РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Альпійская балада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Замест эпілога
5
        
5

        
        Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у камяністай, зарослай крывулястым сасняком цясніне, якая, патроху вузеючы, адхонна падымалася ўгору.
        Не так увішна, як раней, Іван лез па замшэлых камянях, зрэдку спыняючыся, каб пачакаць дзяўчыну, што з апошніх сіл упарта плялася за ім. Ён думаў, што лепей было б вылезці з гэтай змрочнай расселіны; там, недзе наверсе, мусіць, было раўней і радзейшы быў змрок, які тут цёмным туманам пачаў напаўняць правалле. Але хлопец ужо не мог набрацца рашучасці, бо сілы яго таксама канчаліся. Зноў жа вельмі хацелася як найдалей адысціся ад горада, як найлепей выкарыстаць гэты дажджлівы вечар, які так дарэчы выдарыўся ім і надзейна схаваў ад аўчарак іх дзве пары слядоў. I ён патроху ўсё далей і вышэй прабіраўся ў горы, бо толькі там, у Альпах, быў які-ніякі паратунак – унізе ж, скрозь на дарогах, у далінах, іх чакала пагібель.
        Праклятыя горы! Ён быў удзячны ім за іх недаступнасць для нямецкіх ахоўнікаў з сабакамі, матацыкламі і заставамі, але ён пачаў ужо і ненавідзець іх за тое, што яны так бязлітасна адбіралі сілы і маглі ўшчэнт замардаваць чалавека. Гэта зусім не тое, што ў час яго папярэдніх уцёкаў з Сілезіі. Як там зручна было ўначы тупаць па роўнядзі, па палях і па сенажацях: зоркі ў светлаватым небе паказвалі шлях на радзіму. Пракрадваючыся ў нямецкія вёскі і фальваркі баўэраў, яны здабывалі што-кольвечы з ежы – гародніну і малако з бітонаў, нарыхтаваных ля веснічак для ранішняе адпраўкі ў горад. Увесь доўгі, надзіва пакутны ад бяздейнасці дзень яны, па чарзе вартуючы сябе, сядзелі, зашыўшыся дзе-небудзь у збажыне або хмызняку. Праўда, небяспекі хапала і там. Цэлы месяц прабіралася невялічкая група іх, абадраных, няголеных, страшных, да мяжы роднай зямлі. Невядома, як іншым, а яму дужа не пашанцавала тады: вырваўшыся ад немцаў, ён трапіў у рукі яшчэ горшых вылюдкаў, з выгляду зусім сваіх.
        Калі яго везлі ў горад, дык не верылася нават, што яны не жартуюць, – такія гэта былі звычайныя вясковыя хлопцы, без злосці, ляніва лаяліся на зразумелай мове, былі апрануты ў простыя сялянскія кашулі і пінжакі і, апроч драбавікоў, не мелі іншае зброі. Толькі ў таго, што быў з белай павязкай на рукаве, вісеў на плячы карабін. Такім жа карабінам быў узброены іхні начальнік Грыць.
        I цяпер вось горы – Лахтальскія Альпы – невядомы, загадкавы, ніколі не бачаны край, і ў ім – маленькая трудная надзея вырвацца на волю, дайсці да сваіх.
        Іван дужа стаміўся, і ў такі час, калі пачаў ужо прыглядацца, дзе б адпачыць, ззаду штось глуха стукнулася, па абрыве пасыпалася каменне. Ён азірнуўся – дзяўчына, абапершыся на рукі, ляжала на адхоне і, здавалася, не спрабавала падняцца. Тады і ён спыніўся, разагнуўся, перавёў дых, пачакаў. У расселіне цямнела. Зверху, амаль што нячуйны, сыпаўся дробненькі, як пыл, дожджык-імжака; каменне навокал ужо ледзьве шарэла; бязладнымі касмылямі чарнелі ўгары хваіны; абцяжаранае змрокам і непагаддзю, нізка асела неба. Мокрая вопратка, нагрэтая пры хадзе, злёгку парыла, і ўзмакрэлую спіну – варта было спыніцца – скаланалі дрыжыкі. Ён бачыў воддаль у змроку цёмны паніклы сілуэт сваёй спадарожніцы, ледзьве прыкметныя рухі яе галавы і нерухомыя, голыя да локцяў рукі – яна не ўставала. Тады ён, пераадольваючы неахвоту, сышоў уніз, сунуў за пазуху браўнінг і, нагнуўшыся, за падпахі асцярожна прыпадняў яе лёгенькае, тонкае цела. Яна заварушылася пад яго рукамі, села, не падымаючы галавы, і ён, пастаяўшы, з самотай падумаў, што прыйдзецца, відаць, на тым скончыць першы свій пераход і заначаваць у гэтым распадку.
