Раздзел пяты 1 На ганку адразу навалілася халодная, з ветрам цемра. Пасля святла вочы першы момант бачылі кепска, Башлыкоў прыпыніўся. – Мяце! Халадзеча! – апынулася побач Параска. – Сама прырода – каб перачакалі! – Праўда: заначуйце... – памог ёй Барыс. Башлыкоў цвёрда кінуў: – Не! – Прытрымліваючыся за бакавінкі, стаў рашуча сыходзіць па ступеньках. Цяпер было відаць: не так і цёмна. У шэрым прыцемку зімняй ночы добра значыліся цёмныя абрысы коней, постаці возчыкаў, два вазкі. Башлыкоў гукнуў свайго возчыка, пайшоў на голас. Іншыя, што выйшлі са школы, пайшлі таксама, моўчкі глядзелі, як ён уладжваецца на заднім сядзенні. Было падобна, што чакалі яшчэ чагосьці. Ён маўчаў. Возчык азірнуўся, шмаргануў лейцамі, і ўсе, хто быў побач – Дарошка, Казачэнка, Гайліс, Глушак, – імкліва пайшлі назад. Зніклі ў цемры. Паўз самы школьны двор – зімняя дарога да шляху. На самым выездзе з двара вазок нагнаў некалькі чорных постацей, што неахвотна збочылі ў снег. Калі прамчаў міма, здалося: спіну ніжуць нядобрыя позіркі, мімаволі насцеражыўся. Насцярожанасць уздымалася, калі ўслед палезлі ў вочы гарбатыя, варожа затоеныя абрысы: справа – нядаўняя вуліца з хатамі, хлявамі, гумнамі, а злева – загуменне той, старой часткі вёскі. Праехаў між іх – быццам вырваўся з палону. Вольна, прасторна разлеглася ўперадзе шараватая снежная шыр. Адчуваючы, як у ім не сціхае, гоніць яго нецярплівае, злое – хутчэй, далей адсюль, Башлыкоў чуў у сабе проста патрэбу падганяць возчыка, коней. Не без намагання стрымліваў ён у сабе гэта жаданне: бачыў, што возчык разумее яго, стараецца і без падгонкі. Не першы раз едуць, ведае ездака. Таму, калі ў полі вазок раптам спыніўся, Башлыкоў нервова і нездаволена кінуў: – Ну што такое! – Іван Анісімавіча не відно!.. – адказаў возчык, гледзячы да сяла. А, чорт! Башлыкова ў яго нервовым неспакоі ўзлавала не толькі тое, што давялося спыніцца, але і павага, пяшчота ў возчыкавым: «Іван Анісімавіча!» Нібы папракнуў, што – Іван Анісімавіч от затрымаліся, развітваюцца па-людску. Яшчэ адзін дарадчык, інструктар знайшоўся. Нядобра падумаў пра Апейку: затрымаўся, разводзіць лагоду, каб паддобрыцца, набыць сабе аўтарытэту; выставіць сябе шырокім дэмакратам побач з башлыкоўскай рэзкасцю. Недзе шчымела няёмкасць. Не было цвёрдасці, што зрабіў вельмі добра. Нешта далікатнае не першы раз пярэчыла грубасці. З кім-кім, а з Дарошкай, з Казачэнкам можна было б абысціся лепш. Асабліва – з Дарошкай, з жанчынаю. Але ён не даў раскволіцца, стрымаў сябе. Усё гэта – дробязі, нікчэмнасць у параўнанні з тым галоўным, што адбылося. І значэнне якога ён не будзе прытойваць ніякімі далікацтвамі, як – іншыя дэмакраты... Ён і паказваў, і будзе паказваць, як недавольны. Галавацяпы! Слоў няма такіх, якія заслужылі!.. Ён, не азіраючыся, пачуў, калі пад'ехаў Апейка. Вазок падышоў амаль упрытык: Апейкавы коні саплі ў патыліцу. Вазок піскнуў і зноў памчаў. Хутка ён, аднак, запыніўся так рэзка, што коні ззаду ледзь не наскочылі