РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
16
        
16

        
        Неўзабаве дрэвы і хмызняк скончыліся, з імі скончыліся праваліны вокны, стала больш травяністых зараснікаў, моху. Хоць месцамі было глыбока і ўсё зыбалася і плыло пад нагамі, але ўжо пагрозы ўтапіцца, мусіць, не было. Стрэлы памалу аддаліліся ўправа, стрункае дзіганне куль гойсала там, над балотам, і напалоханае балотнае птаства разляталася ва ўсе бакі. Нават прывязлівыя да чалавека сарокі цяпер ляцелі над самым балотам прэч ад гэтага небяспечнага грукату.
        Адной рукой прыхінуўшы да сябе малога, Ляўчук бег, скакаў, зыбаўся па замшэлай дрыгве, дзе спраўляўся перабегчы раней, чым імшарына ўтоне ў вадзе, а дзе і не паспяваў. I тады ён зноў каторы ўжо раз плёхаў па пояс у тарфяністай твані, кідаўся ў адзін бок, у другі, стараючыся выбрацца на цвярдзейшае. Мокрае яго адзенне агідна абліпала цела, пры кожным кроку плёхала з халяваў ботаў, але затое ад руху ён перастаў дрыжаць, нават сагрэўся. Ён толькі асцерагаўся, каб не ўтапіць у багне свой скрутак з маленькім у ім чалавечкам, а сябе ўжо аберагаць перастаў. Але балота ўсё ж канчалася, наперадзе на грудку шчыльненька зелянеў хвойнік — значыць, там пачынаўся бераг. Толькі хто і што чакае яго на тым хваёвым грудку?
        Нарэшце ён адолеў балота і па мокрым, але ўжо не дрыгвяністым тарфяніку выбег на зарослы сіўцом і верасам пясчаны пагорак. Боты, цвіркаючы і чвякаючы, затупалі па сухім. Выгляд яго, мусіць, быў страшны — мала што мокры з галавы да пят, дык яшчэ ўвесь аблеплены тванню; на плечы і рукавы паначаплялася нейкай валакністай водарасці, раска і іншая зялёная драбяза напрыліпала да вопраткі. Але малога ў пінжаку ён, здаецца, намачыў не вельмі, і калі той усё неспакойна валтузіўся і плакаў, дык, мусіць, болей з голаду. Гэты яго плач і падганяў Леўчука. Стрэлаў, якія ўсё яшчэ патрэсквалі здаля, ён не надта баяўся, ён ужо вырваўся з-пад іх пагрозы, і цяпер яго гнаў новы клопат.
        Ён бег. Хоць і нязручна было ў такім яго стане (мусіць, трэба б хоць выкруціць вопратку і пераабуцца), але ён ускарабкаўся на грудок, прадраўся праз хваёвы гушчар і раптам апынуўся на вузенькай, хоць і добра ўезджанай лясной дарожцы. Калі ёсць дарожка, дык павінна быць недзе і вёска, з палёгкай падумаў Ляўчук. Абы толькі не напаткаць немцаў.
        Ён не надта жвава пабег па ёй, усё чвякаючы левым ботам, і, мусіць, ад гэтага яго бегу малы патрохі прыціх, а пасля і зусім змоўк — заснуў ці проста загушкаўся на ягоных руках. Тады Ляўчук пайшоў цішэй, ён ужо сагрэўся і пачаў прыглядацца да лесу, каб дзе на хвіліну прысесці ды выціснуць вопратку. Мусіць, немцаў тут не было, а ісці давядзецца яшчэ немаведама колькі, так ён парэжа ногі ў мокрых, са збітымі анучамі ботах.
        Толькі ён падумаў пра гэта, прыглядаючыся да зарасніку папараці, што высока буяла ля самай дарогі, як пачуў блізкія галасы і конскі тупат. Ён хуценька шаснуў з дарогі, але, мабыць, было позна, і тыя, што ехалі на конях, паспелі згледзець яго. Згорбіўшыся за кустом ядлоўцу, ён напружана чакаў, спадзеючыся, што, можа, яны праедуць, але яны не праехалі. Тупат на дарозе раптам сціх, і ледзь не над яго галавой пачулася пагрозлівае:
        — Эй, ану вылазь!
