РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
2
        
2

        
        Памятае, тады яму дужа хацелася спаць, але толькі ён задрамаў пад елкай, як нехта яго паклікаў, быццам нават знаёмы па голасе чалавек, і сон ад яго адкаснуўся, гатовы ўжо і прапасці зусім. Ды не прапаў. Сон быў такі неадольны і з такой сілай авалодаў зморанай за тры дні Леўчуковай істотай, што ён не прачнуўся. Праўда, да соннай яго свядомасці ўсё ж даходзіла неспакойная лясная рэальнасць: шастанне голля ў зарасніку, нечая гаворка зводдаль, нямоцная, хоць і недалёкая страляніна, якая, зрэшты, не сціхала тут з першага дня блакады. Але Ляўчук знарок ашукваў сябе, што не чуе нічога, і спаў, нізавошта на свеце не хочучы без пары прачынацца. Яму трэба было паспаць хоць пару гадзін; здаецца, ён першы раз у жыцці займеў такое права на сон, якога цяпер, апроч хіба немцаў, не маглі пазбавіць яго ні старшына, ні ротны, ні нават сам камандзір атрада. Ляўчук быў паранены.
        Параніла яго надвячоркам на Доўгай градзе, неўзабаве пасля таго як рота адбіла чацвёртую за дзень атаку і карнікі, пасцягваўшы з балацявіны сваіх параненых і забітых, трохі ацішэлі. Мабыць, яны чакалі якога загаду, і іхняе начальства задумалася. Зрэшты, было ад чаго. Не новая гэта на вайне справа, калі камандзір войска, чатыры атакі якога не далі выніку, адчуе патрэбу падумаць, перш чым аддаць каманду на пятую. Ужо трохі напрактыкаваны ў гэтакіх справах Ляўчук таксама адчуў у сваім неглыбокім, перавітым карэннем акопчыку на грудку, што карнікі выдыхліся і для роты, мабыць, настаў які-ніякі перадых. Сцяміўшы гэта, Ляўчук апусціў увесь дзень не адніманы ад пляча прыклад свайго «дзегцяра» і дастаў з кішэні ўсохлы і абкрышаны кавалак хлеба, які памалу і зжаваў увесь, з засцярогай аглядаючы перад сабой нешырокі лясны прасцяг з асакой, хмызняком ды невялічкай імшарынай-балацявінай. Наедак з таго кавалка быў невялікі, і ўсё ж Ляўчук трохі замарыў чарвяка, і тады, як заўжды ў такім выпадку, закарцела курыць. Як на бяду, махорка ў яго скончылася, і ён, прыслухаўшыся, гукнуў суседа, што непадалёк сядзеў у гэткім жа неглыбокім пясчаным акопчыку пад хваіной і ад якога ў ціхім вечаровым паветры, здаецца, ужо пацягнула духмяным дымком самасейкі.
        – Кісель! Кінь «бычка»!
        Кісель неўзабаве кінуў, аднак не дужа ўдала – хваёвы сучок з зашчэмленым у ім «бычком» упаў, не даляцеўшы да акопчыка, і Ляўчук не без некаторай асцярогі пацягнуўся за ім рукой. Аднак каб дастаць, рукі не хапала, і ён, вылезшы плячмі з акопа, напяўся больш, каб дастаць далей. Якраз у той час штосьці імпэтна шчоўкнула пад яго рукамі, у твар пырснула пяском, лісцем і сухой ігліцай, і ў той жа час бахнуў недалёкі стрэл за балотцам. Кінуўшы пракляты «бычок», Ляўчук тузануўся назад, у акопчык, не адразу адчуўшы, як замакрэла ў рукаве і на прадплеччы, і тады, здзівіўшыся, згледзеў у пінжаку на плячы невялічкую дзірку – ад кулі.
        – Ах ты, халера!!
