядзі, шануй іх, бо яны ж новыя!» – настаўляў яго стары, калі даваў штаны.
        На кірмашах Хомка, блізу таго, ніколі і не быў. Гаспадаровы дзеці пойдуць, а ён, служка, астаецца пасвіць коні. I толькі цьмяна-цьмяна засталося ў памяці, як вазілі яго хворага ў Лугвенева, у больніцу, калі якраз быў і кірмаш. Ён пралежаў тады цалюткі дзень на сваіх калёсах, сярод голага лесу ўзнятых і падвязаных аглобляў, мноства коні і кароў, натаўпу людзей. Ён бачыў там чорных цыганоў, крыклівых, газардоўных. Яны таргавалі ў мужыкоў коні і ўсё плёскалі тым мужыкам па далонях. Яму тады балела галава, яго дужа нудзіла, і не карціла яму, хвораму, браць у рукі паліванага коніка, у зялёныя і жоўтыя шнурочкі, што купіла яму матка. Так і ляжаў прыгожы конік без увагі. А гасцінцы: вялікая цукерка ў залатой, з прыгожымі махрамі паперачцы, вясла дробненькіх жоўценькіх бублікаў і кухан, ліпкі ад нечага салодкага і з паколенымі згары дзірачкамі, – усе гасцінцы тады, неспадзявана, згубілі ўсякую прынаду. Да калёс прыходзіла худая і лупавокая Малка, Лейзарава жонка, таго Лейзара, што некалі меў у Гарадцы, а потым у Асмолаве кузню. Цяпер яны пераехаўшы ў Лугвенева. Маці і Малка гаманілі, казалі адна адной, бабскім звычаем, пра ўсе свае злыдні і нястаткі, уздыхалі, жаліліся, адылі пакорна жартавалі і смяяліся самі з сябе. Калі хто бачыў, як смяюцца цяжкахворыя або скачуць сухотнікі, дык гэты смех быў тое самае ці нешта надта падобнае. Малка шадзіла шурпатаю рукою Хомку па галоўцы; і хаця было непрыемна, ён дараваў ёй. А яна чамусьці, відаць, забыўшыся, звала яго не Хомачкам, а Хвядоськам і пыталася, ці ён яшчэ не забыўся на Іцыка і Ханку, яе дзяцей: бывала, гуляў з імі ў Асмолаве і не біўся, як другія дзеці, дужа дружыў з Ханачкаю, ды неяк аднойчы ўкінуўся з ёю ў глыбокую ямку з вадою, і ўсе тады надта спалохаліся – думалі, што яны там зальюцца. Хомка троху прыпамінаў, але невыразліва баўтануў галавою, бо не меў ахвоты размаўляць і аж дзівіўся, адкуль гэта ў іх, у маці і ў Малкі, бярэцца столькі чаго зюкаць. Ну, пагаманілі б троху – і даволі, дык яны гамоняць, і гамоняць, і гамоняць - Малка ж гладзіла яго негенька, як тады Іцыка, і казала вельмі жаласна, што бедненькі Іцык цяжка хварэў на шкарлатыну і памёр у яе на руках і на вачах у самога пана доктара Квятгоўскага. А весялей казала, што яе разумную, уф якую разумную, Ханачку заможная бабуля ўзяла да сябе ў Смаленск і адукуе там у такой школе, у якой вучацца толькі паненкі, дочкі заможных людзей.
        Эх, калі тое што было! Цяпер Хомка – дарослы і пойдзе на кірмаш як мае быць. Боты, брыль, чорныя штаны і белая вышываная кашуля! А коні папільнуе сёння гаспадар: дзеля вялікага хлапца, як цяпер Хомка, здаўся стары на такую ласку.
        – Баржджэй, Хамец! – гукае Пятрок. – Баржджэй, бліны ўжо на стале.
        Ды Хомка і сам хапаецца, каб ногды не спазніцца. Не рана ўжо... Над страхою пчолы гудуць ужо па-дзённаму. Кулямі дзвінькаюць яны цераз пуню з саду, а ў тое замор’е, што сінімі мядовымі краскамі зацвіло. Вулькаюць галубы на вільчыку, пішчаць галубяняткі ў падвешаных пад стрэху катухах, ціўкаюць на плоце і на пуні верабейкі. Разгулялася пагода. Хыкае, высалапіўшы язык, Курта і стамавана і па-гультайску віляе на Хомку кудлатым сваім хвастом. Пахне блінным пахам... Добра будзе на кірмашы...
        – Слухай, Хомка! – казаў дарогаю Пятрок. – Слухай, братка! Я там сёння буду гуляць з гарадчанскаю Аўдуляю, а гарадчанскія хлопцы, ліха іх ведае, можа, зачэпяцца біцца... Дык ты пільнуй! Як якое што, дык ты мне міргані, а сам зараз гукай асмолаўцаў.
