РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
5
        
5

        
        Хмызняк па ўзлеску паварочваў убок, нават трохі кудысь назад, наперадзе ляжаў бульбяны палетак, а Залоззя нідзе не было відаць. Яны ненадоўга спынілі каня, агледзеліся, але вёска, калі яна дзе і была, дык толькі наперадзе. У доле з-пад ног беглі кудысь свежыя, мабыць, на днях абганяныя, баразёнкі з фіялетавымі зорачкамі кветак на сакаўным лісці, і яны ўвайшлі ў бульбу. Шырэйшай баразной павялі каня, самі пайшлі поруч.
        Бульбоўнік быў невысокі і не дужа замінаў хадзе. Зводдаль цягнуўся шнурок нейкіх дрэўцаў і кусцікаў, далей зноў быў лог, і за ім цямнеў хвойны лес, а дзе была тая вёска — не ўгадаць.
        Яны ішлі моўчкі, колькі разоў папраўлялі на кані Ціханава, які збіваўся на адзін бок. Паранены ціха стагнаў, скрыгаў зубамі, а рукамі ўчэпіста трымаўся за прыладжаны да хамута аўтамат.
        — Доўга яшчэ? — выціснуў ён праз зубы.
        — Што — доўга? — не зразумеў Ляўчук.
        — Мучыцца мне доўга яшчэ?
        — Нядоўга, нядоўга! Патрывай трохі.
        — Дзе немцы?
        — Ды няма немцаў. Што ты баішся?
        — Я не баюся. Я не хачу дарма мучыцца.
        У словах дэсантніка гучаў яўны надрыў і пакута, увогуле зразумелыя ў ягоным стане, і Ляўчук не стаў яго пераконваць у лепшым — ён адчуваў нейкую яго праўду і нават ягонае права наракаць на іх. Ён ужо нагледзеўся на розных параненых і ведаў, што цяжкія, яны нібы дзеці — і капрызлівыя, і крыўдлівыя, і што з імі трэба па-добраму, з лагодай. Праўда, часам трэба і са строгасцю. Строгасць разумелі ўсе, хоць і не кожны раз яе дазваляла сумленне, некаторых проста было шкада.
        Мабыць, яны недалёка яшчэ адышліся па той бульбе ад узлеску, як ззаду раптам устрывожана крыкнула Клава:
        — Ляўчук! Ляўчук, глянь!..
        Ляўчук азірнуўся на яе — дзяўчына прысядала ў баразне і, утуліўшы голаў, пазірала ўбок. Ён таксама зірнуў туды — у рэдзенькіх кусціках праз які кіламетр ад іх стаяла некалькі крытых брызентам машын і між іх сноўдалі нейкія постаці ў казыркастых шапках. Вядома, то былі немцы. Ён толькі зірнуў туды, і нешта з паныласцю абарвалася ў яго грудзях ад жахлівай думкі — папаліся! Папаліся-такі добра, сярод поля, з канём. Цяпер што?..
        Тым часам Грыбаед ужо выцягнуўся ў баразне, няблага прыкрыты бульбоўнікам, і Ляўчук тузануў на сябе цяжкае цела дэсантніка. Аднаруч ён не ўтрымаў яго, і яны разам рухнулі ў бульбоўнік поруч з канём. Ціханаў заенчыў, застагнаў, але неяк адразу сціх, а конь, апынуўшыся без апекі, спыніўся і, павярнуўшы галаву, няўцямна пазіраў удалеч.
        — Во ўлезлі, дык улезлі! Гэта табе не балота, — прабурчаў у баразне Грыбаед. Побач курчыўся Ціханаў, Ляўчук памкнуўся быў да каня, каб сцягнуць з яго хамута аўтамат, але аўтамата там ужо не было, мабыць, яго, падаючы, садраў дэсантнік. Тады Ляўчук асцярожна выглянуў з бульбоўніку: машыны стаялі сабе, трохі прыкрытыя кустамі; з адной, пэўна, хтось вылез, нягучна бразнулі дзверцы. Мусіць, там пралягала дарога, і немцы спыніліся па якой часовай патрэбе. Здаецца, яны іх яшчэ не заўважылі.
        А можа, яны хутка паедуць?
        Партызаны паляжалі з хвіліну ў росным ад начы бульбоўніку, над лесам ужо ўзышло сонца і шырока развесіла над полем свае ранішнія зыркія промні. Мусіць, гэтыя промні трохі сляпілі немцаў, а то б на такой адлегласці яны ўгледзелі іх на полі.
