|
12 Так думаў ён, лезучы па крутой сцяжыне ўгору і будучы ўпэўнены, што робіць правільна. Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога, далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, – хто яна, каб выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў самога? Ці прыме яе, няхай сабе і добрая, сумленная дзявочая душа яго суровую праўду, у якой дай бог разабрацца самому? Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай душы, таксама зважліва змоўкла, крыху адстала, і яны доўга ішлі так – лезлі ўгору па схіле. Тым часам на бязладна-велічнае навалле гор споўз з паднябесся трывожны ветраны вечар. Горы пачалі хутка цямнець, вузела і без таго сцятая хмарамі далячынь; знік срабрысты зіхоткі бляск далёкага хрыбта, туманнае марыва дарэшты праглынула яго. На фоне трошкі прысветленага неба гіганцкім спарышом чарнела бліжняя верхавіна з крыху меншаю побач. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. З усёй пары сутак вечар найбольш прыгнятальна дзейнічаў на Івана. Ні ўдзень, ні ўначы, ні ўранку не было так самотна, так няўтульна-трывожна і сумна, як у часе змяркання. З усёй вастрынёй ён адчуў гэта ў гады вайны ды яшчэ ў палоне, на чужой зямлі – у бядзе, голадзе і сцюжы. У такі час асабліва востра дапякалі адзінота, бездапаможнасць, залежнасць ад бязлітаснае варожае сілы. I асабліва нясцерпна хацелася міру, дабра і роднае, блізкае душы побач. – Іван!.. – нечакана паклікала ззаду Джулія. – Іван! Як заўжды, яна рабіла націск на «і», гэта было непрывычна і знячэўку ажно палохала, быццам тут з’явіўся яшчэ нехта, апрача іх дваіх. Іван здрыгануўся і прыпыніўся. Нічога болей не кажучы, Джулія моўчкі тупала між камянёў, і ён без слоў зразумеў, у чым справа. Адразу відаць было, як стамілася яна. Ён адчуваў і па сабе, што вельмі трэба было б адпачыць, але ў гэтай завоблачнай высі было нестрывана холадна: шалёна буяў, ірваў вопратку, гуў у расселінах вецер. Вельмі зяблі на хадзе рукі, ногі дык зусім акалелі, ажно анямелі ад сцюжы. А холад усё мацнеў, як мацнеў к ночы вецер. Усёй сваёй жорсткай, сляпой сілай прырода абрушвалася на дваіх гэтых людзей. Іван дужа спяшаўся, вельмі выразна разумеючы, што начаваць тут нельга, толькі ў хадзе паратунак, і калі яны ў гэтую ноч не адолеюць перавал, то заўтра ўжо будзе позна. – Іван, – сказала, бліжэй падышоўшы, Джулія. – Очен, очен усталь... Ён пераступіў з нагі на нагу: ступні балелі, саднелі, заходзіліся ад сцюжы, але цяпер ён не зважаў на іх – ён заклапочана глядзеў на Джулію. – Давай як-небудзь... Бач, хмурыцца. З-за спарыша-вяршыні перавальвалася, асядаючы на схілах, густая, змрочная хмара. Неба ўгары пакрысе тушыла свой бляск. Цьмяна памільгала і знікла ў чорнай навалачы малюсенькая адзінокая зорка. Прыцьмеўшае наваколле – скальныя груды, адхоны, цясніны і даліны – завалакла мутная мешаніна аблокаў. – Почему нет переваль? Где ест переваль? – Хутка будзе. Хутка, – абнадзейваў дзяўчыну Іван, сам не ведаючы, колькі яшчэ трэба дабірацца да той седлавіны. Яны зноў ішлі па ледзьве прыметнай у камяністым доле сцяжынцы. Іван ужо стаў баяцца, каб не згубіць яе – гэта было б кепска. I хлопец, слухаючы праз вецер прывычны стукат Джуліных калодак, мерным тэмпам лез і лез усё вышэй. На дужа крутых мясцінах ён прыпыняўся, чакаў дзяўчыну, падаваў ёй руку і вывалакваў угору, сам пры тым ледзьве ўтаймоўваючы ў грудзях сэрца. А вецер шалёна шкуматаў