РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
6
        
6

        
        Ціхенька хліпаючы, Клава плакала доўга, і Ляўчук не стрываў.
        — Нічога, — сказаў ён, дабрэючы. — Як-небудзь. Ты пацярпі.
        — Ой, я ўжо так цярплю, але ж... Сам знаеш.
        — Галоўнае — дзе б да якога жытла прыбіцца. Ды ні чорта няма. Усё папалена.
        — А калі дзе не спалена, дык жа немцы, — сказала Клава з набалелаю роспаччу. Відаць, яна пра адно гэта толькі і думала ўсю дарогу.
        — Немцы, ага, — згадзіўся Ляўчук.
        Ён стараўся паводзіць сябе стрымана і з выгляду нават абыякава да яе, а ўнутры ўсё абураўся і лаяўся — гэткага павароту справы ён не чакаў. Яшчэ ўчора ён сядзеў на Доўгай градзе і думаў толькі пра тое, адаб'юць новую атаку карнікаў ці не, а калі не, дык куды тады бегчы. I раптам гэта недарэчнае раненне, якое ўсё ў ім крута перайначыла, наваліла на яго новыя абавязкі з тым Ціханавым, ды і з гэтай Клавай: што яму рабіць, калі раптам ёй прыпячэ? Ён пачаў нават баяцца, каб гэтага не здарылася тут жа, і скоса ўсё пазіраў на дзяўчыну, не перастаючы прыслухоўвацца да наваколля і паглядваць уніз — нецярпліва чакаць Грыбаеда. Але Клава, паляжаўшы трохі і, мабыць, спачыўшы, села раўней на ватоўцы, па-ранейшаму абапіраючыся на дол рукамі. Яе шытыя на заказ зграбныя скураныя боты з белымі, высцебанымі ў траве галоўкамі былі мокрыя, спаднічка таксама змакрэла знізу, і Ляўчук сказаў:
        — Здзень боты. Хай сохнуць.
        — Ды ну...
        — Здзень, здзень! — і, убачыўшы, што ёй нязручна згінацца, падняўся .— Ану, давай!
        Аднаруч ён сцягнуў з яе ног адзін, а затым і другі бот, Клава трохі сумелася, але, відаць, адчула палёгку, паспакайнела і падняла на яго спакутаваны позірк.
        — У цябе як плячо? Можа, перавязаць?
        — Ды ярунда. Не трэба.
        Ён ужо прыцярпеўся да свае раны і нават шкадаваў, што пайшоў у санчасць, лепш бы застаўся ў роце, можа, і прабіўся б з усімі за грэблю і цяпер быў бы адсюль далёка. Прынамсі, не ведаў бы клопату, які цяпер тлуміў яго галаву.
        — Ну і Ціханаў, не чакаў ад яго такога. Не ведаю нават, што і думаць, — сказаў ён, усеўшыся ў доле непадалёк ад Клавы.
        — Спалохаўся ён. А можа...
        — Спалохаўся, факт! Але што мы рабілі б, каб не спалохаўся?
        — А можа, ён з-за нас? — сказала Клава.
        — А хто ведае! Хіба цяпер зразумееш? Чужая душа — пацёмкі.
        — А ўсё ж відаць. Добрага чалавека здалёку відаць.
        — Няўжо? А дрэнныя — яны што ж, думаеш, не маскіруюцца? Пад добрых? Як вунь той гад! Ужо такі сімпацяга быў...
        
        — Ты пра каго?
        — Усё пра таго ж!
        — Што цяпер гаварыць? — пасля нядоўгага роздуму сказала Клава. — Пасля мы ўсе разумныя.
        — Вот іменна — пасля. I разумныя, і строгія. А напачатку такія добранькія. Вушы развесілі, а ён — нож у спіну.
        — Платонаў і тады гаварыў: ёсць падазрэнне. Але ж доказаў не было.
        — Доказаў чакаў! Ну і дачакаўся...
        Яны памаўчалі, Ляўчук, адкінуўшыся на локаць, кусаў травіну, увесь час азіраючы сасоннік. I Клава, нешта асіліўшы ў сабе, сказала:
        — Канечне, наконт Платонава мы цяпер можам меркаваць па-рознаму. Асуджаць яго. Але як жа яму было? Я памятаю, ён гаварыў мне: нешта нячыста, але як дазнацца? Для гэтага час патрэбен.
