РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Альпійская балада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Замест эпілога
9
        
9

        
        Яны не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца – выдасць аўстрыяк ці не?
        З свайго якога-ніякага вопыту трох уцёкаў ён ведаў, што вось гэткія абставіны былі для ўцекачоў найболыл рызыкоўныя. Нідзе – ні ў полі, ні ў гарах, ні на дарозе – не падпільноўвала іх такая небяспека трапіць у пастку, як тады, калі яны заходзілі ў вёскі, сялібы, на хутары, калі сустракаліся з людзьмі. Так здаралася, што выдавалі нават і недаверлівых, нават і асцярожныя нарываліся на засады. Так часта канчаліся вельмі цяжкія шляхі на волю і пачыналіся другія, яшчэ больш пакутныя – назад, на захад, у палон. Але і зусім мінаваць людзей было немагчыма – трэба было карміцца, распытаць пра дарогу, пераапрануцца. Гарантыі ад здрады ніколі не было, і ўцекачы часта спадзяваліся на шчаслівы выпадак, на людскасць. Часта так і абыходзілася. Але не заўсёды.
        Год назад ён таксама спадзяваўся на тое, што ўсё як-небудзь абыдзецца, як абыходзілася ўжо трыццаць два дні, – чацвёра іх даволі ўдала міналі засады, пераплывалі рэкі, абыходзілі вёскі, пазбягалі сустрэч з паліцаямі, два разы ўцякалі ад пагоні. Аднойчы, праўда, яны згубілі чацвёртага, масквіча-танкіста Валерыя. Астатніх жа як-колечы мінула ўсякае ліха: яны дабраліся да сваёй зямлі, да Валыні. Наўкола ляжалі ўкраінскія сёлы, у полі на конях і валах аралі свае палоскі сяляне. Бралася на цяпло – ужо можна было, не дужа калеючы, начаваць у лясах і без лішняй патрэбы не патыкацца ў вёскі. Каб толькі не харч! Харч прымушаў іх часам заходзіць у паселішчы, і ў тое ранне, пакінуўшы сяброў на ўзлеску, у сяло пайшоў Іван. Напярэдадні хадзілі іншыя, цяпер падступіла яго чарга.
        Ён крышку прыпазніўся выйсці з лесу, праз які пакручастай дарожкай яны ішлі ноч. Трэба было дняваць, і дужа не хацелася зашывацца дзе на пусты жывот. Добра ўгледзеўшыся ў сяльцо з узлеску, ён нічога падазронага ў ім не заўважыў; вялікай дарогі паблізу, здавалася, не было, і ён цераз балацявіну, трымаючыся бліжэй да кустоў, рушыў да крайняе хаты. У яго быў пад палой нямецкі аўтамат з дванаццаццю патронамі ў магазіне, здабыты на дарозе пад Кракавам, армейскія боты на нагах і на плячах нейкая несамавітая сялянская світка. З выгляду ён нагадваў звычайнага селяніна, такога, як і ўсе тут, і без перашкод дайшоў да гародаў, потым па бакавой дарожцы ад гумна, што вяла між плятнёў, скіраваў да бліжняе хаты. Але хата стаяла па той бок вуліцы. Ён азірнуўся: паблізу нікога не было, толькі дзесь у двары рыпнулі дзверы і замычала карова, – мусіць, гаспадыня ішла даіць. Але не паспеў ён пераскочыць аблеглы з ночы, пакроплены расой пыл на дарозе, як з суседняга двара хтось выйшаў на вуліцу. Іван не азірнуўся, аднак, здаецца, патыліцай адчуў, што той заўважыў яго. Хлопец утуліў голаў і таропка шыбануў у падворак. Толысі ўжо хаваючыся за вугал дома, азірнуўся – чалавека таго не ўбачыў, затое згледзеў у двары цераз вуліцу вялізны брызентавы кузаў машыны. Гэта было куды як няўдала, тым болей што з двара ўжо крыкнулі – не то загадвалі нешта яму, не то перасцерагалі каго другога. Дзецца Івану не было куды (за хатай пачынаўся шырокі забаранаваны гарод), і ён кінуўся да расчыненых у сенцы дзвярэй. У дзвярах тых якраз паказаўся няголены, сярэдніх год чалавек. Ён, пэўна, зразумеў усё без слоў, бо пабялеў крыху, зірнуў на Іванаў аўтамат, што тырчаў з-пад палы, і адступіў да шула, даючы дарогу ў хату. Іван, таксама без слоў, ускочыў у чысценькія, прыбраныя сенцы з прыцярушанай аерам падлогай, зыркнуў сюды-туды вачыма, шукаючы якога сховішча, і, не знайшоўшы нічога прыдатнага, праз расчыненыя дзверы кінуўся ў другі пакой, дзе была печ. Ён згледзеў у ёй чорную дзірку падпечча, прыпаў на калені, коратка азірнуўся на акно, пад якім на лаўках у покуце з-пад паласатае саматканае коўдры высоўваліся тры пары дзіцячых ног. Кепскае прадчуванне разанула яго – не, не туды трапіў.