на яго. Пад палазамі цяжка зашаргацела: пацягнулася голая, вымеценая ветрам дарога. Адолеўшы гэты адрэзак, коні былі зноў узялі лёгкі бег, але неўзабаве пільны возчык сам прытрымаў іх. Зноў шаргала ўнізе і марудна ішло амаль голае поле. Ехалі так марудна, што Башлыкову хацелася саскочыць на зямлю і пабегчы самому. Увесь час налятаў вецер, сыпаў снегам у твар, усё намагаўся насыпаць за каўнер. Пасмы снегу раз-пораз перабягалі цераз дарогу, праносіліся ў паветры перад вачыма – ад гэтага ўсё выглядала варухлівым, неспакойным і нібы няпэўным. Уражанне неспакойнасці і няпэўнасці яшчэ ўзмацняла цьмяная шэрань, што атульвала ўсё поле, давала больш-менш добра бачыць толькі блізкае. Неспакойнае было ў бегу коней, у няспынным дзікім варушэнні быльнягу абапал дарогі, на межах, у самім няроўным, кідкім ветры... Злева, трохі наводдаль, штосьці зачарнела, Башлыкоў не так разгледзеў, як успомніў – невялікі гаёк у полі. Калі цёмная пляма трохі наблізілася і стала няпэўна акрэслівацца, Башлыкоў раптам праз варушэнне снегу заўважыў там, пад покрывам цемры, дзіўныя постаці. Ён прыгледзеўся, і разважлівае сумненне пацішэла: тое, што ён хацеў бы лічыць прывідамі, жыло, варушылася, рыхтавалася. Адчуваючы, як халадзее спіна, ён нервовым рухам палез у кішэню, сціснуў цёплую, цвёрдую рукаятку нагана. Рашуча пералажыў наган за пазуху паліто. Павярнуўся назад крыкнуць Апейку, папярэдзіць, але вазок, нібы знарок, плёўся далёка. «Не паслухаўся!.. Не застаўся!.. Дурная нецярплівасць!.. Даказаць хацеў нешта!.. – хутка, хваравіта, горача білася ў галаве. Апякло крыўднае: – Як гэта мог не бачыць, што і сляпы пабачыў бы! Прагныя, злосныя позіркі. У якіх вачавідкі гарэла: разлічыцца! Кончыць!.. – І горкае, кволае: – Так па-дурному ўліпнуць! Так кончыць! Не ўправіўшыся нічога!..» Пальцам адвёў курок, другі паклаў на спускавы кручок і ўсё ўглядаўся ў цемру ўзлеску, да рэзі ў вачах. Ад напружання вочы завалакло, ён нецярпліва выцер вочы, нязводна сачыў. «З абрэза ці з вінтоўкі пекануць, – прайшло ў свядомасці. – Хутчэй – з вінтоўкі. З вінтоўкі – больш дакладна...» Як гэта цягуча было: ехаць, адчуваючы сябе пад прыцэлам вінтоўкі, наведзенай вопытнай рукой. Ехаць і чакаць, калі грымне стрэл, які кончыць усё. «Так рана! Калі толькі пачаў!.. І так па-дурному!..» Стрэлу не было. Ужо ад'ехалі нямала, а сэрца гулка грымела. Супакаенне прыходзіла паволі і няпоўнае: трывога па-ранейшаму гняла грудзі. Быў там хто ці не было? Няўжо толькі здалося?.. Не можа быць, што здалося!.. Ён жа добра бачыў: постаці, рухі нават!.. Чаму ж не стрэлілі? Пабаяліся ў апошні момант?.. З радасцю, што жыве, з супакаеннем – не стрэлілі, абышлося пакуль, увёў сабе клопатнае, значнае: сказаць Харчаву, загадаць, каб прыгледзеўся, высветліў. Няпрошанае ўзяло сумненне: а можа, не варта казаць – стары, грубы рубака, можа, не паверыць. Палічыць, што – усё прывіды багатай фантазіі. Страху. Гэта – можа быць. І Апейку не гаварыць, відаць. Гэты наогул мог праспаць