РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Мележ
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Завеі, снежань
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
        
Раздзел пяты

        
        
1

        
        Гадзіны за тры абышлі яшчэ дзесятак хат, агледзелі калгаснае, паабедалі ў Міканора Глушака.
        Было далёка да вечара, калі выехалі з Куранёў. Башлыкоў хацеў пабыць яшчэ ў Мокуці, адной з самых далёкіх і глухіх вёсак раёна.
        За крайнімі хатамі Куранёў было трохі поля, белага, чыстага прастору. Хоць конь бег трушком, не надта хапаўся, поле хутка сышло, падступіў сцяною падбелены, маўклівы лес. Неўзабаве вазок нырнуў у гэту зацятую маўклівасць, ва ўладанні лесу, якому, ведаў Башлыкоў, тут канца-краю не было.
        Фактычна лясы тут, а можна сказаць, што і лес, адзіны, агромністы, цягнуліся больш як на сотню кіламетраў. У гэтае вялізнае, зацятае ўладарства і ўехаў цяпер вазок.
        Ехалі нейкі час моўчкі. Шархалі адно палазы ды парыпвалі гужы. Дубадзел, горбячыся побач з Башлыковым, наставіўшы каўнер шынелькі, не то драмаў, не то думаў. Не варушыўся, маўчаў Башлыкоў. Адпачываў ад нядаўняга клопату, ад бачанага і чутага.
        Ад лясной вусцішнасці аж звінела ў вушах. Пакуль не звыкся, пярэсціла ў вачах ад чорнага і белага, ад дрэваў і галін, што насоўваліся, звісалі, знікалі, зноў ішлі і ішлі абапал, над імі. Хоць быў стомлены і не хацеў думаць попусту, было не надта добра, не па сабе сярод гэтай бясконцай лясной глухамані, зацятай цішыні. Было з прыдушаным неспакоем разуменне пэўнай гераічнасці ад таго, што сам, самохаць рашыў дабрацца ў такую глуш.
        Пра гэта, пра гераічнасць, аднак, не думаў. Перакананы, што неабходныя сціпласць і самакрытычнасць, нават стрымана іранізаваў над нікчэмнай гэтай уцехай. Падтрымліваў, не студзіў у душы гарачага імкнення, якое было цяпер самым важным для яго: як бы далёка ні было і якія б нялёгкія дарогі туды, усё роўна даедзе, дабярэцца. І дакапаецца. Усё раскапае. Сам.
        Дубадзел зварухнуўся, палез у кішэню. Закурыў. Нейкі час курыў, адвярнуўшыся, каб дым не ішоў да Башлыкова. Пра нешта затоена думаў. У вачах, прымружаных, засяроджаных, было вострае, жорсткае. Сутаргава хадзілі худыя сківіцы.
        Курыў похапкам, нервова. Акуркам апёк пальцы, ледзь не мацюкнуўся. Са злосцю кінуў акурак у снег, плюнуў.
        Яшчэ нейкі час мружыў вочы кудысьці, соўгаў сківіцамі. Не пазіраючы на Башлыкова, нібы думаючы ўголас, хрыпата, горача прамовіў:
        – Ім разгаворчыкі етыя... – Ён запыніўся, нецярпліва саўгануў сківіцамі. Хацеў, відаць, знайсці належнае слова. Грэблівае. Скончыў звычайным, але з грэблівасцю: – Як гарох аб сценку.
        Башлыкоў не варухнуўся. Нібы не чуў. Але словы Дубадзела ўразілі яго. Дубадзел быццам пачуў яго думкі, выказаў за яго. Аднак разам з тым думкі гэтыя, сказаныя не ім, а Дубадзелам, былі непрыемныя яму. Башлыкоў як бы пачуў знявагу сваёй рабоце.
        – Без разгаворчыкаў таксама нельга, – сказаў ён павучальна, значна. «Разгаворчыкі» – вымавіў з насмешкай: паставіў Дубадзела на месца.