        – Добра, добра, – патураючы, адказваў Хомка, але нешта трывожлівае і непрыемнае скаўзанула яму краем пад лыжачкаю. Нашто гэта біцца? Вось яму так добра... I ўсім павінна быць добра. Хаваючыся ад сябе самога, сарамліва аглядае сябе ён: боты блішчаць... праз саламяны брыль падзьмухае ветрык. I так ён здаволены, так радасна дыхае лёгкім паветрам у полі, з такою ўлюбёнасцю аратая лашчыць вокам ніву, што пра бойку яму і думаць не хочацца. Да ўсіх казаць нейкія найласкавейшыя словы, усім рабіць нешта найпрыямнейшае жадаецца яму.
        Хто пазнае ў ім парабка? Сына заняпалага п’яніцы Юркі? Ён, кажуць, хлопец як хлопец: можа, і не дужа прыгожы, а ўсё ж ткі троху прыгожы. А цяпер жа так прыбраўся! У Лугвеневе збярэцца шмат харошых дзяўчат, вясёлых і хораша ўвабраных, – і Хомка будзе любавацца на іх, колькі яму захочацца. I яны будуць з ім, як з роўным. Ніхто не падумае пра яго што благое: гуляе хлопец на кірмашы – ну і гуляе!
        – А ведаеш ты што, Пятрок, – кажа ён, калі ў дарозе параўняліся з гаем, – скіну-тка я тут боты... Нагам лягчэй, і боты на карэнні збівацца не будуць... а?
        Пятрок усміхаецца: надта ўжо клапоціцца батрак аб гаспадарскае дабро.
        – А як сабе хочаш, – кажа ён.
        Пакуль Хомка разуваўся, іх нагналі другія асмолаўскія хлопцы, і са смешкамі і жартамі пайшлі ўсе гаманлівым і вясёлым, смелым грудам.
        
        
        
II

        
        Няўпрыцям прыйшлі ў Лугвенева, знайшлі знаёмых, і яшчэ знаходзілі з усіх бакоў, і разглядаліся па ўсіх баках, а глядзелі так, быццам яны зваявалі гэтае мясцечка або нейкую радасць прынеслі яму, што прыйшлі кірмашаваць...
        Хомка тут яшчэ раз паслухаў Петраковыя наказы, як рабіць у магчымай вайне з задзірлівымі гарадчанамі, а тады неяк адбіўся і адзін удаўся ў натаўп. Ён ведаў, што Пятрок спачатку будзе шукаць Аўдулю, – а пакуль то яшчэ знойдзе! – потым з ёю паходзіць, пагуляе і будзе, мусіць, частаваць яе півам, а вайна калі і пачнецца, дык жа не зараз. Хомка быў адзін спаміж мноства людзей, і немаведама чаго – нейкі сум агарнуў яго... I грошы ё ў кішэні, можна купіць салодкае вады і пражаных сланечнікаў і можна пакатацца на драўляным кані ў крузе пад музыку. Аднак ён меўся ў адзіноце, нясмеласці і яшчэ ў прыкрасці ад вагання: патраціць на сябе гэтыя грошы, якія даў Пятрок, ці не патраціць? Другія хлопцы скакалі да знямогі, а Хомка некалькі разоў памыкаўся запрасіць на польку маладзенькую дзяўчынку з Гарадца, просценька, але міленька ўвабраную, маўклівенькую, але харошую, ды аніяк не мог насмеліцца. Калі вялікі груд глядзеннікаў раптам шухнуў у бок ад заядлых скакуноў, што быццам азялелі і не бачылі нікога і нічога каля сябе наўкола, яна мімаволі схапілася за яго руку, каб не заваліцца, і ён, наш бедны, сарамлівы Хомка, асалавеў ад радасці і, сам не ведаў што, залапатаў ёй нешта, а сэрца ў яго буйнабуйна затыхала.
        – Ганутка! – крыкнула ёй яе таварышка з кругу, думаючы, што яны ў пары. – Чаму ж ты з ім не скачаш? – і засмяялася.
        – Пойдзем, калі хочаш! – коратка кінула яму Ганутка, і не паспеў ён абдумацца, як нязнаная сіла скранула яго рукі-ногі і пакруціла яго з ёю ў польцы.
        Скакаць Хомка не дужа ўмеў, і скакаць было нязручна: пара налятала на пару, цяснота, а ногі збіваліся з тахту, бо кірмашовы гук і галас тушылі музыку... Вялікі пыл абняў тут усё чыста. Хомка, апрача таго, саромеўся сваіх потных, ажно мокрыя былі, далоняў... I ніяк не мог сябе прымусіць, каб не глядзелася няведама куды міма Гануткі, а каб глядзелася троху пад ногі, а троху ж і на Ганутку. Дык жа не: кінуць вочкам ёй на плечка ён сяк-так яшчэ мог, а вока ў вока – аніяк! I не меў ён таго здаволення, аб якім так летуцеў.
