РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Мележ
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Завеі, снежань
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
        
Раздзел трэці

        
        
1

        
        Праз свае трывогі і клопаты Ганна, як пра далёкае і неабавязковае, чула, чым жыве сяло. Яе мала хвалявалі размовы, якія раз-пораз ішлі ад розных людзей: што ў калектыве – нелады, што ледзь не ўсе, хто ўступіў, – недавольны і што калектыў – ледзь ліпіць і з дня на дзень можа скончыцца.
        Без якога-небудзь узрушэння ўзяла яна і чутку, што калектыў такі скончыўся. Спакойна, са звычайнай цікаўнасцю слухала яна неспакойны гоман на вуліцы, глядзела, як ехалі порстка адна, другая фурманкі, накладзеныя розным прыладдзем, – з гаманлівым натоўпам, што рушыў побач.
        Як больш блізкае, што неяк датычыла і яе, адзначыла, што там, у натоўпе, з дарослымі – дзеці, што ў школу ідуць сёння толькі нямногія і нядружна. Двор у гэты ранак не віраваў дзіцячымі постацямі і не звінеў бесклапотнымі галасамі, у класах і ў калідоры было нібы прасторней, чым у іншыя дні. Дзеці збіраліся купкамі, дзяліліся навінамі, штосьці меркавалі, твары ў большасці былі ўзрушаныя і не па-дзіцячы заклапочаныя. Заклапочанасць гэта, аднак, была не панурая: у вачах малых больш паблісквала цікаўнасці, так і відаць было – іх хвалюе асабліва сама навіна, яе новыя праявы.
        Небагата было ў калідоры і ў класах і тады, калі падышоў час пачынаць заняткі. Ганна з неспакоем паглядзела на гадзіннік над Парасчыным сталом: большая стрэлка набліжалася да самага верху, да лічбы «12», – хутка трэба было даваць званок, а Параскі не было дома.
        Параска прападала недзе на сяле. Пабегла яшчэ давідна і не паказвалася.
        Стрэлка дабралася да «12» і пачала сыходзіць уніз, Ганне трэба было даваць званок, але яна не брала яго. Яна то корпалася на кухні, то спакойна выходзіла ў калідор, і выгляду не падаючы, што нешта здарылася. Каб трэба было, яна і не такое зрабіла б для сваёй Параскі. Не такую дробязь. Толькі ў пакоі яна неспакойна паглядвала ў акно: Параскі ўсё не было відаць.
        Параска паявілася, калі большая стрэлка мінула трэцюю лічбу. Яна ішла хутка, здалёк было відаць – узрушаная, неспакойная. Ускочыла на ганак, убегла ў пакой, нецярпліва развязала хустку, кудлатая: валасы ва ўсе бакі, апусцілася на табурэтку. Расшпіліла паліто.
        – Званка не было? – запытала, але такім тонам – нібы пра нешта неабавязковае.
        – Не.
        Тады ўжо яна павяла позіркам на сцяну і, убачыўшы гадзіннік, не здзівілася. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Пахваліла ўсмешкай: добра зрабіла, скеміла!
        Ганна падміргнула ёй: можаш не сумнявацца, не схіблю. Абедзве зарагаталі, радыя адна адною. Ад гэтага рогату Параска быццам ажыла, з раптоўнай жвавасцю ўскочыла з табурэткі, кінула хустку на ложак, павесіла паліто. Рашуча, імкліва рушыла на кухню, стала шумліва плюхацца над тазікам. Выцершыся, падбегла да люстэрка на стале, узялася хутка прычэсвацца – зашчаміла ў чарнату валасоў вялікі, з рудаватымі жылкамі грэбень.
        – Давай званок, – загадала яна, абцягваючы, убіраючы ў спадніцу ніз кофтачкі.
        Яна не стала снедаць. Ледзь выпіла паўшклянкі малака, ухапіла вялікі школьны журнал, кніжкі, сшыткі, знікла за дзвярыма.
        Ёй было, відаць, не да заняткаў: пакуль ішоў урок, яна некалькі разоў пакідала клас, вярталася ў свой пакой, неспакойна бадзялася па ім, паглядвала ў бок вуліцы. Неспакой яе не прайшоў і калі пачалася пераменка і калідоры напоўніў гул і гоман дзяцей, і калі ў прыціхлых класах пачаўся другі ўрок.
        Недзе ў сярэдзіне другога ўрока прыйшоў хлопец у чорнай паддзёўцы, у ботах. Пакуль ён абмятаў венікам боты, Параска выйшла на ганак. Разам з ім вярнулася ў пакой.
        Хлопца Ганна ведала: ён ужо не раз быў у Параскі. Глінішчанскі актывіст, камсамолец, Барыс Казачэнка. Глінішчанскі Міканор, жартам называла яго ў думках Ганна.
        Глінішчанскі Міканор толькі хмурна паздароваўся і ўжо не заўважаў Ганну. Павярнуўшы даўгаваты, з гарбінкаю твар да Параскі, глядзеў трывожна і стомлена. Нібы чакаў парады ці дапамогі. Параска маўчала, знарок не глядзела на яго. Ці то вінаваціла яго, што такі бездапаможны, ці то вінаватай адчувала сябе. Што не можа ні памагчы, ні парадзіць.
        – Трудна цяпер, канешне... – прамовіла раздумліва і, мусіць, працягваючы гаворку, пачатую на ганку. – Калі дайшло да гэтага...
        – Слухаць нічога не хочуць. Хоць ты кол на галаве чашы! А некаторыя – дак кінуцца зразу гатовы. Учапіцца ў цябе за адну гаворку... І ўсё – мацюкі ды мацюкі... – Ён гаварыў з прысвістам: замест «чашы» ў яго выходзіла – «цясі», «мацюкі» падобны былі на нейкія «масюкі». – Асабліва жанкі пашалелі!.. Так і глядзі, штоб каторая не кінулася з кіпцюрамі!..
        Яму было, відаць, няёмка прызнавацца Парасцы ў сваёй няздольнасці пераконваць. Ён нібы трохі і падсмейваўся з сябе.
        – Трудна, канешне... – зноў адгукнулася Параска. – І ўсё ж нельга апускаць рукі. І кіпцюроў жаночых баяцца! – раптам пакпіла з яго. Узяла сваю ролю.
        – Ды я і не баюсь. У мяне шкура тоўстая. Толку от ніякага! – павесялеў Барыс.