        Дубадзел, падобна, не заўважыў іроніі. Таропячыся ўсё перад сабой, сказаў ранейшым тонам:
        – Ім не разгаворчыкі трэба!
        Былі ў тоне яго гаворкі важкасць і непахісная пераконанасць. Чуліся трывожнасць і нават боль, і Башлыкоў зацікаўлена чакаў, што ён яшчэ скажа.
        Але ён сцяў губы, маўчаў.
        Башлыкова не раз ужо дзівіла яго ўменне маўчаць. Скажа што-небудзь важнае і абарве гаворку, не дагаварыўшы. Думай, гадай, як разумець.
        Гэта дзівіла, тым больш што ў выступленнях сваіх Дубадзел быў надзіва гаварлівы і гарачы: як пачне, паліць без перадыху, здаецца, не спыніцца.
        – Тлумачыць трэба, – сказаў Башлыкоў стомлена. – Без тлумачальнай работы – нельга...
        Дубадзел абазваўся не адразу.
        – Многа разгавораў у нас... – Ён гаварыў з той жа пераконанасцю і нібы судзячы. – А ён слухае, слухае, а сам думае: «Гавары, гавары!»
        Словы гэтыя краналі чулае ў душы Башлыкова. Можа быць, самае чулае, нават балючае цяпер, вярэдзілі, як свежую рану. Башлыкоў слухаў, як і раней, з адчуваннем: Дубадзел нібы падгледзеў, што яго рупіць.
        І ўсё ж непрыемна было чуць гэта. І хацелася пярэчыць.
        – Нельга без тлумачальнай работы...
        – Разгаворы само сабой... – не то згаджаючыся, не то думаючы ўголас сваё, сказаў Дубадзел. – А толькі – мало етаго!
        Дубадзел памаўчаў момант, выказаў горача, непахісна:
        – Брацца трэба за яго! Крэпкай рукою! Як таварыш Сталін вучыць. Па-бальшавіцкаму.
        – А мы што ж, «не бярэмся»? – У Башлыкова ўмомант ускінулася абурэнне.
        Дубадзел не зварухнуўся.
        – Вы-то бярэцеся, – прамовіў ён пазней, як бы разважаючы сваё. Памаўчаў хвіліну: – Да трэба, кеб усе браліся!
        Ён нібы вучыў Башлыкова, але гнеў Башлыкова апаў.
        – Трэба.
        Дубадзел сказаў павучальна і важка:
        – Асабліво тыя, каторыя на месце. У нізах.
        Башлыкову ўжо зусім не хацелася злаваць і нават спрачацца. Чуў ужо ў Дубадзела не толькі шчырасць і боль, але і гарачае жаданне перасцерагчы, памагчы. І бачыў добрае разуменне рэальнага становішча і цяжкасцей яго.
        – Вы кіруеце, даеце ўказанні, як і што, – Дубадзел усё таропіўся кудысьці, раз-пораз сцінаў сківіцы. – А на месцы павінны брацца. А яны – не бяруцца! Від толькі паказуюць. Сердабольныя!
        Ён плюнуў. Заявіў цвёрда:
        – Ад таго слабо ідзе!
        Зноў ехалі моўчкі. Ківаючыся ў вазку, пад ледзь чутны тупат капытоў і парыпванне гужоў, Башлыкоў думаў пра Дубадзела. Нязграбны нібы, не надта граматны, а – з галавой. Недалёкі, здавалася б, а бачыць – і вакол, і ўглыб. Правільна бачыць і мысліць. Лепш, чым некаторыя «далёкія», адукаваныя. Разумны па-свойму. Усё ясна, проста ў яго. Пазайздросціць можна.
        І моц ёсць у яго. Надзейнасць адчуваецца. На такіх можна спадзявацца. Недарма, значыць, ён кінуўся ў вочы. Не памыліўся ў ім.