        Ляўчук злосна ў думках вылаяўся — на якіх гэта ён д'яблаў налез? Па голасе нібыта нашыя, але хто ведае — можа, і немцы або паліцаі. Не выпускаючы з рук малога, ён асцярожна выцягнуў з кабуры парабелум, ціха нахіліўся за кустом, каб выглянуць на дарогу, і нечакана ўбачыў іх зусім побач. Яны, мусіць, таксама ўбачылі яго — гэтыя трое конных, апранутых, праўда, папартызанску, хто ў што, якія глядзелі цяпер у папараць, скіраваўшы сюды аўтаматы — нашы, савецкія ППШ.
        - Рукі ўгору!
        Па ўсім відаць, што гэта былі партызаны, хоць поўнай упэўненасці ў тым у Леўчука не было. Ён нетаропка падняўся з зарасніку, пакінуўшы ў доле малога і хаваючы за сабой парабелум. Але гэтая яго нерашучасць відавочна не задаволіла коннікаў. Адзін з іх, што быў у старой гімнасцёрцы і ссунутай на патыліцу чорнай кубанцы, рашуча павярнуў каня ў папараць.
        - Кідай пістоль! Ну! I рукі ўгору!
        — Ды ладна, — прымірэнча сказаў Ляўчук. — Свой! Чаго там...
        — Гледзячы каму свой!
        — Не, — сказаў Ляўчук. — Я павінен сам. Тут такая гісторыя... Сам я павінен. Гэта далёка?
        — Гледзячы як. Дарогай — далекавата. А цераз ручай — дзесяць хвілін.
        Яны выйшлі з папараці на дарожку. Коні нецярпліва круціліся пад седакамі, якім, відаць, карцела некуды ехаць, але і гэтага балотнага сустрэчнага, што аказаўся знаёмы іхняму таварышу, таксама нялоўка было пакідаць аднаго без дапамогі.
        — Ну ладна! — урэшце рашыў той, у кубанцы, мабыць, ён быў старшы. — Кулеш, пакажы дарогу і даганяй. Ля борці мы пачакаем.
        Вусаты Кулеш завярнуў каня, і Ляўчук таропка падаўся за ім па дарозе. Ен ішоў шпаркім крокам, згадваючы, у якую гэта брыгаду ён трапіў, хаця, напэўна, не ў Першамайскую. 3 Першамайскай гэты Кулеш зімой не мог быць на раз'ездзе — Першамайская тады дзейнічала недзе пад Мінскам і толькі вясной паявілася ў гэтым краі. Кулеш таксама акінуў Леўчука цікаўным выпрабавальным позіркам.
        — Гэта не па табе немцы пулялі? У балоце?
        — Па мне, ага. Ледзьве ўцёк.
        — Глядзі ты. Там жа дрыгва о-ёй!
        — Ды ўжо ж! Думаў, пухіры пушчу. А ты цяпер не ў Кіраўскім? — асцярожна пацікавіўся Ляўчук.
        — У Кіраўскім, ну, — ахвотна адказаў Кулеш. — Зашчамілі і нас, сволачы! Да ўчарашняга было ціха, а ўчора цісканулі. Чуеш, грыміць як? Адбіваемся.
        Ляўчук ужо чуў, як грымела дзесьці ў тым напрамку, куды яны ехалі. Страляніна, праўда, была далекаватая, але густая, з раскоцістым лесавым водгуллем.
        — Слухай, а гэта часам не твой? — кіўнуў Кулеш на ягоную ношу.
        — Не, не мой,— сказаў Ляўчук. — Друга майго.
        — Во як! Ну што ж, зразумела.
        — Не паспеў нарадзіцца і ўжо сірата. Ні бацькі, ні маткі.
        — Бывае,— уздыхнуў Кулеш. — Цяпер гэта проста. Ляўчук хуткім крокам сігаў поруч з рахманым Кулешавым конікам і паступова адыходзіў нутром ад усяго нядаўна ім перажытага. Мабыць, ён канчаткова ўжо ўратаваўся сам і ўратуе малога — гэта галоўнае, хоць ён быў занадта ўмораны, каб як мае быць парадавацца з гэтай прычыны. Цяпер, калі столькі жахлівага засталося па той бок балота, якое ўсё ж уратавала яго, ён адчуў толькі цягучую тупую знямогу і, амаль бегучы за канём, усё кідаў наперад нецярплівыя позіркі — ці не пакажацца нарэшце той лагер? Ужо далей лагера ён не пойдзе, спярша выспіцца, а пасля, можа, пакажацца якому доктару са сваёй ранай. Мокрая, не перавязаная як след, яна то тупа балела, то пачынала нясцерпна свярбець на яго плячы, — па ўсім відаць, нарывала — не хапала яшчэ якога заражэння, што тады будзе рабіць? Цяпер яго пачала непакоіць рана.
