РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Альпійская балада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Замест эпілога
24
        
24

        
        Джулія ляжала на каменным выступе за пяць крокаў ад абрыву і плакала. Ён не суцяшаў яе, не супакойваў – ён сядзеў побач, абапёршыся рукамі на шурпаты замшэлы дол, і думаў, што, пэўна, на тым усё скончыцца. Наперадзе і збоку да іх падступала круча, з другога пачынаўся круты скалісты пад’ём пад самыя аблокі, ззаду ў седлавіне сядзелі немцы. Атрымлівалася поўная, самая адмысловая пастка – трэба ж было гэтак наглуха ўлезці! Для Джуліі гэта было асабліва нечакана і пакутна пасля яе раптоўнай надзеі вырвацца, і ён цяпер не ўгаворваў дзяўчыны – не меў для гэтага слоў.
        З правалля несла золкаю сырасцю. Іх разгарачаныя целы пачалі астываць; навокал у скалах, нібы ў гіганцкіх комінах, гуў вецер; было хмарна і дужа няўтульна. Але чаму немцы не ідуць да іх, не страляюць? Стоўпіліся ўгары ў седлавіне – адны сядзяць, другія стаяць, абступіўшы паласатую постаць вар’ята гефтлінга. Іван угледзеўся і зразумеў – яны забаўляліся: курачы, тыцкалі ў яго цыгаркамі – то ў лоб, то ў спіну, – і вар’ят са звязанымі рукамі ўюном круціўся між іх, пляваўся, брыкаўся, а яны знай сабе рагаталі ды зноў тыцкалі ў яго цела цыгаркі.
        – Руссэ! Рэттэн! Руссэ!1 – данёсся роспачны крык вар’ята.
        Іван насцярожыўся – сволачы, што яны яшчэ рабілі там? Чаму яны такія бязлітасныя і бесчалавечныя да сваіх і чужых – да ўсіх? Няўжо гэта ад душэўнае нізасці і дзеля забавы?
        Падобна было, яны чагосьці чакалі. Толькі чаго? Можа, якой дапамогі? Ну, але цяпер ужо мала страху, цяпер пэўная фініта, як кажа Джулія; чацвёртыя яго ўцёкі, відаць, стануць апошнімі. Шкада толькі гэтае маленькае дзіва – гэтую цыбатую чарнавокую гаварліўку, шчасце з якой было такое хмельнае і нядоўгае. Хоць, праўда, ён і так быў удзячны Богу, ці лёсу, ці, можа, выпадку, якія паслалі яе ў самы апошні час; цяпер, пасля ўсяго, паміраць побач з ёй было ўсё ж лягчэй, чымсьці ў ненажэрнай печы крэматорыя.
        Джулія, здаецца, выплакалася, не хліпала, плечы яе перасталі ўздрыгваць, толькі часам пацепваліся, – мусіць, ад холаду. Ён зняў з сябе скуранку і, пацягнуўшыся да дзяўчыны, беражна ахінуў яе. Джулія ад таго здрыганулася, – відаць, перасіліла сябе, села і запэцканымі, паздзіранымі кулачкамі пачала старанна выціраць заплаканыя вочы.
        – Плёхо, Іваніо. Ой, ой, плёхо!..
        – Нічога, нічога. Не бойся! Тут два патроны, – паказаў ён пісталет.
        – Нон фортуна Джулія. Фіна. Фіна вітта2 Джулія, – журботна казала яна.
        Ён круціўся, варочаючыся ў доле, сачыў за немцамі, і ўнутры ў яго ўсё разрывалася ад бездапаможнасці і роспачы. Усё ж перад сваім сумленнем ён адчуваў сябе адказным за яе жыццё – толькі што можна было зрабіць? Калі б хоць трохі даступнейшая была круча, а то над безданню навіс пракляты карніз, за ім вытыркаўся другі, а дзе тое дно, і не згледзець было ў змрочным тумане. Ды зноў жа нага, хіба з ёй можна было не сарвацца з такой круцізны?
        – Руссэ, рэттэн! Руссэ!.. – аслабела крычаў з седлавіны вар’ят.
        Джулія тым часам, убачыўшы на гары немцаў, прыўстала на калені і сварліва-пагрозліва замахала на іх сваімі маленькімі кулачкамі.
        – Фашісто! Бріганті! Сволачі! Нэмт унс дох!3 Ну!
        У седлавіне прымоўклі, прыціхлі, і вецер неўзабаве данёс прыцішаны адлегласцю голас:
        – Эй, рус унд гуррін! Мі вас скоро убіваль!..