        Падумаў з усмешкай: неадукаваны, а такт які! Слова лішняга не скажа. Кожнае слова – са значэннем. «Падумай», маўляў. «Разваж».
        А галоўнае – шчырасць якая, адданасць. Усё – з душой, са страсцю...
        – Глушак еты, Яўхім – штучка! – прамовіў унураны ў думкі свае Дубадзел. «Штучка» – праказаў так, што Башлыкоў зірнуў пільна. – Выкіне шчэ. Пабачыце.
        Прарочыў з такой упэўненасцю, быццам бачыў ужо, загадзя.
        – І Ігнат – загадачка!
        У памяці Башлыкова надоўга засела гэта: «штучка», «загадачка». Засела тым больш моцна, што сам думаў падобна.
        
        
        
2

        
        Цяпер ужо доўга маўчалі. Конь цяпер не бег – клыпаў цярпліва свежым снегам. Вазок не кідала на паваротах і ў ямах, далікатна паводзіла. І дрэвы, чорна-белая пярэстасць, плылі паволі, і можна было думаць, што ім канца не будзе.
        Але Башлыкоў думаў пра іншае. Растрывожаная памяць вяртала яго назад, у Курані, да пабачанага і пачутага там.
        Найперш вярэдзіла, пякло незразумелае. Неверагоднае. Як гэта магло здарыцца? Чаму гэта здарылася! Што выпусцілі з-пад арышту, пасля такога злачынства! Пасля замаху на савецкага работніка. Замаху фактычна на законы і парадкі, вызначаныя савецкай уладай. Выпусцілі яўных антысаветчыкаў, ворагаў. Арыштавалі, адправілі і адпусцілі! «Гайліс загадаў: адпусціць!» «Пашкадаваў дзяцей!»
        Які дабрадзей! Сам бацька не дбае пра дзяцей, дык ён паклапаціўся! І Глушака дарослага пашкадаваў, відаць, таксама, каб не трывожыць бацьку! Праявіць такую даверлівасць, глухату і слепату! Проста немагчыма паверыць, што гэта – усяго неразуменне, неразуменне элементарных законаў! Не хочацца думаць, што тут горшае, свядомае ўкрывацельства, але ж факты пра што гавораць! Не паведамілі нават райкому, адпаведным органам! Мімаволі прыходзіцца думаць, што спадзяваліся – ніхто ведаць не будзе! І не ведаў бы ніхто ў раёне – каб не прыехаў, не раскапаў! Сам! І сакратар ячэйкі – дзіва проста. Быў пры гэтым, бачыў усё і хоць бы варухнуўся. Глядзеў, назіраў, як пабочны, не паправіў, не запярэчыў нават! Не паведаміў райкому! Ніякага сігналу не даў!
        Не сыходзіла з памяці: «А нас куды? Усіх нас куды? На падсцілку! На гной! Ці – як вошы, пад ногаць!» Помнілася так, быццам гучала яшчэ ў вушах. Быццам пёк вочы люты позірк. Ён добра разумеў значэнне гэтага позірку і разумеў небяспеку, якая свяцілася ў гэтых вачах. З гэтым мяшалася насмешлівае, крыўднае: «Знаеце хоць, як адрозніць грэчку ад жыта?» «Дзела нашаго не знаеце! Дак хоць грамату знаеце! Давайце к нам!.. Ну от!» Вярэдзіла, паліла гэтае злое, злараднае «ну от» – я, маўляў, так і ведаў: ты толькі ўгаворваць майстар, а сам сядзець будзеш збоку, у чыстай местачковай кватэры, у кабінеце сваім!
        Як яны, Гайліс і Глушак, могуць мірыцца з такімі! Як маглі дараваць адкрытае выступленне супраць калгасаў, супраць савецкай палітыкі! Больш таго – арыштаваць, адправіць у сельсавет і – выпусціць! Класавага ворага выпусціць на волю! Башлыкоў ніяк не мог звыкнуцца з гэтым фактам, не мог спакойна думаць пра яго.
