РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
11
        
11

        
        Дзверы ён толькі прыадчыніў на ступню і тут жа прыкрыў іх зноў — у вузкую шчыліну паміж палавінак і без таго было добра відаць, як па дарозе са спаленай вёскі каціліся дзве фурманкі з чорнымі седакамі ў іх. У руках і за плячыма гэтых седакоў у чорных пілотках тырчалі вінтоўкі, чуліся гоман, смех і ціхае піліканне губнога гармоніка. Ляўчук роспачна-злосна вылаяўся.
        — Што, што там? — спалохана пачала дабівацца Клава. — Немцы, ага? Немцы?
        — Немцы! — сказаў Ляўчук і раптам адскочыў ад дзвярэй. — Грыбаед — у той кут! Ты накрыйся! — сігануў ён да Клавы і тузануў з-пад яе галавы кажушок. — I ляжы! Ціха толькі. Яны міма едуць, — сам не надта верачы ў тое, што гаварыў, спрабаваў ён супакоіць сяброў.
        Грыбаед падаўся ў кут, знайшоў там шырэйшую шчыліну і стаў пазіраць на дарогу. Ляўчук прыпаў да шчыліны каля дзвярэй і не адрываў позірку ад дзвюх фурманак, якія шпарка кацілі да ручая, пераехалі яго і, уз'язджаючы на пагорак, пайшлі павольпей. Ён палічыў седакоў — на пярэдняй фурманцы іх было чатыры і трое на задняй. Галоўнае цяпер было ў тым, спыняцца яны ля гумна ці паедуць далей?
        Не, яны не паехалі далей — па гэты бок ручая фурманкі спыніліся. Нехта там штосьці гукнуў, мабыць, панямецку, нехта саскочыў на дарогу, і вось ужо ўсе пасаскоквалі з фурманак. У Леўчука нядобра зашчымела сэрца — адчуў, мусіць: з гэтага ліха ім проста не выкараскацца.
        — Грыбаед, чакай! Ціха!
        Але і без яго вокрыку ў таку было ціха. Клава, замест таго каб захінуцца, паднялася на каленях у саломе і, горнучы да сябе малога, напружана ўзіралася ў Леўчука. Грыбаед скурчыўся ля свае шчыліны.
        «Што яны, што яны будуць рабіць?» — нема перажываў Ляўчук неадчэпнае гэта пытанне, сочачы, як яны пабралі зброю, яшчэ нешта, распіхалі па кішэнях патроны і, пакінуўшы фурманкі на дарозе, рушылі па сцежачцы да іх гумна. Амаль з самага пачатку яны раздзяліліся на дзве чарады — адна скіравала сюды, на падворак, дзе былі дзверы тока, другая, меншая, пачала абыходзіць гумно з глухога ад алешнічку боку. Усё было б проста і нават банальна, калі б яны не паводзілі сябе неяк дужа спакойна — нетаропка, без усякае асцярогі, адкрыта ішлі па сцежцы. Менавіта гэтая іх неасцярога разам з няпэўнасцю іх намеру і давалі Леўчуку надзею — а вось не па іх? Можа, яны ідуць далей і пройдуць міма? Ахоплены насцярожанай увагай, ён сцяўся ля шчыліны, паставіў на баявы ўзвод аўтамат і вялікім пальцам памацаў пераводчык, каб упэўніцца, што той стаіць на аўтаматычнай стральбе.
        Чацвёра па сцежцы адзін за адным хутка падыходзілі к току. Іх бы так зручна было зрэзаць трапнай чаргой, але тая самая няпэўнасць іхняга намеру ўсё не давала Леўчуку рашучасці. А вось пройдуць далей — можа, да мяжы ў жыце, па сваіх нейкіх справах, бо адкуль ім вядома, што ў гэтым гуменцы сядзяць партызаны?
        — Ляўчук, што? Што? Дзе яны? — роспачным шэптам дамагалася ззаду Клава, але ён толькі варухнуў галавой.
        
        - Ціха!