і заявіць, што нічога не было. І не дакажаш нічога. Відавочца... Адужаў прыкрую няёмкасць, пакпіў з сябе: а брыдкая была хвілінка! Аж у пот, ліха яе, увагнала!.. За белым поплавам дарога вывела да шляху. Па баках у сухім шорсткім пошуме адна за адной пайшлі старыя бярозы. Вушы зноў востра лавілі гукі, сярод якіх супакойвалі толькі тупат і пырханне ззаду Апейкавых коней; вочы падсцярожліва сачылі за ценямі, за ўсякім рухам. Бярозы за бярозамі, з аднаго боку і з другога, і за кожнай можа чакаць небяспека. А тут злева насунуўся, узняўся чорнай сцяной усутыч лес. Лес да засценка, і далей, да Прыпяці. На многія кіламетры – балота і лес. Райскі прытулак для бандытаў. Пакуль сунуўся лес, Башлыкоў насцярожана цікаваў яго цемру. За роўняддзю шлях пачаў сыходзіць уніз, уціснуўся ў крутыя берагі. З аднаго боку бераг і з другога – усё закрылі. Знізу не відаць, што на іх, за грэбнем. А стуль усё – як на далоні. Берагі блізка – нейкія тры крокі ў бакі. Сціснулі так, што і развярнуцца з вазком няпроста. От дзе пекануць зручна!.. Добра адно, што коні, як бы разумеючы небяспеку, з горкі падбавілі бегу. Непрыемнае, цягучае чаканне. Увага адначасна ў адзін і другі бок. Рука аж нямее, сціскае наган. Нарэшце берагі пачалі рассоўвацца, рассунуліся. Ні лесу, ні бяроз абапал, шэрая, мутная шыр. Шыр балота. Шлях пабег грэбляй, што выткнулася над заснежанай нізінай. Позірк Башлыкова ўнізваўся ў змрок наперадзе, намагаўся разгледзець цёмны, шырокі бераг. Камунарскі бераг. От ужо масток над Тур'ёй – капыты коней, як у бубен, застуганелі па дошках. За мастком – зусім побач – горка, на ёй цёмныя камунарскія будынкі. Коні на горку прыцішылі бег, пайшлі спакайней. Нібы адчулі, што небяспека ўжо ззаду. Злева плыў плот, плылі копы яблынь за плотам. Справа – некалькі хат, без адзінага агеньчыка. Уткнуліся ў неба і зніклі ў змроку таполі, і зноў разлеглася, папаўзло па баках мутнае поле. Башлыкоў перастаў ціснуць ручку нагана, сунуў яго ў кішэню. Уткнуў шыю, бараду ў каўнер, прыплюшчыў вочы. Сядзеў расслаблена, слухаў прасторны пошум ветру, чуў халодны пах снегу. Як бы здаля, але суцешліва даходзіла, як паскрыпвалі палазы, што час ад часу чаплялі голую зямлю. Як горача пасапвалі ззаду Апейкавы коні. Нядаўняе ўтрапенне паволі прыціхала. Трывога жыла ўсярэдзіне ўжо не толькі як рэальнасць, але і як успамін пра перажытае. Успамін гэты вярэдзіў непрыемна: цяпер, калі ўсё цверазеў, няёмка было адчуваць, што так гарачыўся, нерваваўся. Нават нібы спалохаўся. Не, не спалохаўся – няма чаго кляпаць на сябе. Проста быў напагатове, як трэба. Глядзеў адкрыта ў вочы праўдзе. Гатовы быў адказаць у любы момант. І адказаў бы як належыць!.. Усё ж – непрыемна вярэдзіла яго – не круці: спакою, вытрымкі належнай не было. Хваравіта трымаўся: сэрца хапалася, як у навабранца. Хлапчук! Ледзь не прызваў на дапамогу Апейку!.. Зноў узяло ранейшае: было там, у кустах, што ці не было? Праўдзівы перад сабой, ён адчуваў цяпер, што вельмі магло стацца – не было нічога. Здалося. Прычаўплося. Ад неспакою. Багатай фантазіі... Ён вылаяўся ўголас: «Ч-чорт!.. Дайшоў!..» Папракнуў: «Праклятыя нервы!..» Непрыемнае ўзрушэнне, што не хацела адыходзіць, увяло іншае. У памяці ажыло: духата, густы, едкі дым папярос. Цяжкі дух поту, аўчын і свіст. Цёмныя, з неспакойнымі ценямі абліччы. Потныя, непадатныя. Злосна ашчэраныя раты. «Няма такога права!» «Ето не па закону!..» За гэтым прыйшло дзённае: як хадзіў па пустым калгасным двары – сіратлівая пустэча канюшні і свірна, сумная адзінокасць паржавелай жняяркі. Як хадзіў з Чарнаштанам, з Гайлісам па дварах уцекачоў, спрабаваў кожнага ўгаварыць адумацца, вярнуцца. Згадаў, як ледзь не кожны, заўважыўшы яго на двары, насцярожваўся, спрабаваў схавацца. Жонкі, злыя іх вочы. І злыя, варожыя крыкі. Чым больш хадзіў, тым больш адчуваў – марна гэта. І цяпер запякло адчуванне глухаты іх, варожасці, нават – нянавісці. І разам – сваёй слабасці, сваёй прыніжанасці. Брыдкае адчуванне. Ніколі, здаецца, не было такога... Ён успомніў, што тая ж глухата і варожасць сталі перад ім, калі загаварыў на сходзе. Успамін пра гэта асабліва ўсхваляваў, бо тут ён выйшаў, вытраціўшыся за дзень, звярэдзіўшы ўсяго сябе. Бо тут высільваўся над меру. Аддаваў рэшткі сябе. Дзіўна, хоць, перабіраючы тое, што казаў, не бачыў памылкі, яго ўсё ж гняло нездавальненне сабой. Нібы ўсё-ткі казаў не тое, што трэба, і не так, як трэба. Можа, гэта было ад таго, што не пераканаў жа, не змяніў нічога. З прыкрасцю думаў, што не вытрываў пад канец, загарачыўся. І яшчэ больш сапсаваў усё... За гэтым пачаў перабіраць паводзіны, выступленні іншых прамоўцаў. Ад Дубадзела нельга было чакаць большага, стараўся, колькі хапіла. А вось Глушаку можна было б лепш выступіць. Гаварыў, нібы хацеў адбыць. І Дарошка – далікацтва нейкае развяла. Але найбольш «цікавае» ўсё ж – слова старшыні выканкома. Байка пра нейкага Івана – проста анекдатычны ўзорчык сярмяжнай філасофіі. Падробкі пад мужычка. А фактычна – узор апалітычнасці, апартунізму. Якіх далей проста-такі нельга ўжо дараваць. Якія ўжо чорт ведае куды вядуць. Ён успомніў, што Апейка з самага пачатку не таіў, што не верыць у поспех гэтага сходу. І хоць цяпер непрыемны вопыт быццам бы паказваў, што ў яго была рацыя, Башлыкову не хацелася згаджацца. Усё-ткі сход трэба было зрабіць, як гэта ні непрыемна. Трэба было! Трэба было выпрабаваць усе сродкі. Высветліць усё да канца. Цяпер сумленне чыстае можа быць. Усё, што маглі, зрабілі... А што не ўдалося змяніць, не іх, не яго, Башлыкова, віна. Нічога нельга было зрабіць. Цяпер відна, як на далоні: сплялося варожае кубло. Усё заражанае паганым, кулацкім душком. Нават бядняцкая частка заражана. Ці – запалохана кулачком... «Вылезлі ў адкрытую, – прыйшла, як ясны вынік, думка. – Скінулі маску!.. Вайна ў адкрытую!.. Што ж – тым лепш! Ударам – на ўдар!.. Трайным ударам на паганы ўдар!..» Ад злосці, што ўздымаецца, у ім мацнее адчуванне сілы, упэўненасць у сабе, у сваёй