        У яго даўно былі сумненні, што да бальшавіцкай прынцыповасці Гайліса. І ўсё ж і ад Гайліса ён не чакаў такога.
        З гэтым спляталіся развагі пра Міканора Глушака. Чаму ж ён не паправіў, не запярэчыў нават? Не паведаміў райкому? Ці не захацеў сам, са сваіх перакананняў, ці не рашыўся пайсці супраць Гайліса? Вядома, першае слова тут, у гэтай гісторыі, за Гайлісам, Гайліс вярнуў арыштаванага. Гайліс тут непахісны аўтарытэт, камандзір. Але як можна было – сакратару ячэйкі – праяўляць такую мяккацеласць і проста бесхарактарнасць пры Гайлісу, патакаць усім яго фокусам! Як можна так адносіцца да сваіх партыйных абавязкаў, да таго давер'я, якое аказана!
        А можа, тут прычына не толькі ў мяккацеласці, у паслухмянасці перад Гайлісам. Можа, тут прычына перш за ўсё ў тым, што такая «дабрата» па сэрцы самому. Што самому па душы сядзець ціхамірна, аберагаць свой асабісты спакой. Жыць мірна побач з варожай поганню, таму, што і яна, як кажа маці яго, таксама «людзі». Глушак абураўся развагам маці, але – наколькі шчырае гэтае абурэнне. Ці не ад таго яно, што – перад сакратаром райкома. І адкуль гэтыя погляды ў маці сакратара партячэйкі, і чаму сакратар ячэйкі не мог зламаць іх?
        І ці так ужо бяскрыўдна тое, што сакратар ячэйкі, аказваецца, састаіць няхай і не ў непасрэднай, а ўсё ж сваяцкай сувязі з кулацкай сям'ёй? Канешне, у вёсках гэта не так і рэдка, але ж ці не пакідае следу ў поглядах Міканора Глушака гэтая сувязь? У поглядах і ва ўчынках. Ці не ў гэтым корань таго, што Дубадзел добра называе – «сердабольнасць»?
        Так, чуццё не ашукала яго, што тут, у Алешніцкім сельсавеце, кіраўніцтва не на ўзроўні. Не памыліўся тады, на сходзе ў Глінішчах, і потым, у Юравічах, калі шукаў прычыны таго прарыву, у які трапіў сельсавет. Тады ён толькі меркаваў, цяпер ён ужо мае факты, дакладныя факты, якія гавораць пра тое, што кіраўніцтва сельсавета і кіраўніцтва ячэйкі, па сутнасці, займаюць апартуністычную лінію, не вядуць належнай барацьбы з антыкалгаснымі, кулацкімі праявамі.
        Калі думаў пра гэта, мацнела адчуванне, якое ўжо не раз прыходзіла, што добра зрабіў, выбраўшыся сюды: раскапаў, знайшоў факты, якія праяснілі становішча ў сельсавеце і, што яшчэ больш важна, кірунак таго, як выправіць гэта становішча. Фактычна тое, што адкрылася тут, калі паглядзець шырэй, – а яму і належыць глядзець так, хоць бы з абсягам раёна, – паказвае, якім кірункам можна вывесці з прарыву і ўвесь раён. Тое, што адкрылася тут, дае зрабіць вывады для ўсяго раёна. На фактах гэтых вёсак ён навучыць усе вёскі раёна, уздыме ўвесь раён.
        Так, трэба брацца. Дубадзел добра сказаў: «Брацца крэпкай рукою!» Брацца не аднаму яму, брацца ўсім! Поспех у маштабе раёна будзе залежаць ад таго, наколькі ўдасца ўзняць усе кадры! Каб зламаць ворага, трэба ўзняць баявы дух усіх партыйцаў, усяго актыву! Для гэтага трэба навесці перш за ўсё парадак у нашых радах! Перш за ўсё вытравіць у нашых радах які б ні было лібералізм да ворага, расхлябанасць. Для гэтага – строгасць, непрымірымасць да саміх сябе! І не на словах, слоў ужо даволі было, а на справе! На канкрэтных фактах, якія ён выявіў тут!
