РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Альпійская балада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Замест эпілога
15
        
15

        
        Першым яго адчуваннем са свету рэальнага была цеплыня.
        Нават не цеплыня, а спёка, духата, парнасць. У дрымотнай свядомасці мроілася, быццам ён ляжыць на насілках у санбаце ля бочкі-печы, якую так неміласэрна расшураваў Ахметшын. Пякло, праўда, не толькі ногі, а болей галаву і плечы. Хлопец адчуваў на сабе ліпкую макрэдзь поту, вельмі хацелася павярнуцца, чымся засланіцца ад гэтай знясільваючай спёкі, і ўсё ж санлявая знямога агортвала так моцна, што не было магчымасці нават расплюшчыць вочы.
        Так ён пакутаваў у дрымоце доўга, і сон тым часам пачаў адступаць, а розум патроху абуджацца і завалодваць стомленым целам. Іван паварушыўся, пацягнуўся, адкінуў руку і нечакана адчуў далонню росную прахалоду травы. Гэта здзівіла яго. Хлопец з намаганнем расплюшчыў вочы, і першае, што ўбачыў, была ярка-чырвоная кветка ля твару. Нахіленая ў бок святла, яна ўлюбёна падстаўляла сонцу свае чатыры шырокія глянцавітыя пялёсткі, на краі аднаго з якіх ірдзела-іскрылася, гатовая вось-вось упасці, чысцюткая, як сляза, кропля. Лёгкі, мусіць, ранішні ветрык ціхенька варушыў доўгую тоненькую сцябліну гэтае кветкі. Недзе далей у стракатай гушчэчы травы доўга гудзеў і раптам прапаў чмель; нізкі басавіты гук яго адразу абарваўся, і тады Іван зразумеў, што стаяла поўная, на ўвесь свет, цішыня. Ад цішыні ён адвык, яна палохала. Не разумеючы, дзе ён, хлопец ірвануўся, сеў, шырока расплюшчваючы са сну балючыя вочы, азірнуўся і прыемна здзівіўся ад нябачанай, амаль казачнай прыгажосці вакол.
        Увесь вялізны прасторны сонечны схіл ззяў шырокім, як возера, ярка-пунсовым разлівам альпійскага маку.
        Буйныя, лапушыстыя, пэўна, не таптаныя нагой чалавека, узгадаваныя вялікаю шчодрасцю прыроды мільёны кветак пераліваліся ўрачыстаю чырванню, ціха варушыліся на слабым ветрыку і імкнулі далёка ўніз, на ўвесь прасцяг гэтага затуленага гарамі лугу – аж пад самы цёмна-зялёны хваёвы масіў. Іван, аднак, зірнуў далей, наперад, куды трэба было ісці, і ўраз спахмурнеў. Далёка за далінай снегавымі разводамі сінеў усё той жа высачэзны Мядзведжы хрыбет. Мусіць, ён быў куды вышэй за пяройдзены, што дзвюма спарышамі-вышынямі тырчаў ззаду, бо, не зважаючы на высокае ўжо сонца, цень ад яго празрыстаю сінявай смугою накрываў палову нешырокай даліны. Не заслонены цяпер нічым, ён, бадай, як і ўчора, заставаўся далёкім, аграмадназіхоткім і недаступным.
        I тут Іван трывожна схамянуўся – толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні, у голаў ударыў спалох: дзе Джулія? Ён зноў крутнуўся ў доле, зірнуў сюды-туды – наўкола нікога не было. Побач, у вытаптаным сярод маку лаўжы, адзінока ляжала разасланая скуранка. Іван ляпнуў сябе па запазусе – там было пуста, полы курткі няроўна выбіліся са штаноў. Але першая трывога яго тут жа апала – пісталет і абкрышаная трэць буханачкі, пэўна, захінутыя ад сонца рукавом скуранкі, ляжалі ў траве. Тады ён ускочыў на ногі, ліхаманкавым позіркам пачаў аглядаць схіл унізе, тужлівая самота шыбанула ў яго адчуванне – дзе яна? У душы зацьмела вельмі нядобрая здагадка, але ён не мог паверыць у тое. Чаму не мог, ён пэўна не ведаў, ён толькі не хацеў таго – ён хацеў бачыць, чуць, адчуваць яе побач. Адзінота нечакана засмуціла яго горш за якую няўдачу.
        Ён схапіў пісталет, хлеб, згроб пад паху скуранку і сігануў у траву. Росныя высокія кветкі казытнулі яго распухлыя, падзёртыя і пазбіваныя ступні; ён зірнуў у дол, успомніўшы пра калодкі, але іх не было. Тады зноў трывога ахапіла яго – няўжо?.. Босы, ён хутка пакрочыў па лузе ўніз, ляскаючы нагамі ў суцэльных суквеццях маку, адышоўся па схіле далёка, затым раптам спыніўся, азірнуўся – ззаду ў густых зараслях кветак адзначыўся яго след. Наўкола ляжала не кранутае жывою істотай чырвонае мора.