        — Трэба было шпокнуць абодвух, — з лёгкасцю зазначыў Ляўчук. — А што? Раз сумненне, дык і абодвух. Каб без сумнення. Як кажуць, бабка надвае варажыла: можа, чэсны, а можа, і агент.
        — Не, так нельга, — ціха сказала Клава. — Вы ўсе ачарсцвелі на гэтай вайне. Яно зразумела, але гэта кепска. Платонаў быў не такі. Ён добры быў, чалавечны... Можа, таму і ў нас з ім усё так выйшла. Ён другога чалавека адчуваў, як самога сябе.
        — Во-во-во! — падхапіў Ляўчук і сеў роўна. — Добры! А праз яго добрасць яшчэ невядома, як табе быць. Ды і нам во...
        — Што ж, можа быць кепска. I ўсё роўна ён харошы. А дабрата не можа быць кепскай...
        — Што ты кажаш! — злосна здзівіўся Ляўчук і ўстаў. — Не можа? Вот глядзі. Я буду добры і хуценька цябе здам куды ў вёску. Якая бліжэй. Ты ж хочаш, каб скарэй куды прыбіцца. Праўда? Каб табе сцішыцца. Вось я цябе і прыстрою. А немцы і схопяць. Дык не, я не добры, я цябе тузаю, во цягну, а ты праклінаеш мяне, праўда? I ўсё ж я мо куды зацягну, дзе спакайней. Дзе ты родзіш па-людску. I прыгледзець дзе будзе каму!
        Ён сказаў гэта адным духам, можа, занадта запальчыва, і яна змоўчала, не адказала. Але Леўчуку не трэба было ні яе згоды, ні яе пярэчання, ён быў цвёрда ўпэўнены ў сваёй праўдзе. Ён даўно ваяваў і ведаў, што на вайне іншае праўды і не бывае. Нейкая там добрасць — не для вайны. Можа, часам яна і няблага, нават дарэчы, але не тады, калі цябе кожную хвіліну пільнуе куля.
        Клава заціхла, думаючы свае нялёгкія думы, а ён босы адышоўся па калючай траве на пагорак, паглядзеў цераз негусты сасоннік уніз, на лугавіну. Здаецца, у тым баку не было ні дарог, ні вёсак, не чутна было ніякага гуку і ніякага знаку прысутнасці ворага, мусіць, яны няблага зашыліся ў лясную глушэчу. Калі б толькі дзе жытло. Ім цяпер патрэбна была якая сядзіба, хутар, якая леснічоўка з людзьмі — без такой дапамогі Клава не магла абысціся. Незалежна ад таго, якія б яны ні былі з ёй добрыя.
        Ляўчук ціха прайшоў па пагорку між негустых маладых сасонак, паслухаў і, асцярожна ступаючы, вярнуўся да Клавы. Яна ляжала з заплюшчанымі вачамі, і ён, трошкі здзівіўшыся, успомніў, што яна ўсё яшчэ апраўдвае Платонава, які давёў яе да такога лёсу. Ён ужо мёртвы, а ўсё яшчэ нешта для яе значыць — во як бывае, калі не на жарт пакахаць чалавека.
        Ляўчук прысеў трохі вышэй ад яе, падцягнуў да сябе бліжэй аўтамат. Вельмі хацелася легчы, выпрастаць цела, але ён баяўся незнарок заснуць і не клаўся. Супакоіўшыся, ён пачаў думаць пра іх становішча, пра небараку Ціханава, пра тое, як там блукае недзе яго Грыбаед. I, вядома, пра Клаву.
        Наконт Платонава яна, відаць, мела рацыю, той сапраўды быў чалавек надзіва ўраўнаважаны, добразычлівы і не па-вайсковаму спакойны. Ляўчук ведаў яго яшчэ з даваеннага часу, калі яны разам служылі ў Гродні, — Ляўчук камандзірам аддзялення сувязі, а капітан Платонаў — ПНШ палка па разведцы. Пасля разгрому палка і акружэння Ляўчук перабыў першую зіму ў бацькі, а вясной, калі іх група злучылася з групай Ударцава, ён там сустрэў Платонава. I дзіўная рэч: баі, разгром, лясное, поўнае яўных і тайных небяспек жыццё не змяніла характару капітана, па-ранейшаму ён заставаўся такі ж спакойны, добразычлівы, аднолькавы з усімі — начальнікамі і падначаленымі, ніколі не пароў гарачкі, заўжды стараўся зрабіць абдумана, цвяроза і па справядлівасці. Такі ж ён быў і ў той невясёлай гісторыі з двума палоннымі, якія ў канцы мая раптам з'явіліся ў іх атрадзе.