        Трэба справу аб злачынствах у гэтым сельсавеце паставіць на бліжэйшым бюро. Трэба Гайліса і Глушака прыцягнуць да суровай адказнасці, пакараць са ўсёй строгасцю! Гайліс за ўсё тое, што ўчыніў, бясспрэчна, заслугоўвае выключэння з партыі. Строгае спагнанне варта даць і Глушаку. Абодвух, вядома, належыць вызваліць ад пасад. Бесхрыбетным згоднікам не месца на такіх адказных пасадах, дзе патрэбны рашучасць і цвёрдасць!
        Строгія вывады па справе Гайліса і Глушака павінны, няйнакш, падцягнуць іншых, мабілізаваць усіх. Гэта будзе варты ўдар па мяккацеласці і марудлівасці, гэта прывядзе да пералому ў справах. Наш крок будзе спарнейшы! Пойдзем хутчэй!
        Ніякіх мер не прыняць да адкрытых варожых выступленняў, няньчыцца з такімі небяспечнымі элементамі, даваць разгульваць ім на волі! Башлыкоў усё не мог ні зразумець Гайліса і Глушака, ні супакоіцца. Гэта так хвалявала, што хацелася проста павярнуць каня, вярнуцца ў Алешнікі, выказаць усё цяпер жа Гайлісу. Вярнуцца ў Юравічы, расказаць усё членам бюро, пачаць рыхтаваць бюро.
        Сярод гэтага ў памяць унізвалася іншае, што бачыў і чуў у хатах. З гэтага першым прыйшло і найбольш хвалявала тое, што ўбачыў у хаце глінішчанскай неадступнай прыгажуні. Было такое адчуванне, быццам раптам, шчасліва адкрылася вельмі важнае і вельмі цікавае аб ёй. І зноў, як у хаце, хвалявала здзіўленне, што такая чулая, багатая душою, такая ганарліўка нарадзілася, вырасла ў такой хаце, у такой затхласці. Недарэчнае, разумеў, здзіўленне. Але яно было, не сыходзіла.
        А яшчэ было, ад таго, што ўведаў раптам такое важнае, адчуванне нязвыклай блізкасці і еднасці. Было такое, нібы сустрэўся з ёй самою, нібы дакрануўся да яе, адчуў яе перад сабою, усутыч, так што чуў цёплае дыханне яе. І адчуў, што яны блізкія і што іх нішто не раздзяляе. Што яны людзі аднаго свету.
        Яшчэ да гэтага дня незразумела завабная, цьмяная, яна бачылася ўжо блізкаю, рэальнаю, сваёй.
        Гэта востра хвалявала ўсяго. Калі думаў пра гэта, глядзеў на бела-чорную пярэстасць лесу, што ішоў і ішоў насустрач, нецярплівым і вясёлым позіркам. У такія хвіліны знікалі з душы трывога і злосць і было толькі гэтае, харошае і дзіўна маладое, бяздумнае. Поўнае добрага чакання і прадчування. Але за гэтым раз-пораз унізваліся некаторыя падрабязнасці ўбачанага ў хаце, і ў душу ішоў неспакой. Неспакой гэты браў кожны раз, калі згадваў маці яе. Чуў зноў Глушакова: «Злая жмінда! З-за прагнасці дачку родную з дому выпхнула. Жыццё дзеўцы пакалечыла!» Так, нялёгка, пэўна, было ёй з гэтай зласліўкай, якая, здаецца, і не здатна зірнуць прыхільным вокам.
        У такія хвіліны ў сэрца Башлыкова лілося спачуванне да Ганны. За спачуваннем быў гонар за яе, за непадатную, смелую душу яе. Душу, як думаў пераканана ён, новага чалавека.