        Гэта было недарэчна і дзіўна, каб яго параніла, ды яшчэ гэткім несур'ёзным, амаль што бязглуздым чынам. Але так, параніла і, мабыць, добра, бо хутка кроў палілася з рукава па пальцах і па рукаве пінжака праз дзірку. Рука паволі мярцвела, быццам адлежаная, у пальцах дробненька закалола, нібы іх апанавалі мурашкі. Сеўшы ў акопчыку і ўсё лаючыся, Ляўчук леваруч як-кольвечы абкруціў нясвежай паркалёвай анучкай, у якой быў загорнуты хлеб, сваё плячо і сцяў зубы. Толькі спакваля да ягонай свядомасці пачаў даходзіць невясёлы сэнс ягонага ранення, узяла злосць на сябе за неасцярогу, а найболын на тых, за балацявінай. Трываючы боль, Ляўчук схапіўся за кулямёт, каб добрай чаргой секануць па лазняку, з якога яго гэтак вераломна падпільнавалі, ды толькі здушана войкнуў. Ад дотыку кулямётнага прыклада плячо яго пранізаў такі боль, што ён раптам і відавочна зразумеў: больш ён не кулямётчык. Тады, не высоўваючыся з акопа, ён зноў гукнуў Кісялю:
        – Скажы ротнаму: раніла! Раніла мяне, чуеш? Добра, што ўжо вечарэла, сонца пасля бясконцага спякотнага дня спаўзло за кустоўе, балацявіна ахінулася рэдзенькай кісяёй туману, праз які няшмат што і згледзіш. Немцы так і не пачалі сваёй пятай атакі, і, як стала цямнець, на грудок да Леўчуковага акопчыка прыбег ротны Мяжэвіч.
        – Што, параніла? – прылёгшы побач на ігліцу, запытаўся ён, углядаючыся ў туманістую балацявіну, з якой несла парахавым смуродам і холадам.
        – Ды во, у плячо.
        – У правае? Ну.
        Ротны вылаяўся, услухаўся, нешта падумаў і тут жа сказаў:
        – Ладна, што ж! Дуй да Пайкіна. Кулямёт аддай Кісялю.
        – Каму? Тожа нашлі кулямётчыка!
        Ляўчук у гэтым загадзе адчуў штосьці для сябе абразлівае – аддаць яго спраўны, дагледжаны ім кулямёт Кісялю, гэтаму вясковаму дзядзьку, які і з вінтоўкай толькі нядаўна асвойтаўся, азначала для Леўчука зраўняцца з ім і ў астатнім. Але тады каму ж аддаваць? Мусіць бы, з кулямётам няблага ўправіўся Галашэеў Віцька, ды Галашэева два дні назад забіла мінай, а з іншых каго ні вазьмі, такія былі кулямётчыкі, як з яго лётчык. Ім шкада было даверыць паляўнічую дубальтоўку, не тое што гэты выдатнага бою, прыстраляны ім кулямёт. Зрэшты, чорт з ім, разважыў Ляўчук, цяпер яму малы клопат – цяпер ён паранены.
        Рашыўшы так, Ляўчук з падкрэсленай абыякавасцю аднёс кулямёт і бляшаную скрынку з дыскамі пад суседнюю хвою да Кісялёвага акопчыка, а сам у нязвыклай легцы пабрыў углыб лесу да ручая, дзе быў нейкі тыл гэтага абложанага карнікамі ўрочышча і дзе размяшчаўся доктар Пайкін з Верхаўцом – іх атрадныя «памочнікі смерці», як кпліва называлі дактароў партызаны. Мабыць, яны трохі і мелі рацыю, бо казалі, што Пайкін да вайны быў зубным урачом у раёне, а Верхавец раней наўрад ці калі трымаў у руках бінт. Аднак у атрадзе лепшых дактароў не было, і гэтыя два і лячылі, і перавязвалі, і нават, здаралася, адразалі ногі ці рукі, як таму вунь Крыцкаму, да якога падпала гангрэна. I нічога, кажуць, жыве недзе на хутары ў схове, памалу здаравее. Хоць і з адной нагой.
        Пры ручаі каля будана санчасці ўжо сядзела некалькі чалавек параненых, Ляўчук дачакаўся свае чаргі, і доктар упоцемку, збольшага абцёршы пякучым перакісам вадароду скрываўленае плячо, туга абкруціў яго бінтам.
        – Сунь руку за пазуху і насі. Нічога страшнага. Праз тыдзень можаш кувалдай махаць.