        – Нам цяпер так: ці пан, ці прапаў! Выбіраць няма чаго!
        Параска пастаяла момант, разважаючы, тады раптам рашуча загадала:
        – Пастой тут.
        Цвёрдым крокам падалася ў клас. Амаль адразу ж там пачуліся радасны гоман, ляскат парт, шоргат і стукат ног у калідоры. Дзеці, як чарада, што выпушчана з загарадкі, з галасам вывалілі на ганак.
        Параска кінула на стол журнал, кніжкі, сшыткі, зняла з цвіка паліто. Хутка завязала хустку, скамандавала Барысу:
        – Хадзем!
        Барыс рушыў за ёй.
        Зноў убачыла Ганна Параску пад вечар. Параска ішла не адна. За ёй, акрамя Барыса, кіравалі з вуліцы да школы Дубадзел, Гайліс, Чарнаштан. Дубадзел, у кароткай паддзёўцы, у галіфэ, з ваеннай сумкай цераз плячо, рэзаў побач Параскі – наперадзе, лёгка і нібы весела. Гайліс крочыў у зашпіленым шынялі, вецер ірваў полы шыняля і, было відаць, замінаў ісці. Але Гайліс не зважаў на вецер, ішоў роўна, цярпліва. Барыс ступаў каля Гайліса. Ганна не дала яму ніякай увагі. Яна адзначыла: Чарнаштан дыбаў ззаду ўсіх, уткнуўшыся позіркам кудысьці ў зямлю, вінавата прыгорблены...
        Ганна намерылася была падацца на кухню: умомант згадалася агідная сустрэча з Дубадзелам, але агіда гэта і боязь адразу ж і стрымалі яе. Яна знарок узяла на кухні вядро і пайшла насустрач: не хапала толькі, каб яна ўцякала ад яго. Паглядзім яшчэ, як ён сустрэне!
        Калі выйшла з калідора, яны якраз уздымаліся на ганак. Ганна весела, як бы знянацку сустрэўшы, прывіталася, кінула востры позірк на Дубадзела. Той важна паправіў сумку, глянуў, быццам на незнаёмую. Яна знарок строга загадала:
        – Дайце дарогу.
        Дубадзел саступіў ёй, прапусціў.
        Калі яна вярнулася, яшчэ з калідора пачула: гаманілі ў класе. Не пайшлі ў Парасчын пакой. Можа, таму, што не хацелі несці гразь, а мо таму, што гаворка сакрэтная. Заўважыла: дзверы ў клас зачынены. І гавораць не надта голасна.
        Сакрэтная, няхай – сакрэтная. Цікава, канешне, што там яны мяркуюць, але калі ім так трэба зачыняцца – няхай зачыняюцца. У яе галава поўна сваімі «сакрэтамі». Не да іх сакрэтаў. Праходзячы і раз, і другі калідорам, яна мімаволі чула за дзвярыма то спакойны гоман, то нібы спрэчку, але не прыслухоўвалася. Не мела такой звычкі. Не магла прыніжаць сябе. Адзначала адно: за дзвярыма сцямнела, яны сядзелі ўпоцемку, не адразу запалілі лямпу. Мабыць, нялёгка было.
        Калі яны разыходзіліся, Дубадзел раптам заявіўся на кухню. Убачыўшы яе, важна патрэбаваў вады. Яна падала карэц. Дубадзел зачэрпнуў з вядра. Да таго як піць, пацікавіўся:
        – Як жывеш?
        – Анігадкі.
        Ён выпіў карэц, выцер бараду. Важка ўпяўся позіркам.
        – Не ўзялася за розум?
        – А чаго? У мяне яго заўсёды было даволі...
        Ён паставіў карэц на стол. Заявіў стрымана і з пагрозай:
        – Не з тым гуляешся!
        Цвёрда застукаў ботамі ў калідоры.
        Параска правяла ўсіх на ганак, пастаяла. Зайшла ў клас, патушыла лямпу, вярнуўшыся на кухню, накінулася на яду.
        – Згаладалася я! – нагнала на сябе весялосць.
        – Дзіва! Цэлыя паўшклянкі выпіла ўранку!
        – Дзень такі! Падумаць не было калі!.. Пападзе нам, Ганначка, за гэты дзень! І Гайлісу, і Чарнаштану, і мне за кампанію!
        – А ты пры чым?
        – Пры тым. Пры ўсім.
        Ганна чакала, што яна раскажа пра дзённыя прыгоды, пра трывогі свае, але Парасцы сёння было не да гаворак. Ужо калі лажыліся спаць, Ганна не вытрывала, нібы жартам, пацікавілася:
        – Пра што ето сакрэтнічалі так доўго?
        – Ат, пра ўсякае. – Яна, белая ў сарочцы, з распушчанымі валасамі, прыкруціла лямпу, дзьмухнула ў шкло. Упоцемку дадала клопатна: – Галоўны сакрэт: заўтра будзе сход.
        
        
        
2

        
        І ў гэты дзень многа дзяцей не прыйшло. Заняткі пачаліся ў час, але Параска, было відаць, падалася ў клас без ахвоты. За гадзіну яна зноў раз і другі выходзіла з класа – нібы не магла дачакацца канца ўрока.
        Амаль адразу пасля таго як адзвінеў званок з пераменкі і ў класах прыціхла, у калідоры затупалі боты. Крокі адразу спыніліся: чуваць было, што з класа выйшла Параска. Яна з кімсьці ўзрадавана прывіталася, разам з ім ступіла ў свой пакой.
        Калі Ганна зайшла ў пакой, госць, не распранаючыся, у паддзёўцы, сядзеў на табурэце. Адно зняў каракулевую, стаўбуном, шапку, пакручваў у руках. Блішчэў шырокаю, ледзь прыкрытаю рэдкімі бялявымі валаскамі лысінаю. Ганна пазнала госця: Парасчын дзядзька з Юравіч, Іван Анісімавіч. Ветліва прывіталася.
        Апейка ўстаў, падаў ёй руку. Запытаўся, як жывецца.
        – Жывецца. Грэх жалувацца.
        – Назад не думаеш уцякаць? – Іван Анісімавіч усміхнуўся добрай, прыязнай усмешкай.
        – Назад мяне вяроўкай не зацягнуць.
        – Ого, значыць – цвёрда.
        – Цвёрда.