        З тым, што пабачыў у яе хаце, мяшалася пабачанае ў іншых хатах. Прыходзіла на памяць, як спаткала жонка гэтага маладога, Дзятла. «Сходамі жыць не даюць! Дак шчэ і ў хату век лезуць!» Успомніў, колькі нянавісці было ў яе зацятым позірку. «Кулацкаго роду». Успомніў зноў развагі маці сакратара партячэйкі. Падумаў: з асаблівай упартасцю за старое чапляюцца жанчыны. Самая адсталая і цёмная сіла.
        Тады памяць нагадала, як стаяў перад ім, як зіркаў спадылба Дзяцел. «А я пабачыць хочу, што з етаго ўсяго будзе!» Ён хоча яшчэ пабачыць, ён яшчэ наогул не ўпэўнены, што з «етаго» што-небудзь выйдзе! І паспрабуй давядзі яму, як гэта сур'ёзна ўсё абдумана, давядзі, што думаць тут ужо няма чаго! Не такія розумы думалі, абдумалі ўсё! Прадумана ўсё, і – вырашана! Вырашана, а раз вырашана, то будзе – зроблена! Зноў вярэдзіла адчуванне неадольнай глухаты ўсюды, няздольнасці разумець просты сэнс. І зноў узяло злое: было б за што чапляцца! Быў бы не тое што рай, а было б хоць бы чалавечае жыццё. Былі б гаспадаркі як мае быць. А то ж – беднасць, галеча, цемра, бруд, смурод. І ўсё адно – «асмеліцца трудно!». Нібы палацамі рызыкуюць!
        Пякла злосць: гэтыя ўпартасць, недаверлівасць, якія не хочуць, здаецца, ведаць нічога! Дурная сялянская глухата і слепата, бяссэнснае чаплянне за старое, за гнілое, абы было сваё. Гэта асабліва пякло таму, што было іменна бяссэнсным. Ну, калі на тое, кулацтва, што цікуе адусюль, шкодзіць усюды, робіць сваё са свядомай мэтай. Абараняе нажытае эксплуатацыяй, нарабаванае, адстойвае свае класавыя інтарэсы. Яго супраціўленне натуральнае: непрымірымы класавы вораг. Але ж як спакойна думаць пра тое, што з ім, з ворагам, заадно фактычна колькі такіх, што павінны быць з намі. Павінны быць з намі, а фактычна стаяць побач з імі, з кулацтвам, з ворагам! Як іх пасобнікі, як іх сіла! Толькі з-за дурной сялянскай глухаты, з-за чапляння за старое, з-за нежадання бачыць і разумець новае.
        І раней не любіў гэтае, а цяпер думаў пра яго проста з нянавісцю.
        Была ў яго думанні пра гэта адна асаблівасць. Ён гэту асаблівасць ужо рэдка калі і заўважаў. Кожны раз у такія хвіліны Башлыкоў ці ўспамінаў, ці проста адчуваў, як звыклае, той час, калі малым уражлівым хлапчуком упершыню сутыкнуўся з усім гэтым. Можна нават сказаць, што ён ніколі не забываў пра гэта, што гэта як бы назаўсёды было ўжо ў крыві. На ўсё жыццё ўвайшлі ў яго гнеў і злосць тых нелагодных, галодных гомельскіх дзён, калі на вірлівым рынку ён упершыню сутыкнуўся з такімі цёткамі і дзядзькамі. Сутыкнуўся, як з незнаёмым і нялітасцівым светам. Светам чужым. На ўсё жыццё асела ў душы яго непрыхільнасць да цётак і дзядзькоў, што, здалося яму, бесчалавечна дралі з іх, гарадской беднасці.