        Але перайначваць намер не было калі – на двары затупалі боты, і ён задам таропка сунуўся ў смярдзючую вузкую дзірку падпечча, зараз жа прытуліўся к боку за выступ, прыціснуўся, сцяўся. У сенцы ўжо ўваходзілі людзі. Толькі ён справіўся зацяць дыханне, як адразу данесліся галасы: то былі немцы, двое ці болей. Гаспадар не разумеў іх або, можа, не хацеў разумець, Іван жа ўсё чуў, і перакладчыка яму не трэба было.
        – Вэр іст? Вэр ляўфт?1 – крычаў адзін немец.
        – Ін дызэм аўгенблік, іх габе гезэен2, – гаварыў другі.
        – Паночкі, нэ розумію. У мэнэ нікога нэма. Што вы!
        У Івана трошкі абмякла напятае яго адчуванне – значыць, гаспадар свой, не выдасць, дзякуй Богу, у гэтым хоць пашэнціла. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. I ён ціснуўся да сцяны што было сілы, скурчыўшыся ў тры пагібелі і амаль што не дыхаючы. Тым часам немцы закрычалі мацней, вылаяліся, заплакалі малыя на покуце. Аднекуль, мабыць, з печы, тупнуўшы па падлозе, да іх кінулася жанчына, пачала супакойваць. Хтось, убеппы ў хату, лязгнуў затворам вінтоўкі; у падпеччы мільгануў цень. Галасней закрычалі малыя, загрукалі тапчаны – мусіць, раскідвалі іх пасцелі. Іван чакаў, трымаючы руку на рукаятцы аўтамата, хоць не ведаў, як тут было страляць. Немцы грукалі ботамі, пэўна, зазірнулі на печ, бразнулі засланкай, і тут жа прамень ліхтарыка мільгнуў па задняй сценцы падпечча. Іван аж прыжмурыўся, чакаючы крыку «гераўскрыхен!». Але праменьчык быў слабаваты (мусіць, разрадзілася батарэйка), немцы нічога не ўбачылі, і боты загрукалі далей. Неўзабаве крокі прыціхлі: напэўна, шукалі ў сенцах. Тады ён, усё яшчэ не варушачыся, выдыхнуў і зноў паціху ўздыхнуў, азадачаны надзеяй: няўжо ўратаваўся? I сапраўды, крокі зусім сціхлі – адно толькі хліпалі ля печы дзеці, і маці, тупаючы босымі пятамі, кідалася, відаць, да акон – нямецкая гамонка чулася ўжо з падворка. Там штосьці гаварыў гаспадар, напэўна, выправаджваючы іх далей ад хаты. I сапраўды, неўзабаве ўсё сціхла, гаспадар, мусіць, увайшоў у сенцы, да яго падалася жонка. Яна нешта хутка-хутка гаманіла, бядуючы і ледзьве не плачучы. Гаспадар злосна кінуў ёй: «Годзе! Змоўкні!» Яна змоўкла, вярнулася ў хату і засакатала да дзяцей.
        Іван падумаў быў, ці не пара вылазіць, каб перахавацца куды ў надзейнае месца, як гаспадыня з жахам у голасе крыкнула:
        – Пэтро! Пэтро! Ой лышэнько! Грыць ідэ...
        Іван зноў сцяўся. Гаспадар знік недзе, з хвіліну яго не было чуваць, затым у двары пачулася лагодна-з’едлівае: «Добры дзень, гэр Пэтра!» Гаспадар стрымана адказаў на прывітанне, там нешта ляснула, быццам бізуном па халяве, і той жа голас неяк дужа будзённа, нібы гаворка ішла пра сабаку або кацяня, сказаў:
        – Каго хуваеш? Ану, підаць ёго сюдой!