        Прыбеглі яны са станцыі, дзе перагружалі дрэва з вузкакалейкі на шырокую каляіну і дзе заўжды працавала каманда ваеннапалонных. У атрад іх прывяла Зойка, атрадная сувязная з пуцейскай казармы, казала, найперш яны прыбіліся да яе і напрамілы бог прасілі звязаць іх з партызанамі. I Зойка звязала. У атрадзе і да іх было нямала нядаўніх ваеннапалонных ды акружэнцаў, і таму з'яўленне яшчэ двух новых не выклікала ні вялікай увагі, ні тым болей здзіўлення. Здзіўленне і нават невялікі сполах пачаўся пазней, калі з імі пачалі гаворку ў асобым аддзеле.
        Першага паклікалі туды Шаўцова, высокага схуднелага чалавека ў ватоўцы, які, па яго словах, да арміі працаваў інжынерам у Кемераве, трапіў у палон пад Беластокам і, як ён сказаў, год шукаў моманту вырвацца з палону і знайсці партызан. Цяпер ён быў дужа рады, што гэты выпадак надарыўся, і прасіў даць яму зброю, каб біць тых, хто прычыніў яму столькі пакут і ганьбы.
        Усё было проста, звычайна, Шаўцова залічылі ў другую роту і адправілі за ручай у ротны будан.
        Другога паклікалі крыху пазней, пад вечар, бо начальнік асобага аддзела Зяновіч павінен быў некуды ехаць, і канавод ужо чакаў яго з асядланым канём ля зямлянкі. Вярнуўся Зяновіч толькі пад вечар, калі партызаны ішлі па вячэру на кухню, і тады знайшоў ля сваёй зямлянкі Шаўцовага напарніка па прозвішчы Кудраўцаў, які, аказваецца, спецыяльна чакаў яго тут з гадзіну.
        Гэты Кудраўцаў быў даволі яшчэ малады, ладны дзяцюк з надзіва прывабнай і адкрытай усмешкай на прыгожым, добра паголеным твары, ён усё расказаў пра сябе: як ваяваў, як падбілі ягоны танк і як сябры вывалаклі яго з полымя, паказаў нават след на лапатцы ад цяжкога ранення, пасля якога, непрытомны, апынуўся ў палоне. Сам ён быў ленінградзен, да арміі працаваў на славутым заводзе, любіць радзіму і ненавідзіць немцаў, гатовы ваяваць з імі на любой пасадзе, хоць сам, між іншым, радыст вышэйшай кваліфікацыі. I яшчэ ён мае заявіць па сакрэту, што ягонага напарніка Шаўцова незадоўга да іх уцёкаў некалькі разоў выклікаў шэф СД, здаецца, вербаваў у агенты, хаця, магчыма, што ён, Кудраўцаў, і памыляецца, бо на іх гаворцы, вядома, не быў. Зяновіч знарок спакойна сказаў, што яму гэта вядома, хоць усё гэта ён чуў тады першы раз. Ён адпусціў Кудраўцава, а сам тут жа паслаў дзяжурнага па Шаўцова.
        Шаўцова прывялі не так хутка, аказваецца, той ужо спаў, і калі пачуў пра ягоную вярбоўку ў СД, вельмі здзівіўся. Ці зрабіў выгляд, што здзіўляецца. Ён адмаўляў, што яго хоць бы раз выклікаў шэф СД, казаў, што ён нічога не чуў пра вярбоўку і не браў на сябе ніякіх абавязацельстваў перад немцамі. Пра Кудраўцава ж ён нічога кепскага сказаць не мог — разам працавалі, разам гібелі ў бараку, выбраўшы момант, уцяклі, калі іх паслалі пераносіць старыя падмосткі да новай эстакады.
        Зяновіч далажыў аб тым камандзіру, камісару, начальніку штаба. Тыя, параіўшыся, рашылі абшукаць Шаўцова, і калі хлопцы распаролі паясніцу ягоных штаноў, знайшлі там нейкую паркалёвую анучку з лічбамі, напісанымі вадастойкаю фарбай. Што гэта такое — Шаўцоў вытлумачыць не мог, але ўсе зразумелі, што гэта нямецкі шыфр. Такія штучкі партызанам ужо былі вядомы, і Шаўцова на другі дзень расстралялі ў рове.