        Так прайшло трохі часу, а яны ўсё ляжалі, невядома чаго чакаючы і на што спадзеючыся. Ціханаў паводзіў сябе спакойна, не кратаўся і маўчаў, хоць, як здалося Ляўчуку, чуў усё, што тут з імі здарылася. Ляўчук раз-пораз зіркаў паверх бульбы адным вокам і раптам убачыў, як нехта там, на дарозе, стаў тварам да поля і глядзіць у іх бок. Мусіць, тое ж заўважыў і Грыбаед, бо хутка ён злым бурчаннем стаў адганяць каня:
        — Пайшоў! Пайшоў прэч! Прэч ты, халера!..
        Ну, было пэўна: немцы згледзелі адзінокага каня з хамутом на шыі, і, мусіць, гэта іх зацікавіла. Неўзабаве да першага падышоў другі — высокі перахлябісты немец з вядром у руках, нядоўга яны пагаварылі аб чымсьці, углядаючыся ў іх бок. I Ляўчук зразумеў пэўна, што іх немцы яшчэ не бачаць, — бачаць толькі каня.
        А раптам яны прыйдуць па яго?
        Гэтая думка не на жарт спалохала Леўчука, і ён таксама зашыпеў, зацыкаў на іх беднага, яшчэ не абсохлага з ночы коніка:
        — Гэць! Гэць адсюль! Ану пшоў! Пшоў!
        Бедная жывёліна пастаяла, паазіралася ў адзін бок, у другі і без жаднай увагі да незразумелых сцішаных вокрыкаў пачала мірна скубці бульбоўнік. Ляўчук ледзь не завыў ад прыкрасці, ад свае бездапаможнасці, але ён не мог устаць, каб адагнаць каня. Ён не мог нават як след замахнуцца на яго.
        — Грыбаед! Грыбаед! Адгані! Хутчэй адгані!
        — Пайшоў, халера! Прэч! Прэч! — гучным шэптам сіліўся ў баразне Грыбаед, ды марна — конь павярнуўся ўпоперак барознаў і скуб вяршак бульбоўніку.
        — Каб ты здох! Каб цябе ваўкі з'елі!..
        Каб ён цяпер здох, для іх, мусіць, было б гэта шчасцем, але ён здыхаць не збіраўся, а збіраўся папасвіцца тут, хоць і з хамутом на шыі. I яны апанурыліся, сцяліся і толькі зрэдку засцярожліва пазіралі з бульбоўніку.
        — Што, немцы далёка? — раптам прахапіўся паранены і ўскінуў рудую, у бінтах галаву.
        — Ціха! Ляжы ты! — прыкрыкнуў на яго Ляўчук.
        — Немцы далёка?
        — Ціха! Якое далёка... Вунь, на дарозе...
        — Сюды ідуць?
        — Ды не яшчэ! Ты ляжы...
        — Якое не, — прасіпеў у іх бок Грыбаед, які, зірнуўшы, тут жа тыцнуўся ў баразну. — Ідуць ужо.
        Ляўчук толькі на якую долю секунды выткнуўся з бульбоўніку, але тае долі было дастаткова, каб згледзець, як два немцы, нетаропка ступаючы цераз барозны, кіравалі да іх. Што да іх, у тым не было сумнення, напрамак іхняй хады Ляўчук вызначыў пэўна. Але конь, скубучы бульбоўнік, ужо адышоўся ад іх, можа, крокаў на дзесяць, мусіць бы, неўзабаве ён адышоўся і далей. Шчаслівая гэта думка маленькай надзеяй бліснула ў Леўчуковай свядомасці, толькі яна і была іх спадзяваннем — іншага тут не выпадала.
        — Дзе немцы? — зноў усхапіўся Ціханаў.
        — Ціха! Замры!
        — Дзе немцы? Ідуць?
        — Ідуць! Ціх...
        — Браць ідуць? Не, мяне ўжо не возьмуць, гады!.. Апошнія яго словы, якія ён амаль выкрыкнуў, прадчуваннем новай бяды скаланулі Леўчука; праз каліўе той усім целам ірвануўся да параненага, як раптам амаль з-пад яго рук па бульбоўніку джыганула грымотная чарга.