        На нейкі час яны схаваліся за рогам тока, Ляўчук прыціснуўся лбом да шурпатага бока бервяна і не мог згледзець нічога. Але праз дзесяць секунд яны з'явіліся ўжо ля самай сцяны за маліннікам. Наперадзе ішоў рослы дзяцюк у суконным мундзіры з віслай ад цяжкіх падсумкаў папругай на жываце, з нямецкай вінтоўкай у адной руцэ. У другой ён трымаў цыгарку і, прыпыніўшыся, часта зацмыгаў з-пад пальцаў перад тым, як кінуць свой недакурак.
        Ён ужо быў на сярэдзіне іх падворка, але і тады яшчэ ў Леўчука тлела слабенькая надзея, што, можа, пройдзе сабе далей. Ляўчук напружана сачыў праз шчыліну за яго тварам, зыркія вочкі на якім спярша слізганулі ўздоўж сцяны тока, трохі зачапіліся на рагу, мусіць, за густы край малінніку і раптам спыніліся ў доле на іх цяпельцы, ад некалькіх галавешак якога яшчэ ішоў слабы, ледзьве прыкметны дымок. Ляўчук нема вылаяў сябе за неасцярогу, але было позна. Паліцай ступіў да дзвярэй, і тыя ціхенька рыпнулі.
        Ляўчук крутнуўся спінай да сцяны і ўскінуў аўтамат, аднак не стрэліў, усё яшчэ не ў стане расстацца з апошнімі імгненнямі свае надзеі, — ведаў: знадворку не вельмі ўбачыш у цемнаватым памяшканні тока. Але не паспеў яшчэ паліцай расчыніць дзверы, як каля сцяны насупраць мігнулася постаць Клавы, і ў напружанай цішы грымнуў адзін, другі, трэці стрэл. Паліцай выпусціў з рук вінтоўку і сам раптам нібы пераламаўся — упаў ці кульнуўся кудысь за маліннік. Ляўчук праз дошкі дзвярэй пстрыкнуў кароценькай чаргой наўздагон і, адчуваючы, што зараз стрэляць і ў іх, выцягся на земляным доле. Перад ім, забіўшыся пад сцяну за саломай, нервова калацілася з пісталетам у руцэ Клава.
        — Лажысь! Лажысь! — паспеў крыкнуць ён два разы, як першая куля знадворку імпэтна пранізала сцяну, адшчапіўшы ад бервяна тоўсты аскалёпак сухога дрэва. 3 двух бакоў тока часта забухалі стрэлы, кулі з глухім важкім стукам у некалькіх месцах прадзіравілі струхлелае бярвенне сцен, парахнёй і пылам асыпаючы цвёрды гліняны дол.
        Нядоўга паляжаўшы ля дзвярэй, Ляўчук паўзком кінуўся да сцяны насупраць, зірнуў праз нізкую шчыліну. Вінтоўкі бахалі, часам не зразумееш адкуль, ва ўсіх напрамках ціўкалі кулі, але каменны падмурачак няблага прыкрываў іх у доле. Праўда, маліннік, які рос тут знадворку, месцамі густа пазахінаў шчыліны, і Ляўчук баяўся, каб тыя злыдні не падышлі блізка. Зблізку яны маглі б уварвацца праз дзверы, закідаць іх гранатамі ці расстраляць з аўтаматаў ва ўпор. У што б там ні стала іх трэба было трымаць як мага далей ад тока. Здалёк хай страляюць. Цяпер, калі ўсчаўся бой, для Леўчука ўсё стала проста і звычайна, тут ужо ніякай няпэўнасці не было, бо не было дурной дзіцячай надзеі на авось. Ён разумеў, што папаліся яны як мае быць, і ўсё ў ім сцялася, сышлося на адным — не дацца!
        Ён кідаўся ў доле ад сцяны да сцяны, заглядваючы ў шчыліны, але, мусіць, немцы пападалі таксама, і пакуль у кутку не пачаў бахаць з вінтоўкі Грыбаед, Ляўчук не мог згледзець, куды яны падзеліся. Але раз Грыбаед страляў, значыць, ён нешта бачыў з таго, свайго боку. Клава ляжала пад сцяной і, усё горнучы да грудзей малога, не зводзіла позірку з дзвярэй. Ляўчук толькі адзін раз зірнуў у яе роспачна акругленыя вочы і падумаў, што ёй не пашэнціла канчаткова. Папаліся яны ўсе добра, але ёй будзе горш за ўсіх. Ён хацеў неяк падбадзёрыць яе, толькі не знайшоў для гэтага слоў, а мацюгнуўся ў душы і кінуўся ў асець. Той канец тока не быў прыкрыты нікім, — мусіць, яго трэба было прыкрыць самому.