        I следам другі:
        – Ком плен! Бросай холодна гора. Шпацірэн горячо крэматоріум.
        Джулін твар зноў разгарэўся запальчывай злосцю.
        – Геркомэн! – махала яна кулачкамі. – Ком нэйм ір геркомэн унд унс голен! На ір ангст!..4
        Немцы выслухалі яе данесены ветрам голас, і адзін перад адным пачалі крычаць непрыстойнасці. Джулія, пакутуючы ад свае бездапаможнасці ў такім паядынку, толькі кусала вусны. Тады Іван узяў яе за плечы і прыгарнуў да сябе, дзяўчына паслухмяна падалася, прыпала да грудзей і ціха ў неспатоленай роспачы, як маленькае дзіця, заплакала.
        – Ну, не трэба. Не трэба. Нічога, – недарэчна супакойваў ён, сам з усяе сілы душачы ў сабе пяшчоту і роспач.
        Джулія, здаецца, неўзабаве сціхла, і ён доўга трымаў так яе ў сваіх абдымках, паныла думаючы, як здорава ўсё пачалося і як недарэчна канчаецца. Пэўна, зусім ён няўдачнік, самы недалужны з усіх людзей – не здолеў скарыстаць такой магчымасці, з-за якой прапалі чатыры хлопцы. Відаць, Галадай, Янушка і іншыя зрабілі б гэта куды больш умела – ужо дабраліся б да Трыеста і білі б немчуру ў партызанах, а ён вось увяз тут, у гэтых праклятых гарах, ды яшчэ, нібы воўка, даў загнаць сябе ў пастку. Эх, трэба было, як і браўся, ірваць тую бомбу – няхай бы ўцякалі спрытнейшыя. А так вось... Яшчэ загубіў і Джулію, якая паверыла табе. Спраўдзіў ты яе надзеі, няма чаго сказаць! Ды яшчэ нагаварыў, аб чым цябе не прасілі. Гэта было ўдвая кепска і балюча – усе намаганні, выходзіць, дарэмныя, усе надзеі рухнулі так недарэчна і так нешчасліва.
        Ён туліў да грудзей яе заплаканы твар і цьмяна праз боль сваіх пакут адчуваў і яе боль, таксама як і пяшчотнасць яе рук на сваіх плячах, гэта па-ранейшаму кранала да самай душы, і ад таго было яшчэ горш.
        Пасля Джулія села побач, паправіла рукой раскіданыя ветрам валасы.
        – Мало, мало валёс. Нон болшой валёс. Нікогда.
        Ён сядзеў насупраць і ад безвыходнасці толькі скрыгаў зубамі. Ягонае ўяўленне ніяк не магло прымірыцца з немінучай пагібеллю. Але што зрабіць?
        – Іваніо! – раптам ажывела ўсклікнула яна. – Давай манджаре хляб. Ест хляб.
        Яна дастала з кішэні абкрышаную іх пайку і з нечаканаю радасцю ў сумных вачах разламала яе напалам.
        – На, Іваніо!
        Ён узяў. Гэта быў болылы кавалак, чым той, што застаўся ў яе, але ў гэты раз Іван не стаў дзяліцца-мерацца – цяпер гэта было не так важна. З вялікаю і незразумелаю асалодаю яны праглынулі хлеб – апошнюю рэштку свайго прыпасу, які хлопец ашчаджаў да Мядзведжага хрыбта, і ён з новаю самотай адчуў непазбежнасць канца. Дзіўна было, але гэтая пайка раптам здалася апошняй магчымасцю выжыць, – з’еўшы яе, яны тым самым нібыта падагулілі ўсе свае жыццёвыя клопаты, і цяпер засталося толькі адно – перабыць якія хвіліны і канчаць. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Хлопцы на ўсходзе ўжо вызвалілі родную зямлю, выйшлі да граніц Саюза, і ён не сустрэне іх, хоць так ірваўся насустрач...
        Джулія ламала рукі, у роспачы аглядвала змрочныя дзікія закуткі гор і кідала кароткія позіркі на тых, што не адыходзілі, сядзелі, пільнавалі іх тут.
        – Іваніо! Где ест Бог? Где ест мадонна? Где ест справьядлівост? Почему нон кара фашізм?– пытала яна, роспачна выцягваючы на каленях тонкія смуглявыя кісці.
        – Ёсць справядлівасць! – прахопліваючыся ад гора, крыкнуў ён. – Будзе кара! Будзе!
        – Где ест кара? Где? Энгліш? Амерікано? Советуніон?
        – Так! Савецкі Саюз! Ужо ён не даруе ім гэтага! Ён паламае хрыбты гэтым сволачам!