        Ён агледзеўся навокал – з аднаго боку крута ўгору падымалася нагрувашчанне скал ды камення, з другога схіл губляўся між змрочнае масы сасняку ўнізе – адтуль поўз і поўз угору змрочны, сыры туман. Ужо не згледзець было, якая там глыбіня, – толькі недзе далёка ў шызай парнай цішыні булькатаў ручай.
        Іван крануў яе за плячо, даючы тым знак пачакаць, а сам адышоўся далей, зноў паўзіраўся ў змрок, – у адным месцы скала ўгары трохі навісала над камяністым адхонам, утвараючы схованку. Схованка, вядома, была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата, але здарожанаму чалавеку абы якое ўкрыццё над галавой.
        Асцярожна ступаючы па вострых камянях, ён вярнуўся назад да дзяўчыны.
        Дзіва, куды падзелася яе нядаўняя жвавасць, яе гарэзліва-неразумная смеласць перад матацыклістамі – яна выглядала цяпер зморанаю мокраю птушкай, недарэчным лёсам закінутай у гэтае каменне. Цяжка дыхаючы, яна не рэагавала на дотык ягонай рукі, не ўстала на ногі, а яшчэ болей сцялася ў маленькі ўпарты камячок і дрыжала.
        – Пайшлі перадыхнём, – сказаў ён. – Адпачнём, разумеш? Ну, шлаўфен трохі.
        На момант яна сцішылася, стрымала свае дрыжыкі, аднак не ўстала і не адказала, а ўсё сядзела, нізка звесіўшы голаў. Ён пастаяў яшчэ трохі, чакаючы, затым аберуч згроб яе пад калені, намерваючыся перанесці ў зацішак. Але яна з нечаканаю сілай тузанулася ў ягоных руках, нешта па-італьянску ўскрыкнула, трапыхнула нагамі, і ён выпусціў яе. Пастаяўшы трохі ў збянтэжанасці, ён са злосцю падумаў: «Ну і чорт з табой. Сядзі тут, прывярэда такая!» – а сам адышоўся пад скалу, адкінуў з-пад ног вастрэйшыя камяні і сеў, адразу страціўшы ўсе сілы. Толькі цяпер ён адчуў, як аслабеў, ужо з заплюшчанымі вачыма нацягнуў вышэй на патыліцу каўнер курткі і заснуў.
        Свет імгненна перастаў для яго існаваць, саступіўшы месца бязладнай жудасці сноў. Як заўсёды, гэты пераход быў такі непрыкметны, што здаваўся натуральным працягам пакутлівага дзённага быцця. Сон кожны раз сніўся яму адзін і той жа, ужо болей як год амаль кожную ноч перажываў ён не меншыя за рэальныя пакуты – падсвядомыя, трансфармаваныя пачуццём жахі аднаго дня вайны, які з нялюдскаю сілай, пэўна, навек адбіўся ў яго змардаванай псіхіцы.
        Пачыналася ўсё з вельмі рэальнага, вельмі пакутнага адчування бяды, якую толькі можа прынесці з сабой разгром. I хоць даўно мінулася, прыцямнела ў рэальнай свядомасці заступленая другімі – вялікімі і малымі бедамі – тая агромністая бяда, але ў сне, мусіць, памножаная на безліч пазнейшых, яна з неаслабнаю сілай катавала яго пачуцці.