вопратку, тугімі штурхялямі біў то ў спіну, то ў грудзі, забіваў дыханне, круціў у камянях, часта мяняючы кірунак, – не зразумець было, адкуль ён і дзьмуў. Тым часам зусім сцямнела, грамады скал зліліся ў адну непраглядную масу, неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Стала так цёмна, што Іван пачаў аступацца, натыкацца на камяні, некалькі разоў балюча пабіў ногі, і тады першы непакой скалануў яго – дзе сцежка? Ён сагнуўся, лепей угледзеўся, абмацаў нейкі аскалёпак побач і зразумеў, што сцежка прапала, – яны заблудзілі. Тады ён стаў, адвярнуўся ад ветру, сцяўся ўсім целам, чакаючы, пакуль падыдзе дзяўчына. Калі ж тая знямоглым сілуэтам дашкандыбала да яго, Іван кінуў: «Чакай тут», а сам адышоўся ўбок, узіраючыся ў дол. Джулія гэтую навіну ўспрыняла моўчкі, бадай што абыякава, адразу павалілася на камень і скурчылася ад ветру. Ён, душачы трывогу, ады шоўся далей, пакідаўся сюды-туды, углядаючыся ўніз і раз-пораз мацаючы дол ступнямі, – сцежкі не было. Спакваля ён пачаў заўважаць наўкола ў цемры касое няпэўнае мільгаценне, адставіў убок руку і зразумеў: то пайшоў снег. Дробненькая рэдкая крупка коса неслася з ветранае чорнае прорвы, прыскокваючы на камянях, збіралася ў ямках, шчылінах, у доле. Іван пастаяў яшчэ, аглядваючыся і напружана згадваючы, што рабіць. Снег пагусцеў, і ў доле трошкі пасвятлела ад шэрай блытаніны плям. I тады ён заўважыў непадалёк белаватую крывуліну сцежкі. – Эй, Джулія! – ціха паклікаў ён. Дзяўчына, аднак, не адгукнулася. Ён з прыкрасцю на душы пачакаў яшчэ трохі. Думалася: «Што яна там, ці не заснула? Вось яшчэ даў бог спадарожніка! Па бульвары б з такой шпацыраваць...» Вецер па-ранейшаму люта буяў, снегавая крупка мільгала, шархацела на камянях, сталі заходзіцца ад золкасці ногі, рукі ён схаваў у рукавы. За пазухай слізкім холадам пёкся настылы браўнінг. – Эй, Джулія! Яна зноў не адказала, і ён, вылаяўшыся сам сабе, з неахвотай, асцярожна ступаючы на мокрыя сцюдзёныя камяні, пайшоў туды, дзе пакінуў яе. Джулія сядзела на камені, скурчыўшыся ў тры пагібелі, з каленямі захінуўшыся скуранкаю. Як і ўчора, яна не азвалася, не ўзняла голаў на яго прыход, і ён няўцямна, адчуваючы вялікі клопат, спыніўся над ёю. – Баста, Іван, – ціха прамовіла яна, не паднімаючы галавы. Ён памаўчаў. – Як гэта, баста? Ану, уставай! – Нон уставай. Нет уставай. – Ты што – жартуеш? – ... – Ану, падымайся! Яшчэ трошкі і – перавал... А ўніз ногі самі пабягуць. – ... – Ну, ты чуеш? – Фініта. Нон Джулія марш. Нон. – Разумееш, нельга тут спыняцца. Акалеем. Бач, снег. Аднак словы яго на яе не дзейнічалі! Ён бачыў, як яна знемагла, і адчуваў бяссілле свае логікі. Але як яшчэ можна было прымусіць яе ісці? Падумаўшы крыху, ён запусціў руку за пазуху, выцяг адтуль абкрышаную рэштку буханкі і, адвярнуўшыся ад ветру, вельмі ашчадна адламаў кавалачак мякіша. – На вось хлеба. З’еш! – Хляб? Яна нібы страпянулася, адразу ўзняла голаў. Іван сунуў у яе рукі кавалачак, і яна, некалькі разоў укусіўшы, з’ела яго. – Яшчэ хляб? – Не, болей не дам. – Малё, малё хляб. Дай хляб! – бы дзіцё, капрызна папрасіла яна. – На перавале яшчэ дам. Яна адразу панікла ў змрочным доле і знерухомела. – Нон переваль. – Які чорт нон?! – раптам вызверыўся ён, стоячы насупраць. – Ану, уставай. Ты што ўздумала? Замерзнуць? Каму ты гэтым зло зробіш? Немцам? Ці ты хочаш ім услужыць – вярнуцца ў лагер? Ага, яны там чакаюць. Пакажаш, куды