        У прасмярдзелай дымам і сажаю асеці было цямней, чым у таку, а найгорш — не свіцілася ніводная шчыліна, апроч слепаватага вузкага акенца ў сцяне. Ён сунуў у шкло аўтаматам і зараз жа пляснуўся на ўсланы жэрдкамі дол — адначасна непадалёк ляснуў стрэл, і ў сцяну наўскос ад акна хлёстка цюкнула куля, чорны бок бервяна засвяціўся белаю плямкай. «Значыць, ужо пад абстрэлам і гэты бок тока, значыць, у жыта таксама не выскачыш», — сумна падумаў Ляўчук.
        Паляжаўшы трохі, ён асцярожна падняўся да акенца і збоку зірнуў у напрамку да алешніку. Над краем жытняй нівы чарнелі па грудзі дзве постаці — яны пільнавалі яго ад асеці. I ён, не высоўваючы аўтамата, даў наўскос праз акно кароценькую чаргу ў іх бок — хай ведаюць, што і тут ёсць каму стрэліць. Хай не спадзяюцца! Потым, прыгнуўшыся, ён выскачыў цераз высокі парог у ток і ўпаў пад сцяной ля Грыбаеда, які ўсё пільна ўзіраўся праз шчыліну. Клава ляжала за саломай, старанна прыкрываючы сабой беленькі скрутак з малым. Бахнуў адзіночны стрэл, ціўкнула пад бэлькай куля, а затым страляніна вакол чамусьці спынілася.
        — Грыбаед, патронаў багата?
        Грыбаед павярнуўся на бок, не адрываючы позірку ад шчыліны, абмацаў кішэні мундзіра, выцягнуў некалькі абоймаў.
        — Во чатыры абоймы.
        — I ўсё? Ну.
        — У цябе, Клава?
        — Было восем штук.
        — Тры стрэліла, засталося пяць. Да-а... Паваюеш тут! Становішча ўвогуле было жахлівае, калі не зусім безнадзейнае, іх абклалі з усіх бакоў і трымалі пад неаслабным абстрэлам. Канечне, патронаў у тых хапала, а тут проста смешна было думаць, каб доўга адбівацца гэтымі пяццю дзесяткамі. Але тады што ж? Трэба было на штось спадзявацца ці на што наважыцца, толькі Ляўчук не мог нічога прыдумаць. Паляжаўшы, ён трохі аддыхаўся і пасунуў пераводчык агню на адзіночныя стрэлы. Цяпер ён рашыў страляць толькі прыцэльна і па адным патроне.
        — Што ж нам рабіць, Ляўчук? Божа мой, што ж нам рабіць? — з ціхай роспаччу лямантавала Клава.
        — Ціха! Ляжы! Глядзі на дзверы. Ты глядзі на дзверы. Калі хто, бі прама ў лабаціну! — загадаў ён і паглядзеў на гэтыя чортавы дзверы — вялікія, з тонкіх негаблёваных дошак, якія адчыняліся ў той бок, а адсюль іх нельга было ні зашчапіць, ні падперці. Варта тым злыдням кінуць гранату, і яны застануцца зусім без дзвярэй, тады ўрывайся і расстрэльвай усіх на месцы.
        Нейкі час пастаяла цішыня без стрэлаў, мабыць, там раіліся, што рабіць, і вось аднекуль знадворку, мусіць з-за паветкі, пачуўся прыглушаны сценамі голас:
        — Гэй, ты, Кудлаты! Ці не пара здавацца?
        Ляўчук здрыгануўся. Кудлатым яго адзін час клікалі хлопцы ў разведцы, і цяпер гэты голас здаўся яму да таго знаёмы, што ён ажно здзівіўся: хто б гэта мог быць?