        Перастаючы адчуваць сябе, Ляўчук ірвануў за аўтамат, думаючы ў запале, што гэта дэсантнік пальнуў у немцаў, як убачыў разматляны скрываўлены бінт на апалай у баразне яго галаве, з якой між бульбоўніку па жвіры плыла кроў. Тады ён зразумеў усё і ўскочыў, моцна тузануўшы аўтамат з-пад цела нябожчыка, абарваў раменную почапку і з калена даў кароценькую чаргу па тых двух, якія спярша прыпыніліся, а пасля кінуліся назад, да дарогі. Побач гулка бахнуў вінтовачны стрэл Грыбаеда, Ляўчук крыкнуў: «Бяжым!» — і яны, прыгнуўшыся, што было сілы пабеглі па разоры назад да ўзлеску.
        Ляўчук на бягу злосна лаяўся; такога ад Ціханава ён не чакаў. Ён хутка дагнаў Клаву, якая, спатыкаючыся, няўклюдна бегла таксама да ўзлеску. Бегучы, яны не зводзілі позірку з машын на дарозе, куды ўжо дабеглі тыя два немцы і адкуль прагучала некалькі стрэлаў з вінтовак — некалькі куль з тугім звонам прайшло над іх галовамі. Але ад дарогі да іх было ўсё ж далёка, і яшчэ праз хвіліну, падбягаючы да ўзлеску, Ляўчук акрыяў духам — ён зразумеў, што яны ўцякуць. Побач ужо быў хмызняк — у хмызняку далёкія стрэлы для іх не страшныя.
        Перш чым схавацца за крайнімі кустамі, Ляўчук азірнуўся — некалькі немцаў стаяла каля машын і пазірала на ўцекачоў. Але яны не стралялі — мусіць, было ўжо далёка. Ззаду пасярод бульбы сіратліва стаяў, памахваючы хвастом, іх конь з хамутом на шыі. Ціханава адсюль не было відаць,
        — Ну і балда! Ну і зуй! — не мог супакоіцца Ляўчук. — Столькі мучыліся з ім. А ён...
        Яны неўзабаве зашыліся ў кустах і то ішлі, то беглі, стараючыся як мага далей адысціся ад таго небяспечнага месца. Грыбаед дагнаў Леўчука і трымаўся блізка ад яго, насцярожана азіраючыся па баках і назад. Кусты тут былі не густыя, з бярэзнікам і маладымі елачкамі, гусцейшыя месцы Ляўчук спрактыкавана абмінаў стараной. Яны б маглі бегчы і хутчэй, калі б не Клава, якая адставала, і Ляўчук час ад часу мусіў спыняцца, чакаць яе. Яна, бачна было, з немалым намаганнем даганяла іх, запавольвала крок і, каб не ўпасці, хапалася адной ці абедзвюма рукамі за галіны дрэў. Ёй было кепска, Ляўчук бачыў гэта, але тут ім спыняцца не выпадала, трэба было як мага адысціся далей, і ён упарта імкнуўся наперад.
        Праз нейкі час яны выбраліся з кустоў на луг з рэдкімі купкамі лазняку на някошаным травяністым прасцягу. Ляўчук тут дазволіў сабе спыніцца, каб аддыхацца і пачакаць Клаву. Немцы іх, здаецца, не даганялі, але ўнутры ў ім усё трэслася ад таго недарэчнага здарэння, і ён думаў, што яны цудам выбавіліся з бяды. I ўсё праз Ціханава, які забіў сябе, на што, вядома, меў поўнае права, але тым ледзьве не загубіў астатніх. Пільна азіраючы лугавіну, каб зноў дзе не напароцца на немцаў, ён чамусьці не ў лад са сваім настроем раптам падумаў, што, а можа, ён уратаваў іх? Сапраўды, калі б ён не стрэліў і здаля не напалохаў немцаў, тыя, вядома, падышлі б бліжэй і, мабыць, напароліся б на іх у бульбе. А ў такой сутычцы яшчэ невядома, каму б пашчасціла выскачыць жывым, вельмі проста маглі пагінуць усе.
        Вось табе і «балда»...
        Ляўчук ад гэтай думкі ажно збянтэжыўся, разгубіўся і ўжо не ведаў, як аднесціся да Ціханава і яго ўчынку. Было падобна на тое, што дэсантнік сапраўды ўратаваў іх. Вызваліў ад сябе — гэта пэўна. Ужо за адно гэта трэба дзякаваць яму — як бы яны ўцяклі без каня з параненым? Вайна ўжо дала Леўчуку некалькі самых пераканаўчых урокаў, ён многа ўведаў на ёй і лічыў, што болей яго здзівіць немагчыма. А вось, выходзіць, здзіўляла. Мабыць, яе неспадзяванкам не было канца, і наўрад ці хопіць жыцця, каб як след разабрацца ў яе дзівосах.
        Вось хоць бы і Клава.