        Як заўсёды, у першай з’яве гэтага сну была буйным планам сцяна абшарпанай украінскай мазанкі, на рагу якой вугалем значылася «гасп. Аляксеева» і пад ім – стрэлка, кірунак да гэтай гаспадаркі. Надпіс той быў, вядома, месячнай даўнасці, калі армія яшчэ наступала на Зміеў у абход Харкава, – цяпер жа ўся маса войск рухалася ў адваротным кірунку. Уначы тапілі ў рацэ цягачы, для якіх не было бензіну, раскідвалі па полі паразбіраныя гарматныя замкі, палілі ў садку штабныя паперы. На світанні ў гэтым двары, ля якога прытуліліся яны, пасля кароткай афіцэрскай нарады застрэліўся палкоўнік, што камандаваў групай акружаных. Іхняй роце загадалі прыкрыць адход, і трое байцоў з панылым лейтэнантам ля крайняй гэтай хаціны выкапалі ўранку вузенькі акоп-ровік.
        Гэта з таго, што было і запомнілася на ўсё жыццё. Але цяпер, у пакутным чадзе сну, палкоўнік той жыў, кідаўся па двары з планшэтам у руках і лаяў Галадая, які з чарнаморскага марака стаў камандзірам роты аўтаматчыкаў. Яшчэ невядома, чаму з ім, сяржантам Цярэшкам, у раўку сядзіць не Абдурахманаў, баец з іхняй разбітай батарэі, што амаль ніводнага слова не разумеў па-руску, а флюгпункт Срэбнікаў. Гэты дахадзяга Срэбнікаў замест таго, каб ладзіць да бою свій кулямёт, нямецкім цесаком ліхаманкава сашкрабае з гімнасцёркі свае флюгпунктаўскія мішэні і ўсё бурчыць сам сабе: «Ні кроку назад! Ні кроку назад!..» I разам з тым – зусім рэальны малюнак таго даўняга ранку: у ясным вясновым небе нараджаецца сонечны дзень, ад мазанкі наўкос цераз дарогу разлёгся сіняваты прахладны цень, пад плотам, асыпаючы долу расу, дрыжыць крапіва, быльнёг і гэтак жа дробненька трымціць, вібрыруе надзеты на калок гарлач. А за аколіцай па гасцінцы ў сяло ідуць танкі. Яны вось-вось павінны паявіцца з-за гэтае мазанкі, а Іван Цярэшка ніяк не можа ўставіць у гранату запал. З усяе сілы ён пхае яго пальцамі, але маленькі жоўты цыліндрык, быццам знарок зроблены таўсцейшым, чым трэба, ніяк не лезе ў адтуліну. Цярэшка нервуецца, спяшаецца, рызыкуючы падарвацца, б’е па ім кулаком, а калі спахопліваецца, дык бачыць, што ў акопе ён застаўся адзін, што ўсе таварышы пакінулі яго. I тады аднекуль прыходзіць разуменне, што яму трэба ўцякаць, што ён недачуў каманды на адыход. Іван кідаецца грудзьмі на бруствер, зрушваючы зямлю, стараецца вылезці з акопа, але налітыя незразумелым цяжарам ногі не слухаюцца яго, і ён спаўзае назад.
        А танкі – побач.
        Спалоханы іх грукатам, аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў, у суладным сваім палёце ён імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам – у другі, і тады з-за хаты, разрыўшы на павароце зямлю, высоўваецца танк.
        Іван разумее, што ўцячы не ўдасца, неяк самлела размахваецца і кідае на дарогу гранату. Але граната чамусьці не рвецца, а падскоквае і сіпіць паміж дзвюх каляін, і танк вось-вось аб’едзе яе. Івану робіцца страшна. У гэты час з танка заўважаюць акоп пад сцяной, крутнуўшыся на адной гусеніцы, танк збочвае, і тады невымоўны жах працінае Цярэшку: аказваецца, гэта ж свой танк – нашая «трыццацьчацвёрка».