        — Гэй! Чуеш? Пара здавацца, пакуль не падсмажылі. Ці ты ўжо там загінаешся?
        — Гэта ж той, — павярнуўся тварам да яго Грыбаед, — што са станцыі прыбег.
        — Кудраўцаў? Ну.
        Мабыць, Ляўчук надта здзівіўся б, калі б не быў так уражаны гэтай навіной. Ён адчуў, як яго напаўняе неадольнае жаданне зараз жа выскачыць з тока і ўсадзіць у здрадніка ўсё, што яшчэ заставалася ў яго аўтамаце. Хай тады забіваюць і яго самога. Але ён неяк ператрываў свой гнеў і не выскачыў, а на каленях падаўся да Грыбаеда і прыпаў да ягонай шчыліны.
        — Вунь за паветкай. За саломай вунь вытыркаецца.
        — Ану дай!
        Ён узяў у старога расхлябаную яго драгунку, ямчэй пасунуўся ля сцяны. У шчыліну не лез толькі тонкі ствол з мушкай, хоць Ляўчук і так і гэтак соўваў яе праз сцяну. Добра, што шчыліну знадворку прыкрываў маліннік, праз які зблізку ім было сёе-тое відаць, а знадворку праз зараснікі наўрад ці можна было што згледзець. Ляўчук неяк усё ж злаўчыўся і ўзяў на мушку тое месца на рагу паветкі, дзе за саломай ляжаў Кудраўцаў, і стаў чакаць. Калі той крыху заварушыўся і верх чорнай пілоткі вытыркся з-за саломы, Ляўчук зацяў дыханне і стрэліў. Затым хуценька стрэліў яшчэ ў тое ж самае месца і пачакаў.
        Але чакаць давялося нядоўга, з-за паветкі, нібы нічога і не здарылася, зноў раздаўся зычны, знаёмы голас:
        — Дастраляешся, Кудлаты! Павесім за пашчэнку! На слупе здыхаць будзеш!
        — А хо-хо ты не хочаш? — крыкнуў Ляўчук, не ўтрымаўшыся.
        — Кінь дурыць, крэцін! Высылай з хлява радыстку і паднімай рукі. Жыць будзеш!
        — Я і так жыць буду, падлюга! А вот ты ў вяроўцы здохнеш, прадажнік!
        — Тады пяняй на сябе! — данеслася з-за сцяны. — Ану, хлопцы, — агонь!
        Гэты раз яны далі такога агню, якога Ляўчук не чуў ужо даўнавата. Гахала за паветкай, з дарогі, з-пад алешніку, лясное рэха вакол множыла стрэлы, і здавалася, цэлы ўзвод лупіць па іх з чатырох бакоў. Кулі са злым ціўканнем і ляскам дзяўблі і секлі спарахнелае дрэва сцен, на галовы ляцелі трэскі, парахня, высахлы мох з пазоў. Саламянае ашмоцце густа ўсыпала дол, і пыл слупамі стаяў у падстрэшшы. Мусіць бы, іх перабілі ўжо ўсіх, калі б не падмурачак. Прыкрыты знадворку маліннікам, ён па-ранейшаму ратаваў іх ад куль. Праўда, цяпер падняць з-за яго галаву, каб зірнуць у шчыліну, было немагчыма, і ўсё ж зірнуць было трэба. Ляўчук ведаў, што гэты агонь не так сабе, што, мабыць, пад яго прыкрыццём гэтыя ваўкі кінуцца да будыніны. I ён, лежачы пад сцяной, чуйна сачыў за стралянінай — пільнаваў момант, калі трэба ўдарыць насустрач.
        Ён быў ужо спрактыкаваны ў баях партызан і не так ведаў, як унутрана адчуў, што яны блізка. Тады ён, ускінуўшыся з аўтаматам, стрэліў праз шчыліну ў адзін бок, у другі; побач некалькі разоў грымнуў з вінтоўкі Грыбаед. Падаючы ніцма, ён паспеў згледзець праз сухія сцяблы малінніку, як там нехта таксама гэцнуўся на зямлю, нехта, прыгнуўшыся, шаснуў у бок за паветку. Мусіць, паміраць у гэтым гумне ім таксама не дужа хацелася. 3 алешніку яшчэ бухалі, але ад дарогі замоўклі. Падобна было на тое, што ён зноў выйграў нейкую сабе перадышку, магчымасць падумаць, што рабіць далей. Але тут яго скалануў новы непакой за той канец тока, дзе была асець, і ён, сам не ведаючы чаму, кінуўся па драбінах угору.