        3 пакутніцкім выразам на нездаровым твары — з рудымі плямамі каля рота і на лбе — яна дагнала мужчын і цяжка ўпала каленямі ў траву.
        — Не магу... Не магу я...
        — Ну во яшчэ! — грубавата азваўся Ляўчук. — Што ж тады? Прайшлі які кіламетр...
        — Ды ўжо кіламетры два, — паправіў Грыбаед.
        — Дык што ж — два! Для іх гэта дзве хвіліны. Бачылі машыны?
        Яму не запярэчылі, і ўсе ўтраіх замоўклі.
        Клава, седзячы ў ранейшай позе, абапіралася рукамі аб травяны дол і дыхала, дыхала, утаймоўваючы стому, гатовая вось-вось расплакацца, а яны ўдвух стаялі каля яе і не ведалі, што рабіць. Грыбаед моўчкі і нахмурана пазіраў з-пад свае шапкі-кучомкі, нешта тоячы ў сваіх пачуццях да яе — можа, шкадаванне, а можа, папрок за ўсё, што з ёй здарылася. Ляўчук жа ўпарта думаў, што тут ім заставацца нельга. Тут не месца, тут іх занадта проста могуць насцігнуць немцы.
        — Так, давай уставай! Луг пяройдзем, вунь там саснячок, там зашыемся.
        Клава запаволіла дыханне, сцялася, відаць, зрабіла над сабой намаганне і ўстала.
        Яны даволі марудна і не адразу адолелі луг, пералезлі цераз аброслы асакой і аерам ручай. Праз рэдкі сасоннік узабраліся на пагорак, і Клава зноў знямогла ўпала на сухі верасовы дол. Мужчыны абодва спыніліся, Ляўчук скінуў з галавы прапацелую кепку, ён ужо ўгрэўся, ужо з неба няблага прыгравала сонца, дзень збіраўся быць спякотны і ціхі. Дзень гэты трэба было перажыць, што ў іхнім становішчы было не меней, чым перажыць вечнасць. Асабліва з такой спадарожніцай.
        — Ах, халера! — сказаў Ляўчук і ўважлівей паглядзеў на Грыбаеда. Той, сіпла і стомлена дыхаючы, цярпліва стаяў у сваім вузкаплечым мундзірчыку, аздобленым мноствам кішэняў і гузікаў. — Хоць бы дзе баба якая. Які лагер сямейны, ці што? Як на грэх...
        — Каня трэба і фурманку. Без каня як?.. — з роздумам сказаў Грыбаед.
        — Была фурманка. I конь. Праваронілі, балбесы!.. Во што! Дуй-ка ты, дзед, шукай вёску. Можа, дзе ёсць недалёка. Без немцаў каб.
        Грыбаед не стаў цягнуць доўга, зірнуў напаследак на Клаву і нячутным крокам пайшоў з пагорка ўніз. Хутка яго затуліў сасоннік.
        — I не баўся, чуеш? — гукнуў наўздагон Ляўчук. Клава сцішылася на траве, а Ляўчук угледзеўся з пагорка. За сасняком, здаеццэ, ляжала неўзаранае поле, за якім зноў усчынаўся лес — і нідзе ніякіх прыкмет жылля. Стаяла ранішняя ціша, толькі ў хваёвым голлі варушыліся дробныя птахі, стрэлаў або людскіх галасоў нідзе не было чутна. Ляўчук, прыглядаючыся да сасняку, паўкругам абышоў па пагорку, паслухаў — быццам нідзе нікога. Тады ён вярнуўся да Клавы і, усё ўслухоўваючыся ў наваколле, сеў ля яе, сцягнуў боты і раскідаў на траве анучы. Усё на ім было мокрае, і Ляўчук пачаў сушыцца.
        Клава ляжала на баку і вялікімі, поўнымі самоты вачамі пазірала ў хвойнік.
        — Нарабіла я вам клопату. Ты ўжо выбачай, Ляўчук.
        — Што выбачаць? Пасля вайны паквітаемся.
        — Ох, як дажыць да таго пасля? Не дажыву я.
        — Ты павінна дажыць. Ён не дажыў, а ты павінна. Трэба пастарацца.
        — Ці ж я не стараюся?..
        Яна нечакана заплакала, ціха і жаласна, а ён сядзеў побач, працягнуўшы да сонца счырванелыя ступні, і маўчаў. Ён не суцяшаў яе, бо не ўмеў суцяшаць нікога, да таго ж ён лічыў, што ў тым, што з ёй здарылася, Клава была вінавата сама.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.