        — Ужо недалёка, — сказаў Кулеш. — Пераедзем ручай, і — лагер.
        Ляўчук стомлена ўздыхнуў і зірнуў на малога — той, пэўна, драмаў. Дарожка ішла ўніз, з хваёвага грудка па лужку да ляшчынніку над ручаём, і тады яны ўбачылі здаля, як на тым баку, быццам ім напярэймы, без усякага парадку бягуць людзі з вінтоўкамі. Адзін, згледзеўшы іх, замахаў рукой, і Кулеш нацягнуў повад.
        — Што такое?
        На дарожку выбег смуглявы, з рашучымі жарсткаватымі вачамі чалавек у нямецкім мундзіры, з нямецкім аўтаматам у руцэ; на ягоных грудзях целяпаўся вялікі бінокль, і Ляўчук здагадаўся, што, мабыць, гэта нейкі камандзір кіраўцаў.
        — Кулеш, стой! — крыкнуў камандзір і закінуў на плячо аўтамат. — Хто такі? — кальнуў ён Леўчука пагрозлівым позіркам.
        — Гэта з «Геройскага», — адказаў за яго Кулеш. — Во малога ў сямейны лагер нясём.
        — Якога малога? — абурана закрычаў камандзір. — Усе ў строй! Немцы прарваліся, чуеш, што робіцца?
        3 ляшчынніку на дарогу выскачыла чалавек дзесяць партызан. Усе былі захаканыя, мусіць, ад доўгага бегу і нерашуча спыняліся, прыслухоўваючыся да нечаканай сутычкі іх камандзіра са знаёмым Куляшом і незнаёмым партызанам з «Геройскага».
        — Што ж, з рабёнкам — у строй? — здзівіўся Кулеш.
        — Ладна, ты вязі рабёнка! — хутка рашыў камандзір. — А ты — у строй! Дзе вінтоўка?
        — Няма, — сказаў Ляўчук. — Во пісталет.
        — Станоўся з пісталетам. За мной, марш!
        Ляўчук секунду памарудзіў, хацеў сказаць, што паранены, але ўзбуджаныя твары камандзіра і яго байцоў пераканалі яго, што лепей паслухаць. Такія не дужа стануць упрошваць або разбірацца ў тваіх апраўданнях — такія звычайна, калі што не так, хапаюцца за пісталет. Ляўчук гэта ведаў.
        I ён аддаў малога Куляшу, які не дужа спрытна, з асцярогаю падняў яго на сядло.
        — Галоўнае, да цёткі якой. Каб карміла, — напомніў Ляўчук.
        — Будзе зроблена. Ты не турбуйся.
        Чарнявы з гарачымі вачамі ўзбег на грудок вышэй і азірнуўся. Ляўчук, аднак, стаяў, чамусьці спалохаўшыся, што Кулеш выпусціць малога, а той таўхануў стаптанымі абцасамі каня і раптам спыніўся.
        — Гэй, а зваць яго як?
        — Зваць? — здзівіўся Ляўчук. Сапраўды, можа, ён развітваўся з ім назаўжды, а імя яму так і не даў. Ды ці ён думаў дагэтуль пра імя? Ён нават не спадзяваўся, што яно калі-небудзь спатрэбіцца.
        — Віктар! — крыкнуў ён, прыпомніўшы, што так звалі Платонава. — Віктар, скажы. А прозвішча Платонаў, Віктар Платонаў.
        — Ясна.
        Кулеш памчаў па дарожцы і хутка схаваўся за павароткай, а Ляўчук зябка здрыгануўся ад свае мокрае вопраткі і стомлена пабег даганяць чарнявага. Ужо чутно было, як у тым кірунку бахнулі вінтоўкі, і першыя кулі струнка задзігалі ў ранішнім небе...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.