        – Да? Правда? Советуніон сілно? Правда?
        – Ну, вядома.
        Джулія з раптоўнай абнадзейнасцю ў вачах памкнулася да яго.
        – Он карашо? Справьядліво? Благородно? Іваніо вчера говорі неправду, да? Шутіль, да?
        Ён сцяўся, як ад удару, адчуўшы сэнс тых яе слоў, што вырваліся з напоўненае тугою душы, некалькі секунд напружана згадваў, а пасля, быццам у новым святле і зусім інакшым, чымсьці раней, убачыў і яе, і сябе, і далёкую сваю радзіму, і тое, чым яна была для яго ўсё жыццё і чым магла быць.
        – Да! – рашуча сказаў ён. – Я жартаваў. Я хлусіў. Усё тое няпраўда. Мая радзіма – цудоўная. Добрая. Справядлівая. Лепш за яе няма. I людзі, і зямля! А што яшчэ будзе! Пасля вайны! Як павесяць Гітлера. Ты пабачыш...
        У неадольнай нястрымнасці ён ірвануў з долу жорсткія на камянях нараслі моху, у душы яго ўзнялася вірлівая хваля шырокага, да болю нясцерпна-тужлівага пачуцця да сваёй далёкай краіны, падступіла да горла, сцяла. Ён болей нічога не мог сказаць, бо адчуў, што гатовы заплакаць, чаго ніколі з ім не здаралася.
        Джулія, мусіць, заўважыла тое і лагодна дакранулася да яго калена.
        – Зачем так шутіль? Плёхо шутіль...
        – Прабач.
        Але немцы нядоўга дзівіліся іхняе вольнасці – неўзабаве нехта з іх сарваў аўтамат і, не цэлячыся, выпусціў чаргу. Кулі сям-там выбілі на камянях таропкія дымкі, якія хутка падхапіў вецер. Іван тузануў Джулію за палу скуранкі, дзяўчына неахвотна ўгнулася і затуліла галаву за камень. «Страляйце, сволачы, страляйце! Хай чуюць, – падумаў ён, маючы на ўвазе лагер, у якім заўжды прыслухоўваліся да кожнага стрэлу з гор. – Хай ведаюць: яшчэ жывыя!»
        Некалькі хвілін яны ляжалі за каменным бар’ерам і слухалі, як над цяснінай веснавым громам грукаталі чэргі. Кулі, аднак, рэдка заляталі сюды: мусіць, немцы болей палохалі. Пасля аўтаматы змоўклі, далёка адляцеўшы, рассыпалася і яшчэ не паспела заглохнуць рэха, як аднекуль з-пад лугу данесліся новыя, вельмі знаёмыя гукі. Ускінуўшы голаў, Джулія памкнулася нешта сказаць, але Іван жэстам спыніў яе, – абое яны ўслухаліся, напружанымі позіркамі ўзіраючыся адно ў аднаго, і Іван злосна вылаяўся – за седлавінай брахалі сабакі.
        Невядома, што тут сталася з хлопцам, – стоены, даўні гаеў раптоўна выбухнуў у ім. Іван усхапіўся, цяжка ўзняўся на шырока расстаўленыя хворыя ногі і стаў – угнуўшыся, страшны, раз’юшаны, безуважны да небяспекі.
        – Звяры! – закрычаў ён на немцаў. – Шакалы! Самі баіцеся – памочнікаў ведзяцё! Вядзіце, ну! Пушчайце! Чорта вам у зубы! Во! Не возьмеце вы нас! Во! Зразумелі?
        Яны, пэўна, лёгка маглі б застрэліць яго, але не стралялі – прыціхшы, яны намагаліся зразумець раптоўны бунт гэтага флюгпункта і наўрад ці зразумелі. А Івана, мусіць, ад нервовай узбуджанасці раптам працяў холад, цела яго зябка закалацілася, здаецца, пачыналася гарачка. Выкрычаўшы ўсё, хлопец міжвольна азіраўся – угары трохі праяснілася, у хмарнай навалачы з’явіліся блішчастыя, зіхоткія ад ранішняга сонца прагалы блакіту. Здалося, вось-вось павінен быў выплысці з хмар Мядзведжы хрыбет, да якога яны не дайшлі. Вельмі захацелася ўбачыць у небе сонца, але яго яшчэ не было, і ад таго стала дужа паныла.
        Затым ён і апусціўся на дол – тое, што павінна было вось-вось здарыцца, ужо не цікавіла яго – ён ведаў усё, што будзе. Ён нават не зірнуў, калі сабакі з’явіліся ў седлавіне, хлопец адчуў гэта па брэху і валтузні – відаць, аўчаркі ўвесь час ішлі па іхнім следзе і раз’ятрыліся пагоняй.