        Ён ужо не толькі з усмешкай, і з пашанай паглядзеў на яе. Тады зірнуў да Параскі, мусіць, вярнуўся да перарванай гаворкі:
        – Нічога не скажаш – нарабілі клопату... – У голасе яго былі нездавальненне і папрок, але лагодныя, паблажлівыя.
        – Ой, не кажыце... – Параска не таіла шкадавання.
        Апейка пакруціў галавою. Момант штосьці затоена думаў. Быў недзе далёка з думкамі. Потым ускінуў позірк, запытаў дзелавіта:
        – Гайліса тут не было?
        – Учора быў. І сёння, канешне. Недзе на сяле, не інакш.
        – Ага! – Апейка кіўнуў, узняўся, намерыўся ісці. Зірнуў на абедзвюх, нібы разважаў: развітвацца, не развітвацца?
        – А можа б, перакусілі пакуль? – паспрабавала затрымаць яго Параска.
        – Потым. – Ужо клопатны, засяроджаны, насунуў стаўбун, дзелавіта сказаў: – Ну, я к Чарнаштану!
        На двары ён адразу адвязаў каня, ускочыў на таратайку і пакіраваў на вуліцу...
        І сёння Параска не вытрывала, адпусціла дзяцей да часу. Спехам перакусіўшы, яна надзела хутка паліто, завязала хустку і знікла на вуліцы. За ёй неўзабаве адпусціла дзяцей і Галіна, і ўва ўсёй школе наступіла цішыня. За ўвесь дзень ніхто больш не паказваўся ў школе. Прыйшоў толькі, як заўсёды, да Галіны яе кавалер – Пятро. Як звычайна, яна, хапатлівая, вясёлая, спачатку частавала яго, потым яны зачыніліся на зашчапку, і з-за дзвярэй даходзілі толькі ціхія галасы. Потым і яны сціхлі.
        Ужо збіралася цямнець, калі да ганка хтосьці пад'ехаў. Ганна думала, што вярнуўся Парасчын дзядзька, але каня прывязваў хтосьці незнаёмы: малады, чарнявы, у скураной фуражцы, у акуратнай, добрай шынельцы. Праз хвіліну ён, стройны, танканогі, у хромавых ботах, пругка і лёгка ўзбягаў на ганак.
        Пастукаў для прыліку ў дзверы і, не чакаючы адказу, ступіў у пакой. Ганна падала выгляд, нібы прыбірае стол. Калі ўвайшоў, адарвалася ад занятку, зірнула знарок без цікавасці.
        Незнаёмы кінуў прывітанне, мелькам паглядзеў на яе. Позірк яго чорных вачэй быў неспакойны і цвёрды і насцеражыў яе. Але ён тут жа абыякава адвёў позірк.
        – Таварыша Апейкі не было? – Голас у яго быў прастуджаны, з хрыпласцю.
        – Буў. Зранку.
        – Гэта я ведаю. Цяпер не заязджаў?
        – Не.
        Ён гаварыў адрывіста, упэўнена. Зноў цвёрда, аж непрыемна было, паглядзеў на яе. І зноў заўважыла ў яго позірку нецярплівасць і нібы недавер'е.
        – Вы – хто? – У голасе яго была строгасць.
        У ёй ускінулася ўпартасць.
        – А вы?
        Ён не чакаў, зірнуў, нібы не разумеючы.
        – Я? – Ён прыгледзеўся да яе, недавольна, але ўжо з увагаю. Быццам хацеў зразумець, што за гэтым пытаннем. – Я – Башлыкоў. – Ён заўважыў у яе вачах незразумелае недавер'е. Яна яшчэ як бы чакала тлумачэння, і ён дадаў: – Сакратар райкома.
        Яна і не ўтаіла здзіўлення. Бачыла яна Башлыкова ўпершыню, але прозвішча яго чула не раз: Башлыкова слухаліся, пабойваліся, і Ганне думалася, што ён – высокі, плячысты, грозны з выгляду. А тут аказваецца – звычайны, нічым не адметны чалавек. З выгляду – нават зялёны хлопец!
        – А я – Ганна, – адказала яна знарок спакойна, паблажліва. Ён хацеў яшчэ штосьці запытаць, але стрымаўся.
        Зноў нездаволена павёў позіркам па хаце. Ступіў крок, строга аб'явіў:
        – Я пачакаю тут.
        – Пасядзіце. Табурэта не праседзіце.
        Але ён не сеў. То стаяў, то ступаў крок, другі, вяртаўся назад. Ступаў, як бы стрыножаны. І ўсё думаў пра штосьці сваё, невядомае. Адно толькі відаць было, што думаў ён – пра непрыемнае, важнае, якое гняло яго. І якое рабіла яго старэйшым, непадобным да таго, якім ён здаўся Ганне ўпачатку. Не хлопцам зялёным, а рана пастарэлым чалавекам, незвычайным, незразумелым. Яна мімаволі сачыла, як ён нецярпліва ходзіць, далёкі думкамі, і старалася адгадаць, што яго гняце так. Відаць, толькі што быў у сяле, хадзіў, глядзеў. І от, мабыць, – успамінае пра тое, што пабачыў, пачуў, пахадзіўшы ў нашай гразі. От, мабыць, і гняце яго – у навінку. Гарадскі ж сам, відаць...
        Гарадскі. Не з нашых балотных. Можна і не пытацца. Прысланы, пэўне, калектывы рабіць. Вучыць цёмных нас розуму... Граматны вельмі, не інакш. Граматны. Канешне. Не нашага поля ягада... Штосьці і далёкае, адасоблівае, і разам – цікаўнае, прывабнае было ў гэтым – гарадскі, невядомы. І цікаўнае, і – дзіўна раўнівае: што от ён такі, граматны, гарадскі. Не іх поля ягада... Таму, пэўне, і паставілі – такога маладога – над цэлым раёнам. Таму і слухаюцца ўсе, маладыя і старыя. Не глядзяць, што – малады... Апейку колькі давялося паспытаць усяго-ўсякага, пакуль падняўся, займеў такое права, а гэтаму – усё зразу. Гарадскі, адукаваны...
        Канешне, яна думае пра яго не таму, што ён неяк кінуўся ў вочы. Нічога ў ім такога асаблівага, калі глянуць добра. І не відны вельмі, і плечы, што ў малалетка. І характарам – відаць – не лёгкі. Проста – не падобны ні на кога, што бачыла раней. Упершыню бачыць такога. Усё ад гэтага...