Іван пайшоў! – крычаў ён, захлынаючыся ад моцных парываў ветру. Яна, усё не мяняючы паставы, ускінула галаву. – Нон лягер. – Не пойдзеш у лагер? Куды ж тады ты пойдзеш? Яна змоўчала і зноў панікла, сабралася ўся ў маленькі жывы камячок. – Замерзнеш жа! Дзівачка! Прападзеш да ранку, – крыху памякчэўшы, сказаў ён. Яна маўчала. Вецер усё сыпаў снегам. Снег, праўда, быў рэдкі і дробненькі, але наваколле спакваля ўсё ж пасвятлела, шараватыя плямы скрозь прабівалі чарнату ночы, стала лепей відаць. Цела, аднак, у спакоі пачало хутка астываць і раз за разам здрыгвацца ад сцюжы. – Ану, уставай! – Іван шкуматнуў яе за скуранку і па-армейску сурова скамандаваў: – Устаць! Яна, памарудзіўшы, знямогла паднялася, ступіла калодкамі і паціху павалаклася за ім, каб не ўпасці, хапаючыся за камяні і аслабела хістаючыся ад парываў ветру. Іван, насупіўшыся, памалу ішоў да сцежкі. Ужо ён стаў думаць, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што яна разыдзецца, што найгорш у такім яе стане збіцца з рытму, хоць бы і прысесці, – тады куды як трудна падняцца на ногі. Яны падышлі да сцяжыны, калі моцны парыў ветру секануў па тварах крупкай, ударыў у грудзі. Абое яны задыхнуліся, а Джулія ўпала. Ён спачатку памкнуўся быў памагчы ёй устаць, узяў за руку, але яна не ўставала, пачала кашляць, пасля доўга аддыхвалася і ўрэшце, сеўшы ў доле, са спакойнай рашучасцю канчаткова прынятага рашэння аб’явіла: – Джулія фініта. Аллес. Іван Тріесто. Джулія нон Тріесто. Аллес нон. – I не падумаю. Ён адышоўся крыху ўбок і таксама сеў на выступ скалы. – А яшчэ гаварыла: камуністка, – папракнуў ён. – Панікёр ты. – Джулія нон панікіор, – зазлавалася дзяўчына. – Джулія партыджано. Іван прыкмеціў ноткі крыўды ў яе голасе і рашыў выкарыстаць іх. «Можа, гэта разварушыць яе», – падумаў хлопец. – Панікёрша, а то хто ж ты? – Джулія нон панікіор. Сілы малё. – А ты цераз сілу, – пацішэўшы, сказаў ён. – Знаеш, як аднойчы на фронце было? На Остфронце. Куды ты збіралася. Акружылі нас фрыцы ў хаце. Не выйсці. Б’юць з аўтаматаў у вокны. Крычаць: «Рус, здавайся!» Ну, наш узводны Пятрэнка таксама аллес кажа. Капут. А ротны Белашэеў як закрычыць: «Стой! Не для таго нам зброю далі. Ану, – кажа, – прарывацца». Выскачылі мы ўсе разам у дзверы, як ударым з аўтаматаў і пад плот, за вуглы. I што ты думаеш: вырваліся. Пяцёра, праўда, палеглі. Белашэеў таксама. Але ж чацвёра ўратаваліся. Джулія маўчала. – Дык што, пайшлі? – ... – Ну, якога чорта маўчыш? – здрыгануўшыся ад сцюжы, пачаў ён траціць цярпенне. – Замерзнеш жа, дурніца. Варта было ўцякаць, столькі лезці пад самае неба? Яна маўчала. – За што тады хлопцы сябе ўзарвалі? Той бомбай. Каб хоць хто-небудзь уцалеў. А ты ўжо і скісла. Ён скочыў, адчуваючы, што да нутра прамёрз на гэтым ветры, захадзіў па сцяжыне – на шэрым посыпе адбіліся цьмяныя сляды яго босых ног. Добра яшчэ, што не было марозу, але пад ранак, мусіць, падмарозіць, і тады яны тут прападуць. Іван рашуча спыніўся ля Джуліі. – Дык не пойдзеш? – Но, Іван. – Ну, як хочаш. Прападай, – са знарочыстай абыякавасцю сказаў ён і змрочна патрабаваў: – Давай клумпес! Яна слаба заварушылася, выняла з калодак ступні і ад сцюжы паставіла іх адна на адну. Ён адразу насунуў на свае акалелыя ногі гэты несамавіты абутак, у якім яшчэ таілася яе цяпло. – Скідай і тужурку. Яна паслухмяна зняла і скуранку. Ён рашуча напяў яе на свае шыракаватыя плечы, захінуўся. Адразу