        Па скоках ён сарамліва ёй падзякаваў, а яна шчыра ці няшчыра, але з дзявочай ласкаю прамовіла:
        – Як ты добра скачаш... З табою дужа лёгка...
        I трошку з ім прайшлася. Апынуліся ля будкі з салодкаю вадою. У будцы таргавала якраз Малка. Яна прыглядалася-прыглядалася, але ў такім вялікім і прыбраным хлопцу нізашто б не пазнала Домнінага Хомачку. Калі ж ён падаў руку і сказаў ёй, недамыслівай: «Я – Домнін сын», – Малка паставіла яму і яго дзяўчыне самую вялікую пляшку салодкае вады і два гліняныя кубачкі, хаця другім парам давала толькі па адным, насыпала дзве шклянкі падсмажаных сланечнікаў, паклала два пернікі (якія тут завуцца папраднікамі) і пахваліла Ганутцы Хомку, нібы нейкага свайго радню. Хомка трошачку вагаўся: ці купляць тыя пернікі? Але Ганутка, адчуўшы гэтае ваганне, так прыхільна сказала дзіцячым поглядам сініх вочак: «Не трэба, до і без іх», – што яму раптам незвычайна забажалася канечне ўбачыць пернік на яе чырвоненькіх, мякенькіх вусначках.
        Калі ж яны так сядзелі і частаваліся, падышоў сюды дзед з цэлым бярэмам дудак-пасвісцелей. Дзед перакінуў бярэма на левую руку, узяў адну пару, прадзьмуў іх, абцёр і зайграў вясельную песню, каб прывабіць на свой тавар купцоў. Усе – і Хомка, і Ганутка, і нават заклапочаная сваім убогім торгам Малка – з прыемнасцю слухалі, як ён іграў. Груд моладзі абступаў усё цясней старога дудачніка, аж вось нейкі паніч, мусіць, паповіч ці малады настаўнік, захацеў выбраць у яго адну пару. Перабіраючы ўсё бярэма, якое стукала, як стукае ўсё пустое з тонкімі і звонкімі сценкамі, ён сказаў аб адной пары:
        – Эта пара нікуда негодна!
        – Нягодна, малады чалавек?! – вясёла звярнуўся да паніча дудачнік, узяў гэтыя дудкі з бярэма і, не адвязваючы іх, а толькі троху да іх нахіліўшыся, зайграў... Ды так зайграў, што вялікі груд людзей адразу сцішыўся, слухаючы.
        – А што: нягодна, малады чалавек? Во і бярыце за тры капейкі ды грайце на здароўе, пацяшайце сябе і добрых людзей... Толькі вы на іх так не зайграеце.
        Тады Хомка нясмела пахваліўся сваёй дзяўчыне, што і ён умее іграць на пасвісцелі, толькі, пэўна ж, так, як дзед, ён не зайграе... А дзяўчына прыхільна слухала.
        Тым часам недалёчка адгэтуль у Петрака пачаўся з гарадчанамі вялікі неспакой. Гарадчане, наругаючыся, махалі грушавымі тросткамі, абступіўшы з усіх бакоў сваёю вяткаю яго і Аўдулю. I ўвесь разбойны натаўп марудна рушыўся да Малкінае будкі. Пятрок шныхаў вачыма, шукаючы Хомку і асмолаўскую грамаду. Малка, пачуўшы нядобрае, штосьці шапярнула Хомцы на вуха. Ён ускочыў і меўся кінуцца туды, дзе скачуць, бо там былі бязмаль усе асмолаўцы. Аж у той жа момант, на ваччу, як зміргнуць вокам, бусайла-гарадчанін перацягнуў Петрака па плячах сукаватаю папірашкаю і распаласаваў яму крамны чорны пінжак. Ганутка ўхапілася з вялікага ўпуду за Хомку так, што яму няможна было вырвацца. Беглі на падмогу асмолаўцы, уцякла некуды Аўдуля, загаласіла Малка ў небяспецы за свой тавар. Другі нейкі гарадчанін, п’яны-п’янюсенькі, убачыў пры будцы асмолаўскага батрака з сваёю гарадчанкаю – і ані з тога ані з сёга дыргануў суножку пад Малкіным ятком-услонам... Усе цукерачкі, сланечнікі і бедныя мудрагелістыя асушачкі пасыпаліся ў пыл, вакамгненнем трапляючы ў кішэні ласых свавольнікаў-малечы, што тут як тут былі. Хомка на ўсю сілу, з абурэння, штурхануў п’янага буйлу ў грудзі, але неяк зачапіўся ботам за калячок ад будкі, адарваў абцас і сам шлёпнуўся і расцятнуўся ў пыле. На яго хтосьці заваліўся, хтосьці наступіў нагою, а белая вышываная кашуля жаласна запэкала і ўпэцкалася. Падбеглі асмолаўцы і зараз зваявалі гарадчанаў і аправілі Малкін гандаль, даўшы троху ў каршэнь гарэзлівай малечы і шчодра заплаціўшы за салодкую ваду, якой цяпер, пасля слаўнага бою, выпілі многа. Малка збольшага змятала ніткаю Петракоў пінжак, а Пятрок, у адной кашулі, стаяў героем сярод дружыны, рагатаў на ўсю глотку, смешна паказваючы, як была прыгода, і шкеліў з гарадчанаў, з таго, як яны ўцякалі пабітыя.