        Джулія раптам кінулася да яго, схілілася і затуліла рукамі твар.
        – Ой! Нон собак! Нон собак! Іваніо, эршіссен! Эр-шіссен!..
        Гнеў і збянтэжанасць, выбухнуўшы ў ім, адразу мінуліся, ён зноў стаў спакойны і роўны, з адною толькі турботай у душы – трэба канчаць. Забіць сябе было проста, куды цяжэй было зрабіць гэта з Джуліяй, але ён мусіў рабіць толькі так. Нельга было дапусціць, каб эсэсаўцы жывымі прыгналі іх у лагер і вешалі на страх іншым, – хай валакуць мёртвых. Калі ўжо не ўдалося здабыць волю, дык належала дапячы ім хоць сваёй смерцю.
        У гэты час немцы пусцілі сабак.
        Адна, дзве, тры, чатыры, пяць рудых, спушчаных з павадкоў аўчарак, распластаўшыся на бягу, шыбанулі па схіле ўніз; за імі выбеглі немцы. Імгненна сцяміўшы, што праз некалькі секунд яны апынуцца тут, Іван ускочыў, ірвануў за руку Джулію, тая кінулася яму на шыю і захліпнулася. Ён у глыбіні душы адчуваў, што трэба нешта сказаць, – самае галоўнае, самае важнае, але словы чамусьці зніклі. Сабакі ўжо несліся па лагчыне. Тады ён ірвануў яе ад сябе, штурхнуў на край кручы, да бездані. Дзяўчына не супраціўлялася, яна ўсё хліпала, нібы задыхалася, вочы яе сталі вялізныя, але слёз у іх не было – толькі знямеў сцяты страх і задушаны самою ў сабе крык...
        На абрыве ён кінуў позірк у глыбіню бездані – яна па-ранейшаму была змрочнай, сырой і сцюдзёнай; туману, аднак, там паменшала, і ў яе прорве выразней забялелі снежныя плямы. Адна з іх вузкім доўгім языком узбіралася ўгору, і ў яго раптам выразна бліснула думка-надзея – вялізная, дужа шчаслівая і страшная. Баючыся, што не паспее, ён нічога так і не сказаў Джуліі, а апусціў ужо ўзняты было пісталет і штурхануў дзяўчыну на самы край бездані.
        – Скачы!
        Яна адразу спалохана адхіснулася ад прадоння, ён яшчэ крыкнуў: «Скачы на снег!», але яна зноў усім целам хіснулася назад і заплюшчыла вочы.
        Сабакі тым часам выскачылі на ўзлобак ззаду. Іван адчуў гэта па іхнім брэху, які гучна прарваўся за самай спіной. Тады хлопец сціснуў у зубах пісталет і падскочыў да дзяўчыны. З раптоўнаю сілай ён схапіў яе за каўнер і штаны, ускінуў над галавой і, як здалося самому, шалёна шпурнуў нагамі ў прадонне. У апошняе імгненне паспеў згледзець, як распластанае ў паветры яе цела мільганула цераз карніз, а ці трапіла яно ў снег, ён ужо не бачыў. Ён толькі зразумеў, што самому з хворай нагой гэтак не скочыць.
        Сабакі ашалела залямантавалі, убачыўшы яго, і хлопец падаўся на два крокі ад кручы. Наперадзе з пагорка на яго імчаўся паджары шыракагруды ваўкадаў, на галаве якога тырчала чамусьці адно вуха, – ён сігануў цераз камяні і высока ўзляцеў на дыбы ўжо зусім побач. Іван не цэліўся, але з нетаропкаю, амаль нечалавечаю ўвагай, на якую толькі намогся, стрэліў у яго разяўленую клыкастую зяпу і, не стрымаўшыся, зараз жа ў наступнага. Аднавухі з лёту юзам шаснуў міма яго ў правалле, а другі, на бяду, быў не адзін, з ім поплеч бегла яшчэ два, і хлопец у якую долю секунды не паспеў сцяміць, пацэліў у яго ці не.
        Гэтае яго недаўменне абарваў ашалелы ўдар у грудзі, нясцерпны боль пранізаў горла, коратка бліснула хмарнае неба, і ўсё назаўжды знямела...
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Рускі! Ратуй! Рускі! (ням.)
        2 Канец жыцця. (іт.)
        3 Бярыце нас! (ням.)
        4 Наце! Наце! Ідзіце, вазьміце нас! Ага, баіцеся!.. (ням.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.