стала цяплей. Робячы гэта, ён адчуваў, што між імі назаўжды нешта рушыцца, што нельга так ставіцца да жанчыны, але ў яго цяпер прарвалася злосць да яе. Здавалася, што яна ў чымсьці ашукала і яго, заўпарцілася, і таму Івану міжвольна карцела пакараць яе. Лаючыся ў думках, ён, аднак, адчуў штосьці ніякаватае ў душы. Расставанне гэта нечакана аказалася да недарэчнасці няёмкім, і ён стараўся заглушыць гэтую няёмкасць злосцю. Толькі ўсё ж дзяўчына ў чымсь мела рацыю, у чымсь быў несправядлівы ён. Хлопец адчуваў гэта, і злосці ў яго не хапала. Надзеўшы тужурку, ён ступіў два крокі па сцежцы і павярнуўся да яе. – Што ж, бывай! – Чао! – сцяўшыся на камені, ціха і зусім абыякава сказала яна. Гэтае слова адразу нагадала яму іх сустрэчу ўчора і той радасны бляск у яе такіх зіхатлівых вачах, які здзівіў яго ў лесе, і яе безразважную смеласць пад носам у немцаў, і поўныя ўлюбёнасці і нейкай шматзначнасці позіркі ў дарозе. Івану стала зусім нядобра. Гэта былі не жаль і не спачуванне – нешта зашчымела ў ягоным сумленні, хоць ён ні ў чым не мог папракнуць сябе, як нічым не быў абавязаны ёй. «Не, не, – сказаў ён сабе, глушачы тую шчымлівасць. – Так лепей». Аднаму зручней, гэта ён ведаў з самага пачатку. Яму не трэба было звязвацца з ёю. Цяпер у яго калодкі на нагах, на плячах тужурка, крыху хлеба – на аднаго гэтага хопіць даўжэй, ён будзе яго эканоміць – па сто грамаў на дзень. Адзін ён выцерпіць усё, пяройдзе хрыбет, ён не можа не перайсці, калі б нават давялося лезці па пояс у снезе, – яму трэба ў Трыест, да партызан. Навошта было звязвацца з гэтай дзеўкай? Хто яна яму? Ён таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб ёй, пакінутай унізе, але ўсё не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Нешта падспуднае ў душы жыло іншаю логікай, ногі неўзабаве замарудзілі крок, ён азірнуўся, раз, другі – яна ледзьве прыкметнаю плямкай усё сядзела на схіле, і яе пакорлівая бездапаможнасць перад яўнай пагібеллю раптам зрушыла, скрышыла ўвесь нядаўні ягоны намер. Іван, сам таго не жадаючы, павярнуўся і, заляскаўшы па сцяжыне калодкамі, пабег уніз. Джулія, учуўшы яго паблізу, здрыганулася і спалохана ўскінула галаву. – Іван? – Я. Яна, відаць, нешта западозрыла і насцярожылася. – Почему?.. Ён, не адказваючы, скінуў тужурку. – На. Надзявай. Усё не ўстаючы з месца, яна хуценька захінулася ў тужурку; ён, намагаючы, прытрымліваў рукавы і, калі яна ўправілася, тузануў дзяўчыну за локаць. – Ідзі сюды. Яна ўпарта адхіснулася, вырвала локаць і застыла, як бы баючыся яго рук. З-пад броваў строга зірнула ў яго твар. – Ідзі сюды. – Но. – Ат, нон мне яшчэ... Ён адным рыўком упоперак абхапіў яе дрыготкае тоненькае цела, ускінуў на плячо. Яна рванулася, затрапятала, як рыба, забілася ў яго руках, нешта загаманіла, а ён, не зважаючы на гэта, закінуў яе за спіну і ўхапіў пад калені рукамі. Яна раптам перастала біцца, заціхла, каб не ўпасці, таропка ашчаперыла яго за шыю, і ён адчуў на шчацэ яе цёплае дыханне і пякучую кроплю, якая заказытала-пакацілася па шыі за ягоны каўнер. – Ну, ладна. Ладна... Як-небудзь... Яна, сцішыўшыся, прыціснулася да яго шырокай спіны і задыхнулася. Ён і сам задыхнуўся, але не ад ветру – ад нечага незнаёмага, уладарна-лагоднага, вялікага і надзіва бездапаможнага адначасна, што захліснула яго. Нядаўні намер пакінуць яе цяпер аж спалохаў яго, і хлопец, цяжка загрукаўшы калодкамі, рушыў угору.
|
|