        Каму не вядома, што добрыя словы дактароў часам лечаць лепей за іхнія лякарствы? Ляўчук, здаецца, адразу адчуў, як зменшыўся боль у плячы, і падумаў, што ўранку зноў вернецца на Доўгую граду ў роту, а спярша паспіць. Найперш ён хацеў выспацца – цяпер ён займеў на гэта поўнае права.
        Пасля нядоўгай трывогі ён, здаецца, зноў задрамаў пад елкай на яе мулкіх пакручастых каранях, як зноў адчуў недалёкі тупат ног, галасы, шоргат калёс у кустоўі, нейкую мітусню побач. Ён пазнаў голас Пайкіна, а таксама новага іх начальніка штаба і яшчэ нечы, знаёмы, але спрасоння не адгаданы ім канчаткова.
        – Не пайду я. Не пайду нікуды...
        Клава Шарохіна, атрадная іх радыстка! Яе звонкі мілагучны голас Ляўчук пазнаў бы за кіламетр сярод сотні другіх галасоў, а цяпер яна была побач, у дзесяці кроках ад ягонай елкі. Сон Леўчукоў амаль што мінуўся, хоць ён і не мог яшчэ расплюшчыць вачэй, толькі павёў пад ватоўкай балючым плячом і зацяў дыханне.
        – Як гэта – не пойдзеш? Як не пойдзеш? Што ж мы тут табе радзілку адкрыем? – злосна гуў знаёмы басок іх новага начальніка штаба, нядаўняга камроты-адзін. – Пайкін!
        – Я тут, таварыш начштаба.
        – Адпраўляйце! Зараз жа адпраўляйце разам з Ціханавым! Да Язмінак неяк дабяруцца, а там у Лескаўца перабудзе. У Першамайскай.
        – Не пайду! - зноў пачулася з цемры роспачна-жаллівае ў сваёй бездапаможнасці пярэчанне Клавы.
        – Зразумейце, Шарохіна, – з лагодаю ўмяшаўся ў гаворку Пайкін. – Вам нельга тут. Вы ж самі сказалі: пара.
        – Ну і хай!
        – Заб'юць жа к чортавай матары! – здаецца, не на жарт зазлаваў начштаба. – На прарыў жа ідзём, на пузе паўзці прыйдзецца! Ты гэта разумееш!
        – Хай забіваюць!
        – Хай забіваюць – вы чулі? Мы яе ратуем, а яна думае, каб немцы забілі!
        Настала прыкрая паўза, чутно было, як ціхенька хліпала Клава, недзе зводдаль ездавы разы два сцебануў каня, прабурчаў: «Каб цябе, ваўкарэзіна...» Пэўна, тут некуды збіраліся, пераязджалі, ці што, але Ляўчук усё яшчэ не прачынаўся, не гнаў ад сябе сну і нават не расплюшчыў вачэй - наадварот, затаіўся, перацяў дыханне і чакаў.
        – Пайкін! – паспакайнелым тонам сказаў з цемры начштаба. – Садзіце на воз і адпраўляйце. 3 Леўчуком адпраўляйце – калі што, ён дагледзіць. Але дзе Ляўчук? Ты ж казаў - тут?
        – Тут быў. Я перавязваў.
        «Ну, во табе і паспаў!» – амаль з роспаччу падумаў Ляўчук, але ўсё яшчэ не кратаўся, нібы спадзеючыся, што, можа, замест яго паклічуць іншага.
        – Ляўчук! Га, Ляўчук! Грыбаед, дзе Ляўчук?
        – Ды тут недзе спаў! Я бачыў, – па-здрадніцку прагучаў сіпаты голас ездавога санчасці Грыбаеда, і Ляўчук моўчкі сам сабе вылаяўся: ён бачыў! Хто яго прасіў бачыць?
        – Шукайце Леўчука! – распарадзіўся начштаба. – Кладзіце на воз Ціханава. I цераз грэблю. Пакуль яшчэ гэную дзірку не заткнулі. Ляўчук! – напаследак злосна гукнуў начальнік штаба.
        – Я! Ну што? – таксама са злосцю, якую ён цяпер не лічыў патрэбным таіць, адгукнуўся Ляўчук і, не спяшаючыся, вылез з-пад навіслага да самай зямлі галля елкі.