        А наогул – пустое ўсё гэта, схамянулася Ганна. Не цікавіць яе ніхто. Ані трохі. Яўхім – от што цікавіць яе. Ды тое, пра каго ніхто яшчэ не ведае...
        Дзе ж гэта Параска? Ці хоць бы Апейка. Няхай бы сядзелі ўдваіх, гаварылі пра свае справы.
        То выходзіла на кухню, паліла ў печы, то вярталася ў пакой, для прыліку прыбірала. Паказвала: ёй няма чаго сядзець склаўшы рукі.
        Заходзячы ў пакой, яна бачыла, што ён тупае і тупае, як на прывязцы. Часцей ён не заўважаў яе, нібы яе і не было блізка. Але калі-нікалі яна лавіла яго позіркі. Ён паглядваў недавольна, непрыхільна, быццам яна замінала яму. Ці, можа, так здавалася: ад таго, што думаў непрыемнае. Перажываў.
        Дзіўна, яна мімаволі чакала, што ён загаворыць, запытае нешта. Але ён маўчаў. Тупаў і тупаў. Далёкі, незразумелы.
        
        
        
3

        
        Ішоў вечар. У пакоі цямнела, што далей – больш. Але Ганна не запальвала лямпы: па звычцы берагла газу.
        Ужо добра сцямнела, калі ўбегла Параска. У цемры адразу пазнала госця: ці, можа, ужо хто-небудзь пераказаў, што ён тут, – ледзь прычыніла дзверы, аб'явіла здзіўлена, узрадавана:
        – А я і не ведала! Уцякла з хаты і не спяшаюся назад!.. Даўно вы тут?
        – Не, – Башлыкоў гаварыў яшчэ нібы здалёк.
        Параска адразу захадзілася гаспадыняю.
        – Што ж вы так! У цемры! Не распранаецеся! – Яна жвава скінула хустку, паліто, падказала госцю: – От тут цвічок! – Крыкнула Ганне весела, загадна: – Зараз жа лямпу! Святло!
        Тады, як Ганна запальвала лямпу, звонка – ну, чыста артыстка! – папракнула:
        – Хіба ж так, Ганначка, сустракаюць гасцей! Ды яшчэ – такіх!
        Ганна знайшлася:
        – Госць думаў вельмі нешто. Не хацелася перабіваць...
        Башлыкоў не адказаў.
        Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Хапатліва прыгладзіла валасы, паправіла кофтачку. Тады зноў гасціннай гаспадыняй зірнула на Башлыкова:
        – Госць, пэўна, галодны!
        Башлыкоў, ужо без шыняля, танклявы ў сіняй гімнасцёрцы, перацягнутай шырокім бліскучым поясам, уціснуўшы пад пояс пальцы, адвёў складкі назад, адказаў няцвёрда:
        – Паабедалі...
        – Кажыце! – не паверыла Параска. Бадзёра супакоіла: – Нічога! Мы зараз з Ганнай арганізуем! Уміг!
        Вясёлая, дзейная, пацягнула Ганну на кухню.
        – Ты што ж гэта? – зашаптала з папрокам, пасяброўску. – Так сустрэць! Самога Башлыкова!
        – А што ж – лістам перад ім слацца?
        Шчыра прызналася:
        – Усё глядзела, гадала: што ў ім такое, асобае?..
        Параска не стала слухаць, перабіла. Не да гаворак цяпер. Уткнулася галавой у печку, адсунула засланку:
        – Што тут у цябе? – У скаварадзе – бабка, з чыгунка, ледзь узняла покрыўку, вырваўся духавіты, нецярплівы пах баршчу. Голасна, давольна, каб, пэўна, чуў і ён, прамовіла: – От добра! – Распарадзілася шчодра і неадхільна: – Усё, што ёсць, – на стол! – Дадала шэптам, па-змоўніцку, як бы тлумачачы: – Настрой у яго – бачыш які?
        – Гарэлкі, можа, дастаць? – параіла пошапкі ж Ганна, завіхаючыся ўжо каля печы.
        – Гарэлкі! – Параска пакруціла галавой: прыдумала! Шэптам, стрымліваючы смех, гулліва падахвоціла: – Пастаў! Пакажы яму! Пабачыш, што ён скажа!.. – Сур'ёзна ўжо растлумачыла: – У рот не бярэ! Добрай нават. Завадской!.. Тым больш – у такі дзень!
        – Глядзела я ўсё, глядзела на яго, – зноў вярнулася Ганна. – Нічога ў ім такога, асобага... – Яна нібы чакала, што Параска растлумачыць. Ёй чамусьці карцела гаварыць пра гэта. Параска, што памагала ёй, быццам не чула яе. – Чаму ён такі пануры, недавольны. Няўжэ з-за етаго, з-за калгаса?
        – Нічога ты не разумееш! – толькі і сказала Параска на яе шчырасць. І тонам адказу, і адказам спыніла Ганну: не да гаворкі цяпер. Загадала па-прыяцельску: – Давайма жыва ўсё на стол!
        Убегла ў пакой. Кнігі, сшыткі са стала – на падаконнік. Стол – ад сцяны. На стол – чысты настольнік.
        – Вось так! Пачатак ёсць!.. – Кінулася на кухню, унесла бохан хлеба, нож. Загадала ўжо Башлыкову: – Памагайце!
        Ён паказаў на рукі, яна спахапілася.
        – Ганна! Госцю трэба памыцца! – Папрасіла Башлыкова: – На кухню, калі ласка...
        Башлыкоў выйшаў. Расшпіліў гузікі на рукавах, закасаў іх па локаць. Расшпіліў каўнер, адсунуў яго ад шыі, нахіліўся над тазікам. Ганна зачэрпнула карцом з вядра, асцярожна – каб не абпырскаць! – стала ліць на яго далоні. Яны стаялі нязвычна блізка, галовы іх амаль сыходзіліся, было ў гэтым штосьці неспадзявана дамашняе, свойскае – ад гэтага ўсярэдзіне ў Ганны нешта чула насцеражылася. Ёй кінулася ў вочы: рукі яго, з цёмнымі валаскамі, былі белыя, далікатныя. Шыя, акуратна паголеная, загарэлая вышэй за каўнер, ніжэй была таксама белая і кволая. Зусім юначая. Штосьці мяккае, жаллівае няпрошана ўвайшло ў яе чуласць.
        Ён то паслухмяна выцягваў жменькай далоні, то старанна цёр мылам рукі, шыю. Не падымаў галавы, не глядзеў на яе, рабіў усё моўчкі, але і ў ім, здалося ёй, паявілася раптам тая ж чуласць блізкасці. Без слоў, без позіркаў на час штосьці як бы ўзнікла між іх.