        Пазней да гэтага далучылася вычытанае з разумных кніг. У кнігах было не толькі гэтае, у лепшых з іх таксама было няпроста, але Башлыкоў вылучыў і запомніў больш гэтае: што ён, сялянін, у аснове сваёй – двудушны, што ў кожным ім ёсць уласнік. Эксплуататар. Саюзнік не толькі рабочага, а і кулака. Башлыкоў заўсёды помніў, што кулацтва – гэта частка сялянства.
        З гэтым было ў Башлыкове набытае ў жыцці і ў кнігах разуменне сваёй гарадской, рабочай перавагі перад цёмнай вясковай масай. Разуменне вышэйшасці перад ёй.
        Цяперашнія сустрэчы раз-пораз блыталі гэты цвёрды лад башлыкоўскіх поглядаў. У цёмнай масе сустракаў ён іншы раз такі розум, што дзівіўся: адкуль гэта? Больш таго, адкрываў праявы такой культуры, якая не ўступала ні ў чым не толькі юравіцкай, а і гомельскай. Ці трэба казаць, як блытала адносіны з гэтым светам сустрэча з куранёўскай красуняй, да якой увесь час вяло яго думкі.
        
        
        
3

        
        Не раз, не два ён вяртаўся думкамі да Ганны.
        Хто б мог падумаць, што маладога, але такога сур'ёзнага, засяроджанага сакратара хвалююць такія тайныя думкі.
        Мусіць, ад таго, што ў душы так востра чулася нядаўняя сустрэча са светам, у якім яна жыла, з хатаю, з бацькамі яе, у душу лезлі, мроіліся з дзіўнай рэальнасцю, надзвычай хвалюючы, як бы жывыя, відовішчы, у кожным з якіх была, жыла яна. Гучалі словы, і ад слоў гэтых аж кружылася галава. І млела, дзіўна, недарэчна, сэрца. Млела, сціналася ад гарачыні, як у хлапчука.
        У такія хвіліны мімаволі перасцярожліва паглядваў да Дубадзела, як бы пэўны ў тым, што той сочыць за ўсім, што яму мроіцца. Паглядваў, быццам хацеў пабачыць, што той думае пра яго. Тады цверазеў, адводзіў вочы. Сам-насам хаваў у душы тайнае сваё.
        Ад моцнага, непадатнага ўзрушэння раптам недарэчна закарцела: загаварыць пра Ганну, запытацца пра тое-сёе, Дубадзел, няйнакш, ведае. Павінен ведаць, старшынстваваў жа тут, не раз быў, канешне. Не мог не заўважыць такую красуню. Пэўна, ведае, чаму яна ў школе. Ведае, ці была замужам. І наогул, што яна сабою.
        Карцела загаварыць. Цяжка было таіцца, утаймоўваць неспакойнае, ліхаманкавае бачанне і думанне. Але не загаварыў, нават не памкнуўся як мае быць. Помніў: не мог, не меў права паказаць такое. Зацікаўленасць такімі рэчамі. Дубадзел адразу зразумеў бы ўсё. Рашыў разважліва: як-небудзь навядзе даведкі ў справах. Ці самую запытае.
        У рэшце рэшт – галоўнае ведае. Карэнні яе пабачыў. Бацькоў бачыў, хату яе.
        Ад таго, што яна раптам так пабліжэла, мацней брала імкненне – заехаць да яе. Мацней брала і здавалася больш простым: варта толькі збочыць з дарогі. Едучы ў Юравічы, збочыць у Глінішчах да школы. Пакіраваць не на шлях, а на загуменную дарогу.
        Калі думаў пра гэта, проста вачавідкі бачыў: кончыліся рады гумнаў і вось – узыходзіць на ганак. Уваходзіць у цёмны калідор, у яе пакой. І вось ужо – удваіх, насупраць, вочы ў вочы.
        Кожны раз, калі бачыў ахвочаю ўяваю гэта, сэрца, усяго залівала гарачынь. Горача біла ў скроні. Лес, дарога ківаліся, як у ліхаманцы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.