        А Кудраўцаў з таго часу стаў вядомы ўсім партызанам. Сапраўды, выратаваў атрад ад нямецкага агента, бо няцяжка было сабе ўявіць, што сталася б з атрадам, калі б у ім застаўся гэты Шаўцоў. Ды і наогул новы партызан надзіва сімпатычны хлопец, выдатны стралок, майстра па гадзінніках і ў дадатак да ўсяго яшчэ іграў на гармоніку. Гармонік, праўда, быў у іх надта старэнькі, з прадраным мехам, клавішы ў яго ўвесь час западалі, галасы дашчэнту расстроены ў няўмелых руках, але ўсё роўна Кудраўцаў іграў на ім так добра, што можна было заслухацца. Калі надараўся які вольны час, ён сядаў на пянёк каля будана першай роты і пачынаў паціху наігрываць «страданне» або «Синенький скромный платочек», адразу ж каля яго пачыналі збірацца хлопцы, усе слухалі ды пазіралі, як спрытна бегаюць па клавішах ягоныя пальцы, а сам гарманіст люба ўсміхаецца, мусіць, таксама радуючыся з свае майстэрскай ігры.
        Неяк спакваля, не адразу, да будана першай роты пачала прыходзіць і Клава.
        Прыходзіла яна адна, трошкі сарамліва і з нейкаю нават затоенай бояззю спынялася каля бярозак збоч ад гаманкой купкі хлопцаў з гарманістам, але тыя адразу заўважалі яе і клікалі, нават цягнулі бліжэй да ўсіх. Кудраўцаў нейкай асаблівай жвавасцю адгукаўся на яе прыход і граў, усміхаючыся ўжо толькі ёй адной. Яна, мусіць, заўважала тое, бянтэжылася, але стаяла, слухала, лёгка і ветліва адбіваючыся ад празмернай увагі некаторых хлопцаў-назолаў. Зрэшты, асабліва да яе ўжо не набіваліся, у атрадзе ўжо ведалі пра яе адносіны з начштаба Платонавым. Ляўчук у такі час звычайна быў там жа ці дзесьці паблізу за якой дробязнай справай, але ён заўжды прыкмячаў яе паяўленне каля гарманіста, і ніводзін яе крок, погляд, усмешка не заставаліся ім не заўважаныя. I тады ён нешта прыкмеціў у адносінах да яе Кудраўцава, і гэта яго насцярожыла.
        Ляўчук сам пэўна не ведаў, кахаў Клаву ці не, можа, проста яна па-дзявочы падабалася яму, але ён не зрабіў ні адной спробы зблізіцца з ёю, бо не хацеў пераходзіць дарогу Платонаву. Яшчэ тады, як ён прывёз яе з Кіраўскай, ён з першага позірку між новай радысткай і іхнім начштаба зразумеў, што так у іх не абыдзецца — дужа ўжо яны былі здатныя адно для аднаго: абое ладныя, прыгожыя і маладыя. I ён адступіўся ад яе, але толькі дзеля аднаго Платонава, і болей адступацца не меў намеру ні для каго іншага. Нават калі б ён быў, як анёл, прыгожы і граў на аргане, а не такім пабітым гармоніку. I Ляўчук ціха, але ўпарта, з усёй маладой сілай узненавідзеў гэтага наваяўленага партызана, усеагульнага любімца і сімпацягу Кудраўцава. Аднойчы ён нават наважыўся пагаварыць пра яго з Платонавым і ўжо быў спыніў яго ў часе сустрэчы на сцежцы, ды раптам капітана паклікалі ў штабную зямлянку, і Ляўчук, хвіліну счакаўшы, пайшоў па сваёй справе.
        I шкада, што не пагутарыў. Хто ведае, можа б, яго не дужа пэўная гутарка не дапусціла вялікай бяды, якая неўзабаве здарылася ў атрадзе.