        Гэта надало пэўную думку. Іван перахапіў пад пахай адзежыну і хуткім крокам вярнуўся да лаўжа.
        Сапраўды, у роснай траве прыкметны быў шнурок другога следу – ён бег некуды ўбок, туды, дзе – відаць было адгэтуль – зачынаўся распадак, і Іван таропка рушыў па гэтай слабай адзнацы яе ног. Ступні і штаніны яго хутка замакрэлі ад расы, наўкола скрозь быў чароўны ў сваім сонечным харастве мак. Ад моцнага духмянага паху п’янела галава, як заўжды, вельмі хацелася есці, ад стомы і слабасці крыху мутнела ўваччу. Але гэта былі прывычныя адчуванні. Дужае ад прыроды, загартаванае ў нягодах Іванава цела як-колечы супрацьстаяла ім, ён адчуваў, што сілы ў яго яшчэ былі.
        З трывогай у душы, хлопец абабег калючы рададэндравы зараснік, абсыпаны вялікімі, па кулаку, чырвонымі кветкамі, і з невялікага распадка-раўка наперадзе да яго данёсся шум вадаспада. Хутка ён узбег на травяністую выспу, шум гэты стаў зусім блізкі; з чорнага, блішчастага ад макраты каменнага жолаба, разбіваючыся аб скалу, ліўся зіхоткі струмень вады. Навокал у туманным мроіве мітусіліся драбнюткія пырскі, і, пэўна, ад іх убаку на змрочным каменным фоне вісеў у паветры каляровы кавалачак самай сапраўднай вясёлкі. Безуважны, аднак, да гэтай нечаканай шчодрасці гор, Іван падняўся на пагорак вышэй і тады раптам унутрана ахнуў, спыніўся, прыгнуўся долу і замёр. За паўсотню крокаў адгэтуль пад дажджыстым вадзяным россыпам, захінуўшыся аднымі толькі рукамі, спіной да яго стаяла на камяні і мылася Джулія.
        Ён адразу пазнаў яе, хоць на дзяўчыне не было ніводнае адзежыны. Распранутая, яна адразу страціла праклятыя адзнакі гефтлінга і адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Дзяўчына, вядома, не бачыла яго і, насцярожана сцяўшыся, цярпліва падстаўляла сваё худзенькае, лёгенькае цела пад густую пырсканіну струменяў, здавалася, гатовая пры першым жа гуку трапянуцца і знікнуць. Па яе зіхоткіх ад пырскаў востранькіх плечуках блукаў каляровы водбліск вясёлкі.
        Не ў стане адолець у сабе чагосьці сарамяжліва-радаснага, Іван паціху апусціўся ў траву, лёг на спіну, перавярнуўся, – над ім гэтак жа перавярнулася чысцюткае, без адзінага воблачка неба. Волкая прэласць зямлі хмельнаю брагай ударыла і закружыла голаў. Хлопец выцягся пластом на травяністым прахладным дзірване і ад прадчування чагосьці неўсвядомлена-радаснага ціха, сам сабе засмяяўся.
        У закутках яго пачуцця нязгасна тлела трывога, наперадзе быў, напэўна, недаступны хрыбет, ззаду... Вядома, што можна было чакаць ззаду па сваіх слядах з лагера. Але цяпер, у гэтым запаведніку хараства, ля страчанага і знойдзенага ўжо дарагога яму чалавека Івану зрабілася так па-дзіцячы радасна і хораша, як не было, мабыць, ніколі за ўсё яго невялікае жыццё. I ён прагна душой піў гэтую нечаканую харошасць, і не стараючыся нават даўмецца, адкуль яна і што ў ім сталася, – проста ён быў па-чалавечы шчаслівы, і ўсё. Праўда, неўзабаве адчуў ён, што тое ненадоўга, – нешта клапотнае і труднае не пакідала яго і ў гэтай шчаслівасці, нешта трывожыла і гняло, але цяпер Іван прыцяў яго, прыглушыў, бо так было невыказна добра.
        Ён болей не выглядваў з маку і ні разу не зірнуў на яе. Сарамлівая далікатнасць перашкодзіла яму зрабіць тое, хоць і вельмі карцела; лежачы ніц і не ведаючы навошта, ён ірваў ля сябе мак і міжвольна складваў галіністыя яго кветкі ў букет.
        За гэтым заняткам, поўны свае невыразнае радасці, ён пачуў непадалёк таропкія крокі, ускінуў з травы галаву – пад вадаспадам нікога ўжо не было. Джулія, на хаду апранаючы паласатую куртку, бегла побач і ніжэй, пэўна, туды, дзе пакінула яго. Ён зноў ціхенька ўнутрана засмяяўся, убачыўшы яе нецярплівы, клапотны, скіраваны ўдаль позірк, але не аклікнуў, а, згробшы скуранку, устаў і памалу пайшоў следам.