        – А дзе ж наш Хомачка? – пачалі пытацца хлопцы.
        А Хомка, збіўшы з сябе крыху пыл, уцёк за будку шукаць Ганутку... Сэрца яго зашчымела: дзяўчына сядзела з адным сваім гарадчанскім хлопцам, якраз браценнікам таго п’янога, што абярнуў услон. Хомка прыстоіў за рогам будкі, каб не кінуцца ім у вочы, і ўбачыў, што Ганутка смяецца, а той ёй нешта кажа. Хомка прыліп, калі пачуў: «Батрак... хварсіць у чужых ботах і ў гнілым брылі». Хомчыны рукі адразу асцюдзянелі. Яму нястрымана хацелася кінуцца на ворага, і кінуўся б, каб толькі не было тут гэтае Гануткі. Добрая ж і яна! Ды гостры гнеў хутка зацьміўся цяжкім прыгнётам, роспаччу і злосцю да ўсяго на свеце – так, як бывала і ў яго дзеда і ў бацькі, алкаголікаў. Яму цяпер было так, быццам ён – гэта не ён. Нехта другі, а не ён цешыўся з харошага жыцця яшчэ сёння раніцою. Нехта другі, а не ён, а калі ён, дык не ўчора надвечар, а даўна-даўна, як у тумане, сядзеў на раллі, скарадзіўшы жыта... Праляцела, як сон, і з нейкім болем і цяжкасцю вялікаю, што гэта ж ён сам сядзеў учора на раллі... адпачываў у чырвоным золаце сонца на захадзе... смакаваў сала з халодным блінам... радасна пазіраў на роўненькія слядкі ад кляцоў... на сваю добрую працу... I быў тады шчаслівы, здаволены жыццём – жыццём аратая, бо ў тым была праўда жыцця... I думаў тады салодка аб лугвенеўскім кірмашы, пагуляць на якім меў права за сваю працу... Хто ж гэта перамяніў яго, зрабіў яго іншым, адабраў у яго радасць і супакой і апаскудзіў яго? Чаго цяпер жыць? Адно... памерці! Але і думка пра смерць праходзіць безуважна... Усё на свеце нічога не варта... А бадай жа яно проклята было!
        Хлопцы знайшлі Хомку, пацягнулі з сабою і ўпаілі нейкаю бурдою – мешанінаю гарэлкі з півам і салодкаю вадою. I ўсё рагаталі, рагаталі... А потым, пабраўшыся пад пашкі, а іншыя, абшчапіўшыся з дзяўчатамі, пабрылі з песнямі, і ўсё з рогатам, з дурным гоманам у сваё Асмолава.
        Хомку валок Пятрок – і ўсю дарожачку строіў жарты з яго першага вялікага кірмашу, з яго першых заляцанняў да дзяўчыны і з таго адарванага абцаса. Ён выцягнуў абцас з Хомчынай кішэні, шпурляў яго далёка наперад па дарозе, станавіўся ракам, станавіў і Хомку так жа сама ракам – і абодва паўзлі па траве, курняўкаючы, як каты. Паўзлі да таго месца, дзе шпякнуўся абцас, знаходзілі яго, і Пятрок ізноў кідаў, і ізноў яны, п’яныя, вытвараліся катамі...
        Хомку было ўсё ‘дна. Тупое і цяжкое адурэнне пайшло на яго, прыціснула яго, згняло яго...
        Ён пакараўся Петраку, ішоў, поўз, смяяўся, крычаў, і пяяў, і хацеў плакаць... I з такім жа тупым подзівам заўважаў патроху, што няма ўжо дзённай духаты, што ўжо распаўсюдзілася прыемная вечаровая прахалода і налягае змрок з цёмнаю начою...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.