РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Альпійская балада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Замест эпілога
22
        
22

        
        Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла яго ў самае сэрца. Яно здрыганулася так моцна, што здалося, ледзьве не вырвалася з грудзей. Ён прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык:
        – Во біст ду, руссэ? Зі гебэн фір ін брот! Зі габэн філе брот1.
        Над лугам патроху світала, сонца яшчэ не ўзышло, было непрытульна і шэра. Мусіць, напаўзло воблака, і гор не было відаць – клубчастая кудзеля туману, чапляючыся за паніклыя росныя макі, паўзла ўздоўж схілу. Іван адразу тузануў з Джуліных ног скуранку, дзяўчына прахапілася і спалохана загаманіла нешта, а ён, стоячы на чацвярэньках, пільна ўглядаўся ўніз, адкуль данёсся крык. Праз колькі секунд хлопец здагадаўся, што гэта – вар’ят, але адразу ж здалося: ён не адзін, з ім людзі. I сапраўды, не паспеў ён праз туман каго-небудзь згледзець, як пачуў сцішаны пагрозлівы вокліч: «Гальтс маўль!»2 і звычайную нямецкую лаянку.
        Джулія таксама пачула гэта, зразумела ўсё і кінулася да Івана. Учапіўшыся за рукаў ягонае курткі, яна ўтрапёна ўзіралася ўніз, у дымнае месіва туману, сярод якога, здалося, мільганулі чалавечыя цені. Ён схапіў яе за руку і, прыгнуўшыся, падцяг да ручая, дзе было ніжэй. У другой ягонай руцэ была скуранка, калодкі ж яе засталіся недзе ў маку.
        Моўчкі з усяе сілы яны кінуліся збоч ручая ўгору.
        Іван таропка сігаў па беразе, пераскокваючы камяні, і не выпускаў з свае рукі пальцаў Джуліі; дзяўчына ледзьве спраўлялася за ім і ўсё палахліва азіралася. Іван шукаў позіркам якога зручнага месца, каб перабегчы цераз ручай на той бок, – там можна было схавацца ў скалах і высокіх зарасніках рададэндрану. Але паток разгоніста імчаў з гор, не абяцаючы нідзе пераходу, – сунуцца туды было безнадзейна.
        «Добра, што воблака! Добра, што воблака!» – стукала ў Іванавай галаве думка. Імклівае клочча туману пакуль што трохі хавала іх ад немцаў, якія былі недзе зусім блізка. «Пракляты вар’ят, чаму я не забіў яго? Усе яны аднае пароды – і разумныя і звар’яцелыя. Вось і яшчэ здрада! Ці не апошняя?..» – у роспачы думаў Іван і бязлітасна валок Джулію, не выпускаючы яе рукі. Яны ўжо мінулі заваротак ручая, узбеглі на бераг, далей было адкрытае месца. Перш чым выскачыць на лугавы росны прастор, хлопец упаў на калені, прыўзняўся, цяжка сапучы, зірнуў уніз – туман прыкметна радзеў, ужо сталі відаць дальнія камяні ў маку, выспа, дзе ён учора сустрэў вар’ята. I тады ў туманнай прыцьмеласці паветра ён згледзеў некалькі немцаў – нешырокім ланцугом, разбрыўшыся па лузе, яны набліжаліся да выспы.
        Немцы яшчэ не бачылі іх. Уцекачы, нямала прабегшы, ужо далекавата адышліся. Іван зірнуў на Джулію – на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. «Хоць бы вытрымала! Хоць бы яна вытрымала!» – прагна жадаў Іван, бо ў такім іх становішчы толькі ўласныя ногі маглі даць паратунак. I трошачкі аддыхаўшыся, ён зноў тузануў яе за руку. Яна – відаць было – бегла з вялізным напружаннем, але не адставала ад яго.
        Шумна дыхаючы, яны ўзбеглі ўжо куды вышэй сярэдзіны лугу, ногі па калені намоклі ад расы, бег іх, аднак, з кожнай хвілінай станавіўся маруднейшым. Іван пачаў прыкметна накульгваць на правую нагу, якая стала надзіва непаслухмянай, нібы пераседжаная. Спачатку ён так і падумаў, што, задрамаўшы, адседзеў яе, але непадуладная млявасць у ёй не міналася, пад каленам круціла сухажылле. Джулія неўзабаве заўважыла тое і спалохана тузанула яго за руку:
        – Іваніо, нога?
        Ён правалок нагу па траве, стараючыся ступіць як мага натуральней, але гэта яму не дужа ўдалося. Тады Джулія, азірнуўшыся, кінулася да яго на калені і ўчапілася ў штаніну, хочучы агледзець рану.
        – Надо вязать, да? Я немножко вязать, да?
        Ён настойліва адхіліў яе рукі.
        – Нічога не трэба. Давай хутчэй.
        – Болно, да? Болно? – пыталася яна, зацяўшы трывогу ў вялізных сваіх вачах і запытальна ўглядаючыся ў яго. Ад стомы пад паласатай куртачкай шалёна хадзілі яе грудзі. Ускінутыя над вачыма жорсткія бровы нервова трымцелі.
        – Нічога, нічога...
        Перамагаючы боль, ён таропка пакульгікаў вышэй. Джуліна рука выслізнула з яго пальцаў, і ён не ўзяў яе – дзяўчына, штораз азіраючыся, бегла побач.
        – Іваніо, аміка, мі будэм жіт? Скажі, будэм? – з роспаччу, ад якое разрывалася сэрца, пыталася яна на бягу.
        Хлопец зірнуў на яе, не ведаючы, што адказаць, і ўбачыў столькі мальбы і надзеі ў яе позірку, што паспяшаўся схлусіць:
        – Будзем, вядома. Хутчэй толькі...