уладзе. Трайным ударам! Ён не ўдакладняе, як гэта будзе – трайным ударам: думаць цяжка. Даўно ўжо чуе – усё мацней навальваецца, абцяжарвае ўсяго змора. Але ён ведае: гэта будзе, трайным ударам!.. Думаць глыбей яму замінае не толькі стома. Ён знарок стрымлівае сябе, смутна адчувае: са злосцю грозіцца ўпаўзці большы неспакой. Бяда. Катастрофа. Адганяе думкі пра гэта, трымаецца за ранейшае: трайным ударам! Знарок прыслухоўваецца да сваёй стомы: ах, як ён змарыўся! Хутчэй бы дапасці да дому, кінуцца на ложак. Ці хоць на падлогу. Не распранаючыся нават. Перадыхнуць трохі ад усяго... Яшчэ ён чуе, як унізваецца, сцінае ўсяго мароз. Ён мерзне ўсё мацней, але трывае, не варушыцца. «Зіма бярэцца... Бярэцца...» – думае ён дзіўна ўсцешана. 2 Калі спусціліся ўніз, у цішыню юравіцкай вуліцы, возчык павярнуўся да яго: – Куды везці? Башлыкоў апусціў каўнер, трасянуў плячыма. – У райком... Намерзлыя губы варухнуліся непаслухмяна, выйшла нейкае «вайком». Возчык мог бы і не пытацца: кожны раз, вяртаючыся, ехалі найперш у райком. Можа, пакуль ездзіў, адбылося што-небудзь важнае: трэба неадкладна даць распараджэнні. Ды і наогул даведацца пра становішча, быць у курсе апошніх падзей. Ведаць усё... Пасада такая і час такі, што трэба ўвесь час быць напагатове... З акна райкома прывітаў жоўты агеньчык. Ураз адкідаючы здранцвенне, што сцінала ўсяго, Башлыкоў ахвоча выскачыў з вазка. Левая нага ледзь не падагнулася, ён прытрымаўся, адужаў млявасць у ёй, яшчэ накульгваючы, падаўся на райкомаўскі двор, узышоў на ганак. Паспрабаваў адчыніць дзверы, але яны былі зашчэплены з сярэдзіны. Цёплай пасля рукавіцы рукой энергічна пастукаў па дошках. Адчынілі не хутка. Дзяжурны, русявы хлопец, убачыўшы яго, лыпаў вачыма санліва і няёмка. Задрамаў. Ухапіўся прыгладжваць валасы. Башлыкоў з той лёгкасцю, якая заўсёды паяўлялася пры людзях, рашуча прайшоў міма. Не сказаў нічога, папрок вымавіў маўчаннем. Ужо ў прыёмнай прыпыніўся, кінуў: – Званіў хто? – Званілі!.. – злавіў яго позірк дзяжурны. У голасе была радасць: мабыць, ад таго, што можна выправіцца. – Даўно? – Ды – за поўнач. За поўнач добра. – Адкуль? – З Мозыра. З округа. Таварыш Галубовіч... – Казаў што? – Казаў. Запытаў, дзе вы. «Дзе таварыш Башлыкоў?» Я сказаў: на раёні. Калектывізацыю праводзіць... – Не пытаў нічога? – Пытаў: «Як справы?» Я сказаў: «Ідуць». Тады ён папрасіў прачытаць зводку. Я прачытаў. Міша мне пакінуў... – Больш нічога не казаў? – Сказаў: «Дзякую. Усяго добрага». Башлыкоў адамкнуў дзверы ў кабінет. Упоцемку знайшоў у кутку вешалку, павесіў паліто. Падаўся да стала, дзе павінна была стаяць лямпа. Чыркнуў запалкаю, падняў пад зялёным абажурам шкло, запаліў падгарэлы беражок кнота. Зялёны абажур на лямпе адзначыўся раздражненнем: ч-чорт, не забраў гэтае мяшчанства! Раздражненне было на памочніка, які недзе выкапаў дурны гэты абажур і не выканаў загаду зняць. Не хапала яшчэ, каб у кабінеце сакратара райкома разводзілася гэта мяшчанская ўтульнасць! «Для вачэй