        – Нікога я нэ хуваю, кум Грыць! Перахрыстыцеся. Чого вы?
        – Ага! Ныкога. Што ж, провірымо! Ганна! – крыкнуў Грыць.
        – Я тута, кум, – азвалася з дзвярэй напалоханая гаспадыня.
        – Кого Пэтра хувае, прызнувайся!
        – Ой, хыба ж я ведаю? Ныкога ж він нэ хувае, кум Грыць.
        – Нэ хувае. Ану, Настусю, скажы: дзе татко хувае бандыта?
        – Не відаю, – адказаў боязны дзіцячы голас.
        – Нэ відаетэ. Побачымо, – з шматабяцаючым спакоем вымавіў Грыць.
        У Івана ў падпеччы ад злосці да гэтага вылюдка аж анямелі пашчэнкі – так захацелася выскачыць і ўсадзіць яму ў вантробу дзесятак куль. Але хлопец не ведаў, колькі яшчэ там было памагатых, і нядобрае прадчуванне ўжо запанавала ў ім: ён зразумеў, што гэты – не немец, сваю справу ён ведае як мае быць.
        – Глух, нэсі солому. Ты, Жупан, тэж. Зараз мі дознаемося, дэ він хуваецца. Мі ёго підсмажымо.
        На двары затупацелі крокі, бразнулі недзе паблізу дзверы, – мусіць, у хляўчук. Іван зразумеў, што ўдумаў гэты, каб яму не дажыць да нядзелі, Грыць. «Але няўжо яны адважацца запаліць, няўжо так зробяць са сваім чалавекам, які гэтага вылюдка яшчэ называе кумам?» – пакутна меркаваў Іван.
        Тым часам ля акон нешта шаснула, зацямніла святло ў падпеччы. «Мусіць, паклалі салому», – адзначыў сабе Іван. Пасля ўсё прыціхла: ні крокаў, ні гоману. I раптам закрычала жанчына, ды так роспачна і здзічэла, што можна было падумаць, нібы паляць яе самую, а не хату. За ёю загаласілі ўсе дзеці, зараз жа засмярдзела дымам; Іван рашыў, што ўсё прапала, што згарыць і ён ды яшчэ загубіць людзей. Мусіць, трэба было вылазіць ды прыстрэліць гэтага нягодніка, але ў яго ўсё недзе тлела ў душы надзея, што, можа, не дадуць загарэцца – толькі палохаюць.
        Зноў жа, даць загарэцца хаце, а пасля вылезці – ці не замнога гэта будзе кары і для яго і для гэтай сям’і? Проста ён не ведаў, што рабіць, хоць і разумеў, што трэба за секунды нешта рашыць.
        Мусіць, ён усё ж выскачыў бы з падпечча, ужо ён на тое наважыўся, як раптам з галашэннем і праклёнамі ў хату кінулася гаспадыня. Перш чым ён паспеў даўмецца навошта, яна затупала ля печы і, сагнуўшыся, праз слёзы закрычала:
        – Вылазь! Вылазь! Хату праз тэбэ паляць, прыклятый. Душегуб! Звідкіля тэбэ прынесла? Вылазь!
        Іван ажно ўздыхнуў ад палёгкі, што ўсё скончылася (хоць такога ён не чакаў), сунуў аўтамат пад смецце ў кутку і вылез. Злосці на гэтую кабету ў яго не было, зрабілася толькі вельмі журботна і шкада, што гэтак недарэчна абарваўся такі доўгі і дужа нялёгкі шлях...
        Так ён ступіў на парог – спакойны і гатовы да ўсяго. З падворка на яго ваўкавата пазіралі чацвёра дзецюкоў, сярод якіх асабліва вылучаўся адзін – здаравенны бугай у светлых картовых штанах і з блакітнаю павязкай на рукаве. Гэта, мусіць, і быў той Грыць. У руках ён трымаў рускі карабін на ўзводзе, Іван пазнаў па затворы і падумаў у той момант, што забіць яго тут яны не адважацца – мусяць перадаць немцам.
        Так яно і сталася.
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Хто такі? Хто бег? (ням.)
        2 Толькі што, я бачыў. (ням.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.