        Асець была маленькая, па земляной засыпцы ён сігануў да прадранага саламянага шчытка і ўпаў на жывот. Потым падпоўз да бліжэйшай дзіркі, зірнуў зверху на жыта і зларадна ўсміхнуўся. Адсюль добра было відаць, як двое ў чорных пілотках з расхрыстанымі каўнярамі мундзіраў краліся па жыце да тока. Адчуўшы кароценькую задаволенасць у душы, ён асцярожна ўзвёў затвор. Тыя, сагнуўшыся, каб не вытыркацца з жыта, не бачылі яго на асеці, і ён, старанна прыцэліўшыся ў пярэдняга, ляснуў адзіночным стрэлам. Паліцай недарэчна, бы здзіўлены, выпрастаўся ва ўвесь рост, закінуўшы ў неба галаву, павярнуўся на запятках і рухнуў плячамі ў жыта. Пакуль ён лавіў на мушку другога, той шалёна пусціўся па жыце ў алешнік. Ляўчук таропка стрэліў наўздагон без усякай надзеі трапіць і тут жа пашкадаваў выпушчанага марна патрона.
        Двух стрэлаў было даволі, каб яго тут засеклі, і як толькі першая куля цюкнула недзе з-пад столі, сыпануўшы на яго пяском, ён скаціўся па драбінах на ток. Ён раптам адчуў удзячнасць да гэтай прасторнай будыніны, якая, можа, болей чым іншым, менавіта сваім прасторам і ратавала іх.
        Хай страляюць, падумаў Ляўчук, ток вялікі, не так лёгка ў каго тут трапіць.
        Ён лёг ля той самай сцяны, да якой увесь час гарнулася Клава, і ў вузенькую шчылінку паміж бёрнаў стараўся згледзець, куды дзеўся яго недабітак. Але, здаецца, з таго боку цяпер не было нікога ці, можа, добра схаваўся ў алешніку. Ад паветкі яшчэ разы два ляснулі стрэлы, затым неяк усё прыціхла.
        — Гэй, ты, жывы яшчэ? — глухавата даляцеў усё той жа голас Кудраўцава. — Хопіць пулькамі кідацца! Давай радыстачку і каціся к чортавай матары! Чуеш?
        У пакутнай цішы, якая настала ў гумне пасля страляніны, гэтыя словы за сцяной прагучалі надзвычай выразна і пагрозліва. Ляўчук маўчаў, і тыя таксама замоўклі — мусіць, чакалі адказу. Было незразумела, чаму Кудраўцаў усё напірае на радыстку і адкуль яму вядома, што яна тут. Але ж, мусіць, вядома. I Ляўчук сцяміў, што менавіта затым яны і прыехалі на гэтае гумно. А ён, балда, усё спадзяваўся на нешта, на славуты авось, — трэба было адразу сячы іх чэргамі, можа б, менш засталося. А так што цяпер зробіш? Клава ж, у другі раз учуўшы гэтае патрабаванне, паклала на салому малога і заплакала,
        — Ой божачка-божа!.. Ой, што нам рабіць?..
        Рабіць сапраўды было немаведама што, але ж і не здавацца гэтым зладзюгам.
        I Ляўчук, лежачы за падмурачкам, зычна закрычаў у шчыліну:
        — Эй, ты! Ідзі вазьмі радыстачку! Ну! Ідзі вазьмі!..
        I, ускінуўшы аўтамат, пулянуў туды праз сцяну — усяго адзін раз, болей ён не мог дазволіць сабе, але і гэтага разу для іх, мусіць, было даволі.
        — Ну, падла! — пракрычаў зводдаль Кудраўцаў. — Дзяржыся! Зараз ты засквірчыш, як вяпрук у саломе!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.