зручнасць, супакойвае зрок!» – згадаў ён з'едліва памочнікаў доказ. Самы клопат – супакойваць зрок, калі трэба толькі глядзець ды глядзець! Не першы раз затурбавала: дзе ён дастаў гэта, ці не ў нэпмана якога? Канечне ж, не ў бедняка. Падумаў строга: трэба прыгледзецца лепш, узяцца як належыць за памочніка. Часу ўсё не знойдзеш, круцішся, як чорт. Ды і хлопец спраўны ж, талковы... Зняў абажур, сунуў у куток пад вешалку. Заўтра ж загадаць, каб і знаку нэпманскага гэтага блуду тут не было. На стале на заўсёдным месцы бялеў лісток. Зводка за суткі. Башлыкоў, зайшоўшы за стол, звыкла працягнуў да яго руку і раптам важка спыніў. Зводка! Устарэла, паламалася зводка! Стрымліваючы непрыемнае пачуццё, што адразу ажыло, узяў два канверты, якія ляжалі побач зводкі. На першым ён адразу пазнаў почырк Нінкі – сястры. Ліст з дому. Почырк на другім быў таксама знаёмы, пісаў гомельскі прыяцель Лёня Мандрыка. Аб гэтым сведчыў і подпіс унізе канверта: некалькі літар з адмысловымі кручкамі. Подпіс, годны, як смяяўся Лёня, таго, каб падпісваць грошы. Пісьмо было напісана пачціва, афіцыйна – «Сакратару Юравіцкага райкома таварышу...». Нават за подпісам гэтым бачыўся вясёлы таварышаў характар. Башлыкоў адарваў край канверта: захацелася пачуць вясёлы голас. Ледзь разгарнуў сіні, шурпаты, з лінеечкамі лісток, у вочы кінулася: «Алёшка, чарцяка!» Ад гарэзнага, таварыскага ўсярэдзіне адразу пацяплела: быццам раптам аказаўся ў мілым Гомелі, сярод прыяцеляў ці дзе-небудзь у парку над Сожам. Ухапіўся позіркам у ліст: «Як ты там ваюеш? Як ты пераворваеш там старыя ўласніцкія межы? Крышы там кулацкую і ўсякую іншую нечысць! Штоб усе адчувалі тваю цвёрдую, рабоча-пралетарскую руку!.. Алёшка, я чытаю пра цябе ў газетах і – ганаруся! І проста не веру, што гэта з табой лазіў праз плот, у дзірку, на стадыён. Помніш, чарцяка?.. А цяпер я – ганаруся, ты – наша слава!..» За ўсім гэтым Башлыкоў чуў задзірысты, гарэзны голас Лёнькі, якога ён калісьці любіў, з якім так лёгка было глядзець на свет. Сёння голас гэты не толькі не весяліў, а абуджаў непрыемнае ў душы, тое, што не хацелася чапаць. «Ганарымся!.. Ты – наша слава!.. Чытаем!..» – словы гэтыя сёння быццам недалікатна дражнілі. Ён ужо хацеў кінуць чытаць, калі позірк раптам выхапіў сярод радкоў – «Лена». Чуючы, як часта стала біцца сэрца, ён пайшоў па радках: «Зайздрошчу і ганаруся, між іншым, не толькі я. Я зараз табе напішу такое, што ты – заікам станеш! Падрыхтуйся, чарцяка, і трымайся! Не падай на падлогу! Бачыў я тут на днях, каго б ты думаеш? Век не адгадаеш! Лену!.. Іду па Савецкай і проста – твар у твар! Я аж вачам не паверыў!..» Як бы праз туман, праз гарачы звон, пранізвалася: Лена ў Гомелі. Прыехала ад мужа. Не вельмі шчаслівая – «мякка кажучы!». Хоць і выгляду не падае. Доўга, «аж сцінала ёй дыханне», распытвала пра яго. «Пра Алёшку». Сказала, што ён далёка пойдзе і што яна – «рада за яго»! А пра сябе расказваць не стала: «Нічога асаблівага. Жыву і – усё...» Кожнае