        Падаючы ручнік, яна старалася не глядзець на яго і паказвала сябе абыякавай. І ўсё ж, здалося, улавіла няпросты, пільны яго позірк.
        – Дзякую, – сказаў ён, падаючы ручнік. І ў тым, як сказаў, пачулася таксама незвычайнае.
        – Ну, памыліся? – уварвалася ў кухню Параска.
        – Як абнавіўся, – ён гаварыў спакойна, стрымана, але Ганна адзначыла ўдзячную нотку ў яго голасе. – Вада – добрая, свежая. Мабыць, нядаўна з калодзежа.
        – Нядаўна, – Ганна стаіла сябе.
        Вярнуліся ў пакой Параскі. Башлыкоў, зашпілены ўжо на ўсе гузікі, стройны, прычасаўся, стаў як бы сваім у пакоі. Параска намерылася запрасіць за стол, калі схамянулася:
        – Гуркі ў нас, капуста – аб'ядзенне! Можа, любіце?
        – Люблю.
        – Тады – даставім! Яны тут – у пограбе!
        Параска з Башлыковым удваіх узнялі за колца века ў падлозе на кухні. Ганна спусцілася ў прапахлы зямлёй халаднаваты прыцемак, падала Парасцы адну талерку, другую: гуркі і капусту-шаткаванку. Калі ўзнялася па лесвічцы, Башлыкоў працягнуў руку, памог выйсці. Рука была моцная, гарачая.
        Селі за стол, сабраліся вячэраць, і тут Параска з усяе сілы стукнула рукою па стале. Глянула на госця з адчаем:
        – Прыйдзецца грэх на душу ўзяць! Карайце не карайце!
        Устала і, вярнуўшыся з кухні з адважным выглядам, са стукам паставіла на сярэдзіну стала пляшку наліўкі.
        – От ён, мой грэх!
        Яна тут жа хітра змяніла кірунак гаворкі:
        – Вада, закрашаная вішнямі! Для дзяцей хіба!
        Апярэдзіла Башлыкова.
        Башлыкоў, што хацеў быў штосьці сказаць, няўпэўнена прамаўчаў. Моўчкі, не ўхваляючы, але і не пярэчачы: пэўна, з далікатнасці становішча госця, сачыў, як паставілі чаркі, як налілі, па абавязку чокнуўся. Але выпіў да дна. І нават дазволіў сабе стрымана пахваліць наліўку.
        – Ат, вада ды вішні! – няшчыра запярэчыла Параска.
        Вячэра пайшла ўдала. Башлыкоў, відаць, добра-такі нахадзіўся за дзень: і гуркі, і капуста, і боршч – усё было ўсмак. Наліўка аказалася проста акрасай вячэры: яшчэ тройчы бутэлька ў спрытных руках Параскі абыходзіла чаркі, пакуль Башлыкоў не прыкрыў сваю цвёрда далонню. Даў знак, што – даволі. Упіцца гэтай вадою не ўпіліся і жанчыны, а ўсё ж наліўка зрабіла сваё. Хмель на час разгладзіў твар нават Башлыкова, які тут, за сталом, сярод павесялелых, незласліва кплівых жанчын, ужо не так паныла глядзеў на свет.
        Ён помніў сябе і цяпер: ніякіх жартаў асаблівых не дазваляў сабе; Параску распытваў пра тое, як даводзіцца працаваць, ці хопіць дроў, ці памагае сельсавет, як наведваюць школу дзеці. Параска адказвала то сур'ёзна, то жартам – строіла з сябе весялуху, і ён час ад часу, хоць і неахвотна, пасмейваўся з ёю. Калі ён смяяўся, здаваўся яшчэ нібы прыгажэйшым, а галоўнае – станавіўся хораша таварыскім. Нібы бліжэў.
        Ганну ён не распытваў: ёй думалася – таму, што лічыў – яе няма аб чым распытваць. І праўда: пра што ён можа яе запытацца – пра тое, як яна варыць, мяце падлогу? Ад гэтага ў ёй уздымаліся, вярэдзілі ганарлівую душу рэўнасць і злосць: гарадскія, грамацеі абое! Тады мацнела, пякло нездавальненне: трапіла ў шчасце, служка, прыбіральшчыца! У ёй расла непрыхільнасць да абаіх. Уздымалася ў душы дзёрзкасць, што рвалася на свет.
        – А вы, якія ў вас планы? – зірнуў нарэшце Башлыкоў на яе.
        – Вялікія! У мяне кожны дзень – вялікія планы! – Яна ледзь стрымлівала сябе. – Пойла зрабіць. Карову накарміць. Падаіць. Печ выпаліць. Выпаліць грубкі. Памыць падлогу...
        Ён адчуў яе настрой. Зніякавеў крыху, хацеў паправіцца:
        – Мне здаецца, вы да большага здатны...
        – Мало што можа здавацца! – нелагодна перабіла яна. Цішэй ужо, стараючыся вярнуць спакойную кплівасць сваю, дадала: – Гэта так – з выгляду я такая. Нібы разумная. А папраўдзе...
        – Ганна! – знарок весела папракнула Параска, якая дасюль са здзіўленнем углядвалася ў Ганну. Засмяялася знарок: – От выдумала!
        – Чаго выдумала! Ці ж не такая я?
        – Вы – граматная? – пастараўся прытушыць спрэчку Башлыкоў.
        – Дзе там! Навука не па мне. Галава не тая.
        – А вы вучыліся?
        – А няўжэ ж не?
        – Брэша яна, брэша! – абурылася Параска. – Розуму ў яе – на пецярых. Доля ў яе от – няскладная...
        – Ах, Параскева Андрэеўна! Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля – горб ад Бога? Доля – ад чалавека! Ад розуму!.. – Стрымана, кпліва папракнула: – Нашто хлусіць таварышу сакратару. – Яна раптам ветліва, гасцінна зірнула на госця: – Ешце бабку! Не крыўдуйце!
        Башлыкоў больш не распытваў яе. Яна хоць тым была давольна: не хапала, каб ён палез у яе долю, вучыць стаў, што трэба было рабіць, а чаго не трэба! Параска, выхопліваючы момант, калі Башлыкоў не глядзеў, пакручвала нядобра галавой: што ты гэта выдумала? Але яна падавала выгляд, што не разумее Парасчыных знакаў, старалася хаваць неспакой. Зрабіла тое, што трэба было. Дайшло там да іх ці не дайшло, а хоць сябе паставіла як належыць.