        – Іваніо, я хютчэй. Я бістро. Я карашо...
        – Добра, добра.
        Яны ўжо дабеглі да верхняе мяжы лугу. Тут недзе ў камянях пачыналася сцежка, па якой яны трапілі сюды ўначы. У гарах-скалах, мусіць, можна было б затаіцца. Але воблака, пэўна, ужо спаўзло з лугу, навокал яшчэ болей развіднела, туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. «Чорт, няўжо не вырвемся? – затрымцела трывожная думка. – Няўжо згледзяць? Не, таго не павінна быць!» – супакойваў сябе Іван і крочыў усё вышэй. Маючы немалы вопыт уцёкаў, ён разумеў усю складанасць такога становішча і ведаў, што калі немцы заўважаць іх, то, бадай, ужо не выпусцяць.
        Сцяжыны, аднак, не было, яны ўсё лезлі па травяністым лугавым схіле. Добра яшчэ, што пад’ём быў некруты, адно дапякалі нізкарослыя зараснікі рададэндрану, якія моцна скалолі іх босыя ногі. Праўда, трохі вышэй пачынаўся хваёвы сланік, у ім ужо можна было схавацца. Джулія не адставала, дарма ён непакоіўся: босая, з акрываўленымі ступнямі, яна лезла трошкі ўперадзе ад яго, і, калі азіралася, ён бачыў на твары такую рашучасць уберагчыся ад бяды, якой не прыкмячаў за ўвесь іхні шлях ад лагера. Цяпер ёй быццам не шкодзілі ні камяні ў доле, ні стома, ні калючкі і патырчакі, – здаецца, нібы тыгрыца, яна гатова была люта змагац-
        ца за жыццё.
        – Іваніо! Скора, скора!
        Ужо яна падганяла яго! Адзначыўшы гэта, Іван сцяў зубы, – здаецца, справы ягоныя станавіліся дрэнь: нага ўсё болей налівалася цяжарам. Ён цішком саўгануў разадраную штаніну ўгору і зараз жа апусціў – калена азызла, пасінела і зрабілася тоўстае, як бервяно. «Што за халера яшчэ – няўжо заражэнне?..»
        А тут, як на бяду, апошняе клочча воблака праплыло міма – луг стрымана зардзеў чырванню маку. I зараз жа з туману выплылі адна, другая, трэцяя, змрочныя, як тыя камяні, постаці немцаў. Чалавек восем іх стомлена ішло цераз луг, топчучы кветкі, зазіраючы ўгору на схіл.
        Далей ужо можна было не хавацца...
        Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія – некалькі секунд ад дыхавіцы яны не маглі вымавіць ні слова, толькі нема глядзелі на сваіх даганятых. А тыя адразу ж загаманілі, нехта, выцягваючы руку, паказваў на іх, данёсся зычны вокліч каманды. Усярэдзіне ланцуга валокся чалавек у паласатым, рукі яго, здаецца, былі звязаны за спіной, і двое канваіраў, калі ён спыніўся, штурхнулі яго ў плечы. Гэта быў, відаць, усё той жа вар’ят.
        Немцы заварушыліся жывей і, крычучы, кінуліся ўгору.
        – Ну што ж, – сказаў Іван. – Ты толькі не бойся. Не бойся. Хай ідуць!..
        Каб не замінала скуранка, ён надзеў яе ў рукавы і дастаў з кішэні пісталет. Джулія нібы скамянела ў панылай маўклівасці, бровы яе зусім самкнуліся, на твары ценем лёг выраз рашучай упартасці.
        – Так, пайшлі. Хай бягуць – зморацца.
        – Шіссен будэт? – здзіўленым голасам сказала Джулія, нібы толькі цяпер зразумеўшы, што ім пагражае.
        – Страляць далёка. Хай страляюць, калі патронаў шмат.
        Сапраўды, немцы пакуль не стралялі, яны толькі крычалі сваё «хальт», але ўцекачы таропка падаліся вышэй, да зарасляў сланіку. Джулія ўжо пазбавілася першай збянтэжанасці, зноў стала рухавай, рызыкоўнай і, здавалася, гатовай да ўсяго.
        – Пуст шіссен! Я не боялся. Пуст шіссен! – казала дзяўчына.
        Няспынна азіраючыся, яна блізенька падскочыла да Івана і ўзяла яго за руку. Ён удзячна паціснуў яе сцюдзёныя пальцы і не выпусціў іх.
        – Іваніо, эсэсман шіссен – мі шіссен! Мі нон лягер, да?
        Ён заклапочана сцяў бровы.
        – Вядома. Ты толькі не бойся.
        – Я не бойся. Руссо Іван не бойся – Джулія не бойся.
        Ён не баяўся. Вельмі ўжо шмат страху было перажыта ім за гады вайны, каб і цяпер баяцца. Як толькі немцы ўбачылі іх, ён неяк ураз супакоіўся, сабраўся ў адно, наліўся рашучасцю і спрытам – цяпер толькі б даў Бог сілы і яму, і Джуліі: прыглушаная трывога за яе ныла ў яго душы. Усе астатнія пачуцці ён задушыў у сабе, цяпер яны былі непатрэбны, яны шкодзілі. Ад гэтага часу ўступалі ў дзеянне жывёльныя інстынкты барацьбы, пачынаўся паядынак у спрыце, хітрасці, хуткасці – трэ было ўцякаць і берагчы сілы, не дапусціць на стрэл немцаў, прабіцца да аблокаў, якія з ночы нерухома ляжалі на вяршынях гор. Толькі так. Іншага выйсця ў іх не было.
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Дзе ты, рускі? Яны дадуць хлеб! У іх шмат хлеба. (ням.)
        2 Маўчаць! (ням.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.