        У змроку лесавой ночы ні д'ябла не было відаць, але па невыразных рухах навокал, сцішаных галасах сям і там, нейкай трывожнай начной ажыўленасці ён ужо зразумеў, што стойбішча знімалася з месца. 3-пад елак выехалі вазы, возчыкі, тупаючы ў цемры, запрагалі коней, нехта варушыўся паблізу, і па шорхаце плашч-палаткі, па рослай постаці Ляўчук пазнаў начальніка штаба.
        – Ляўчук! Топкую грэблю знаеш?
        – Ну, знаю.
        – Давай Ціханава адвязеш. А то прападзе хлопец. У Першамайскую брыгаду адвязеш. Цераз грэблю. Разведка вярнулася, кажуць, дзірка, можна праскочыць.
        – Ну во яшчэ! – з адкрытай непрыязнасцю сказаў Ляўчук. – Чаго я ў Першамайскай не бачыў! Я ў роту пайду.
        – Якую роту! Якую роту, калі ты паранены? Пайкін, куды ён паранены?
        – У плячо. Кулявое касацельнае.
        Ну во, касацельнае! Так што давай на грэблю. Во павозка пад тваю каманду. I гэта... Клаву захопіш.
        – Тожа ў Першамайскую? – насцярожыўся Ляўчук.
        – Клаву? – начштаба асекся. Мусіць, ён не меў пэўнай думкі, куды лепш адправіць гэтую Клаву, і тады з цемры ціха азваўся Пайкін:
        – Клаву лепш бы ў вёску якую... Да бабы... Да якой вопытнай бабы...
        – Бабы, бабы! – незадаволена перадражніў яго Ляўчук і адвярнуўся, леваруч пасоўваючы на дзязе грувасткую нямецкую кабуру з парабелумам, якая намуляла сцягно. – Не хапала яшчэ...
        Наконт Клавы ён ужо ведаў, у чым была прычына, здагадваўся, толькі і ў сне не бачыў гэтага сабе клопату – усе ідуць на прарыў, а яму адбівацца невядома куды, аж у Першамайскую брыгаду, ды яшчэ пры такой кампаніі: Грыбаед, Клава, гэты дахадзяга Ціханаў... Ляўчук, як толькі прыйшоў паранены з Доўгай грады, прыкмеціў яго – дэсантнік ціха ляжаў каля будана санчасці, накрыты нейкай радзюжкай, з-пад якой тырчала яго, як цюрбан, абматаная папяровым нямецкім бінтам галава. Вочы яго былі таксама завязаны, ён не кратаўся і, здаецца, не дыхаў нават, і Ляўчук з незразумелай асцярогай прайшоў міма, падумаўшы, што, мабыць, адфарсіў дэсантнічак. Ды і гэтая Клаўка... Быў час, калі Ляўчук палічыў бы за шчасце праехацца з ёй які кіламетр па лесе, але не цяпер.
        Цяпер Клаўка яго не цікавіла.
        Вось жа чортава гэтае раненне, колькі яно задало яму клопату, і, мяркуючы па ўсім, колькі яшчэ наперадзе! Ці блізкі свет гэта Першамайская брыгада, паспрабуй дабрацца да яе праз фашыстоўскую асаду, мала што кажа разведка: дзіра! Яшчэ невядома, якая і куды там дзіра, – сам з сабой разважаў Ляўчук. Лепш бы ён не паяўляўся ў гэтай санчасці і не аддаваў Кісялю свой кулямёт.
        Ляўчук наважыўся ўжо быў пасварыцца ды вярнуцца ў роту, мабыць бы, ротны не выгнаў, і ён бы зноў ваяваў нароўні з усімі, чым перціся невядома куды. Але калі Ляўчук памкнуўся сказаць аб тым, дык сказаць ужо не было каму. Начштаба пайшоў, толькі затрашчала ў хмыззі яго плашч-палатка, а Пайкін і яшчэ хутчэй знік у цемры. Побач адно пасцёбваў хвастом па аглоблях конь, ля якога, папраўляючы збрую, тупаў Грыбаед ды, хуценька шморгаючы носам, стаяла ля воза роспачная, адзінокая Клава. Мабыць, яна чакала цяпер ягонай каманды сядаць, і Ляўчук, не зважаючы ні на кога, вылаяўся:
        – Падсуропілі, начальнікі! Ну ладна, трасцу вашай матары!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.