        Спрэчка гэта, раптоўная злосць, што яшчэ жыла ў ёй, аддалілі зноў Башлыкова. Цяпер ужо і знаку не было той дзіўнай паразумеласці, якая чулася там, на кухні, і спачатку тут, за сталом. Тое насцярожлівае, што паявілася раптам тут, было зусім іншым, яно адразу аддаліла, зрабіла іх чужымі.
        На хвіліну Параска кудысьці выйшла, і, калі яны засталіся адзін на адзін, гэта насцярожаная чужасць адчулася яшчэ вастрэй. Нядобрае, нацятае было маўчанне...
        Ганна была давольна, калі Параска вярнулася. Параска ўмомант разагнала маўчанне.
        
        
        
4

        
        Калі скончылі вячэраць, Ганна ўзялася прыбіраць са стала. Параска весела памагала ёй: прыбрала тое, што Ганна не змагла забраць, услед за ёй вынесла ў кухню.
        Яна амаль адразу ж вярнулася да госця, а Ганна засталася на кухні – мыла, выцірала посуд, складвала на палічцы над лаўкай. Яна хутка скончыла гэта, спынілася ў роздуме – што цяпер рабіць? Можна было б вярнуцца ў Парасчын пакой, але яна тут жа стрымала сябе. Чаго ёй тырчаць там з імі? У іх свой інтарэс, свая гаворка.
        Яна, хоць старалася не слухаць, чула: у пакоі гаманілі. У роўную, скупую на словы гаворку госця ўнізваўся звонкі, знарок вясёлы і ўпэўнены Парасчын галасок. Госць, адзначыла, гаварыў мала, гаворка ішла ўвесь час з перапынкамі, але гэтыя маўчанкі, што раз-пораз наступалі там, хвалявалі Ганну больш за гаворкі. Мабыць жа, не так сабе яны маўчалі.
        Кожны раз пасля такой маўчанкі Парасчын галасок, здавалася, спяваў усё весялей. «Толькі і не хапае там мяне», – кпліва падумала Ганна.
        Але сядзець на кухні адной мала было весялосці. Не ведаючы, што рабіць, яна пашкадавала, што ў школе ціха, пуста, што людзі так доўга збіраюцца. Не спяшаюцца на сход. І наогул – не спяшаюцца. А сёння – дык асабліва.
        Яна падалася ў цёмны калідор, прайшла паўз Парасчыны дзверы, знізу якіх вырэзвалася вясёлая палоска святла. Стала на ганку. У цемры ночы хаты і хлявы чарнелі маўклівыя, затоеныя. Ні аднаго голасу на вуліцы. Каб не рэдкія, цьмяныя агеньчыкі, можна было б падумаць, што сяло заснула. Што ніхто не прыйдзе.
        З балота, з поўначы, густа ішоў вецер, халодны, сіверны. У святле з Парасчынага акна час ад часу мільгалі дробныя, ледзь відныя сняжынкі. Як бы дражніліся, абяцаючы даўно чаканы снег. Распранутая, у паркалёвай кофце, без хусткі, Ганна з ахвотай цярпела холад, што лез за шыю, за спіну, сцінаў бакі. Стрымліваючы дрыжыкі, што бралі ўсё мацней, яна чула, як ціхнуць смутак, адзінота, недарэчная зайздрасць чужому шчасцю.
        «Трэба ж, дурная, – пазайздросціла!.. Як усё адно-мало паспытала ўжэ етай радасці!.. Закаяцца навек, здаецца, трэба б, кеб трохі розуму було!.. Дак не ж, не забула смаку той «радасці», як ужэ зайзрасць бярэ на чужую!.. І на чыю?!» Да яе зноў дайшоў вясёлы галасок з-за акна, і Ганна падумала: «Радая... І няхай – радуецца! Няхай цешыцца, калі ўдаецца!.. Не ва ўсіх жа так па-дурному буць павінно, як у мяне!.. Павінно ж буць у некаго шчасце! А калі павінно, то найперш у такіх, як яна. Як Параска. Такая кажнаго зробіць шчаслівым сама».
        Яна ўспомніла, як Башлыкоў паявіўся, як хадзіў па хаце, унурыўшыся ў нешта сваё. Маўклівы, зацяты, недавольны, ён мала змяніўся і тады, калі ўбегла Параска. Мала паддаўся ёй. Ці дасць шчасце ён ёй? Шчасце ж робіць не адзін чалавек... Яна ўспомніла: суседка, Галіна Іванаўна, казала, што Башлыкоў не раз калісьці заязджаў да Параскі. Чаму ж цяпер ён так доўга не наведваўся? Заняты быў? Ды ці ж яму доўга было звярнуць са шляху? Зазірнуць на хвілінку? Да таго ж гэты сённяшні прыезд яго можна і не лічыць. Невядома, да каго ён найперш прыехаў. Паявіўся вунь толькі цяпер, калі абышоў сяло...
        «Як паглядзіш, дак і не знаеш: ці любіць ён яе?» – прайшло ў яе галаве, і яна не адчула, што шкадуе Параску. Здалося нават, што давольна, што ў іх, можа быць, не ўсё гладка. Ёй стала няёмка, брыдка за сябе: нібы бядзе Параскі, сваёй збавіцельніцы, рада, і яна зазлавала на сябе. «Любіць не любіць – не знаеш! А што табе да таго?! Любіць! Любіць, канешне! Калі не дурны!»
        Думкі яе ўчапіліся ў яго. Нібы ўбачыла зноў, як стаяла побач, льючы ваду з карца. Адчула дужасць яго рукі, якой памагаў вылезці ёй са склепа. Пасядзеўшы з ім за сталом, паслухаўшы яго скупыя, цвёрдыя заўвагі, яна мала што ўведала пра яго. Паглыблены ў сябе, скрытны, ён нібы знарок хаваў, што там у яго душы. Толькі адно Ганна добра адчула: ёй гэта асабліва кінулася ў вочы і адразу вылучыла, узняла нявіднага Башлыкова сярод іншых.