        Пабліскваючы на сонцы мокрымі, смалянымі да чарнаты валасамі, яна хуценька аббегла рададэндран і стала, быццам спатыкнулася, ля іх лаўжа. Нават зводдаль няцяжка было заўважыць яе спалох і збянтэжанасць. Праз секунду яна зірнула ў адзін бок, у другі і падалася па схіле ўніз, але, на бягу азірнуўшыся, стала.
        – Іван!!!
        Спалох, боль і радасць адначасна азваліся ў гэтым воклічы. Яна пляснула далонямі і птушкаю кінулася яму насустрач. Іван спыніўся. Здалося яму, цэлую вечнасць не бачыў ён гэтых зіхотна-радасных вачэй, далікатна-смуглявага твару, бязладнага россыпу яе кароткіх валасоў-стрыжак. Усё ў ім памкнулася да яе, але ён сцяў гэта ў сабе, невядома навошта – стрымаў. Яна ж, дратуючы калодкамі мак, падскочыла да хлопца, аберуч абхапіла яго за шыю і, павісшы на ёй, заляпіла яму каля вуснаў п’яны, нечаканы, як стрэл, пацалунак.
        – Іваніо!
        Ён толькі зацяў дыханне, а яна, усё трымаючыся рукамі за шыю, парывіста адкінулася ад яго і засмяялася – шчасліва і бесклапотна, любасна ўглядаючыся ў яго твар, які гарэў яшчэ ад сцюдзёнага апёку яе вуснаў. Затым, усё смеючыся, разамкнула на ім свае пальцы, лёгка адштурхнула яго і села ў траву насупраць, адкінуўшыся на выцягнутыя рукі. Вочы яе ззялі зіхоткім гарэзна-дураслівым смехам, куртка, нядбайна зашпіленая на адзін гузік-палачку, расхінулася, і ў клінку-ямачцы між грудзей бліснуў маленькі сіні эмалевы крыжык. Гэты крыжык нечаканай цікаўнасцю кальнуў яго позірк. Яна перахапіла яго і, крышачку спазніўшыся, схамянулася, захінаючыся і па-ранейшаму ўсё смеючыся вачыма, тварам, вялікім белазубым ротам, кожнаю часцінкай сваёй маладой свежа-сцюдзёнай ад купання істоты.
        Ён, аднак, быў зусім іншы: раптам насупіўся, збянтэжыўся, бо за якіх паўхвіліны, стоячы так, адчуў, як нешта ў ім рушыцца, штосьці траціцца, як нейкая нязнаная, новая сіла падпарадкоўвае сабе ягоную волю. У той жа час ён невыразна яшчэ пачаў разумець, што трэба не паддавацца, супраціўляцца, адстаяць сябе. Зноў жа яе такі рашучы бяздумны наскок збянтэжыў яго, падумалася: «Нашто так? Як гэта яна так? Чаму? Што гэта ў яе – радасць, парыў?.. А можа?..»
        Хмуры і збянтэжаны, ён, аднак, зрабіў крок да яе. Джулія раптам абарвала смех і ўскочыла насустрач.
        – Іван! – пляснула яна ў далоні, убачыўшы кветкі ў яго руках. – Это ест сюрпріз сіньоріна? Да? Да?
        Ён і сам толькі цяпер заўважыў у сваёй руцэ пук маку, няўцямна зірнуў на яго і засмяяўся. Яна таксама засмяялася, панюхала кветкі, утапіўшы ў букет увесь свой маленькі зграбны тварык. Затым паклала букет на траву і хутка-хутка пачала рваць ля сябе мак.
        – Джулія блягодаріт Іван. Блягодаріт – очен, очен...
        – Не трэба, што ты! – ніякавата загаварыў ён.
        – Очен, очен блягодаріт надо. Іван спасат сіньоріну. Руссо спасат італьяно. Ето есть інтернаціонале. Братство, – напаўжартоўна гаманіла яна, усё рвучы і рвучы мак. Пасля з цэлым ахапкам яго падбегла да Івана і вываліла ўсё з сваіх рук яму на грудзі.
        – Ну што ты! – здзівіўся ён. – Навошта?!
        – Надо! Надо! – смешна вымаўляючы рускія словы, угаворвала яна, і ён вымушан быў ашчаперыць разам з ахапкам маку і скуранку з загорнутым у ёй хлебам. Яна, мусіць, навобмацак адчула ў скуранцы буханачку і раптам пасур’ёзнела.
        – Хляб?
        – Ага, давай паямо, – ажывіўся ад свае няёмкасці Іван, паклаў усё ў дол і сеў сам.
        Яна хуценька прысела побач.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.