        Неяк у Клавы пачаліся нелады з рацыяй, аднойчы яна нават прапусціла сеанс сувязі, бо не магла даць рады свайму «севярку». Ляшчова ў той час у атрадзе ўжо не было — адкамандзіравалі ў групу Цеслюка, і ніхто ёй памагчы не мог. I тады ў штабе ўспомнілі пра Кудраўцава. Ён ахвотна ўзяўся за дапамогу, нешта зрабіў там, і рацыя сапраўды пачала працаваць. Толькі ён сказаў, што яна так нядоўга пратрымаецца, што трэба змяніць нейкую зубчатку. Але дзе было ўзяць у лесе тую зубчатку? I Кудраўцаў, падумаўшы, сказаў, што гэту штуковіну можна дастаць на станцыі, ён ведае чалавека, але той чалавек можа даверыцца толькі яму, і нікому болей. Платонаў падумаў, параіўся з Клавай, і яны рашылі, што трэба паспрабаваць. Толькі паслаць Кудраўцава трэба не аднаго, а з групай, і камандзірам групы прызначылі Леўчука. Ляўчук не адзін раз хадзіў на тую станцыю, у яго там былі знаёмыя, і ён асаблівай увагі не надаў гэтаму заданню — былі куды болей важныя і трудныя, і то як-небудзь усё абыходзілася.
        На станцыю Ляўчук павінен быў пайсці ў нядзелю, а ў суботу, вяртаючыся з Клясцоў, яны, трое разведчыкаў, завіталі па дарозе на хутар да знаёмага чалавека, які добра пачаставаў іх. I калі пасля прыходу ў атрад ён далажыў камандзіру аб выкананні задання, той тут жа распарадзіўся адправіцца Леўчуку ў яму каля каравульнай зямлянкі, дзе ў іх была гаўптвахта. Ляўчук закіпеў, нагаварыў камандзіру чорт ведае чаго, але ўрэшце быў змушаны здаць аўтамат і пад канвоем камандзіравага ардынарца адправіцца да яміны, куды ён са злосцю кінуў сваю ватоўку, а пасля скочыў сам і адразу ўлёгся спаць.
        Ён думаў, што ўранку яго выпусцяць, але не выпусцілі ні ўранку, ні ўвечары, ён праседзеў у яме да панядзелка, аж покуль у атрадзе не разнеслася чутка, што на станцыі, трапіўшы ў засаду, загінуў іхні начштаба Платонаў.
        Учуўшы такое, Ляўчук не мог болей сядзець. Не зважаючы на вокрык варты, выскачыў з ямы і кінуўся да штабной зямлянкі, ля якой ужо білася на траве Клава і лютаваў камандзір атрада. Другія камандзіры хадзілі з апушчанымі галовамі і толькі моўчкі ўздыхалі.
        Як і прадчуваў Ляўчук, у той неспадзяванай гібелі начштаба была і яго, Леўчукова, віна. 3 прычыны ягонай адсутнасці камандаваць групай узяўся сам начштаба Платонаў, які вечарам у нядзелю з Кудраўцавым і трыма партызанамі адправіўся на станцыю. Два з тых пяці сядзелі цяпер у камандзіра і расказвалі, як усё здарылася.
        Спярша ўсё ішло добра і не наводзіла ні на якія падазрэнні. На змярканні яны дабраліся да станцыйных гародаў і зашыліся ў лапіку выбуялых за лета канопляў. Як змерклася яшчэ болей, Кудраўцаў вузенькім завулачкам пайшоў да свайго дзядзькі, астатнія засталіся чакаць. Але чакаць давялося доўга, думалі, нешта не выходзіць у Кудраўцава з дзядзькам, і, трацячы цярпенне, Платонаў палез у цемры з канопляў паглядзець, што робіцца паблізу. Але не паспеў ён падлезці пад плот, як хлопцы пачулі яго сцішаны крык, грымнулі стрэлы. Усе рванулі цераз каноплі на той бок гарода, але і там наскочылі на гітлераўцаў, якія ўдарылі па мяжы з аўтамата. Зразумеўшы, што трапілі ў засаду, хлопцы кінуліся ў розныя бакі і, ужо бегучы, пачулі голас Кудраўцава, які крычаў: «Таго, таго лавіце, у кубанцы!»
        У кубанцы ў іх быў Платонаў.
        Пасля стала вядома, што начштаба з прастрэленымі грудзямі пацягнулі на допыт, але ён быў непрытомны і на другі дзень сканаў. Кудраўцаў пасля таго недзе знік са станцыі. Пэўна, ягоныя гаспадары перакінулі яго ў іншае месца, дзе таксама шанавалі добрую ігру на гармоніку.
        Клава рвала на сабе валасы, Ляўчук скрыгатаў зубамі. Праз два дні яго перавялі з узвода разведкі ў трэцюю роту радавым кулямётчыкам.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.