        «Еты знае, куды ісці і што рабіць. І зробіць, што б там ні було», – падумала яна цяпер асабліва ясна. І ад таго, што гэта ў цяперашнім яе жыцці было самым важным, што ад гэтага залежала ўсё ў яе лёсе, адчула вялікую павагу да яго. «Еты не нам раўня», – прызнала яна яго перавагу. Тое ж, што так мала ведала яго, што ён быў незразумелы, яшчэ нібы прыдавала яму значэння.
        «Не нашаго поля ягада...» Хтосьці рыпнуў дзвярыма, выйшаў на ганак, і яна азірнулася. Параска.
        – Ты чаго тут? – здзівілася Параска.
        – А от, пастаяць захацелася... – Параска была ў паліто, у хустцы. – А ты – куды?
        – У сяло. Каб не сарвалі сход, чаго добрага.
        У голасе яе Ганна ўлавіла прыхаваны смутак. Адчула вінаватасць за нядаўнія думкі, пашкадавала Параску.
        – Ідзі ў хату. Прастудзішся. – Параска сышла з ганка, падалася ў цемру.
        Вярнуўшыся ў хату, на кухню, Ганна доўга не магла сагрэцца. Прытулілася спіною да цёплай печкі, уціскала далоні ў цяплынь абтынкаванай цэглы, стрымліваючы дрыжыкі, чула за дзвярыма мерныя, няспынныя крокі. Раз, другі крокі набліжаліся да самых дзвярэй, прыпыняліся, і яна мімаволі чакала, што Башлыкоў зойдзе. Але крокі за гэтым аддаляліся. Яна падумала, што скажа, калі Башлыкоў загаворыць з ёю. Скажа, што ён чэрствы і нялюдскі, калі так абышоўся з такім чалавекам, як Параска. Дасць яму добры ўрок.
        Потым яна перастала чакаць, зразумела, што ён не зойдзе. У яго сваё на думках. Свой клопат, зусім іншы. Падумала звыкла: можа б, запаліць ужо лямпы ў класах, але стрымала сябе – рана яшчэ. Чаго свяціць у пустым пакоі. Тым больш што сход будзе, пэўне, доўгі. Пагарыць яшчэ газы...
        Ганна ўзрадавалася, калі пачула крокі на ганку. Ухапіла запалкі, хутка падалася ў калідор. Прыйшлі Барыс Казачэнка і Дубадзел.
        – Чаму святла няма? – патрабавальна сустрэў Дубадзел. Не так запытаўся, як пагразіў.
        – Няма для каго свяціць, – спакойна заявіла Ганна.
        – Таму і няма нікого, што цёмно! – павысіў голас Дубадзел. – Хто будзе ісці, калі цёмно ў вокнах!
        – Хто захоча, прыйдзе.
        Адчыніліся дзверы з Парасчынага пакоя, і ў светлай пройме паявілася постаць Башлыкова. Ад таго, што святло было ззаду, постаць віднелася цёмнай і твар ледзь быў бачны. Башлыкоў павёў галавою, аглядваючы ўсіх, мабыць, стараючыся зразумець, пра што была гаворка.
        – Ну што? – спытаў ён праз момант Дубадзела строга і патрабавальна.
        Дубадзел стаяў выпрастаны, усім сваім выглядам паказваючы павагу і адданасць. Нібы і не ён толькі што гразіўся Ганне.
        – Аб'явілі, – амаль тонам рапарта адказаў ён.
        – Усім? – У голасе Башлыкова не знікла патрабавальнасць.
        – Усім. Некаторым – па два і тры разы.
        – Усім, – памог Дубадзелу Барыс.
        – Святла от няма, – Дубадзел як бы пазваў Башлыкова на падтрымку, зноў пагрозна павёў вачыма на Ганну.
        – Ды будзе святло! – Ганна нібы засмяялася з яго кпліва.
        Не хапаючыся, з годнасцю пайшла ў цемру класа, запаліла лямпу ў адным, потым у другім пакоі. Дзверы між пакояў былі расчынены на адну палавіну, яна адчапіла зашчапку і адчыніла другую – расхінула дзверы на ўсю шырыню. Расхінула дзверы ў калідор.
        Тады, калі яна гэта рабіла, Башлыкоў, а за ім Дубадзел і Барыс таксама зайшлі ў клас. Башлыкоў строгім позіркам агледзеў пакой – парты, праходы між іх, плакаты на сцяне. Усё моўчкі, невядома што тоячы. Не сказаў нічога, лёгкім, цвёрдым крокам падаўся ў другі пакой, агледзеў таксама. Ганна цікаўна сачыла за ім, бачыла: цяпер ён быў яшчэ больш незразумелы, загадкавы.
        Вярнуўшыся ў першы пакой, ужо каля дзвярэй ён стаў, павярнуўся да Дубадзела і Барыса, сказаў важка:
        – Трэба забяспечыць стопрацэнтную яўку ўсіх калгаснікаў. Усе да аднаго павінны быць.
        Ён гаварыў і глядзеў так, нібы хацеў перадаць, як усё гэта важна. І як бы папярэджваючы, што ўся адказнасць за няяўку ляжа на іх. Разам з адказнасцю за тое, што ўжо здарылася.
        – Мы аб'явілі ўжэ – па два, па тры разы, – пачаў быў Дубадзел, нібы супакойваючы і разам выказваючы сваю стараннасць. Але Башлыкоў так зірнуў, што ён змоўк: апраўдваючыся і стараючыся падмацаваць уражанне дзелавітасці сваёй, дадаў асцярожна: – Не тое што акціў, а і школьнікаў мабілізавалі – каб прасачылі за яўкай!
        – Яно і відаць, як вы мабілізавалі! Дамабілізавалі да таго, што выпраўляць становішча трэба!..
        Башлыкоў, недавольны, падаўся ў Парасчын пакой. Дубадзел і Барыс хвіліну стаялі ў роздуме, мабыць, разважаючы, што рабіць, потым Дубадзел рашуча закінуў вайсковую сумку за спіну, кіўнуў Барысу: «Пайшлі!» – і яны зніклі ў калідоры.
        Ганна засталася ў пакоі. Стараючыся не слухаць крокаў Башлыкова за калідорам і разам з тым дзіўна ловячы ўсё, што адтуль ішло, востра адчуваючы, што ён там, неспакойны, трывожны, – яна знарок нецярпліва чакала: калі ж гэта пачуюцца галасы на дварэ, калі ж гэта пачнуць сыходзіцца. Яна ўзрадавалася, калі на ганку пачуліся тупат і з ім валтузня за дзвярыма; адразу здагадалася, што – дзеці, ахвотна адчыніла дзверы і весела загадала ўваходзіць.