слова адгукалася звонам, біла, а апошняе мацней за ўсё: «Праз дзень, сказала, паедзе назад! Нявесела сказала!.. Разумееш ты, чарцяка, што робіцца на свеце?!» – пытаўся недарэчы весела Лёня. За гэтым Лёня пісаў пра гомельскія навіны, пра тое, якая гэта неспакойная і вясёлая служба – яго клуб. Відаць, здагадваючыся, што растрывожыў напамінкам пра Лену, зазначыў, што ў Гомелі многа паявілася дзяўчат харошых, і раіў: на свеце ёсць і іншыя важныя рэчы, акрамя спраў. Вырвіся на дзень-два, шкадаваць не будзеш!.. Башлыкову не спадабаліся пашлаватая гуллівасць апошніх радкоў пісьма і запрашэнне з намёкамі, асабліва непатрэбныя пасля ўсяго, што было пра Лену. Але гэта адзначылася мімаходзь у душы, ва ўсёй істоце было адно: Лена! Ці ад таго, што ён быў стомлены, ці ад таго, што такая навіна абрынулася так неспадзявана, Башлыкоў дзіўна не мог думаць, жыў толькі гарачым і важкім адчуваннем: Лена, была ў Гомелі, нешчаслівая, любіць. Любіць усё ж. Лена, Лена, Лена – звінела на розныя галасы... Ён з намаганнем зварухнуўся, узяў пісьмо ад Ніны. Кожны раз, калі ён браў пісьмо з дому ці проста думаў пра дом, пра родных, яго нязменна апаноўваў складаны свет. Вярталася галоднае, у знясільнай працы маленства, цёмны, сыры барак у залінейным раёне. Уваходзіла ў пакой, станавілася побач, век у турбоце, у страху пра хлеб, пра дзяцей, маці. Пяшчотная і няшчасная на ўсё жыццё сястрычка Ніна, здаровы, пешчаны маткаю Барыс. Ажывала ў памяці даўняя крыўда, непрыхільнасць: мучыліся адны, пры жывым бацьку, які недзе, былі ўпэўнены, раскошастваваў з іншаю жанчынай. Стракатае, поўнае прагнай дзейнасці і шырокіх, на ўвесь сусвет, надзей камсамольскае юнацтва ледзь не ўвесь час хмарылі неадольныя супярэчнасці з тым, што было дома. Старыя бядоты не ўсе засталіся ў бараку, многія пераехалі ў светлы, каменны пакой каля парку, які далі Башлыкову. Пяшчота да маці, што гадавала траіх, мяшалася са шкадаваннем: не ўберагла, дала на памяць яму і Ніне сухоты. Ніну зрабіла калекай. Ніна, мілая, разумная Ніна, з вострымі плячыма, з няшчасцем-горбам... У супярэчлівы свет памяці заўсёды ўнізвалася, турбавала адчуванне віны: памагае мала. Праўда, грошы пасылае, кожны месяц усё, што можа. Але хіба даволі грошай адных ім. Ніне, якую неяк трэба было б завезці да добрага спецыяліста, паспрабаваць выбавіць з бяды. Барысу, якога трэба было б накіроўваць цвёрдай рукой. Маці, якая адна разрываецца між абаіх... Сёння з усім гэтым неспакоем мяшалася і свежая, неспадзяваная туга пра Лену. Лена, Лена... Нініна пісьмо, як заўсёды, пачыналася пяшчотным: «Добры дзень, любы наш Алёшка!» Пытанні, як жыве, шкадаванне, што, мабыць, работы многа. Не глядзіць сябе, недасыпае і галадае. У дарозе ўсё, на холадзе. А яна – вучыцца, і вучыцца добра. На вельмі добра. І здаровая, і вясёлая. «Дзяўчаты і хлопцы ў нас – як адзін. Дружныя і дасціпныя. На пераменку да нас прыходзяць з другіх груп – каб парагатаць! Ведаюць: у нас сумаваць не ўмеюць!» Маці таксама