        Іван на секунду млее ад таго, што ён нарабіў, затым, крутнуўшыся, кідаецца назад і ледзьве не натыкаецца тварам на шырокі блішчасты нажавы штык, настаўлены ў яго – немец імгненна робіць кароткі выпад, і штык мякка, нібы штосьці чужое, пранізвае ягоныя грудзі. Іван ведае, што гэта канец, што ён забіты, і аж захлынаецца ад роспачы, хоць болю чамусьці зусім не адчувае.
        Звычайна тут ён прачынаецца ад неадольнага страху, але ў гэты раз свядомасць яго існуе нібы асобна ад цела, яна абнадзейвае, што гэта яшчэ не ўсё, што наперадзе будзе яшчэ палон, уцёкі, – таму ён не можа загінуць, нават і прабіты штыком.
        Сонныя гэтыя прывіды неўпрыкмет змяняюцца іншымі. Ён ужо апынаецца ў вёсцы, у сваіх Цярэшках, на старажытнай зямлі крывічоў, і быццам гэта адбываецца да вайны, нават да яго прызыву на службу. Паколатай авечымі капытамі, гразкай вуліцай ён бяжыць на аселіцу да калгаснага свірна, куды, ведае, прыгналі са звязанымі рукамі Галадая і з ім яшчэ некалькі знаёмых гефтлінгаў. У Івана разрываецца сэрца ад крыўды і ад бегу, здаецца, што ён спозніцца і не дакажа людзям, што нельга спаганяць злосць на палонных, што палон – не віна іх, а няшчасце, што не яны здаліся ў палон, а іх узялі сілаю.
        Але ён не дабягае да аселіцы. Босыя ногі яго вязнуць у цяжкай, ліпкай гразі, ён ледзьве варушыць імі, таксама як і рукамі і ўсім целам, і бяжыць, нібы ў вадзе, марудна і цяжка. Выбіраючы дарогу, ён збочвае да плота і раптам бачыць на ім нечыя галянастыя босыя ногі. Ён ускідвае галаву: на верхняй жэрдцы сядзіць незнаёмая, першы раз бачаная ім дзяўчына з чорнымі, высока ўскінутымі брывамі, у бялюткім як снег плацці. Яна зіхатліва-радасна ўсміхаецца яму чорнымі, нібы спелыя слівы, вачыма і кажа: «Чао, Іван!»
        I ён спыняецца, раптам забыўшыся на хлопцаў і на ўсё на свеце, ён рады, шчаслівы, збянтэжаны сустрэчай з ёю, першы раз убачанай, але быццам здаўна вядомай яму, бо яна – гэта тая, што ўсю маладосць жыла ў неўсвядомленых яго марах. Захліпнуўшыся радасцю ад гэтай сустрэчы, ён кідаецца да плота, да яе, але тут жа, зірнуўшы на сябе, спахопліваецца – ён жа толькі што з работы, з поля, ад трактара, на ім старыя, залапленыя на каленях штаны і аблезлая на плячах кашуля. Збянтэжаны, ён спыняецца, хмурнее, яна таксама зганяе радасную ўсмешку на сваім незвычайна сонечным твары, меркне яркая белізна яе плацця, і паступова яна знікае, бы здань.
        Тады ён кідаецца да плота, хапаецца за жардзіны, вырывае аблытаныя лазою калы, але перад ім паяўляецца яго маці. Паклаўшы на тую верхнюю жэрдку рукі, яна ціха стаіць па той бок у бульбоўніку, уся ў цёмным сялянскім убранні, і журботна кажа яму: «Фашыстоўка яна. На хлопцаў тваіх немцам даказала...»
        «Дзе яна? Дзе яна?» – хоча закрычаць ён, але не можа гэта зрабіць, бо на яго шыі вяроўка – чорны шаўковы шнурок, на якім заўжды пад барабанны бой вешалі ў лагеры. Яна заціскаецца, нацягваецца, і другі канец яе, як почапка, валачэцца за недадушанай ім у раўку аўчаркай. Аўчарка жывая і дужая, яна моцна тузае, ён падае, хоча закрычаць, але голас у яго прападае, і тады ад нейкага ўнутранага штуршка ён прачынаецца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.