        Увалілася адразу цэлая чарада хлопчыкаў і дзяўчат – школьнікаў. Выткнуўшыся з калідора на святло, усе раптам сціснуліся каля дзвярэй, прыціхлі; паглядваючы насцярожана на Ганну, сталі падштурхоўваць адно аднаго, шморгаць насамі. Ганна загадала ім праходзіць, яны момант павагаліся, нясмела рушылі да парт, паселі.
        «Першыя наведвальнікі. Акцівісты!» – мімаволі пажартавала сама сабе Ганна.
        – Што ж ето вы бацькоў не папрыводзілі? – папракнула вельмі сур'ёзна малых.
        Ёй адказаў рознагалосы гоман:
        – Прыйдуць шчэ...
        – Сабіраюцца...
        – Унё, ён паслухае мяне!
        – Куёўдзяцца недзе!..
        Яна хутка адчула, што лішняя пакуль тут, і выйшла на кухню. Паспрабавала рабіць, што трэба; хоць стрымлівала сябе, зноў слухала, што чуваць за дзвярыма, у Парасчыным пакоі, мімаволі гадала, пра што ён думае, што адчувае, незвычайны, незразумелы чалавек. «Цьфу, прыліпла!» – зазлавала яна хутка на сябе і падалася да класа, у які, яна чула, зайшло некалькі чалавек. У пакоі былі жанкі, сярод іх Ганне адразу кінуліся ў вочы даўняя знаёмая Годля, глінішчанская швейка, і рослая, дужая цётка Маня, пра якую гаворкі таксама хадзілі ў Куранях, але з якой Ганна пазнаёмілася толькі нядаўна. Пра цётку Маню гаворкі ішлі, пэўна, далёка: казалі, неяк у Алешніках, каля млына, дзе сабраўся добры натоўп мужчын, счапілася яна неяк борацца з мужчынамі. З адным, з другім, з пятым – і ўсіх паклала. З той пары па сёлах ішла слава, што няма такога мужчыны, якога яна не паборала б. За гэтымі дыміла папяросінай яшчэ адна нядаўняя знаёмая, сухая і злая з выгляду, як вядзьмарка, старая, якую чамусьці звалі Гечыха. З мужчын быў адзін Годлін чалавек – Эля; уціснуўшы пад парту доўгія ногі, курыў з Гечыхаю – трымаў папяроску далікатна, няўмела. Курыў, было відаць, каб падтрымаць мужчынскую годнасць.
        Амаль адразу за Ганнай з вуліцы паявіўся Апейка з Міканорам і Гайлісам. Сцягнуўшы з галавы стаўбун, расшпільваючы каўнер паддзёўкі, Апейка акінуў позіркам клас, голасна і весела адзначыў:
        – Самыя смелыя ўжэ прыйшлі!
        – Аге! Можно і пачынаць! – адгукнулася хрыплым басам Гечыха.
        – Пачнем! – бадзёра запэўніў Апейка. – Толькі от трохі пачакаем іншых. Каб не наракалі потым, што – без іх.
        Ён прайшоў да парт, стаў здаровацца за руку: з аднымі, маладзейшымі ці роўнымі яму па гадах, – як роўны, як таварыш, з жанкамі і старэйшымі – больш стрымана і пачціва. Амаль увесь час жартаваў. Гайліс стаяў каля дзвярэй: вузкі, у зашпіленым шынялі, глядзеў строгімі блакітнымі вочкамі, чакаў. Касцісты, са сцятымі вуснамі твар быў засяроджаны, няўсмешлівы.
        Яны неўзабаве пайшлі ў Парасчын пакой. Амаль адразу пасля таго, як яны зніклі, з двара паявіўся зноў Казачэнка Барыс. Заклапочана акінуўшы вачыма пакой, ён кінуў позірк у суседні, заявіў насмешліва:
        – Дзе ж ето мужчыны ўсе падзеліся? Ці мужчын ужэ не стало ў Глінішчах?
        – Шкадуем... Беражэм!.. – адказаў знарок задзірыста хтосьці з жанчын.
        – Мы што – не людзі?
        – Аге! Не канешне мужчыны!
        – Цётка Агапа, а дзе ж ето ваш Пятро? – не саступіў, насмешліва ўкалоў у дружны гоман Барыс. – Чаго ето ён вас прыслаў за сябе?
        – Нядужы нешто, Барыско...
        – І ваш Апанас занядужаў? – так жа едка пацікавіўся Барыс ужо ў іншай жанчыны.
        Не стаў слухаць, паківаў галавою з папрокам, з абурэннем:
        – Эх, людзі!..
        Ён сабраў дзяцей, разаслаў па сяле – зваць мужчын, адразу ж сам зноў рушыў на вуліцу.
        Прыйшло яшчэ некалькі мужчын. Па два, па адным. У світах, у кажухах. Выткнуўшыся з цемры на святло, хмурна мружыліся, пільна аглядваліся і, уткнуўшы галаву ў плечы, стараліся прашыцца між жанок за спіны пярэдніх. Некалькі мужчын у клас не пайшлі, тоўпіліся ў прыцемку калідора, нервова дымілі папяросамі. У прыцемку, каля дзвярэй, дыміў цыгаркаю і Чарнаштан Павел – старшыня былога калгаса. Дыміў, заўважыла Ганна, ніякава і падобна – безнадзейна.
        Раз-пораз то там, то тут завязвалася гаворка, але яна амаль адразу ж ірвалася. І ў калідоры, і ў класах найбольш панавала маўклівасць, нядобрая, насцярожаная. Зацятае чаканне, адчувалася, поўніла людзей. Гэтая зацятасць мацнела, чым далей, тым больш. Чым больш сыходзілася народу.
        Сярод маўклівасці і зацятасці асабліва вылучаліся двое мужчын, што сядзелі каля сцяны, нібы знарок на самым відавоку. Адзін – чырванатвары, дзіўна бесклапотны, мабыць, п'яны, а другі – худы, высушаны працай, з кепачкай на макаўцы. Чырвоны – лагодны і гаварлівы – штосьці расказваў: мабыць, непрыстойнае, бо мужчыны, хоць нявесела, пасмейваліся, а жанкі – адварочваліся, пляваліся. Сухі, з кепачкай, не смяяўся, уссеўшы на край парты, глядзеў навокал бясстрашна і задзірыста, нібы толькі і чакаў, каб счапіцца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.