здаровая. Толькі ўсё перажывае за яго, за Алёшу. І наказала нават, каб напісала: няхай беражэ сябе! «Адным словам – усё ў нас па-ранейшаму», – супакойвала, цешыла Башлыкова сястра. Здаецца, сёння яна лішне ўжо старалася супакоіць яго, і ў Башлыкова ў стоме з'явілася прадчуванне, што ў іх там нешта здарылася. І праўда, за гэтым ішло асцярожнае: «Толькі з Барысам – важныя навіны. Барысік наш, здаецца, сур'ёзна сабраўся стаць дарослым! Прыбіцца, нарэшце, да берага і пачаць сталае жыццё!.. Пра тое, як гэта сур'ёзна, можна меркаваць ужо з таго, што ён цяпер усе дні ля адной прыстані... Прыстань гэта – Ліза Шэпель!.. Усе дні, усюды – разам! Проста – галубкі!.. Увесь вольны час – у яе пакоі... Мяркуючы па ўсім, у іх далёка зайшло. Ходзяць чуткі, што можа быць нейкі нашчадак... Так што ў нас, Алёшка, новы сваяк – таварыш Шэпель!..» Як ні быў знябыты, перапоўнены ранейшымі падзеямі, Башлыкоў некалькі хвілін не знаходзіў месца ад хвалявання. Устаў, закурыў, зацягнуўся, аж зайшоўся кашлем. Нецярпліва, раззлавана захадзіў па пакоі. «Сваяк – таварыш Шэпель!» Таварыш Шэпель! Пан Шэпель! Гаспадар некалі багатай аптэкі! І моднага парфумнага магазіна! Нэпман, гандляр, вядомы ўсяму гораду! Усяго, здаецца, можна было чакаць ад гэтага балбеса, ад Барыса. А такога не чакаў. Дадумацца не дадумаўся б! «Сваяк таварыша Шэпеля! Таварыша Шэпеля!» Сакратар райкома – сваяк Шэпеля, нэпмана, прайдзісвета! З глузду ён з'ехаў, ці што, дурань гэты? Гэта ж дадумацца – з тысяч дзяўчат, харошых, рабочых дачок выбраць такую спадарожніцу! Нібы знарок! Ды і знарок, каб хацеў, дадумацца б трэба! Каб раней гады два-тры! Зразумець яшчэ неяк можна было б! А цяпер, цяпер!.. Зразумець можна было б, ён бачыў Лізу Шэпель, ведаў красуню. Але ён так абураны быў цяпер усім, што не разумеў, не хацеў разумець! Зрабіць такое глупства ў цяперашні час – калі ідзе такі наступ! Паставіць сябе і яго, брата, у такое становішча! Ён падумаў, як адгукнуцца на ўсё гэта сябры там, у Гомелі. Загадзя ўявіў, што ледзь не кожны, не інакш, будзе вінаваціць яго, Башлыкова. Не выхаваў як належыць. Свайго меншага брата не здолеў выхаваць! Кіраўнік!.. Будуць вінаваціць – і будуць рабіць справядліва! Не выхаваў! Не змог! Прыйшло ў галаву: цяпер, кожны раз, расказваючы пра сябе, ён павінен будзе паведамляць пра гэта. Тлумачыць у анкетах, у аўтабіяграфіях! Упісваць у сваё жыццё! Якое ён хацеў жыць чыстым! І быў чыстым дасюль!.. Усё так блыталася, што яго раптам узяў адчай. Чорт ведае што за ноч! Злыя твары на сходзе. Поўны правал у Глінішчах. Непатрэбная, балючая вестка пра Лену. І напаследак – гэтае: сваяк пана Шэпеля! Усё разам, сышлося адусюль! Не было ўжо сілы ні думаць, ні трываць гэта. Ён раптам перастаў мераць кабінет, кінуў недакурак. Прыдушыў аб прыбор. Рашуча абарваў думанне: хопіць на сёння! Дастаў з шафы падшыўку газеты, згарнуў на канапе пад галаву. Узяў з вешалкі паліто, шапку, рушыў да стала. Крутнуў колца кнота, дзьмухнуў у лямпу. Падаўся да канапы.
|